Адсотак самагубстваў сярод клоўнаў

Пераклад: 

Чалавек – істота даверлівая, патрабуе ідэалу, патрабуе стэрэатыпаў, замяняльнікаў, салодкай падмены паняцьцяў. Мужчыны – больш даверлівыя, жанчыны – менш, затое пакутуюць ад даверлівасьці перадусім акурат жанчыны, мо таму, што мужчынская даверлівасьць датычыць адно мужчын, на жанчын яна не распаўсюджваецца. У якасьці прыкладу хочацца прывесьці такую гісторыю.

Усе ведаюць пра закрытасьць ды ізаляванасьць акторскага асяродку. Ніхто з такой заўзятасьцю не хаваецца ад сьвету ў свае хімэры ды рытуалы, як акторы. І вось у сярэдзіне дзевяностых, у тыя трывожныя часы, калі нацыянальная валюта валютаю ўвогуле не лічылася, група актораў аднаго зь недзяржаўных тэатраў атрымала запрашэньне ў Люблін на фэстываль, прысьвечаны пераадоленьню межаў. Сам панятак “пераадоленьне межаў” мог прадугледжваць усё, што заўгодна, але канкрэтна гэтай групе актораў прапаноўвалася выступіць з цыркавымі нумарамі. Спачатку акторы абразіліся, але тут спрацавала згаданая вышэй даверлівасьць ды салодкая падмена паняцьцяў. Акторы падумалі – чаму б і не, можа, гэта наш шанец, магчыма, гэта пачатак чагосьці новага. І адказалі арганізатарам, што могуць прывезьці цыркавую праграму “Клоўн на пляжы”. Староньняму чалавеку адразу было зразумела, што гэта не пачатак чагосьці новага, а, хутчэй, працяг чагосьці старога й бясконцага, прычым працяг храновы. І вось яны знайшлі клоўнскі рэквізыт, набылі на барахолцы вялікую ржавую тубу і паехалі на мяжу. Было іх пяцёра. Чацьвёра верылі ў сілу мастацтва і хацелі зарабіць бабла. Пяты верыў у шоў-бізнэс і проста хацеў затусіць.

У Любліне іх пасялілі ў інтэрнат. Апрануўшыся клоўнамі, акторы пайшлі на выступ. Апошні, пяты, ужо пасьпеў прабіць на вечар траву і цяпер задаволена цягнуў за ўсімі тубу. На канцэрт прыйшлі прадстаўнікі муніцыпалітэту, дэлегацыя ад украінскай дыяспары ды некалькі фэміністак, якія глядзелі на тубу зь непрыхаванай варожасьцю. Пасьля выступу актораў адразу ж пацягнулі на фуршэт, не даючы нават пераапрануцца. На фуршэце акторы зьлёту напіліся і пачалі дыскутаваць з фэміністкамі. У тубу страсалі цыгарэтны попел. Чацьвёра, тыя, што верылі ў сілу мастацтва, адразу ж завяліся і перасварыліся з фэміністкамі. Потым пачалі сварыцца з прадстаўнікамі дыяспары, якія адмовіліся ім плаціць, паколькі не ўбачылі ў нумары “Клоўн на пляжы” дастатковай нацыянальнай заангажаванасьці, этычнага калярыту, ня кажучы ўжо пра пагрозьлівую адсутнасьць у нумары тэмы пераадоленьня межаў. Тым часам пяты пазнаёміўся з прадстаўніцай муніцыпалітэту, якая адказвала за міжнародныя сувязі, і нават пасьпеў зь ёю пакурыць. Была гэта маладая жанчына, пафарбаваная ў руды і апранутая ў кароткую чорную сукенку ды панчохі ў сетачку. Пасьля першага касяка яны перайшлі на ты, пасьля другога – яна перайшла на ангельскую, якой ні ён, ні яна нармальна не валодалі.

А ў гэты час група з чатырох клоўнаў перасварылася з прадстаўнікамі дыяспары, патаўкла двух клеркаў ад муніцыпалітэту і расчаравана пакінула шаноўны сход, не забыўшы прыхапіць з сабою тубу. Жлаб’ё, – крычалі яны ў бок арганізатараў, – фэміністкі ябаныя! І тут-такі, сабраўшы свае рэчы і нават ня змыўшы клоўнскага грыму, першым аўтобусам рушылі ў бок мяжы.

Тым часам забыты імі калега пасьпеў перайсьці на невядомую яму польскую і разам зь цёлкаю ў панчохах паехаў тусіць па клюбах. Дзесьці між трэцяй і чацьвертай раніцы яны спыніліся і пачалі кахацца проста ў яе машыне, зьдзіраючы адно з аднога вопратку ды размазваючы адно адному грым. На раніцу яны заснулі: ён – за стырном, яна – на заднім сядзеньні.

А ў гэты час чацьвёрка п’яных ды абражаных на сьвет клоўнаў дабралася да памежнага гарадка. Клоўны адразу ж пайшлі на барахолку і выменялі там тубу на тры літры самагону.

Польскія памежнікі, пабачыўшы на прапускным пункце чатырох клоўнаў зь недапітым трохлітровым слоікам, пакапаліся ў іхных дакумэнтах і раптам заўважылі нястачу тубы, якая была пазначана ў іх як прадмет мастацтва. Памежнікі вырашылі не рызыкаваць і засадзілі ўсіх чатырох у камэру, каб тыя маглі праспацца. Клоўнаў паскладалі на ложкі, наўпрост у цяжкіх клоўнскіх чаравіках.

Тым часам пакінуты імі таварыш, прачнуўшыся ў чужой машыне, у клоўнскім грыме, дастаў яшчэ адну папяросу, разбудзіў сваю напарніцу, пакурыў зь ёю і папрасіў адвезьці яго ўва Ўкраіну. Цёлка, гледзячы на яго пасалавелымі закаханымі вачыма, пагадзілася. І вось сьвежым пагодным днём яны ўехалі на польскую мытню.

Памежнікі, убачыўшы на пераезьдзе пятага за дзень клоўна, які сядзеў поруч зь цёлкай у рваных панчохах і з дыпляматычнымі нумарамі на тачцы, вырашылі не выпрабоўваць цярпеньне нябёс і шчасьліва прапусьцілі дзіўную пару празь дзяржаўную мяжу.

Даехаўшы да бліжэйшых кіёскаў, клоўн зьбегаў па алькаголь, а потым сказаў сваёй сяброўцы такое:

Ведаеш, – сказаў ён, – што мне не падабаецца ў сучасным мастацтве? Адсутнасьць там духу трагедыі, стыхіі гульні, сьмерці такой, якая яна ёсьць. Усе мы жывем ілюзіямі, замяняльнікамі, – гаварыў ён ёй, п’ючы свой алькаголь з гарлá, – большасьць з нас проста баяцца паглядзець у вочы рэальнасьці, адводзяць позірк, гавораць няпраўду. А праўда палягае ў тым, што сапраўдныя клоўны ня носяць парыкоў – у іх ад нараджэньня такія валасы. Вось як у мяне, бачыш?

А яна сядзела і з усім пагаджалася. Ну, вось такая прыблізна гісторыя, у якой, калі падумаць, нічога надзвычайнага, паколькі бабы заўсёды любяць сапраўдных клоўнаў. Хоць замуж выходзяць за акрабатаў.