Amaro Stil Nuovo

паэзія, вершы, беларуская мова

*
Лясныя жыхары сышлі
папярэдне акуратна скруціўшы сьцежкі
ў шпулькі саломы

Жыта – як выедзены мольлю паралён
антыкварнага крэсла

Адны электрамлыны псуюць краявід
падобныя да сюрыкенаў японскіх ніндзя
раскіданых па полі
Некаторыя зь іх яшчэ не даляцелі да мэты

Яны навісаюць над намі
як напамін пра шрубы самалётаў
не такія ўжо і даўнія бамбардаваньні

На месцах мінулых бітваў –
нерухомыя зламаныя крыжы
над магіламі невядомых гігантаў

*
Па вечарах у экранах вокнаў трансьлююць
фільмы пра людзей, што глядзяць у экраны

Пры гэтым
нават з найменшага дворыка відаць
агромністы кавалак сусьвету

Касіяпэю
пясчаныя мялізны аблокаў
самалёт, нячутны пробліск
далёкага фэервэрку:
на іншай плянэце нешта сьвяткуюць

Калыханка касьцёльнага перазвону
Музыка сфэраў

Зорка вэртыкальна зьвісае над рогам страхі

Як добра ня быць прывязаным
да ніводнага месца

*
Прыліў пячэ з жоўтай мукі й вады
блін за блінам

Мора ладзіць распродаж ракавінак
на пяску
бы кудысьці пераяжджае

Папераджальныя шчыты пра небясьпеку моцнай плыні
тырчаць удоўж берага
кожныя дзьвесьце мэтраў
як знакі аўтобусных прыпынкаў –
найхутчэйшы спосаб
дабрацца ў суседнюю вёску

Хан аан Зэе

Стрэхі вясковых хат
фэрмэрскія піраміды з саломы
ў аазісе дзюнаў

нястрыжаныя авечкі
тлустыя, як чмялі

Качкі ледзь сунуцца ў густой нерухомай расцы
нібы па калені ў зялёным сьнезе
дакуль іх не вызваляе ледакол
«Дзікая гусь»

З палёў пахне вараным яйкам
стварэньня сьвету

Наперадзе – лясы, паменшаныя для дзяцей
(тутэйшыя пабрацімы дзіцячай чыгункі)
з пахам вясковай лазьні:
дубовыя венікі растуць проста зь зямлі
вада ў двух кроках
гарачыя камні

Стаіш па калені ў канале
шчасьлівы –
ты знайшоў
чорнае золата часу  

Кропку, у якой засяроджаныя
ўсе калісьці наведаныя табою
мясьціны гэтага сьвету

*
Іншыя кідаюць у дэлфцкія каналы манэты
а вось я каля дома-музэю Вэрмэера
ўпусьціў у ваду фільтар ад фотааб'ектыву
і пры гэтым нават не зьбіраўся туды вяртацца

Японцы як ніхто ўмеюць дзячыць
за пазыкі двухсотгадовае даўніны,
гэтым разам маім пасярэдніцтвам

Трымай, дружа Яне,
падарунак з будучыні:
новае, сучаснае шкельца
для тваёй камэры-абскуры

*
Раніцай месяц –
празрысты пялёстак імберца
ў роце японскага паэта

Смак новага дня

*
Апоўдні
па-над краем берагу ўзыходзяць
першыя, нясьмелыя зоркі плыўцоў

Мокры пясок вакол лужын-вочак
нагадвае зморшчаную скуру слана
з валаскамі водарасьцяў
яму ня зімна

Абрэзаныя пазногці
зьдзьмутыя з падваконьня  
робяцца ў далечы ветразямі-казыркамі
для сёрфінгу

Кладзесься сьпінаю на пясок
заплюшчваеш вочы
і доўга падаеш у бяздонны калодзеж
сустрэчнага ветру

кудысьці ў дзяцінства
лягер ля Чорнага мора
тая ж самота далёка ад дому
незнаёмыя прыгажуні
вусьціш

людзі-здані аднекуль раптам зьяўляюцца
некуды раптам зьнікаюць

Здалёк пазнаць пол нейчай пастаці
ільга не паводле стану, а станіку,
дзьвюх плямак на целе –
але найпрыгажэйшыя іх ня носяць,
таму іх, парадаксальна, не заўважаеш

Толькі з набліжэньнем жанчыны
пазнаеш ейны ўзрост
і звычайна з жахам –
то завысокі, то занізкі

Адным словам, пляж – найлепшы спосаб засьведчыць
немагчымасьць каханьня зь першага погляду

Вінсэнт Вэга ў Амстэрдаме

Ну я ўжо казаў
што быў там у кіно, у Макдоналдсе
яшчэ ў тым квартале колеру мэнструацыі
дзе цёлкі пакідаюць на шкле вітрынаў
плямы ад потных цыцак
і дзе підараў болей чым на зоне
але чаго не казаў, дык гэта
што аднойчы па ўкурцы
і па абавязковым масажы ступняў
адна пальнутая німфаманка з Тэхасу
зацягнула мяне ў музэй
жывапісу
хаця я прапаноўваў Мадам Цюсо
(памятаеце ж мой убойны прыкол
пра мэханізаваны музэй васкавых фігур
з «Хітрага Труса Джэка» –
гэта адтуль)

Дык пра што я
А-а, пра мастацтва
Ну, што сказаць – чоткая тэма, няма базару
Сьпярша мы бачылі ахуенны групавы –
не ўгадаеце – партрэт! – 
крутых пацаноў сямнаццатага стагодзьдзя
што ціпа трымалі разам адзін раён
і хадзілі па начах страсаць бабло з багатых лахоў
а калі ўжо ня ведалі, куды яго дзяваць,
то замовілі сабе партрэт на ўсю сьцяну –
гэта было ў той час тое самае, што
сёньня праплаціць сабе рэкляму на Супэрболе
або купіць сэрыял
і ўпіхнуць на галоўную ролю сваю малую
ці штось такое

Потым бачылі пару халсьцінаў
аб якіх мой цёзка – таксама, кажуць, досыць славуты –
выціраў пэндзлі
пазьней гэтаму чуваку ў разборцы адрэзалі вуха

Бачылі гібель усякіх валынаў, абрэзаў, драбавікоў
быццам раззброілі цэлую негрыцянскую банду
гурбы трафэяў, што дзядулі нашых амстэрдамскіх кампаньёнаў
паадбівалі ў чорных, кітаёзаў і лацінасаў
Чувакі страхавалі палову сьвету!

Але найбольш мне ўтыркнуў
срэбны паднос
Зацаніце:
на падносе акуратна раскладзеныя маленькія мяшэчкі
а ў мяшэчках
дакладна ўзважаны опіюм
(амаль тое ж, што гераін, толькі чысты):
то бок гэтыя амстэрдамцы ўжо тады займаліся сур'ёзным бізнэсам
набівалі кішэні
і ўсё было пры гэтым легальна
з дазволу самога прэзідэнта
ці па-іхнаму караля –
не, ну бля буду!

Пасьля такога
я ажно мусіў выйсьці ў парк закурыць
там да мяне падваліў чувак у такой калічнай форме
і кажа: у нас на тэрыторыі парку ня кураць
ну, я ўсадзіў яму праміж вачэй кулю
дакурыў
і вярнуўся ў Лос-Анжэлес

*
Дзень адчыняецца
як музычная скрынка
царкоўныя званы
ўжо колькі стагодзьдзяў
нязьменна фальшывяць

Потым у храм адзін за адным уваходзяць
сямёра першых пакупнікоў

У небе да непрыстойнасьці разышлося
шво ад хірургічнага ўмяшаньня самалёта
й цяпер выдае сябе за дракона

Кірлі відаць страйкуюць
звычайна яны інспэктуюць вуліцы
зь ёкатам сірэнаў
палошчуць горлы сіняй вадою неба
нібы зьбіраючыся на працу
але сёньня яны ляцяць ладным шэрагам
і ўва ўнісон скандуюць нейкія лёзунгі
патрабуючы мабыць прыраўняць іх у правах да дэльфінаў

Няма нічога прасьцейшага

*
Урэшце ў жніўні
я пабачыў зьнічку
скажу вам – ні халеры яна ня падае
а нясецца як сьпешны кур'ер
з аднаго канца неба ў другі
абганяючы спадарожнікі й самалёты
зь нейкім тэрміновым паведамленьнем
якое я так намагаўся зразумець
што ажно не пасьпеў загадаць жаданьне

*
Пасьлізнуцца ў душы ў Празе
азначае набіць сабе гузак
абудзіць суседзяў выбухам мацюкоў
(калі яны яшчэ не прачнуліся ад вашага сьпеву)
у найгоршым выпадку – абурыць іх інфарктам
дакладней невыносным смуродам з-пад дзьвярэй
які яны ўрэшце праз тыдзень ідэнтыфікуюць як новы
і пазвоняць у паліцыю –
шум на лесьвіцы, лішнія клопаты, плёткі
неашчадны расход вады
якой у пустэльні хапіла б да канца сьвету

Пасьлізнуцца ў душы ў Мэтцы
азначае вылецець голым з адчыненага вакна
на пятым паверсе
абудзіць суседзяў выбухам мацюкоў
праляцець пару мэтраў міма вітражоў Марка Шагала
і гаргульяў, што бачылі й не такое
ды прызямліцца на бруку, па якім хадзіў малы Поль Вэрлен
у найгоршым выпадку – на галаву паштальёнцы
адным словам, выклікаць скандал
і хутчэй за ўсё навечна здабыць сабе 
нясьціплую рэпутацыю самагубцы
збачэнца, вар'ята, «праклятага паэта»
спарадзіўшы шэраг вэрсій наконт матываў
самай праўдападобнай зь якіх будзе:
намагаўся застацца тут любым коштам

*
Жнівень дома
у фабрычным раёне
што можа быць лепей

жалезныя падшыпнікавыя кулі
цяжкія й гарачыя ад сонца
бы зоркі
ці свойскія памідоры
на градах пад балконам

пакуль ніякіх урокаў
ільга ў сваім тэмпе
думаць пра неба

*
Мнехалупіцкі дзень
можа быць дзе заўгодна
напрыклад у Мнехалупах
ці ў Празе

пасьля гутаркі пра Картасара
вяртаесься ад псыхіятра
гадзіне а чацьвёртай а пятай
выразна бачыш
сучаснае сонца
апрацаванае фаташопам
на рэнэсансных фасадах

пад нагамі менскае лісьце
на бўэнас-айрэскіх каляінах
гумках для скокаў
нацягнутых на лытках нябачных дзяўчынак
за даляглядам

у піўнусе “Ў чорнага вала”
сустракаеш даўніх знаёмых
Бонды, Вальтара й Кліму
дзелісься зь імі першымі радасна-жудаснай навіною
тры чараўнікі тут жа пачынаюць думаць над сваімі дарамі

а табе здаецца найлепшым дарам само гэтае места
дзе быць паэтам настолькі лёгка што нават неабавязкова
дастаткова проста пражыць тут дзяцінства
ці другое жыцьцё роўнацэннае зь першым
і сысьці на вяршыні
гэта значыць паўторна
сысьці ў андэрграўнд

*
сьпяваць на сонцы маўляў той конік
правёўшы год пад зямлёю цёмнай...

  Марыя Элена Ўолш

прыехаць на вёску
пажыць у старых майстроў
вучыцца вершам

як той хто вучыцца
зноўку хадзіць
пасьля інфаркту

ня спаць уночы
нібыта перад
іспытам

глядзець як месяц
зноў хоча склеіць
аблокі ў апошні допіс

Два погляды

Не, здаровы хворага не разумее –
а вось мяне разумее дзяўчына,
зь якой я сутыкаюся ў дзьвярах у псыхіятра,
таксама пацыентка –
нам дастаткова судакрануцца вачыма.

Гэтак дзяўчынка-мулатка
з зацікаўленасьцю й надзеяй
глядзіць увасьлед сваёй старэйшай суродзічцы
што праходзіць міма разам зь дзіцяткам і мужам –
спрабуючы пазнаць у ёй будучую сябе.

Свае, людзі.
Нават дзеля аднаго падобнага погляду
варта пражыць цэлы дзень.

*
Котка стала завітваць да нас часьцей
нібы прадчувае, што хутка на яе ў нас ня будзе часу

Ейны язык
усё яшчэ працінае бавоўну кефіру
з частатой іголкі бабулінай швэйнай машынкі
вылізваючы міску да апошніх кропляў, водбліскаў лямпы

Нашыя рукі
ўсё яшчэ замяняюць котцы язык ейнай маці
тая ўсё яшчэ жыве ў нашых дотыках

Хутка котка другі раз асірацее

Перш чым канчаткова сысьці з нашых жыцьцяў –
што яна нам пакіне на памяць?
Графіці кіпцюроў, як ейная папярэдніца,
што сьлізгала з вакна па сьцяне, бы на лыжах?
Атрутныя дзіды вусоў, начыненыя алергенам?
Камякі кароткай, як вейкі, поўсьці?

Або пракляцьце, накшталт казачнай фэі,
наканаваўшы дзіцяці, што яе выганяе з дому,
аднойчы рушыць ейнай дарогай?

*
Вёска працуе, як мэханічны лялечны тэатар
гарадзкіх курантаў
ужо колькі стагодзьдзяў
і ніхто ня едзе глядзець на ейнае дзіва
апрача нас з табою

пеўнікі перастрэльваюцца роўнымі чэргамі тырадаў
аблезлыя восеньскія авечкі з дрэдамі бадзяюцца па двары
ўчадзелыя дымам вогнішча

тут можна быць адзін як у лесе
не выходзячы пры гэтым за рамкі цывілізацыі

сарокі гуляюць у шашкі
скачучы па дробных клетачках голага дрэва

а адразу па прабуджэньні ільга згадаць прысьнёную фразу:
вёска неабходная мне, як дзённая труна вампіру –
для адпачынку перад вечаровымі
крывавымі прыгодамі горада
і для іхнага ператраўленьня

ці як футарал скрыпцы
у якім яна ў перапынках між канцэртамі
можа застацца сам-насам з музыкай
без пасярэдніцтва чужых рук
пабыць нячутнай і нябачнай
сама сабою

*
Заўжды любіў заходнебеларускія мястэчкі
і не любіў савецкіх “гарадоў” –
баранавічаў, берасьцяў, барысаваў, менскаў…

Лістапад у Пінску ці Карэлічах –
найлепшае (калі не адзінае),
што можа прапанаваць вам тая краіна.

Усё астатняе – толькі вытрымкі маладосьці,
якая ўва ўсіх месцах сьвету аднолькавая.

Карацей, няма дзіва, што я зьехаў не на ўсход, а на захад –
дзіўна тое, што пры гэтым я ўмудрыўся
ўсё-ткі страціць маладосьць недзе паміж, па дарозе,
таму ўсё яшчэ цьмяна спадзяюся аднойчы яе знайсьці.

А можа – і ня страціў,
раз дагэтуль не пазбыўся гэтага наіўнага спадзяваньня.

*
Асобныя прадметы
такія як плеценая з дратоў або шкляная
ваза для алоўкаў
ці фіялетавае плястыкавае вечка ад шампуню
ці парцалянавы салдацік у гладкай белай фуражцы
ці плясмасавы й пляскаты, чырвона-празрысты цацачны конь
зь вершнікам, у руках у якога стрэльба
ці стары яскрава-чырвоны тэлефон з вострымі гранямі
ці празрысты плястыкавы кубак
ці керамічны кубак з малюнкам пеўніка
чырвонага каптурка
або якога-заўгодна іншага казачнага пэрсанажа
ці тонкі руль старога аўтамабіля
ці пярэдняе кола аўтобуса “Ікарус”
ці шкляная ампуля зь лекавай вадкасьцю
ці аранжавы пачак таблетак
колеру агеньчыку цыгарэты
ці іншыя
маюць над мною ўладу
большую за ўладу духаў
якіх выклікаюць шаманы
ці багоў, якіх выклікае Пэсоа
ці старых фатаграфіяў продкаў –
бо гэтыя прадметы
а не багі, духі ці здані
стаяць недзе на самым пачатку
майго асабістага сьвету
й выконваюць ролю маіх сьвятых заступнікаў
на нябёсах майго дзяцінства
і калі мне лёгка адмаўляць існаваньне
багоў, духаў, зданяў
то жывая прысутнасьць гэтых прадметаў
заўжды напаўняе мяне сьвятым
страхам зьмяшаным зь незразумелаю асалодай
асалодай неразуменьня
а маё зямное жыцьцё адчуваньнем
канкрэтнага – прадметнага – сэнсу

*
Знаходжаньне ўва ўцякацкім лягеры
найбольш нагадвала зацяглы турпаход –
ранішнія пешыя туры лесам
спартовае арыентаваньне на мясцовасьці
з уцёкамі ад паліцэйскіх сабакаў
пераскокваньне платоў
знаёмствы з напалоханымі абарыгенамі
навучаньне азам іхнай мовы
абмен каштоўнасьцяў на гарэлку
беглы агляд вакольных культурных помнікаў
зьбіраньне грыбоў і ягад
сьвяточнае гатаваньне на вогнішчы
азартныя гульні
песьні пад гітару
бухалава да ўпаду
загадкавыя начныя зьнікненьні ў заходнім кірунку
пэрыядычныя бойкі бяз дай-прычыны
сэкс з усімі супраць усіх у кустоўі
набіваньне татуіровак на памяць
паступовае дзічэньне і атупеньне
усё гэта пры адсутнасьці піянэрважатага
навінаў зь Вялікай Зямлі й рэшты сьвету
надзеі на тое, што нехта выдасца на пошукі нашай тургрупы
і найменшай уявы пра маршрут
у выніку чаго словы бадунішча й будучыня
ўспрымаліся празь нейкі час як сынонімы

Знаходжаньне ўва ўцякацкім лягеры
найбольш нагадвала зацяглы турпаход
а я ніколі не любіў турпаходаў
нягледзячы на іхную карысьць для здароўя
таму шукаў найменшай магчымасьці
ўцячы з прыроды назад
у Горад
якога ў думках не пакідаў
ні на ймгненьне

*
Раз на месяц да мяне на досьвітку завітвае ветах –
найнедасяжнейшая з крэвэтак.

Насупраць – будынак суду
куды а шостай прыходзіць першая супрацоўніца
практыкантка ці асыстэнтка
запальвае сьвятло ў кабінэце на другім паверсе
й пачынае парадкаваць тлустыя кардонныя тэчкі
спрытнымі рухамі рук, нібы грае на арфе
ці тчэ які
габэлен

Нейкі час я за ёй назіраю
скрозь адчыненае вакно
пасьля апранаю свой працоўны швэдар
(такі, якія носяць электрыкі)
нацягваю працоўныя пальчаткі бяз пальчыкаў
(такія, якія насілі клеркі)
і сядаю за клявіятуру
свайго клявэсіну

*
Разграбаючы газэты, часопісы, паперы
дзесяцігадовае даўніны
пачынаю разумець бальшыню людзей,
якія таго часу ўжо не прыгадваюць,
а яго сьведчаньні й дакумэнты
ў адрозьненьне ад мяне
загадзя павыкідалі ў сьмецьце:
няма дзіва,
навошта ім доказы таго,
наколькі той час быў наіўны, банальны, сьмешны,
нясталы, тэхнічна адсталы, пазбыты сэнсу й значэньня –
ад часу застаюцца выключна кнігі.
Усяго астатняга варта пазбаўляцца
прынамсі раз на дзесяць гадоў,
а ня корпацца ўва ўсім гэтым.
Рацыя, ня кожнаму ж пашанцуе
як мне
знайсьці ў старой макулятуры
сапраўдны, а не сымбалічны скарб,
гуманітарную дапамогу зь мінуўшчыны:
нейкім цудам непрабуханую
тысячу кронаў.

*
А дзявятай вечара невыходнага дня
калі турысты вячэраюць
а мясцовыя прыкідваюцца турыстамі
пад нішчымны джазік
схаваўшыся ад сакавіцкага холаду ў рэстарацыях
(балазе, тэрасаў доўга яшчэ не адкрыюць)
можна выйсьці ў цэнтар Прагі й не спаткаць нікога
гэта значыць не пачуць ані гуку
апрача шуму вады ў рачным канале
што ўрываецца ў прыадкрыты шлюз гэтаксама
як вясновае паветра ў закураную цягам зімы кватэру

The Truman Show

Ах, мой Кітай, унутраны Кітай,
хоць ты ня дом – як дома, прывітай…

  Бонды

Падчас афіцыйнага візыту
таварыша кітайскага прэзыдэнта ў Прагу
я зноўку адчуў сябе на радзіме

мяркуйце самі:
на кожным рагу паліцыянты
выбарачная праверка дакумэнтаў у падазроных
асобаў некітайскага выгляду
добра арганізаваныя дэманстрацыі падтрымкі
пад лёзунгам “Тыбэт наш”
пад якія загадзя замовілі штук дзесяць аўтобусаў
а заадно й цэлы горад
затрыманьні адзінкавых пратэстоўцаў
адзінкавыя хуліганскія выхадкі
скіраваныя на пашкоджаньне дзяржаўнай (прыватнай) маёмасьці
перакрытыя вуліцы
й поўная абыякавасьць людзей паспалітых

памножце ўсё гэта на 7/24
і атрымаеце як мінімум 25.03
а ў рэшце – і іншыя несьвяточныя дні ў Менску

усё гэта было наўмысна створанае дзеля таго
каб я прынамсі на дзень
пазбыўся сваёй эмігранцкае настальгіі

нацыянальная тэлевізія замест навінаў
паказвала наўпроставую трансьляцыю
зь месца падпісаньня гістарычна важных дамоваў
пра забесьпячэньне правоў чалавека
ў галоўнай сфэры ягонага жыцьця (эканамічнай)
а шрубалёты на ўсякі выпадак стваралі
драматычны гукавы фон
як у фільме Копалы “Апакаліпсіс сёньня”
прычым насамрэч мелі заданьне кіраваць надвор’ем
толькі ў гэтым выпадку не разганяць хмары
а нагнаць на горад як болей смогу
каб таварыш прэзыдэнт пачуваўся як дома
і крый бог не ўдушыўся заходнім ветрам

асноўным вынікам візыту таварыша прэзыдэнта
былі паабяцаныя ім баблосы
й далейшая эканамічная інтэграцыя

пабочным вынікам візыту таварыша прэзыдэнта
быў супольны чэска-кітайскі турнір па футболе
куды таварыш прэзыдэнт чыста выпадкова зайшоў разьмяць ногі
і ўсіх перамог

карацей, забыліся толькі памяняць чэскі сьцяг на беларускі
а кітайскі на расейскі
а так быў поўны парадак

калі ж у зомбі-скрынцы згадалі
што галоўным партнэрам Кітаю ў Эўропе
ёсьць – як ні прыкра! але дайце час! – рэспубліка Беларусь
я раптам прахапіўся і ўсьвядоміў
што на жаль толькі сьніў

мушу з задавальненьнем адзначыць
што сон быў чароўны
а ілюзія – дасканалай

з гэтай прычыны я шчыра ўдзячны таварышу кітайскаму прэзыдэнту
і ягонаму таварышу таварышу чэскаму прэзыдэнту
за выдатныя супольныя дасягненьні
ў вобласьці татальнай рэканструкцыі маёй маладосьці
якая, перакананы, нямала ім каштавала
нават ня ведаю, чым я заслужыў такі гонар

узамен, як практычны гомо экономікус
прапаную свае сьціплыя калябаранцкія паслугі
па далейшым утрамбаваньні
кітайска-беларуска-чэскай
ядвабнай сьцежкі

*
Я сяджу ля вакна, што вядзе на дворык
і куру вечаровую цыгарэту
Акурат насупраць – адкрытыя вокны пансіёну
тыповая студэнцкая кухня
адкуль вырываецца сьмех чатырох дзяўчат
здаецца, японак
і бас крыху старэйшага амэрыканца
мне добра відаць рысы іхных твараў
між намі ўсяго якіх дваццаць мэтраў
і дваццаць гадоў, ня болей
мне нават на момант здаецца, што я сяджу
не ля таго вакна
й куру ня тую цыгарэту –
насамрэч я павінен быць там зь імі
і на ўвесь горад сьмяяцца зь сябе самога

*
Шалёны вецер пускае
ў мёртвае дрэва
доўгія электрашокі

Зелень то калахуе
то зноў застывае
нібы вада на гарбату
ў празрыстым імбрыку шыбы

Але дрэва не ажывае
Толькі калі зьяўляецца сонца
яно, нібы ў старой казцы,
само ператвараецца з швабры ў мэдузу
й танцуе ад шчасьця

*
Сядзець у дабрачыннай кавярні
пры вар’ятні
ў чаканьні сяброўкі
перачытваць улюбёную кнігу
радавацца надвор’ю
усьмешлівым афіцыянткам
і нязвыклай адсутнасьці
патрэбы напісаць верш
у кнізе балазе ўсё даўно напісана
я проста пра гэта забыўся
старасьць
 

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

паэт (?):
гэтаму слову патрэбнае новае
вызначэньне.

калі я чую гэтае
слова
мой страўнік
сьціскаецца
нібыта я зараз
зблюю

Пераклад:
Макс Шчур

Да кожнай няўдачы
я магу ставіцца толькі як да частковага вызваленьня
Вызваленьня ад забабонаў ад марных намаганьняў
ад фальшывых абавязкаў прымусу
ад перасьцярог страху трывогі і сораму
ад крывадушнасьці і гвалту над сабой
ад самападману няпраўды і хлусьні

Пераклад:
Макс Шчур

Стары паэт любіць дзень, грубы й зіхоткі, як цыцка сялянкі. А я люблю цябе, о Ноч, таму што ты — мой дух, і таму што я — твая сутнасьць.

Пераклад:
Макс Шчур

Найлепшы будда — дрывасек, манахі — рыбакі.
Дзэн у фатэлях дарагіх — толк у такім які?
Дваццаты год жыву з вады, што заядаю ветрам —
сандалі саламяныя, па сьвеце напрасткі.