Апавяшчальнік

Аўтаномны пажарны апавяшчальнік – у кожны дом!

Сацыяльная рэклама

Люба ўжо стаяла ў дзвярах з дзіцячым вазком, збіраючыся выходзіць на дзённы шпацыр, як у вітальні забрыньчаў тэлефон.

– Любоў Паўлаўна? – запытаўся са слухаўкі бясколерны голас.
– Так.
– Сацаддзел, – прадставіўся голас. – Ці ўсталяваны ў вашай кватэры аўтаномны пажарны апавяшчальнік?
– Не, – адказала Люба, на ўсялякі пажарны агледзеўшы даўно не бялёную (а, можа: даўно бялёную) столь.
– Вы адна выхоўваеце дзіця, так? – зрабіўшы націск на лічэбніку, удакладніў голас.
– Ну, як...
– То бок – без мужа?
– Т-так.
– Сацыяльныя аддзелы гораду праводзяць акцыю: бясплатная раздача і ўсталёўка аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка для інвалідаў, мнагадзетных, мацярэй-адзіночак ды іншых катэгорый малазабяспечаных грамадзян, – у пяцьдзясят другі за сёння раз прадэкламаваў голас. – Паколькі вы пражываеце ў двухпакаёвай кватэры, вам паложана дзве штукі апавяшчальнікаў. Скажыце калі ласка, калі вы бываеце дома?
– Ды я заўсёды бываю. Я ж з дзіцем сяджу, – на ўсялякі пажарны ўдакладніла Люба. – Ну, хіба што пагуляць выходзім удзень перад сном ці ў магазін…
– Добра, – з палёгкай выдыхнула слухаўка і ў пяцьдзясят другі раз паведаміла: – Работнік прыйдзе да вас у бліжэйшы час, каб здзейсніць усталёўку. Усяго добрага.

Насамрэч Люба не была маці-адзіночкай. І бацька ў дзіцяці, Слаўкі, меўся, і жыў ён разам з дзіцем і жонкай. Праўда, у шлюбе грамадзянскім. Хоць і распісацца прапаноўваў, і вяселля хацеў, каб усё як паложана. Гэта Люба не захацела роспісу й вяселля. Прычына была простая.
Калі Люба даведалася пра цяжарнасць, стаяў шэры смаркаты лістапад. Не хацелася Любе вяселля ўвосень, калі шэрань, бруд і слата. Ні фотак прыгожых, ні свята. Ды й не так жа хутка вяселле тое робіцца. Ну, у ЗАГСе якраз чаргі не было – распісвайся не хачу. Гэта не Мінск, дзе, кажуць, за паўгады запісвацца трэба. А банкет, а тамада, а здымка, а сукенка ўрэшце рэшт (якая, нават калі на пракат браць, палову ўсіх выдаткаў возьме)? Сяброўкавы бацькі, напрыклад, дык адмысловы вясельны крэдыт у банку бралі. Ну а як?..
Узімку – тым больш не хацелася. Хто ж зімой жэніцца? Спадзявалася: можа, у сакавіку яшчэ не будзе вельмі заўважна? Але ў сакавіку ўжо не проста заўважна стала, але яшчэ й такі таксікоз люты пачаўся, што ўжо ніхто ні пра якое вяселле й не думаў. Тут бы данасіць хоць да мінімальнага тэрміну. Двойчы ў рэанімацыі адлежвацца прыйшлося, пракапвацца, бо ежа назад выходзіла, а што не выходзіла – на дзіця й будаўніцтва яго дамка плацэнтавага ішло. У Мінск вазілі на захаванне. 80 км. У дарозе нат спохваткі пачаліся. Але нічога, абышлося, паспелі гармон укалоць.
Не, ну сучасная – асабліва айчынная – медыцына й на зусім маленькіх тэрмінах плод ратуе. Толькі, як змрочна жартаваў яе мінскі рэаніматолаг, з такіх дзетак “ліхтарат” вырастае. Той, які потым за Цыбуленку галасуе.
Ліхтарат Люба не хацела. Але й не вельмі разумела тых, хто на Цыбуленку гаўкае. У яе райцэнтры, праўда, ніхто асабліва й не гаўкаў. Гэта ўжо ў мінскай лякарні, ад рэанімацыі адыходзячы, яна наслухалася і пра нячэсныя выбары, і пра нейкія рэпрэсіі, і пра эканамічны калапс. Ляжала з ёю кабета амаль пенсійнага веку. Мінчанка Святлана. Уся з сябе, выпешчаная, дагледжаная, з манікюрамі-педзікюрамі. Нібы й старая ўжо, калі па шыі глядзець, а цела, грудзі – як у маладухі (Люба маму сваю згадала адразу ж, калі пабачыла, як Святлана распраналася падчас агляду). І вось жа – на дзіця наважылася. Сама на машыне прыехала, калі воды пачалі адыходзіць. (Дарэчы, лякарня была рэгіянальная, але ж у палаце з нямінскіх толькі Люба і дзеўчынёха нейкая, ці тое са Смалявічаў, ці тое са Смілавічаў былі – астатнія сталічныя: хто за плату, хто па блату).

Мінчанка балбатлівая апынулася – жах. Ці гэта яе сперапуду пасля наркозу на базар прабіла? Увесь час фаніла – то пра мужоў сваіх, хто колькі зарабляў (Люба не вельмі веры давала, бо зусім нерэальныя лічбы гучалі), то пра дачку. Ні “Косма” пачытаць, ні скрыню паглядзець (хаця бабскіх баек, якіх Люба за тыдзень наслухалася, не на адзін серыял хопіць).
Дачка журналісткай працуе на тэлевізіі. Цяпер у Кіеве, а пачынала тут, у Мінску. Рабіла аднойчы гутарку з нейкім чыноўнікам для навінаў. Дык той штосьці ляпнуў пра неэфектыўнае кіраванне, а журналістка, маладая-зялёная, у сюжэт умантавала. Вядома ж, сюжэт не прапусцілі, а ў хаце на заўтра ж шмон учынілі. Усё ў кватэры ператрэслі, паліцы павыварочвалі, падушкі перапатрашылі – кшталту каб копію касеты нідзе не прыхавала. Пасля гэтага і з'ехала дачка ў Кіеве. Таксама рэпарцёрам уладкавалася. Калі апошнія выбары былі, яе ў Мінск накіравалі, сюжэт рабіць. Падчас разгону мітынгу на плошчы ніхто не глядзеў, ці ёсць на табе бэйджык “прэса”, ці няма, і запакавалі яе ў бітма набіты аўтазак. Пакуль пакавалі і везлі, білі – Святлана казала, што ўсе грудзі былі сінія і паказвала на сабе. Яшчэ пашанцавала, што ў турэмным дворыку дачку мужаў знаёмы палкоўнік пазнаў і проста за руку з шэрагу вывеў. Слухала Люба і не тое, што не верыла – які рэзон быў гэтай мінскай фіфе хлусіць ім? – але й не надта каб да сэрца брала: сама дзеўка вінаватая, няма чаго было туды перціся. Святлана ж ледзь не з гонарам пра дачку распавядала. Было б чым ганарыцца…

Ну, вось, данасіла Люба да саракавога тыдня і ў чэрвені нарадзіла. Спярша думала, адыдзе крыху – і вяселле зладзіць, але Славік зусім кволенькі адразу быў. З хваробы ў хваробу кідала – то білірубін павышаны, то ротавірус нейкі… “І адкуль гэтая трасца сыплецца, – усё здзіўлялася Любіна маці. – Жылі ж раней нейк без гэтага…”
Ды й сама Люба паднабрала за цяжарнасць там, дзе і заўсёды празмерна было (матчына генетыка). Якія тут табе фоткі? На халеру яны трэба, калі сорамна будзе ў “Аднакласніках” павесіць?!
Ну і, да ўсяго, – са свякроўю будучай непаняткі пачаліся. Паехалі яны спярша са Славікам і Колем (так хлопца яе звалі) да яго бацькоў, што лагічна было – у тых трохпакаёўка, добра абстаўленая, дом маналітна-блочны. Карацей, кожа-рожа-хай-тэк, усе дзялы. Але не ўжыліся яны з маці – ці тое кухню не падзялілі, ці, можа, Колю? Рыкнула свякроў раз на Любу, другі. А Любаня не з тых, хто трывае: сабрала рэчы й вярнулася ў сталінку да бацькоў. Жыла там маці яе з дзяцінства. А наагул – яшчэ бабця ў пяцідзясятыя са сваёй маці ў камуналцы гадавалася. Прыбіральня – дык толькі на Любінай памяці з'явілася. А так на двор хадзілі. Санвузел сумешчаны. Бацька Любін яго гаваннай заве – то бок гаўно і ванна разам.

На заўтра і Коля да іх прыехаў. Жыць пачалі ўпяцёх. Ушасцёх нават – калі ката лічыць. Бацькі – людзі вясёлыя. Самі ж у значна горшых умовах пачыналі. Ну, а пасля, покуль абжыліся-ўладкаваліся, ізноў смаркатая восень, шэрань і слота. Ніхто ўжо пра вяселле ўслых і не згадваў. 

Коля ва ўніверы мінскім вучыўся. На завочным. У райцэнтры тэхнікум скончыў і сантэхнікам працаваў. З халтурамі штосьці выходзіла, але не дужа яму гэта, ясная справа, падабалася. Цяжарнасць Любіна як снег звалілася, і Коля – з мамкінай падказкі, пэўна, – нават паспрабаваў быў намякнуць: маўляў, давай мо пачакаем, час цяпер незразумелы, універ во яму хоць бы скончыць. Але Люба цвёрда абсекла: не хочаш – не трэба: я й сама дзіця выгадую. Але тады, як затрымка здарылася, і Люба не адразу з лёсам змірылася. Да апошняга спадзявалася, што гэта толькі затрымка. Сама яна на рынку працавала. Рэалізатаркай. А хто ж табе на рынку які дэкрэтны адпачынак аформіць – у яе й працоўнай не было. Ну а як?..
А тады ні ў воднай аптэцы тэсту на цяжарнасць не знайшлося. І паехаў Коля ў Мінск – у яго якраз сесія пачыналася – са слоічкам Любінай мачы, набыў тэст і, не дачакаўшыся вечара, ва ўніверскай прыбіральні ўсё і спраўдзіў. Так хацелася, каб адна рысачка на тэсце праявілася, але ж не – праявіліся дзве.
Цяпер пра ўсё гэта са смехам згадваецца. А насамрэч – і не згадваецца ўжо. Нібыта й ваганняў ніякіх не было. Такі Славічак ладненькі й смешненькі выйшаў. Цьху-цьху-цьху.

Карацей, засталася Люба дэ-юрэ “адзіночкай”. А тут сяброўка з рынку параіла: ты схадзіла б у сацаддзел, на дапамогу памперсную падала. І ў чаргу на кватэру запішыся, ці мала што? Ну, яна й пашла, і падала, і запісалася. Яе ўключылі ў нейкі нібыта хутчэйшы спіс – не самы хуткі, вядома ж: “Ну, вы ж разумеце, цяпер галоўны прыярытэт для дзяржавы – мнагадзетныя сем’і. Ну, і пра маці-адзіночак мы таксама, канешне, помнім!” – запэўнілі.
Дапамогі той і сапраўды толькі на два пачкі “памперсаў” хапала. Затое неўзабаве прыйшлі з сацаддзелу – правяраць, з кім яна ў кватэры жыве, як жыве і, зрэшты, ці жыве. Добра, што Колі дома не было. Прайшліся па пакоях, нават у шафу зазірнулі. Спыталі, чые красоўкі мужчынскія ў вітальні стаяць. Адказала: бацькавы. Пазіралі крыху падазрона, але нічога, абышлося. Сышлі.
І вось цяпер ізноў гэты сацаддзел са сваёй акцыяй па падтрымцы малазабяспечаных катэгорыяў...

Люба прачытала на нейкім мамскім форуме, што пад маркай усталёўкі апавяшчальнікаў насамрэч праводзяць дагляд кватэр: ці сапраўды мнагадзетныя альбо “адзіночкі” тут жывуць, ці ложкі дзіцячыя стаяць. Могуць і ў шафу зазірнуць (гэты факт асабліва абураў форумных змагароў) – паглядзець, якая вопратка на паліцах ляжыць. Хтосьці пісаў, нібыта прыйшлі так у кватэру, дзе мнагадзетныя прапісаны, а там – толькі бабця з дзедам. Аказалася – яны на чарзе стаяць на жыллё, з бацькамі прапісаныя, а самі кватэру здымаюць (ну як ты рэальна ўсямёх у двухпакаёвай хрушчоўцы з 5-метровай кухняй памесцішся?). І суседзяў распыталі, ці часта яны дзіцячыя енкі чуюць. Аказалася – не чуюць. Гэта ў хрушчоўцы! Карацей, выкінулі тых мнагадзетных з ільготнай чаргі. “Давай, дасвіданія”, як кажуць…
Пісалі, што Цыбуленка даў загад скараціць чэргі “нуждающихся”, і вось пачаліся акцыі. Бясстрашныя форумныя жыхары абурана лямантавалі: ды хай бы да мяне прыйшлі са сваімі пажарнымі апавяшчальнікамі – я бы іх на парог не пусціў! А яшчэ дазваляць столь псаваць? Ды з якое радасці! Ды я бы іх!..
Тое ж самае, дарэчы, і Любін бацька сказаў – паслаць іх куды падалей – але маці абачліва запярэчыла: хай сабе ўсталююць, і забудземся на іх. Нашто гусей дражніць? Ды й напраўду – а калі пажар? Праводка ж, пэўна, з пяцідзясятых гадоў не мянялася.

Званок у дзверы раздаўся праз тыдзень пасля тэлефанавання, калі Люба крыху страціла пільнасць, заспеўшы Колю дома: зайшоў перахапіць у абед. Коля прапанаваў не адчыняць, але Люба, завесіўшы фіранкі ў дзіцячым пакоі і замкнуўшы Колю з малым у “гаванне”, дзе яны караблік пускалі (Славіку на ўсялякі пажарны шчэ й дунду ўсунула), усё ж адчыніла. На парозе стаяў мужык з перфаратарам і інструментальнай скрыняй. Са скрыні ён выцягнуў два апавяшчальнікі, падрабязна распавёў, як імі карыстацца (калі батарэйку мяняць, як чысціць). Збіраўся ўжо прадэманстраваць, як, уласна, апавяшчальнік апавяшчае, але Люба паверыла на слова, кіўнуўшы на дзверы пакоя, маўляў, дзіцё спіць. Таму й свідраваць нельга.
– Нашто вам час губляць. У вас жа, пэўна, шмат працы яшчэ. Мы самі ўсталюем. Бацька мой прыйдзе ўвечары і прыкруціць.
Мужчына не настойваў.
Калі ён ужо стаяў у дзвярах, з лазенкі пачуўся грукат.
– Гэта хто там у вас? – пацікавіўся ён.
– А-а, гэта кот. Ваду любіць піць з-пад крану. Напэўна, мыльніцу развярнуў.
– Кот? А-а… Усяго добрага.

Сацаддзел Дзяржынскага раёна месціўся рыхтык у такім жа двухпавярховіку, як і Любіна кватэра. У цэнтры райцэнтра такіх будынкаў, абабітых звонку вагонкаю – іх па старой памяці называлі баракамі – захавалася нямала яшчэ з даваеннага часу. У іх пераважна месціліся ўсялякія ўстановы. Абстаноўка ўнутры была не проста спартанская. Тут хутчэй падышоў бы эпітэт “жабрацкая”: рыпячая драўляная падлога з аблезлай фарбаю, патрэсканыя сцены, даўно не бялёная (ці: даўно бялёная) столь у жоўтых разводах. І сёй-той, хто ўваходзіў сюды з цвёрдым намерам прасіць і патрабаваць, ну, не тое, што пакідаў надзею, але тут жа губляў увесь імпэт і рашучасць. Маўляў, калі начальства ў такіх умовах жыве, то што ўжо нам-смяротным…
Хіба што супрацоўніцы са сваімі баявымі макіяжнымі расфарбоўкамі й сучасныя кампутары з пляскатымі маніторамі стваралі дысананс з сірочасцю агульнай абстаноўкі. Ну і апавяшчальнікі, у вялізнай колькасці, нібы маленькія касмічныя апараты, прысмакталіся да жоўтае столі ўсіх калідораў і кабінетаў…
Начальнік сацыяльнага аддзела, вярнуўшыся з абедзеннага перапынку, з засяроджаным выглядам раскладваў пасьянс-павук, калі ў дзверы пагрукалі:
– Сяргей Аляксандравіч, вас просіць зайсці галава, – паведаміла бландзіністая сакратарка. – І дадала: – Зараз.
– Добра, дзякуй. Нешта здарылася?
– Ды не, – сакратарка прычыніла дзверы і, панізіўшы голас, па-змоўніцку прамовіла. – Там у яго госць. Сказаў нікога не пускаць. Ужо дзве гадзіны сядзяць. Я на абед выходзіла, а яны там так і засталіся. Скрынку нейкую прывёз.
І, ужо ў дзвярах: –Нумары на машыне – з сямёрачкай…
– Знаёмцеся, гэта Алег Фёдаравіч. З Мінска да нас, – галава зрабіў шматзначную паўзу. Алег Фёдаравіч кіўнуў. Трымаўся ён пакуль ціха, але значна. Чамусьці ў Сяргея Фёдаравіча не ўзнікла сумневаў адносна месца яго працы.
Галава працягваў:
– Думаю, што каму-каму, а не вам, Сяргей Аляксандравіч, трэба нагадваць, пад якім дэвізам праходзіў гэты год. Беражлівасць, беражлівасць і яшчэ раз беражлівасць. Між тым, не ўсе разумеюць гэта, патрабуючы ад дзяржавы, у цяперашніх няпростых варунках, часам неадэкватнай падтрымкі і нават апекі. Недаравальным марнатраўствам было б, калі б мы, тыя, каму народ даверыў клопат пра сябе, сядзелі, склаўшы рукі, й пазіралі, нібы мышы з-пад веніка. – Галава важка заклаў руку за борт пінжака. – Ніякіх экстрэмісцкіх настрояў у нашым горадзе, дзякуй богу, не назіраецца. Незарэгістраваныя арганізацыі сваю дэструктыўную дзейнасць у нас не праводзяць, як у Мінску, – тут Алег Фёдаравіч прыўзняў і пачаў ссоўваць бровы. Галава хутка выправіўся. – Як у Мінску праводзілі да нядаўняга часу. Стараннямі Алега Фёдаравіча і яго калег усе намаганні ворагаў нашага спакою і дабрабыту пацярпелі суцэльны крах.
Бровы госця рассунуліся, заняўшы свае ранейшыя пазіцыі.
– Так, у нас сацыяльная дзяржава. Між тым, шмат хто спрабуе на гэтым паразітаваць. І вы, Сяргей Аляксандравіч, цудоўна ведаеце, што вышэйшым кіраўніцтвам краіны пастаўлена задача выявіць гэтых нядобрасумленных грамадзян. Асабіста вам пастаўлена… Па пэўных падліках, каля паловы чаргавікоў, якія прэтэндуюць на ільготнае жыллё, насамрэч ніякіх прывілеяў не маюць. Наколькі паспяхова вамі як начальнікам сацыяльнага аддзела праводзіцца праца па вычляненні такіх элементаў? – нечакана рэзка ва ўпор запытаў галава Сяргея Аляксандравіча.
– Ды… працуем э-э… у штатным рэжыме. – Сяргей Аляксандравіч зразумеў, што цяпер вырашаецца ягоны лёс. – Ды як ты іх вычленіш гэтых элементаў? Колькі нас, правяральшчыкаў, а колькі іх?..
Галава хітравата па-змоўніцку зірнуў на Алега Фёдаравіча.
– А вось таму таварышы з Мінска і прыехалі да нас. Каб досведам з намі падзяліцца. Гэта вам, Сяргей Аляксандравіч, не пасьянсы раскладваць і па забаўляльных сайтах шнырыць. Тут трэба дзейнічаць хутка й пэўна, – галава ледзь скрываў унутранае трыумфаванне ад выгляду раптоўна пачырванелага начальніка аддзела.
– Зірніце калі ласка вось на гэта. – Галава дастаў з вялікай скрыні, што стаяла за фіранкай, апавяшчальнік.
Сяргей Аляксандравіч узяў апарат, павярцеў у пальцах і паклаў на стол.
– Звычайны апік. Батарэйка толькі харошая. Такой на год а мо й на два хопіць. Не тое, што нашыя. Пару месяцаў – і кабздзец.
Галава шырока пасміхаўся. Рэдка калі начаддзела бачыў шэфа ў нагэтулькі прыўзнятым настроі.
– А цяпер зірніце сюды, – галава развярнуў на 180 градусаў свой ноўтбук. – Можаце памахаць ручкай…
Агаломшаны начальнік аддзела бачыў у маніторы сваю патыліцу. Ён рэзка павярнуўся й зірнуў на столь у пошуках відэакамеры. Са столі на яго глядзеў, падміргваючы чырвоным вокам, аўтаномны пажарны апавяшчальнік.
– Можаце прайсці ў свой кабінет. Алег Фёдаравіч пазнаёміць вас з тэхнічнымі дэталямі вашай новай працы. Раю, у сваю чаргу, пачаць з недзяржаўных грамадскіх арганізацыяў. Пра дзяржаўныя таксама, вядома ж, забывацца не варта. Усяго добрага.
Люба ўжо стаяла ў дзвярах з вазком, збіраючыся выходзіць на дзённы шпацыр, як у вітальні забрыньчаў тэлефон.
– Ало?
– Сацаддзел. Ці прымацавалі вы да столі аўтаномны пажарны апавяшчальнік?
– Пакуль яшчэ не. Не паспелі, – не здолела ад такой нечаканкі схлусіць Люба. І хутка дадала: – Але яны знаходзяцца амаль пад столлю: адзін на лядоўні, другі на шафе, – усё-ткі схлусіла, гледзячы на “апікі”, якія як ляжалі, так і ляжалі на тумбачцы ў вітальні.
– Не, ведаеце, трэба ўсё ж прымацаваць. Да нас паступаюць сігналы, што шмат у каго апавяшчальнікі не прымацаваныя. Але ж, па нормах і інструкцыі, яны гарантавана дзейнічаюць толькі ў палажэнні пад столлю сетачкай уніз. Зразумейце, нас жа таксама кантралююць, – нечакана бясколерны голас набыў чалавечыя інтанацыі. – Вы ж не будзеце супраць, калі наш спецыяліст завітае да вас і ўсталюе іх?
– Ды вядома ж, калі ласка…
– Вось і добра. Там, дарэчы, у вас хутчэй за ўсё адзін бракаваны трапіўся. Заадно і заменіць.

З кнігі "Анаталогія". Менск: Кнігазбор, 2015. Кніга цалкам: https://kniharnia.by/catalog/suchasnaya_proza/anatalogiya/