Атляс няпэўных мясьцін

Пераклад: 

MAMA COFFEE

Матулькі сядзяць у кавярні зь вялікімі жыватамі-мячамі.
Я зь імі сяджу за столікам, трымаю хвіліну маўчаньня
за ўсіх дзяцей ненароджаных, за горы, што ніхто не агораў.
Матулькі напярэдадні родаў падобныя да прыёраў.

Стракочуць нібы сарокі, абменьваючыся ўражаньнямі.
На сьвет за надпісам «Coffee» глядзяць дваіста, інакшымі
вачыма: туды ўжо ня зьезьдзім, маўляў, во блядзкая доля.
Пралеска тырчыць на століку, нібыта вясло ў гандоле.

У іх таемныя бзікі, у іх таемныя маціцы,
ім хочацца раптам капусты, і з рухамі ў іх ня ладзіцца.
Ваніль сунімае, але ад ціку мне ў пальцы не дапамагае:
нехта хоча стаць маці, нехта – граць на аргане.

 

AMOR

Мая швачка жыве на пагорку: удых выдых удых.
Іду ад сядзібы, між скалаў; дом хаваецца ў іх.
Мох там з адценьнем лайму сярод ляшчынаў рудых.
Для турыстаў пішуць, нібыта вадаспад там ня помніць крыг.

У клетцы ў яе канарэйкі, у садзе – айва й язьмін,
за імі – таемная брамка ў каралеўства горных цясьнін.
Часьцяком ля сядзібы людзям зьяўляецца вогненны слуп.
Каталікі: «Марыя!» Пратэстанты (абурана): «Бэльзэбуб!»

Мая швачка ўсяму дасьць рады: падрэзцы, падшыўцы, лаце.
І просіць заўжды так мала, што ёй нічым не заплаціш.
Іду (вецер айвы хістае) і думаю, як сказаць ёй:
«Шыйце мне ўжо іначай, до рабіць зь мяне amor fati».

 

НАНДА ДЭВІ

Нанду Дэві шануе балвахвал-віетнамец пад намі,
у той – зыркі погляд, карона зь пер'я, лявін і лёду.
Мы бярэм у яго за паўцэнак, калі гародніна вяне,
пятрушкі, салеры, кропу. І горкага шакаляду.

Пятрушкі, салеры, кропу. Горкага шакаляду.
Пра ўсіх ён ведае ўсё й ня ведае ані званьня,
хто ў садзе заліў рассаду, хто задумвае здраду.
Усё ведае Нанда Дэві ў сьнежным сваім убраньні.

 

БАЛІ

Аднойчы напіша ўжо не пра Балі,
безназоўныя мары і гушчары,
куды б вы тысячы лі вандравалі,
але пра жыжкаўскія муры.

Гэта завецца: зсабойку дзецям!
Гэта завецца: выгуляй пса!
Гэта завецца: ў мазгах ня вецер!
Ды пра гэта сэнсу няма пісаць.

 

АЭРАДЫНАМІКА

Люблю студзень тропік зьбіцьця з тропу
абсалютны нуль
Сарока пакідае на засьнежаных цэглах
сьляды-самалёты
Я зноў вяртаюся ў час дзіцячых
горак і хваробаў
Абдымаю сваю падушку, як закаханы юнак,
што лашчыць партрэт любай

Навучы мяне рахманасьці
не падумай, я не пра біблійнае
навучы мяне бачыць
сьляды-самалёты там, дзе іншыя бачаць зямлю
Абнадзей нядзеляй
пасярод дзён бясконцага тыдня
дай такую любоў,
што не парушыць маёй засяроджанасьці

 

АТЛЯС НЯПЭЎНЫХ МЯСЬЦІН

Пачуеш пра іх ад тых, хто пра іх чытаў
а потым, сілаю гравітацыйнага поля, апынаесься недзе побач
напрыклад, на прадмесьці Бамбэю
ці ў заакіянскім дэпартамэнце на высьпе Маёт

Некаторыя зь іх вісяць у сьвядомасьці як размытая фотка
напрыклад, Будапэшт: аголенасьць узімку, турэцкая лазьня
Зімовы Бэрлін: боль між шостым і сёмым пазванком
Цфат і Вена, злучаныя тунэлем падарожжа туды й назад

Часам так цяжка ўстаць, наліць у шклянку ваду
але клянуся, што я несупынна некуды йду
што я несупынна ў руху, заўсёды непадалёк
ад гушчароў і хмызоў на высьпе Маёт

 

ХІРАСІГЕ МАЛЮЕ ГАРУ

Калі трывога дойдзе да сядла – яна спадзе як строі
калі трывога дасягне кульмінацыі – яе льга назіраць
Сузірай трывогу: яна гарыць сінім полымем
яна зьесьць табе клявішу delete
яна зайграе табе на японскае кота

Тады ты будзеш як той, хто на вяршыні выкідае пэндзаль
японцы напэўна так і робяць
узыходзяць насустрач таму, чаго найболей баяцца,
узыходзяць насустрач а калі ўзыдуць
то выкідаюць зь вяршыні пэндзаль

 

МАТЭМАТЫК РАЗВАЖАЕ ПРА ЛЮБОЎ

Уяві, што мы несупынна аддаляемся ад Сонца
ні па якім ня эліпсе, а напрасткі
дрэвы б скінулі лісьце асфальт бы застыў
настала б зіма што цягнулася б вечна

Уяві сабе гэтую самоту ў сьцюдзёным сусьвеце
халоднае зьзяньне камэт, якія нас прамінаюць,
уяві сабе самоту: такую, што заплюшчыш вочы
і адчуеш раптам увесь боль, які быў спазнаў дагэтуль

А потым у сьвятле сіняватай камэты
з хвастамі мэдузаў з акіянскіх глыбінь
ты расплюшчыш вочы і магчыма ўбачыш эліпс любові
які атуляе цябе

 

МАЛЕНЬКАЯ НАЧНАЯ СЭРЭНАДА

Цвыркун позна ўначы на жыжкаўскім дворыку:
«Я жыву на старой грушы. Плады падаюць зь яе і грукочуць,
як уварваньне братняе звышдзяржавы».

Маё цела палае, але я ведаю, што яно неўзабаве астыне.
На досьвітку мы абое засьнем і будзем спаць спакойна,
бяз сварак і адгаворак.

 

САЛЕ

Надвор'е на Жыжкаве норм.
Грушка пачала абрастаць маладымі цэляфанавымі пакетамі.
Я напісала на пыльнай шыбе:
«Ведаеш, што такое укіё-э?»

Нехта напісаў мне ў адказ: «Не».
Ня ведаю, хто гэта мог быць.
Нехта напэўна ўламаўся ў пакой
і неўзабаве зьнік.

З свайго закутка анархісты
выносяць зімовыя рэчы.
Усё непатрэбнае – усім паводле патрэб,
нічога не застанецца.

 

НОВАЯ ЗЯМЛЯ

П'ю сваю ранішнюю каву і бачу:
на маёй сьцяне зьявіўся новы кантынэнт.
Ён чакае, калі я яго пайменую.

Але я працую над будучымі днямі,
каб яны былі салодкія й адшліфаваныя,
як новая зямля пры стварэньні.

Мой бог з гжэчнай сям'і
ён заўжды пунктуальны
і нічога яму не бракуе.

 

АБВЕСТКА: КУПЛЮ ЛЕС

Малады лясьнік купіць падрослы лес паблізу дома.
З калёніямі апенькаў і луской лішайнікаў
з зайцам у засадзе і курапаткай у гушчары
Ён будзе знаходзіць там старыя нямецкія патроны
ён знойдзе ў лесе родную душу знойдзе ў ім Бога
ён будзе там есьці вараную каўбасу будзе жандармам шашалю
ён будзе лес падразаць карчаваць прышчапляць і песьціць
лес гэта ня месца, якога яму не хапае, лес у ягонай працы неабходнасьць
Малады лясьнік купіць падрослы лес пасярод вялікага горада 

 

БУТАНЦЫ ДУМАЮЦЬ ПРА СЬМЕРЦЬ ДЗЕСЯЦЬ РАЗОЎ НА ДЗЕНЬ

Бутанцы думаюць пра сьмерць дзесяць разоў на дзень:
увечары здымаюць вопратку як зьмяя скуру
падаюць у ложак, іхны пот пахне кменам
іхны сон лёгкі, іхныя багі носяць маскі жывёлы

Іхны кароль вырошчвае ў сэрцы саджанцы дрэваў
іхная каралева найпрыгажэйшая ў сьвеце
індэкс шчасьця ў іх вышэйшы за ВУП
і амаль дасягае вышыні іхных гор

Ці не таму, што кожная іхная думка –
звонкая як звон
і лёгкая, як удар вясла
па роўнядзі ракі?

 

ГІСТОРЫЯ КАШУЛІ

πέμψω δ᾽ ὅππη μιν κραδίη θυμός τε κελεύει
Цяпер можаш устаць і ісьці туды, куды цябе вядуць сэрца і душа.
  Адысэя, XVI 81 і XXI 342

Аспэкт воску

Мае бацькі ня ведалі што такое андэграўнд
яны ведалі толькі чай апоўначы ў кухні
слухалі кружэлкі што мне не належаць
невядомыя сымфоніі ў чужых танальнасьцях
казалі мне: бяжы, маўляў, скоч, маўляў, ніколі нічога ня бойся

Перад маім нараджэньнем наш дом выглядаў як вулей
усё гэта адціснулася ўва мне нібы ў воску
водціск меў дасканалую шасьцігранную форму
я думала што калі вырасту зноў пражыву іхныя жыцьці
але стала ўсяго толькі сама сабой

Аспэкт выспы

Мая маці была ні даць ні ўзяць пэнэлёпа:
усё ткала ў атачэньні жаніхоў
і ўсё чакала майго бацьку
Таму мэандры суплёты антэміёны

і іншыя вегетатыўныя і кандэлябравыя карункі
я ўмела пазнаваць з раньняга маленства
калі мая маці гаварыла з бацькавай кашуляй
Што яна казала я не адкрыю нікому

можа яна паўтарала імёны ніфмаў, другарадных багіняў?
Можа казала што асноўным аспэктам кухні ёсьць белы стол?
Што асноўным аспэктам кашулі ёсьць кашуля?
Што асноўным аспэктам выспы ёсьць прага адплыцьця

Аспэкт ніці

Каб гэты горад стаў мне домам а не
лішнім цяжарам я б мусіла знайсьці ў ім
нашмат болей японскіх садоў
з нашмат большым мноствам туяў і мастоў
нашмат болей апорных канструкцый
якія вытрымаюць больш за чатырыста тон
ён мусіў бы пазалаціць усе свае барочныя купалы
і шматразова памножыць свае каралеўскія рэгаліі
Мусіла б скончыцца нябачная непразрыстая ніць
што прывязвае мяне да іншага места

Аспэкт каляніяльны

Чорны чай лонданскай каляніяльнай кампаніі
з індыйскай танцоўшчыцай што мела вузенечкую талію
і дасканала сфэрычныя як какосы на пальме грудзі
стаяў у кухні на кніжнай паліцы

Я зноў сустрэла яе ў рускіх прадтаварах праз трыццаць гадоў:
яе абрысы сталі крыху грубейшыя але гэта ўсё яшчэ яна
яна ўсё яшчэ не пакінула сваю бляшаную радзіму
што завецца дарджылінг

Пазьней маці спаліць яе ля слупа разам
з тайнымі ведамі і іншымі скарбамі
Аднак у маім палкім сэрцы дастаткова месца
для ўсіх танцоўшчыц з усіх правінцый
і для ўсіх багоў

Аспэкт кашулі

На сваё пахаваньне я апрану тваю кашулю
якую ты набыў з нагоды майго выступленьня
я спушчуся па цябе ў найглыбейшае пекла
пераб'ю ўсіх дэманаў голымі рукамі
альбо тупым нажом

які зь дзяцінства нашу ў кішэні нагавіцаў
У пасаг я атрымала найхутчэйшыя караблі
безьліч кашуляў і ўменьне ўстаць і пайсьці
а свой дом паўсюль
насіць з сабою