Беларусь, народжаная тэлевізіяй

Нататкі на палях кнігі Яніны Пінчук "Горад мрой"

Хачу жыць у той Беларусі, якую па тэлевізіі паказваюць…
З показкі эпохі Лукашэнкі

***
Бог памёр, Ніцшэ перамог, чалавецтва апынулася па той бок дабра і зла. Нашыя мусяць перамагчы не таму, што праўда на нашым баку, а таму, што гэта — нашыя.

Свет, які малюе Яніна Пінчук у сваёй кнізе "Горад мрой", кіруецца менавіта такой мараллю: ворагі ўсё адно падступныя, таму супраць іх можна ўжываць усе сродкі. Менавіта таму адна з галоўных гераіняў — Уладзіслава (у кнізе яе часцей называюць кароткай формай — Улада) без усялякіх ваганняў ужывае шкоднае закляцце, не адчуваючы пасля гэтага аніякіх згрызотаў сумлення. Вядома! Бо яна ж ужывае чорную магію супраць той, хто сурочыў яе Ідэальнага Мужчыну.

"Горад мрой" — гэта спроба перасадзіць лацінаамерыканскі магічны рэалізм на беларускую глебу: паказаць Менск, у якім паралельна існуюць цяперашняя Беларусь і ВКЛ, якая захавалася і развіваецца ў іншым вымярэнні. У гэтым іншым вымярэнні існуе магія, Ліга Нацый (чыё існаванне для нас скончылася ў 30-х гадах ХХ стагоддзя) ды іншыя цікавосткі, якія ў нашым свеце могуць праяўляцца хіба што прывідамі.

Аўтарка не хавае свайго захаплення лацінаамерыканскай тэматыкай, таму раз-пораз у яе творы гучаць адсылкі да прозы Картасара. Праўда, захапленне гэтае набывае вельмі дзіўны прысмак: не менш, чым Картасарам,  яна захапляецца фігурай генерала Піначэта. Шэры цень дона Аўгуста гуляе па менскіх вулачках і апекуецца адной з галоўных гераіняў кнігі (Алесяй) як у нашым свеце, так і ў вымярэнні ВКЛ. Пазітыўны, карацей, персанаж…
Захапляцца адначасова Картасарам і Піначэтам — гэта прыкладна тое самае, што ўдзень ваяваць супраць нацызму, а па вечарах запальваць таршэр з абажурам з чалавечай скуры.

Але Пінчук гэта не замінае: як гаварылася вышэй, яе персанажы маюць вельмі своеасаблівыя адносіны з мараллю, што аўтарка прымае са спагадай і разуменнем.

***
Адназначна на баку сваёй гераіні Уладзіславы стаіць аўтарка, напрыклад, у яе канфлікце з Вадзімам. Зрэшты, гэтыя ўзаемаадносіны патрабуюць калі не псіхіятра, дык прынамсі псіхааналітыка. Хлопец не спадабаўся Уладзе ад самага пачатку, калі палез да яе з пацалункам. Тым не менш яна яшчэ двойчы пасля гэтага аднаўляла адносіны з ім, і ў адзін з гэтых разоў нават дайшло да сэксу… Пры гэтым дзяўчына (як яна сама прызнаецца сяброўцы) нічога прыемнага не адчувала, аднак праз нейкі час яна ўжо чацвёрты раз па-мазахісцку навязвае стасункі з Вадзімам: "Я ўспрыняла гэта як заданне. Місію па захаванні спакою. Я хацела пераканацца, што пасталела, стала разумнейшай, знайшла раўнавагу, разабралася са зданямі мінулага, так бы мовіць".

Не пасталела, як высветлілася. Варта было Вадзіму раскрытыкаваць Уладзіну прозу, як дзяўчына сарвалася з усіх тармазоў і накінулася на яго: "Тут я і ўмацавалася ў намеры з'ездзіць яму па фізіяноміі. Абавязкова. Думала, павалю, а там па яйцах, а там і па твары ботам…" (Такую шчырую нянавісць да персанажа, а хутчэй — да прататыпа, мне ў сучаснай беларускай прозе даводзілася сустракаць толькі адзін раз — у аповесці Югасі Каляды "Апошняя памылка Афанасія". У абодвух выпадках адчуваецца, што аўтаркі скарысталі прозу для псіхатэрапеўтычных заняткаў, каб не забіць напраўду аб'ект сваіх палкіх пачуццяў. Для саміх дзяўчат — гэта, мабыць, добра. Для літаратуры — сумнеўна…)

Дарэчы, проза Улады паводле апісання нагадвае прозу самой Пінчук (што пацвярджае аўтабіяграфічныя матывы ў сварцы Улады з Вадзімам). У гэтай прозе адначасова суіснуюць у розных вымярэннях цяперашняя Беларусь і Вялікае Княства Літоўскае: "Яна апісала альтэрнатыўную рэальнасць, якая амаль нічым не адрознівалася ад нашай, але дзе Вялікае Княства Літоўскае было рэальна існуючай (і рэальна вялікай) дзяржавай, а ў тканіну штодзённай рэальнасці і афіцыёзных навін закрадаліся загадкавыя з'явы і анамаліі".

Прызнаюся шчыра, заўвагу наконт " рэальнасці, якая амаль нічым не адрознівалася ад нашай" я спярша прамінуў. І быў вельмі здзіўлены тым, з якім піетэтам і ўнутраным прыдыханнем Пінчук апісвае ў выдуманай ВКЛ агідныя рысы цяперашняй Рэспублікі Беларусі: "Нацыянальная Літоўская партыя не лічылася абавязковай для ўсіх структурай. Апроч яе існавала яшчэ некалькі штук, здаецца, усяго —пятнаццаць. Але чамусьці менавіта ў НЛП усё імкнуліся і лічылі прэстыжным трапіць. Хоць князь, вядомая рэч, быў беспартыйным". І, дарэчы, Улада на пытанне пра сваю партыйнасць адказвае адназначна: "А што я, лох нейкі?"

Як той казаў, прывітанне "Белай Русі", куды мусіць уступіць для кар'еры беларускі чыноўнік! Ну, і "беспартыйнаму князю" — асобнае прывітанне.

Там, дзе чытач мог чакаць іроніі, правёўшы паралель з вядомымі яму актуаліямі, існуе проста канстатацыя. (Скарочанай назвы партыі — НЛП — пры яе падабенстве да нейралінгвістычнага праграмавання для іроніі ўсё ж неяк занадта мала.)

***
Навошта аўтарцы спатрэбілася маляваць гэты свет, дзе персанажы могуць вандраваць з сучаснай Беларусі ў прывіднае ВКЛ? Што рухае галоўнымі героямі?

Выглядае, што асноўны імпульс — жаданне далучыцца да ўлады. Калі не камандаваць іншымі, то хаця б збоку пастаяць — як тая ж Алеся са сваім прывідным генералам Піначэтам. Або Уладзіслава з яе партыйнасцю і службай Міністру ВКЛ, да якога яна адчувае вялізны піетэт і для якога гатовая літаральна на ўсё — хоць на сэкс, хоць на чорную магію. (Дарэчы, з тэксту вынікае, што правобразам для Міністра быў вядомы Mister No — савецкі дыпламат беларускага паходжання Андрэй Грамыка.)

Чаму аўтарцы спатрэбілася зводзіць у адным творы Піначэта і Грамыку — абодва ідэалізаваныя, абодва дзейнічаюць па адным баку? У рэальнасці гэтыя персанажы знаходзіліся па розныя бакі барыкадаў, але ў сучасным тэлесвеце з яго настальгіяй па часах СССР Грамыка і Піначэт — персанажы прыкладна аднолькавыя, розніца паміж імі сціраецца. Абодва яны ўвасабляюць цвёрдую ўладу. Прыкладна такую, як і цяперашняя беларуская.

***
Дарэчы, з унутраным прыдыханнем пра ўладу кажуць і іншыя персанажы: "— Усе ткалі ручнікі, праграмуючы ўраджай, каханне і сямейнае жыццё, а я хачу зрабіць… дзяржаўны. Так-так, я хацела б увасобіць у знаках ідэал дзяржаўнай улады і знешняй палітыкі, — дамовіла яна, ужо даканцова расчырванеўшыся і заміраючы ад распаведзенай славалюбівай задумы".

***
Асобна хочацца сказаць пра мову кнігі: яна вельмі няроўная. На пачатку (дзе размова ідзе ад імя Алесі) ідуць інтанацыі экзальтаванай дзяўчынкі, якая п'е каву / гарбату толькі з манерна адтапыраным мезенцам: "Нам прынеслі каву і дэсерты. Ірландская з чарнічным тварожнікам мне, капучына з яблычным штрудзелем — ёй. Яшчэ тры хвіліны мы маўчалі: святадзейнічалі маленькімі срэбнымі відэльчыкамі і атрымлівалі асалоду ад духмянага, да ачмурэння смачнага напою" (курсіў мой. — Р.Х.).

Аднак потым, у іншых расповедах, гэтую інтанацыю замяняе жудасны канцылярыт, немагчымы для мастацкай літаратуры: "Яна па-ранейшаму захоўвала напышліва-скептычны і нудны выгляд — нават калі вырабляла непасрэдныя дзеянні, што прыводзілі да большага або меншага, але практычна заўсёды — да поспеху".

Альбо такое:

"Было млосна, брыдка ды гідка. У кожным дачыненні. Нават у тым плане, што з-за перажыванняў яна стала больш рассеяннай і дрэнна працавала (у яе разуменні, за такое трэба было расстрэльваць)".

Каб чытач канчаткова пераканаўся, што ён чытае псеўданавуковы даклад на студэнцкай канферэнцыі, а не мастацкую кнігу, аўтарка дадае: "Я пазнаёмілася з Аксанай, напалову ўкраінкай, трэцякурсніцай філфака, якая была каталічкай і прытым маладым спецыялістам. Яна вырашыла напляваць на выбар ідэнтычнасці і схілілася да варыянту канвергенцыі".

Да стылістычнага канцылярыту перыядычна дадаецца няправільнае ўжыванне словаў: "Мы пагналі праз палі, у маўчанні рассякаючы вэлюм імглістай вільготнасці". Хацелася аўтарцы сказаць прыгожа, але… Вільготнасць — гэта паказчык утрымання вады ў нечым, у гэтым выпадку — колькасць вады ў паветры. Рассякаць колькасць немагчыма, нават у тым магічным свеце, у які Пінчук адпраўляе сваіх герояў. Відавочна, аўтарка мела на ўвазе вільгаць, а не вільготнасць, аднак ў выдавецтве "Галіяфы" альбо таксама не ведаюць розніцы паміж вільгаццю і вільготнасцю, альбо проста не чытаюць тое, што выдаюць…

Пры ўсім тым часам у тэксце сустракаюцца вельмі прыгожыя апісанні гарадскіх пейзажаў — сапраўды мастацкія:

"Спачатку перайсці на іншы бок, праз трамвайныя шляхі, потым нырнуць у двор, а там — зачараваны касцёл. Белы, гожы, ён стаіць на ўзвышэнні, як на пастаменце, каменныя сцены якога аплёў дываном дзікі вінаград. І гэта заслужана, таму што ён быццам адважны фрэгат, што выдужаў сярод навальніц і дагэтуль ганарліва ўздымаецца над бруднымі хвалямі савецкага смецця. Беласнежны, як сам папскі строй, пасярод плебейскіх бялізнавых вяровак, задрыпаных пад'ездаў і ўбогіх гаражоў".

***
Пра багацце русізмаў у тэксце згадваць не хочацца… Але давядзецца прывесці хаця б некалькі прыкладаў, бо часам гэтыя русізмы папросту збіваюць з тропу чытача і прымушаюць па некалькі разоў перачытваць адзін і той самы пасаж, каб даўмецца, пра што вялася гаворка.

"Паварот, сціплейшыя апартаменты, адгалінаванне налева, не, не туды, ага, направа — вось яны, двое цёмна-зялёных дзвярэй. Адна апынулася бакоўкай са складзенымі, як у масленічным вогнішчы, швабрамі і шчоткамі, другая сапраўды вяла на маленькую ахайную куханьку".

Дзверы па-беларуску могуць быць толькі ў множным ліку — яны не бываюць "адна" і "другая". Пагатоў дзверы не могуць "апынуцца" (выявіцца, аказацца) бакоўкай, бо бакоўка — гэта бакавы пакой…

Яшчэ адна пастаянная блытаніна ў Пінчук  ужыванне слова "паслаць" замест "пасцяліць". Часам гэта выглядае нават камічна, хаця камічнага эфекту аўтарка дамагчыся не хацела. Так, Алеся пытаецца ў Піначэта, ці не горача яму ў кіцелі."— Я магу паслаць яго на траву, калі хочаш, — адказаў ён, не спяшаючыся расшпільваючы гузікі". І сапраўды ж, у такія моманты ўсіх лішніх хочацца паслаць! Прычым не на траву, а значна далей… Толькі кіцель тут ні пры чым.

***
Гюстаў Флабэр, які вучыў пісьменніцкаму майстэрству маладога Мапасана, не дазваляў свайму вучню друкавацца шэсць гадоў — адточваў яго стылёвае майстэрства.

Магчыма, шэсць гадоў для Яніны Пінчук будзе тэрмінам непад'ёмным, але нейкі час усё ж варта аддаць на тое, каб навучыцца ужываць мастацкую мову ў мастацкай прозе. Іначай не выратуе ніякі сюжэт.