Да Вэстоніі

паэзія, вершы, беларуская мова

 

З царквою ў стылі не зраўняцца нейкай хатцы,
калі зьнянацку вам зарупіла кахацца...

Звон загучаў пустым саборам...
І. Г. Крхоўскі

1.

Вось і настаў і дня, і года
славуты найцямнейшы час ,
паўсюль дзіцячыя чароды
ад жаху й радасьці вішчаць –
канец сусьвету проста нейкі,
як абяцаў нам каляндар:
нядрэмна блёкпасты-батлейкі
пільнуюць месяцу радар.

2.

Крыху спакою адмалілі
ў касьцёле скептыка Фамы  –
ад сьвечак таюць надмагільлі
памалу ў вечнасьці зімы,
нібы сургуч на блізкай пошце –
шрыфтоў ужо не разьбярэш,
як на старой друкарскай дошцы,
хоць ты нанова рэзьбу рэж.

3.

У мёртвых – ціхі час, а звонку –
няма і сьледу па жальбе,
турысты чаркаюцца звонка
старым і новым Бажале.
І нават біскупам драўляным
у мітрах з вустрыц залатых
пад ногі непрыемна глянуць
у бездань людзкае слаты.

4.

Паводле гербавых адцінкаў,
тут сьпяць мінуўшчыны вяршкі –
і ты між іх, што па-лацінску
ў свой час складала вершыкі.
У мэтрах ад тваёй магілы
і я кладуся спаць удзень –
у вечнасьці набрацца сілы
на ў паўсядзённасьці няўдзел.

5.

Я прачынаюся а трэцяй
пасьля віна – з пачатку дня
навінаў шмат прынесьлі сеці,
і большасьць – поўная мутня.
Затое ў сьне я бачыў дзевак,
бабулю і Эскарыял  –
яшчэ адцягнесься ты дзе так,
каб дух фізычна акрыяў? 

6.

Сон – неўміручасьць уміручых.
Адрозьненьне між намі ў тым,
што мне пра гэта ведаць ручыць,
ты ж плёткам верыла пустым,
што рай, ці кніга, ці прабірка
нас уратуюць ад гніцьця –
пакуль урэшце не забіла
цябе апошняе дзіця. 

7.

Ты спрэс была жанчына, форма,
што распадаецца ў руках
таго, хто знойдзе – кшталту корма,
што спарахнеў, здрабнеў і спрах.
У ім ніякія раскопкі
не накапаюць чарвякоў.
Застаўся толькі попел сопкі
ад таямнічых чар вякоў.

8.

Што нам цяпер тваё сіроцтва,
твой хабар нейчай дабрыні?
Ты прадавала красамоўства
за лусту хлеба дзень пры дні.  
Хоць прафэсійнасьцю, прынамсі,
ты не запляміла імя –
падобнай этыкі трымацца
ўсьцяж намагаюся і я.

9.

Ты памылялася, вядома
(як памыляюся я сам),
што клясыцыстаў нападоба –
кандыдатура ў іхны сойм.
Так час сучасьнікаў ухвалу
ператварае ўва ўспамін,
пераацэньвае памалу,
што сам быў пераацаніў.

10.

Была твая памылка ў мове,
што не пасьпела амярцьвець?
Слых чуйнаваў напагатове,
ды вуха адчавіў мядзьведзь:
ты не адчула часу поступ,
не перайшла на чэскі верш –
хто б мог падумаць, што ex post  у
чужых ты мовах аджывеш?

11.

Свой край любіла дзіўнавата:
супольнай мовы не было
ў цябе з суродзічам-піратам
ані з сучасьнікам-хамлом.
Вось падвучыліся б лаціне –
народнай быць любоў магла б...
Ды надта велькі попыт – ці не
прыкрыты калектыўны гвалт?

12.

Ну так, пісаць для нешматлікіх
ёсьць нешматлікіх прывілей.
Належаць да элітнай клікі,
якую нам – шчэ зразумей!
Тым часам дзесь у Альбіёне
хтось іншы скаланаў масткі  –
хапіла б мала, каб і ён не
сягнуў у вечнасьць, растакі.

13.

Нат твой айчым  – той быў паэтам!
(Хто неўміручы – той пііт.)
Ты ж слугавала іншым мэтам,
зямным – а не утопіі.
У тым – твая памылка й гонар:
ты не дурыла галавы
сабе і іншым – а ягоны
рэцэпт на золата жывы.

14.

Цябе лічылі гуманісткай –
няцяжка людзям дагадзіць, 
калі пад бокам без амністый
мардуе цёзка маладзіц  –
таксама ведала лаціну,
як мноства тых, хто забіваў –
каб сьвет ты жахам скалаціла,
ён і цябе б не забываў.

15.

Табе няма чым ганарыцца
й за што саромецца няма.
Ты палягла, як гіне рыцар,
на працы (з "горя от ума") –  
але ж і ты спазнала вечнасьць,
калі цябе твой адвакат
змушаў у ложку шчасьцем енчыць
і ад павер'яў адвыкаць.

16.

Не, ты ня панна, Virgo Angla ,
а ўзор матуляў-гераінь.
Ты царавала непрацягла
ў свой век, бо бегла перад ім.
Запабягаць – дарога ў пекла,
дзе забыцьцё, а не агонь –
а ты лічыла, быццам бегла
вякам мінулым наўздагон.

17.

Цябе, магчыма, абражае,
ня самы далікатны тон:
"Напіўся, сволач – і лажае...
Тут што – касьцёл? Ці мо, прытон?
Прыйшоў, смаркач, нібы да гейшы..."
Так, я ў стагодзьдзях – малады,   
а ў іншым – за цябе старэйшы
аж на чатыры ўжо гады.

18.

Аддам належнае брытанкам:
ім роўных мала ў харастве.
Ніводнай я ня быў каханкам,
але надзея шчэ жыве.
Вось уяві – мяне адправіў
з камандзіроўкай Жыгімонт
да дзядзі самых чэскіх правіл
тутэйшы вывучыць бамонд.

19.

Схаваны за слупом касьцёла
(таго, дзе ты цяпер ляжыш),
я выглядаю файных цёлак
(што ў вашым часе – цяжкі крыж).
Між іх, занураная ў жальмы,
ня чуеш ты мой ціхі ўздых –
здаецца, што з табой, на жаль, мы
дзяцей ня зробім семярых.

20.

Даруй мне, сьветлая мадона,
што я ў лаціне – цемната,
што я аматар Джона Дона,
і яшчэ большы Ўілмата.
Ды твой акцэнт настолькі сэксі,
якой ты мовай ні пішы,
што я ў любых часоў кантэксьце
цябе паймеў бы ад душы.

21.

Навокал столькі незнаёмак –
за імі б улягаў баржджэй,
я ж заляцаюся, уломак,
да мёртвай Лізаветы Джэйн!
І што я ў ёй знайшоў такога?
Багата ж лепшых паэтэс...
Ды вечнасьці няма ні ў кога
чытаць такі даўжэзны тэкст.

22.

І што? Палову прачытала
й не зразумела ні ражна –
нібы пад дозай барбітала
ганю якісьці паражняк...
Ды я пішу аўтаматычна,
як раіць нам сюррэалізм –
сьцяблом намотваю на тычку
з падсьведамасьці прэс-рэліз.

23.

А мо я духам апантаны,
што заблукаў непадалёк
і вершаванымі пантамі
мне задурыў апошні клёк?
Зь ягонай літасьці я ў часе
ў пару вярнуўся неўздагад,
калі яшчэ быў не пачаўся
клясычных формаў заняпад.

24.

Ну што ж я гэтакі няцямкі!
Зусім з мазгамі нелады...
Я ж дачапіўся да шляхцянкі!
(Хай і замужняй – не бяды.)
Такім пастанаўляе этас
(тут рукі лепш трымаць па шве)
ахвяраваць прынамсі эпас –
ці галаву (калі ня дзьве).

25.

Я сам – дык за "раман у вершах"
(адпавядае і памер)
між старажытнай прававершай
і тым, хто азусім ня "вер".
Уласна, гэтую мяшанку
з усім вядомых апэрэт
стварае парачка каханкаў:
кампутар мой і твой партрэт.

26.

Якой Цьвятаевай ці Лары  –
што сьпевам дакучаць маім?
Абедзьвюх мне да сракі ляўры
(і зьнешнасьці – перадусім).
Мэгаляманкі, гістэрычкі
(я сам у гэтым як яны) –
а твой пэрыяд гістарычны
да сёньня поўны навізны.

27.

Давай, жагнайся – ды па конях,
на ўсход, рэспубліканскі ўсход,
дзе дух – у вуніі ў палоне,
бы ў Дульсінэі Дон Кіхот;
паўсюль дарога езуітам,
заместа грэчкі – кавіяр,
і вольна пасьвяцца зубры там,
як напісаў Гусавіян.

28.

Там рэдка трапіцца альхімік
ці васкі добры драматург –
у модзе строфы ўсякіх "Гіпік"
і "Гаўдэамус ігітур".
Але ж! – там можа ёлуп кажны
накласьці вэта на табу,
ды галасуюць пераважна
адзінадушна, як табун.

29.

У нас – апірышча Эўропы,
дрыжаць і турак, і маскаль:
за веру пойдзем у акопы
й за хрысьціянскую мараль!
Ты б першай там была паэткай
як на сяле, так пры стале –
красы й мазгоў спалукі рэдкай
нам адназначна не стае.

30.

Што праўда, ёсьць у нас лісоўчык  –
садысцкі прарэжымны зьвер;
такі як вывезе ў лясочак –
з адной паэткі будуць дзьве.
У вас такое – нечувана?
Адразу – лапкі дагары?
Ну, значыць, Virgo Lithuana
зь цябе ня выйдзе да пары.

31.

Не, Лізі, наскі край суровы –
не для душою тонкіх дам.
Што тут прыдатнейшыя ўмовы,
я галаву на плаху дам.
Хай лёс мой – на касьцёльным ганку
тваёй увагі жабраваць,
я не зьмяню сваю брытанку
на прарадзіму-першамаць.

32.

Дзеля сумнеўнай вечнай славы
і ты нікуды лепш ня едзь.
Зарупіць – знойдуцца разявы,
як я, што прыйдуць паглядзець
замест маральнае падтрымкі
апошні адрас твой зямны –
табе ж такія пілігрымкі
ўжо назаўсёды – да сьцяны.

33.

Няма ў сваёй зямлі прарока,
а на чужыне – пагатоў.
Край абяцаны так далёка,
што лепш прайсьціся пехатой.  
Бадзяюся зімовым местам
і, ад няма каго ...сьці,
цябе, Элізабэт Джэйн Ўэстан,
я эксгумую па жыцьці.

34.

Але ж была ты не дурніца –
знайшла, дзе голадам цярпець!
Краса такая толькі сьніцца
на вашай высьпе і цяпер.
На рэчцы дзіўныя сузор'і
люструе птаства грамада,
звышновай выбух ілюзорны   
глынае чорная вада.
 
35.

Тут места поўнае паэтаў
(як падаецца ім самім),
і прыгажунь-Элізабэтаў
(я сам сачу за тым і тым) –
ты абаім па барабане,
цябе зь іх не чытаў ніхто.
Наўрад-ці сонейка загляне
ў адзіны твой нядаўні том.

36.

Ёсьць і прывабныя паэткі,
(як не згадаю – саграшу),
з лаціны – "дыскурсу аб'екты"
ў дыеце гэтых харашух.
Бы па гульнёвым аўтамаце
клявіятуры б'юць пад дых –
у тым дачок тваіх пракляцьце,
што ты ня выхавала іх.

37.

Яны б маглі малітву станчыць,
зварганіць гімн на тры струны,
сэксісту даць вэрбальнай здачы
альбо й фізычна прыструніць.
Ім цесна ў бабціным гарсэце –
яны шчэ маюць час, дакуль
іх не пачнуць цурацца дзеці
ня менш, чым матухны бабуль.

38.

Да кожнай інтэлектуалкі,
як у юначую пару,
я не такі ўжо сёньня палкі –
а вось з табой пагавару.
Паразумецца мы з табою
лепш чым з астатнімі маглі б,
бо мы аўтсайдэры абое
з прэтэнзіямі на Алімп.

39.

Я сьніў ката – па-васку чэша!
Паклон ад нашага стала
за падарунак з графства Чэшыр,
дзе ты ніколі не была.
Дарэчы, ведала Тараса,
што палясоўшчыкам служыў?
Цябе ня бачыў ён ні разу,
хоць на Парнасе, быццам, быў.

40.

Найлепей мы спрасоньня пішам,
прыўзьняўшы сьвету паранджу –
хацеў зраньня заняцца іншым,
ды ты раўнівая, гляджу:
стамляе рытм мяне самога,
ажно шкадую чытачоў –
папера ж вытрымае многа,
яе прыдумалі ў Тайчжоў ...

41.

Калі бывае мне маркотна 
(цябе таксама рытм стаміў?),
тады паэзія – наркотык,
нат лепшы за амфэтамін.
Пісаў бы я ўсё гэта прозай –
расчуліў крытыка б, дальбог:
за шчырасьць тое, што ёсьць позай
ён палічыць бы нават мог.

42.

Камусь фэтыш – труна гасподня
ці атэістаў маўзалей,
магілы продкаў – я дык штодня
магу прыходзіць надалей
твой чысты шчыт каменны мацаць,
бы люк у нейкі дзіўны склеп –
каб прачыталі надпіс пальцы,
нялішне, каб чытач асьлеп.

43.

Наўрадці ты паўстанеш зь мёртвых,
каб поўху мне ці буську даць,
з касьцёлу праведныя мётлы
мяне ня стануць вымятаць.
Хоць ім, вядома, супраць поўсьці,
што неахрышчаны сусед
прыйшоў маліцца да кагосьці,
хто зацяжарваў, як усе. 

44.

І ўсё ж – была, была! (Сумневу
няма: хто пахаваны – жыў.)
Сваю расхрыствала "панёву"
тым, хто любіў і заслужыў.
Мне не патрэбны іншы доказ
у выглядзе тамоў ці шыльд –
на іх плявалі мы звысока,
хоць кол на галаве цяшы.

45.

Счакай – як будзе зноў паводка
(а ад патопу не ўцячы,
як пераконвае нас цётка
ў тэлевізійным прымачы)
і ў прадчуваньні дня ліхога 
ягня рване за пастухом, 
то загучыць на мове бога
твой элегічны дыстыхон.  

46.

Ён хвалям ведамы напамяць,
нібыта рэчышча ракі,
нібы інстынкт, што не заплямяць
хадой гісторыі вякі.
Прырода зноў паўторыць кола
і зьнікне часу мішура:
ты аджывеш, бы той Мікола –
у гнеўным поглядзе зубра.

47.

Зноў стане тым жа сьвет вакольны,
што быў вязьніцаю тваёй –
дый ён зьмяніўся не настолькі,
каб не лічыцца больш турмой –
і мы, сучасьнікі ў нябыце,
з табою пройдземся цішком
пад ручку, па маёй арбіце –
па Маластране і вакол.

48.

Калі б сустрэліся мы з Кафкам
ці іншым з праскіх назалюг,
што б спакушаў нас брудэршафтам
і прапаноўваў "Абсалют", – 
ды хоць бы сам тутэйшы Грабал
хацеў пашырыць наш тандэм, –
ты мне на вушка паўтарала б:
"I don't know anyone of them".


28.11-03.12.2012
 

Заўвагі:

 

Вэстонія - Elisabetha Ioanna Westonia (Elizabeth Jane Weston, 1581-1612), праская паэтка.

“З царквою ў стылі...” - зь верша "Раство ў храме сьвятога Мікалая".

“Звон загучаў...” - з паэмы "Эпас муміі-бадзягі".

“Вось і настаў і дня, і года...” – парафраза пачатку верша Джона Дона "Накцюрн на дзень сьвятой Люсіі".

“...скептыка Фамы” - касьцёл сьв. Тамаша на Малой Стране, дзе пахаваная Вэстонія.

Эскарыял - палац-манастыр гішпанскіх каралёў каля Мадрыду.

“...цябе апошняе дзіця” - Элізабэт Ўэстан памёрла пры родах.

“...за лусту хлеба дзень пры дні” - бальшыня вершаў Ўэстан прысьвечаныя ейным мэцэнатам.

Ex post - задняй датай (лац.)

“...хтось іншы скаланаў масткі” - маецца на ўвазе Ўільям Шэксьпір ("Shake-stage"), сучасьнік Ўэстан.

“Нат твой айчым...” - Эдўард Келі (1555-1597), ангельскі альхімік.

“...мардуе цёзка маладзіц” - Эржэбэт Батары (1560-1614), "крывавая графіня".

“...калі цябе твой адвакат” - Ёганэс Лео, муж Элізабэт Ўэстан.

Virgo Angla - "Ангельская дзева", мянушка Элізабэт Ўэстан.

“...аж на чатыры ўжо гады” - Вэстонія пражыла 31 год.

“...з камандзіроўкай Жыгімонт” - Жыгімонт ІІІ Ваза (1566-1632), кароль польскі й вялікі князь літоўскі.

“...дзяцей ня зробім семярых” - у Элізабэт Ўэстан было сямёра дзяцей, чацьвёра зь іх памёрлі неўзабаве пасьля родаў.  

“...і яшчэ большы Ўілмата” - Джон Ўілмат, граф з Рочэстэру (1647-1680), ангельскі паэт.

“...як напісаў Гусавіян” - Мікола Гусоўскі (Nicolaus Hussovianus, 1470-1533).

"Гіпіка" - паэма польскага паэта Кшыштафа Дарагастайскага (1562-1615).

Лісоўчыкі - грабежніцкія наёмныя аддзелы польска-літоўскага войска пад кіраўніцтвам Аляксандра Юзафа Лісоўскага (1580-1616), бралі ўдзел у бітвах з маскавітамі, туркамі, а таксама ў разгроме чэскага войска Габсбургамі на Белай Гары (1620), вызначаліся асаблівай жорсткасьцю.

Virgo Lithuana - "Літоўская дзева" (паводле аналёгіі з "Ангельскай").

Тайчжоў - ужыта для рыфмы; у якім кітайскім "чжоў" (павеце) вынайшлі паперу, невядома.

“Калі бывае мне маркотна...” - пачатак верша Я. Купалы "Ў лесе" (1926).

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

нахуй завумнікаў-скэтмэнаў & коксакераў & бітнікаў
што вядуць чульлівыя дыскусіі разьмеркаваўшы
гару марыхуаны на абсалютна роўныя горкі
каб абсалютна пароўну ёю накурыцца

Пераклад:
Макс Шчур

Мой язык, мая кроў да апошняй часьціны створаныя з тутэйшага паветра,
зямлі,
я народжаны тут ад бацькоў народжаных тут ад
іхных бацькоў і гэтак далей,
сёньня мне трыццаць сем, я здаровы як вол, я пачынаю сьпеў
і спадзяюся да сьмерці не перастаць.

Пераклад:
Яўген Бяласін, Макс Шчур

Любых рэлігій гіджуся дазваньня,
але выконваць радасна сьпяшу
усе абрады тых веравызнаньняў,
дзе выпіўка залічана ў імшу.

Пераклад:
Макс Шчур

У часіну свайго нараджэньня яна рассоўвае ногі, не разумеючы сэнсу сваёй позы, прызначанай дарыць сьвятло, зямлю, агонь, паветра, але потым чалавеку рупіць зноў увайсьці ў гэтую клятую похву, пасьля таго як я паспрабавала нарадзіць сябе сама, выцягнуўшы сваю галаву праз сваё ўлоньне (а як што не змагла, то шукаю сьмерці і ўваходу ў сьмярдзючы бярлог схаванай ахоўніцы з функцыяй пахаваньня) я пра похву, пра сьмерць