Дадатак да “Адраснай кнігі”

паэзія, вершы, беларуская мова

У дадатак да сваёй “Адраснай кнігі”
я хацеў бы скарыстацца нагодай
напісаць пра сам наш унівэр
Менскі Дзяржаўны Лінгвістычны безыменны
які мае надзвычай гучнае ІМЯ
то бок рэпутацыю ў нашай краіне
і далёка па-за ейнымі межамі
і якому я НЕ МАГУ не падзякаваць
за найлепшыя гады сваёй маладосьці

імя ўнівэру настолькі гучнае й добрае
што нязьменная рэктарка гэтай паважанай ВНУ
даўным даўно стала пажыцьцёвай сэнатаркай
ці як там называецца ейная пасада
ў беларускім марыянэткавым заканадаўчым органе

але гэта ўсім вядомы факт
тым часам я б хацеў падзяліцца тут чымсьці іншым
з уласнага досьведу
каб імя нашага ўнівэру паводле магчымасьці стала
яшчэ больш гучным
пасьля чаго вы спадзяюся зразумееце
што як мой студэнцкі лад жыцьця
так мае далейшыя ўцёкі
былі не капрызам фартуны
а жалезнай гістарычнай заканамернасьцю
й нутраной неабходнасьцю
прадыктаванай настолькі ж жалезнай безвыходнасьцю

а яшчэ я вельмі спадзяюся што гэты тэкст
будзе вывешаны ня толькі на дошцы аб’яў
нашага факультэту
побач з раскладам заняткаў
але і ў музэі нашай спэцыялізаванай
на вывучэньне замежных моваў
і падрыхтоўку кадраў для нашага ўнівэру школы
цяпер ужо натуральна гімназіі
калі не ў арыгінале
то ў перакладзе на некаторую з замежных моваў
напрыклад расейскую
а калі раптам у нашым школьным МУЗЭІ
кубінскай рэвалюцыі
й савецка-гішпанскай дружбы
для гэтага тэксту ня хопіць месца
праз заваленасьць гэтага музэю какосамі
дохлымі кракадзіламі з Кубы
й іншым ламаччам
якое так натхняла мяне ў дзяцінстве
як юнага сюррэаліста
у такім разе я параіў бы стварыць для гэтага тэксту
калі не асобны музэй
то выдзеліць асобнае памяшканьне
і вывесьці яго там на сьценах
буйнымі літарамі

перадусім
сыстэма выкладаньня ў нашым славутым унівэры
ня мае з унівэрсытэцкай нічога супольнага
сыстэма выкладаньня ў нашым унівэры абсалютна ШКОЛЬНАЯ
у лепшым выпадку шкалярская
і такім чынам абсалютная шкодная
для мазгоў тых, у каго яны хоць у нейкай ступені маюцца
мэтай выкладаньня ў нашым слынным унівэры ёсьць вышкольваньне
а не выкшталтаваньне пагатоў не “ўнівэрсальная” ўнівэрсытэцкая
адукацыя
у нашым унівэры вышкольваюць
а не адукоўваюць
муштруюць замежнамоўных робатаў
з інтэлектам ня большым за гугл-транслэйт
а не рыхтуюць так званых спэцыялістаў
і пагатоў не выхоўваюць па “некалькі чалавек у чалавеку”
як цьвердзіць вядомая прымаўка-показка
а з аднаго чалавека робяць у лепшым выпадку ПАЛОВУ чалавека
то бок інваліда
у горшым робяць зь яго поўны НУЛЬ
то бок зомбі

за часы навучаньня ў нашым прэстыжным унівэры
цягам абсалютна завышанай колькасьці непатрэбных і нудных
так званых навучальных гадзін
наведваньне якіх ёсьць АБАВЯЗКОВЫМ
я ня толькі не даведаўся ад бальшыні нашых выкладчыкаў
НІ КАЛІВА
у кожным разе ні каліва нечага, чаго б ня мог значна хутчэй
і грунтоўней вывучыць сам
пры адсутнасьці так званай дысцыпліны й матэрыяльнай ГАЛЕЧЫ
і ня толькі што называецца АДВУЧЫЎСЯ ВУЧЫЦЦА
але й забыўся ПАЛОВУ таго што ведаў дагэтуль

нашыя выкладчыкі лічаць сябе напэўна японскімі сэнсэямі
якія кажуць вучням адразу на ўваходзе ў наш унівэр
ЗАБУДЗЬЦЕ ўсё што вы ведалі дагэтуль
і большая частка тых хто нешта дагэтуль ведалі
за гады навучаньня ў нашым знакамітым унівэры
ўрэшце сапраўды забываюць ня толькі тое ШТО ведалі
але й пра сам факт таго што гэта калісьці ВЕДАЛІ

адзіным адрозьненьнем між нашым унівэрам і школай
ёсьць тое што ў нашым унівэры вам выкладчыкі ВЫКАЮЦЬ
не сумнявайцеся ў тым што гэтае халоднае выканьне
ёсьць праявай зусім не павагі ці там калегіяльнасьці
а глыбокай пагарды
у лепшым выпадку поўнай абыякавасьці да вас
з боку бальшыні вашых выкладчыкаў
а таксама боязі таго што калі б яны вам “тыкалі”
то ў нефармальнай размове вы адразу ўбачылі б
іхную ў каго большую, у каго меншую некампэтэнтнасьць
ня толькі ў астатніх галінах веданьня
але і ў так званай уласнай

прыстойных выкладчыкаў у нашым шматпаважаным унівэры
можна пералічыць на пальцах
і бальшыня зь іх будуць настаўнікамі фізкультуры
гэта тыя што засталіся
бо астатніх прыстойных выкладчыкаў з нашага ўнівэру
яшчэ на маёй памяці або звольнілі
або яны ня вытрымалі й звольніліся самі
а вось каб пералічыць усіх муштравальнікаў нашага ўнівэру
за гады ягонай ардэнаноснай гісторыі
ня хопіць пальцаў у цэлага патоку студэнтаў

адзін з такіх муштравальнікаў
дацягнуў сваю бліскучую кар’еру да загадчыка катэдрай
перадусім дзякуючы таму што з студэнцкіх гадоў быў агентам канторы
і памятаю на адным з заняткаў
апавядаў нам пра ЭЎРАПЕЙСКУЮ сыстэму адукацыі
пра якую меў такое ж паняцьце як вустрыца
і пра званьне бакаляўра
атрымаць якое ў эўрапейскім разуменьні слова
ў нашым унівэры практычна немагчыма
а паколькі я меў “нахабства” спазьніцца на ягоную лекцыю
ён сказаў
ацаніўшы скрозь свае дапатопныя
з часу вэрбоўкі й кубінскай рэвалюцыі
не здыманыя акуляры мой зьнешні выгляд
што “Вось гэтаму маладому чалавеку больш пасавала б ЗВАНЬНЕ
бакаляўра вольных мастацтваў” –
і сапраўды, усе навуковыя ступені ў нашай неэўрапейскай сыстэме
ёсьць аўтаматычна ЗВАНЬНЯМІ –
на жаль я нічога не адказаў гэтаму ЎЁБІШЧУ
зь ягонай тонкай і за сто мэтраў адчувальнай іроніяй
але пра сябе падумаў што аднойчы па-любому буду мець тытул
бакаляўра вольных мастацтваў
толькі ня ў гэтым унівэры і ня ў гэтай краіне

пазьней я так і сказаў не яму, а дэканцы нашага факультэту
адкрытым тэкстам: “ня ў гэтай краіне”
калі яна ў мяне шчыра спыталася
чаго я хачу і як уяўляю сабе сваю будучыню
нашая дэкан была адным зь нешматлікіх
сустрэтых мною ўва ўнівэры прыстойных людзей
і нездарма была са мною на “ты”
але ж і яна небарака скардзілася
што ў часы так званага разгулу дэмакратыі
гэта значыць зь дзевяноста першага па дзевяноста чацьвёрты
ім спэцыялістам па замежных мовах
ПАГРАЖАЛІ неабходнасьцю вывучыць беларускую
што было натуральна вышэй за іхныя спэцыялізаваныя сілы
і пры гэтай нагодзе
старшыня Таварыства беларускай мовы
то бок мой непасрэдны начальнік
бо і я ж быў сябрам Таварыства беларускай мовы
народны дэпутат ад народнай паэзіі
Ніл Гілевіч
выклікаў да сябе ў кабінэт нашага тагачаснага рэктара
й асабіста грукаў кулаком па стале
гэты грукат нашага тагачаснага рэктара так напалохаў
што ён ледзь не эміграваў у Расею

іншае канторскае ўёбішча
ў вечна памятым гарнітуры бяз гальштуку
з чырвоным ад хранічнага бухалава вялікарускім ябальнікам
адзіным сьведчаньнем наяўнасьці згрызотаў сумленьня
і такім жа вялікарускім прозьвішчам
было здольнае выкладаць толькі на першым курсе
то бок толькі тым хто ведалі яшчэ менш за яго
дый тое гэта было яшчэ вялікім пытаньнем
думаю ён так да канца жыцьця й не даведаўся
што на мове якую ён нам спрабаваў выкладаць
так як ён апошні раз гаварылі сто гадоў таму
дый тое выключна тады калі моцна сьпяшаліся ў ачко
неяк ягоныя былыя студэнты прыехалі ў Менск
прайсьціся па месцах баявой славы
стаялі й курылі ля ўваходу ў наш унівэр
і спадар выкладчык радасна падышоў да іх
па старой памяці паздароўкацца
ў таемным спадзяваньні што яны запросяць яго зь імі выпіць
але пачуў ад іх толькі ёмістае
Пайшоў нахуй, КОЗЬЛІК

яшчэ адно сьвяціла нашай адукацыі
зь якім я нібыта меў нават нейкія сваяцкія сувязі
і якое перад тэстам на паступленьне
на знак сваёй добрай волі і “ўсемагутнасьці” мне прапаноўвала
паказаць мне сьпіс слушных адказаў
ад чаго я ПРЫНЦЫПОВА адмовіўся
спрабавала гаварыць са мной камандзірска-бацькоўскім тонам
як з кончаным даўбаёбам
таму што праз кантору натуральна ведала
пра мае практычныя і псыхічныя цяжкасьці
ды праблемы зь мянтамі й ворганамі
цягам гутаркі
сьвяціла рабіла перад мною выгляд вялікага аўтарытэта
чалавека які ўмее ў гэтым жыцьці круціцца
і ўсяго дасягнуў выключна дзякуючы ўласным мазгам
пры гэтым дасягнула яно выключна таго
што само падпрацоўвала на кантору перакладнікам
і брала любую пабочную працу каб выжыць на менскім узроўні
таму часта само адсутнічала на ўласных занятках
і езьдзіла ў так званыя “камандзіроўкі”
дзе сваім языком і ведамі
слугавала нікчэмным людзям з канторы
і думаю ня раз дапамагала ім
ня толькі прадаваць зброю
але й здымаць блядзей і набываць наркотыкі
непасрэдна ад лацінаамэрыканскіх вытворцаў

высокадухоўная выкладчыца ўсясьветнай культуры
якой даручылі гэты ўсеабсяжны прадмет з той прычыны
што яна ня ведала нічога канкрэтнага
гаварыла ў нос з жэстамі канца васямнаццатага стагодзьдзя
і была жонкай чарговага высокапастаўленага агента канторы
колішняга партыйнага функцыянэра
дык вось гэтая несусьветна культурная гжэчная дама
з прыдыханьнем апавядала нам на сваёй першай лекцыі
пра ўнівэрсальнае духоўнае значэньне
ЖАНОЧАГА АРГАЗМУ
цягам чаго сама несумненна яго дасягала
пасьля лекцыі я адразу прапанаваў ёй напісаць рэфэрат
на тэму слушнага выкарыстаньня расейскага мату
і піянэрка жаночага аргазму з гэтым пагадзілася
бо паводле ўласных уяваў зусім не была кансэрватаркай
і імкнулася ісьці ў нагу з часам
таму цягам далейшых гадоў навучаньня
я дасьледаваў збольшага як расейскі мат, так жаночы аргазм

ейны калега па выкладаньні гісторыі мастацтва
з прозьвішчам усясьветна вядомага скрыпача
сапраўды здаваўся на фоне іншых культурным чалавекам
прынамсі ўмеў карыстацца дыяпраектарам
але і ў яго быў адхіл у бок эротыкі
ён сьцьвярджаў што барада – гэта мужчынская
ЭРАГЕННАЯ ЗОНА
то бок напэўна думаў
што калі мужчыну пацягаць за бараду
ён павінен ад гэтага шалёна сэксуальна ўзбудзіцца
але сам пры гэтым чамусьці барады не насіў
толькі вусікі
а сэксуальна ўзбуджаўся толькі ад гуку ўласнага голасу
гэты знаўца ўсясьветнай культуры
атрымліваў за распаўсюд сваіх ведаў столькі
што ажно мусіў гандляваць на кніжным кірмашы
возячы з Масквы кнігі ў якіх трэба сказаць разьбіраўся
і зьдзіраў за іх з уласных студэнтаў удвая болей
каб неяк выжыць
а ў дадатак мусіў падпрацоўваць канфэрансье
на канцэртах студэнтаў філярмоніі

адна з цалкам ёбнутых на галаву выкладчыц пэдагогікі
якой празь вялікую абазнанасьць нават не маглі даверыць лекцыі
а толькі вядзеньне сэмінараў
раўла на мяне на іспыце за тое
што я не ўхваляю савецкіх мэтадаў пэдагогікі
зь яе ідыёцкай муштрой і ўраўнілаўкай
ды яшчэ й маю нахабства прыплятаць да сваіх поглядаў
Вялікага Дастаеўскага
на заканчэньне нашай няроўнай дыскусіі
ў якасьці кароннага аргумэнту
яна скарыстала параду “не займайцеся ерундой!”
пры гэтым усё жыцьцё за грамадзкія грошы
нічым апрача ерунды не займалася

наш спадар выкладчык філязофіі
падыходзіў да выкладаньня праўдзіва па-філязофску
зь яго мог бы атрымацца выдатны гулец у покер
бо на іспыце яму ў вочы можна было вярзьці
якую-заўгодна лухту
і ён заўсёды з вамі пагаджаўся
нават з тым што Макіяшвілі быў вялікім італьянскім філёзафам
ці прынамсі не падаваў выгляду што не згаджаецца
з тым што Макіяшвілі быў вялікім італьянскім філёзафам
і ставіў чацьвёрку што б вы ні казалі
было толькі няясна чаму
ці то таму што ён сам ня ведаў пытаньня
як і вы
ці то таму што глыбока вамі пагарджаў
і хацеў на вас класьці
зь вялікім філязафічным прыборам
абы плацілі хоць нейкі заробак
мушу сказаць, гэта быў напэўна адзін зь нямногіх
сапраўдных інтэлектуалаў у нашым унівэры
прынамсі так здавалася
ўжо таму што ён пераважна маўчаў

вялікі спэцыяліст па выкладаньні эканомікі
былы ваяка
які ў жыцьці ня бачыў матэматычнай формулы
і лічыў іх у эканоміцы непатрэбнымі
з захапленьнем расказваў нам пра выгады
беларускай эканамічнай мадэлі
нягледзячы на тое што яна ўжо на першы погляд супярэчыла
ўсім невядомым яму эканамічным законам
пра якія ён мусіў нябога
чытаць нам з паперкі
пры гэтым ягоныя дзеці даўно жылі
ў ізраільскай эканамічнай мадэлі
і недзе праз год-два пасьля майго ад’езду
ён і сам пасьпяхова зваліў з краіны
атрымліваць ізраільскую пэнсію

маладая спэцыялістка па выкладаньні інфарматыкі
таксама ж напэўна яшчэ тая інфарматарка
валодала кампутарам на ўзроўні шасьцігадовага дзіцяці
і замест карыстаньня кампутарам
прымушала нас занатоўваць у сшытках пад ейную дыктоўку
бясконцыя камандныя радкі бэйсіка
праверыць дзейнасьць якіх не было ніякай магчымасьці
бо два з трох кампутараў у кабінэце не працавалі
а пароль да трэцяга быў такі сакрэтны
што яго ня ведала нават яна сама
гэтымі дыктоўкамі мы змарнавалі гадзіны а гадзіны
каштоўнага часу
нашых маладых жыцьцяў

а цяпер памножце колькасьць гэтых выкладчыкаў
на колькасьць наяўных у горадзе Менску
а калі ў вас здаровае сэрца
то і ўва ўсёй так званай Рэспубліцы Беларусь
унівэраў і іншых ВНУ

пры гэтым гэтыя людзі
лічаць сябе інтэлектуальнай ЭЛІТАЙ
і з ганарлівым выглядам
ходзяць па горадзе
і растапырваюць пальцы
праўда ў асноўным у Менску
бо ў рэшце так званай Рэспублікі Беларусь
я думаю іх хутка паставілі б на месца

няма ніякага сумневу
што падобна ўсебаковая адукацыя
ў кожным падобным высокакваліфікаваным унівэрсытэце
папросту абавязаная быць БЯСПЛАТНАЙ
але ж калі вы так думаеце то памыляецеся
у сучаснасьці платнымі ў нашым унівэрсытэце
што рупліва дбае пра сваё ўсясьветнае рэнамэ
ёсьць добрая палова спэцыяльнасьцяў
а на так званых бясплатных спэцыяльнасьцях
бясплатна вучыцца толькі палова студэнтаў
і чамусьці я маю вялікія сумневы наконт таго
што гэта нейкім чынам адбіваецца на якасьці выкладаньня

між тым на бясплатную дзяржаўную вышэйшую адукацыю
нашая дзяржава паводле Канстытуцыі
гарантуе вам ПРАВА
цытую
“Среднее специальное и высшее образование
доступно для всех в соответствии со способностями каждого
Каждый может на конкурсной основе
БЕСПЛАТНО получить соответствующее образование
в государственных учебных заведениях”
то бок і ў нашым унівэры
дык вось нават гэтая нібыта ГАРАНТАВАНАЯ
нашай “сацыяльнай” дзяржавай бясплатная адукацыя
ёсьць насамрэч далёка не бясплатнай
бо калі не лічыць абавязковай даніны дзяржаве
ў выглядзе вашых незваротна забітых шэрых клетак
вы павінны яшчэ й адпрацаваць на дзяржаву
два гады так бы мовіць па спэцыяльнасьці
вядома калі хочаце
атрымаць дзяржаўны дыплём

гэта значыць што проста з нашага ўнівэру
дзяржава вас пасылае

у ГОРШЫМ выпадку
туды
адкуль вы прыехалі
жыць з бацькамі ў вашым родным горадзе
дзе вы са сваёй ШКОЛЬНАЙ адукацыяй
у вашай уласнай школе
рыхтуеце школьнікаў
да паўтораньня вашага ўласнага шляху
для чаго ў прынцыпе няма патрэбы мець НІЯКАЙ адукацыі
і палова нашых сучасных школьных настаўнікаў
насамрэч мае толькі сярэднюю адукацыю
бо няма дурных
каб настаўнічаць ім дастаткова таго што яны вывучылі ў школе
але гаворка не пра іх а пра вас
чалавека зь не абы-якой
а ажно “ўнівэрсытэцкай” адукацыяй
дык вось вы
адпрацаваўшы два гады ў школе
звычайна аўтаматычна там застаяцеся
працаваць за капейкі
з адзінай надзеяй на бліскучую кар’еру завуча
па замежных мовах
а магчыма аднойчы й дырэктара
дзеля чаго несупынна вымушаныя
ПАДВЫШАЦЬ КВАЛІФІКАЦЫЮ
дзе?
слушна!
у нашым унівэры!!!
то бок па новай здаваць усе аднойчы здадзеныя іспыты
і надалей вучыцца вучыцца й вучыцца да самай сьмерці
невядома чаму
ў тых самых абсалютна БЯЗДАРНЫХ выкладчыкаў
як кімсьці праклятыя
ці асуджаныя за цяжкае злачынства
супраць сябе саміх
акрамя таго
цягам чаканьня йменаваньня вас завучам
у вас разьвіваецца лёгкі цік
алергія на свой прадмет
нянавісьць да школьнікаў
і шматлікія іншыя псыхічныя
а мажліва й сэксуальныя
адхіленьні
той жа хто ня хоча быць завучам ці дырэктарам
і праз гэта сраць хацеў на падвышэньне кваліфікацыі
ужо праз год выкладаньня ў школе
памятае толькі тое што патрэбнае яму для выкладаньня
то бок тое што вывучыў яшчэ ў той жа школе
а ўсё астатняе з такой намогаю нібыта вывучанае
цягам доўгіх абавязковых гадзін у нашым унівэры
напрыклад другую ці трэцюю замежную мову
й іншыя дадатковыя прадметы
непазьбежна радасна й назаўжды
ЗАБЫВАЕ

ну а ў ЛЕПШЫМ выпадку
дзяржава вас пасылае
куды-небудзь на вёску ці ў аграгарадок
калі пашанцуе то і ў экалягічна чыстыя чарнобыльскія раёны
дзе вы два гады адпрацоўваеце па спэцыяльнасьці
і дзе цягам двух гадоў вашай асноўнай спэцыяльнасьцю робіцца
бясконцае бухалава й блядзтва
то бок тое ж што было вашай спэцыяльнасьцю ўжо ў інтэрнаце
і вось вы два гады па ёй сумленна працуеце
то бок памалу адпіваеце сабе макатоўшу
і марыце пра атрыманьне дзяржаўнага дыплёму
да якога на жаль далёка ня ўсе дажываюць
як не дажыў да яго мой сунавучэнец зь нямецкага факу
па мянушцы Вэрмахт
што паехаў выкладаць на вёску
набухаўся й замерз у сьнежным полі
спадзяюся што ў кіраўніцтва нашага ўнівэру хапіла сумленьня
прынамсі даць яму дыплём пасьмяротна
каб ён меў на тым сьвеце чым ганарыцца
дый калі вы нават дажывяце да атрыманьня дзяржаўнага дыплёму
то на ўсякі выпадак ведайце
што яго не прызнаюць НІ Ў АДНОЙ эўрапейскай краіне
і слушна робяць

такім чынам з дыплёмам нашага выдатнага ўнівэру
ці безь яго
вы маеце бліскучыя пэрспэктывы на будучыню

напрыклад пэрспэктыву ўладкавацца калі ўжо ня ў школе
то ў бізнэсе
дзе бяз вашых сувязяў з канторай не абысьціся
ці ў дзяржаўным апараце
няважна якім адукацыйным кіраўнічым ці рэпрэсіўным
вам ужо ў такой сытуацыі збольшага ўсё адно
апарат як апарат
гэта дарэчы адзіная сярмяжная праўда, якая пра наш унівэр
напісаная на Вікіпэдыі:
“Многие выпускники Иняза успешно работают
в органах государственного управления:
МВД, КГБ, МИД, Министерстве обороны,
в сфере экономики и финансов”.
О так, пасьля выкладаньня ў нас эканомікі
прамая дарога ў сфэру эканомікі й фінансаў!

аднак жа ёсьць выключэньні
гэтак
адзін мой сябар пасьля ін’язу працаваў
ХАКЕЙНЫМ ВІДЭАТРЭНЭРАМ
другі мой сябар пасьля ін’язу працуе
ЗАГАДЧЫКАМ СКЛАДУ
трэці мой сябар пасьля ін’язу працаваў
КУХАРАМ
і ГАНДЛЯРОМ ГІДРАЎЛІЧНЫМІ ПРЭСАМІ
чацьвёрты але ўжо ня сябар а так знаёмец
з добрай менскай сям’і
які заўжды ненавідзеў нашую ўладу
і ніколі гэтага не хаваў
цяпер працуе
КОМІКАМ
на дзяржаўным тэлебачаньні

гэта калі казаць толькі пра тых
каму РЭАЛЬНА СПАТРЭБІЛАСЯ
атрыманая ў нашым унівэры
выкшталцоная адукацыя

тым часам яшчэ адзін мой знаёмец
які не заканчваў ніякіх ін’язаў
гандлюе нафтай у Вэнэсуэле

і ўсё-ткі бадай самы яскравы прыклад
гэта адзін з маіх былых інтэрнацкіх суседзяў па пакоі
які на нашым факультэце
зь ягонымі прасунутымі катэдрамі фанэтыкі й лексыкалёгіі
пісаў дыплёмную працу
па ГІСТОРЫІ АРГЕНТЫНСКАГА ТАНГА
пры тым што сам у Аргентыне ня быў
танчыць ня ўмеў
і ня меў ня толькі музычнага але й абсалютна ніякага слыху
толькі цэлымі днямі слухаў у нашым пакоі савецкую папсьню
якой яшчэ й спрабаваў падпяваць
угадайце дзе ён цяпер працуе
у МІНІСТЭРСТВЕ ЎНУТРАНЫХ СПРАЎ
неяк я нават знайшоў яго на фэйсбуку
паглядзеў фоткі ягонай жонкі й дзетак
дай бог ім усім здароўя

але галоўнай вашай магчымасьцю
якой дзякуючы сякому-такому веданьню замежных моў карыстаецца
ПЕРАВАЖНАЯ большасьць НАРМАЛЁВЫХ выпускнікоў нашага ўнівэру
ёсьць магчымасьць ЗВАЛІЦЬ ЗА МЯЖУ
гэта значыць УЯБАЦЬ з нашай чароўнай бацькаўшчыны
ў краіну сяк-так вывучанай вамі ў нашым унівэры мовы ці моваў
бо гэта для бальшыні не канчаткова яшчэ дабітых
выпускнікоў нашага ўнівэру
АДЗІНАЕ магчымае выйсьце
пазьбегчы ўсяго вышэй апісанага

падсумуем
з гэтага вынікае
што нашая чароўная бацькаўшчына
за грошы бедных (і насамрэч бедных) падаткаплатнікаў
то бок БЯСПЛАТНА
ці скажам АМАЛЬ бясплатна (гл. вышэй)
масава вымуштроўвае ўсё новыя й новыя пакаленьні маладых людзей
якія з нашай чароўнай бацькаўшчыны
адразу па заканчэньні нашага
але вядома ж далёка ня толькі нашага ўнівэру
ЎЯБВАЮЦЬ

здаецца гэта называецца ЎЦЕЧКАЙ МАЗГОЎ
я б назваў гэта ўцечкай РЭШТЫ мазгоў
якая ў выпускнікоў нашага ўнівэру
яшчэ застаецца пасьля так званага навучаньня
і якая яшчэ здольная цьвяроза ацаніць
іхныя бліскучыя пэрспэктывы  

гэта што тычыцца пераважнай большасьці

а што тычыцца меншасьці
якая ні з пушчы ні з поля хоча так бы мовіць
ня толькі
ПРАЦАВАЦЬ ПА СПЭЦЫЯЛЬНАСЬЦІ
але й крый бог
ПРАЦЯГВАЦЬ АДУКАЦЫЮ
(нагадаю, школьную і шкалярскую)
то ведайце
што фактычна адзінай вашай магчымасьцю
насамрэч працаваць далей па спэцыяльнасьці
ёсьць застацца ў нашым незраўнаным
да сёньня яшчэ зь зямлёй унівэры
ў якасьці сьпярша так званага асьпіранта
а пасьля так званага навуковага супрацоўніка
гэта значыць стаць агентам стукачом шасьцёркам
і апошнім апушчаным чмошнікам
што ў падобных кар’ерыстаў найлепей атрымліваецца
асабліва пасьля так званай ваеннай катэдры
дзе вас рыхтуюць да вайны з НАТО
і вучаць ненавідзець краіны
мовы якіх вы спрабуеце вывучыць
на жаль пра ваенную катэдру
я ведаю толькі апасродкавана
бо адразу ж паслаў нахуй таварыша палкоўніка
зь ягонымі патрабаваньнямі зьняць навушніцу й пастрыгчыся
і ён безь мяне ўжо камандаваў сваёй ваеннай катэдрай
на якой палова так званых будучых афіцэраў
без завушніц і стрыжаных
была підарасамі ў добрым сэнсе слова
а другая на жаль у пераносным

але ж няўжо абавязкова рабіцца
агентам стукачом шасьцёркам і чмошнікам?
абавязкова
рэч у тым што
апроч навучаньня на ваеннай катэдры
якое між іншым вызваляе вас ад абавязку служыць у войску
й пакутаваць ад штодзённай дзедаўшчыны
махнём так бы мовіць абавязак на абавязак
у нашага ўнівэру ёсьць шмат іншых добрых традыцый

адна з гэтых добрых традыцый такая
што наш унівэр у значна большай за іншыя ўнівэры ступені
наскрозь прашпегаваны прадстаўнікамі канторы
так званых органаў бясьпекі
якія так бы мовіць “курыруюць” жыцьцё студэнтаў
непасрэдна з кіраўніцтва ўнівэрсытэту
атрымліваючы заробак ня толькі па асноўнай “прафэсіі”
але й за фіктыўную працу ў кіраўніцтве ўнівэрсытэту

мала таго
наш унівэр наскрозь прашпегаваны й агентамі карных органаў
то бок уласна шпегамі
прынамсі палова студэнтаў нашага ўнівэру ёсьць стукачамі
у мае часы было прынамсі па ДВА стукачы ў кожнай групе
у кожным інтэрнацкім блёку
недзе па дзесяць штук на кожным паверсе
думаю ў сучаснасьці
гэтая колькасьць падвысілася прынамсі ўдвая

апрача таго
жыцьцё студэнтаў “курвіруюць”
гэта значыць арганізуюць
прадстаўнікі добравядомай дзяржаўнай моладзевай арганізацыі
гэтага сучаснага камсамолу
якіх мы ў свой час называлі або па-француску “ПэДэ”
або па-нямецку гітлер’югендаўцы
КОЖНЫ сябар гэтай моладзевай арганізацыі
ёсьць адначасова агентам стукачом шасьцёркам і чмошнікам

мэтай такой пільнай увагі да нашага вальнадумнага
й адносна яшчэ ЛІБЭРАЛЬНАГА ўнівэру
як і да іншых нашмат менш “лібэральных” унівэраў
ёсьць неабходнасьць захаваньня любым коштам
вышэйапісанай сыстэмы ШКОЛЬНАЙ адукацыі
пры якой чалавек да канца жыцьця застаецца
НЕВУКАМ
ІНВАЛІДАМ
І ЗОМБІ

у сувязі з гэтым
падлічваць колькасьць агентаў органаў
сярод выкладчыкаў
то бок галоўных апірышчаў нашай сыстэмы адукацыі
наагул ня мае сэнсу
бо агентамі органаў стукачамі шасьцёркамі й чмошнікамі
зьяўляюцца ці ня ЎСЕ выкладчыкі
калі не дэ юрэ, то ўжо дакладна дэ факта

вышэй я апісаў
на жаль толькі некаторых

алё ёсьць між імі і прафэсійныя чмошнікі
ўсякія там прарэктары і хуектары
якія з прычыны свайго дыягназу
“запушчаная мэнтальная недаразьвітасьць”
ня могуць працаваць як “нармальныя” выкладчыкі
таму й займаюцца ўсякай бюракратычнай пэдэрастыяй

адзін такі прарэктар
жыў у інтэрнаце якраз над намі
яму было гадоў сорак
але ён выглядаў на пятнаццаць
як пажыцьцёвы камсамолец
і калі мы не давалі яму ўначы спаць
пасьля цяжкога працоўнага дня ў кабінэце
дзе ён займаўся ў асноўным тым што гастрыў алоўкі
пілаваў пазногці на сваіх халёных руках
што ў жыцьці не спазналі працы
і прапіжджваў дзяржаўныя грошы па тэлефоне
дык вось
замест таго каб падысьці да нас пагаварыць па-людзку
ці прынамсі дамовіцца па-суседзку
ён будучы сцыклом
і баючыся адхапіць ад нас
па сваім шырачэзным парасячым ябле
пазбаўленым усякага чалавечага выразу
пісаў на нас сам сабе доўгія карункаватыя скаргі
на падставе якіх выклікаў нас пасьля да сябе ў кабінэт
і задаволены ўласнай над намі ўладай
зачытваў нам свае скаргі ўголас
а пасьля абвяшчаў нам ВЫМОВУ
або ўрачыста пазбаўляў нас СТЫПЭНДЫІ
якой нам і так хапала на тыдзень жыцьця
на батоне й кефіры

дык вось асноўным абавязкам падобных прарэктараў
ня ёсьць нішто іншае як ажыцьцяўленьне ІДЭАЛЯГІЧНАГА кантролю
гэта значыць перадусім арганізацыя яўкі студэнтаў
на так званае ДАТЭРМІНОВАЕ галасаваньне
пад пагрозай зноў-такі пазбаўленьня стыпэндыі
інтэрнату
або наагул АДЛІЧЭНЬНЯ з нашага нечувана прэстыжнага ўнівэру

гэта значыць у абавязкі прарэктараў нашага ўнівэру ўваходзіць
ня столькі пазбаўленьне будучыні саміх студэнтаў
што яшчэ паўбяды
бо пазбавіць чалавека будучыні няздольны нават прарэктар
але перадусім пазбаўленьне будучыні самой нашай КРАІНЫ
на карысьць цалкам рэліктавай і архаічнай цяпершчыны
якая называецца ў нас стабільнасьцю
і вось за гэтае пазбаўленьне краіны будучыні
краіна гэтых прарэктараў поіць корміць і песьціць

няўжо вы ўсё яшчэ зьдзіўленыя
што наш прэзыдэнт нязьменна ходзіць галасаваць
на сваіх фальсыфікаваных выбарах
менавіта на выбарчы ўчастак
што знаходзіцца ў НАШЫМ унівэры?

у сваім памкненьні як найлепей выслужыцца
перад нашай дзяржавай
кіраўніцтва нашага ўнівэру не цураецца НІЯКІХ мэтадаў
гэта пры спрыяньні кіраўніцтва нашага ўнівэру
мяне выклікалі да самой загадчыцы нашага інтэрнату
якую я ў жыцьці ў вочы ня бачыў
і так і ня ўбачыў бо загадчыца нашага інтэрнату
аказалася капітанам канторы
які пры поўнай згодзе й судзеяньні кіраўніцтва нашага ўнівэру
займаўся шантажаваньнем і вэрбоўкай студэнтаў
у адным з належных нашаму ўнівэру памяшканьняў
якія прынамсі на Захадзе
дзе ўнівэры спакон веку надзеленыя самакіраваньнем
лічацца тэрыторыяй АКАДЭМІЧНАЙ СВАБОДЫ

адным словам кіраўніцтва нашага ўнівэрсытэту
ставіцца да сваіх студэнтаў гэтак жа
як нашая дзяржава ставіцца да сваіх грамадзянаў
то бок як да РАБОЎ
якім пры гэтым яшчэ й зьдзекліва “выкае”

калісьці
нашая высокаадукаваная рэктарка і сэнатарка
ласкава ДАЗВОЛІЛА нашай дырыжорцы
стварыць пры СВАІМ унівэры ўнівэрсытэцкі хор
каб студэнты замежных моваў
гады ў рады мелі магчымасьць выехаць за мяжу
прынамсі на тыдзень-другі
а не вучыць гэтыя мовы па спарахнелых савецкіх падручніках
а калі я пасьля дэманстрацыі выйшаў з Акрэсьціна
таварыш рэктарка выклікала мяне на дыван
і сказала што не ДАЗВОЛІЦЬ мне ў складзе хору
ЕЙНАГА ўнівэру
выехаць за мяжу пад ЕЙНУЮ адказнасьць
таму што я чалавек БЕЗАДКАЗНЫ
бо адчуваю адказнасьць за будучыню краіны
якую дарэшты СКУРВІЛІ нашыя прарэктары й выкладчыкі
а не перад нашым хвалёным унівэрам і яго рэктаркай-сэнатаркай
а яна маўляў ня хоча чырванець за наш законапаслухмяны ўнівэр
на нарадзе рэктараў у САМОГА спадара прэзыдэнта

дык няўжо вы ўсё яшчэ зьдзіўленыя
што рабы калі ўжо і ня маюць рэальных магчымасьцяў пратэставаць
то прынамсі на знак пратэсту
вядуць лад жыцьця поўны самага нястрымнага
й адчайнага ад слова АДЧАЙ разьдзяўбайства?

што ж калі вам карціць асабіста пазнаёміцца
з усімі вышэйзгаданымі пэрсанажамі
а таксама іхнымі гадаванцамі
й сучаснымі рэінкарнацыямі
і перадусім з нашай рэктаркай і пажыцьцёвай сэнатаркай
шчыра раю вам
ПАСТУПАЙЦЕ
ў наш славуты слынны знакаміты прэстыжны ўнівэр
Менскі Дзяржаўны Лінгвістычны безыменны
які мае такое гучнае ІМЯ
то бок рэпутацыю ў нашай краіне
і далёка па-за ейнымі межамі

далей па тэксьце

29-30.01.2016

“Адрасная кніга” цалкам: http://www.rulit.me/books/adrasnaya-kniga-read-450990-1.html

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Волас — медны дрот,
роўна ўкладзены, як у
трансфарматары

пад нагамі менскае лісьце
на бўэнас-айрэскіх каляінах
гумках для скокаў
нацягнутых на лытках нябачных дзяўчынак
за даляглядам

Пераклад:
Макс Шчур

Завея пускае нам пыл у вочы
шматкі краявіду вісяць на валаску сарказму
алейныя петлі магнітафонных стужак плаваюць на паверхні
гісторыя завяршаецца масакрай дзіцячых лялек
на капусным полі непадалёк ад Ніцы
паэзія памалу скісае й робіцца літаратурай
нямы пералік дрэваў
у мядовых глыбінях вітрынных шыбаў

Пераклад:
Макс Шчур

А потым дзень, дзень па абедзе
калі прадпісаныя скончыліся дні.
Усе ў сьвяточным,
крыху ўгнуўшы плечы,
наперадзе цаглянай брамаю труну выносяць,
сонца — тлустая нявеста ў белым,
іржа на горцы, быццам залаты абклад.