Дэклярацыя незалежнасьці

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

З кнігі “Вершы і антывершы” (1954)

ЭПІТАФІЯ

Сярэдняга росту,
з голасам ні грубым, ні тонкім,
старэйшы сын настаўніка сярэдняй школы
й другараднай швачкі;
хударлявы ад нараджэньня,
нягледзячы на любоў да добрай ежы;
з запалымі шчакамі
і адтапыранымі вушамі;
з квадратным тварам,
вачэй якога амаль не відаць,
а нос баксёра-мулата
нагадвае аблічча ацтэцкага стодзіва —
усё гэта купаецца ў сьвятле
выразу між іранічным і подлым —
не разумнік і ня поўны афэлак
я быў чым быў: сумесьсю
воцту й сталовага алею,
анёлам, спараным з жывёлай!

 

З кнігі “Салённая паэзія” (1962)

ЗЬМЕНЫ НАЗВАЎ

Аматарам прыгожага пісьменства
паведамляю пра свае найлепшыя намеры:
я вырашыў зьмяніць назвы некаторых рэчаў

Мая пазіцыя наступная:
паэт не трымае свайго слова
калі не зьмяняе імёны рэчаў

На якой такой падставе
сонца павінна й надалей называцца сонцам?
Я хачу, каб яно звалася “Міцыфус,
абуты ў саракамілёвыя боты”!

Мае чаравікі нагадваюць труны?
Ведайце, што адцяпер і назаўсёды
чаравікі называюцца “трунамі”.
Паведамце ўсім, занатуйце й напішыце,
што чаравікі зьмянілі назоў:
адцяпер яны называюцца “трунамі”.

Карацей, яшчэ ня вечар,
кожны паэт, які сябе паважае
павінен мець свой уласны слоўнік
і яшчэ, пакуль не забыўся,
самому богу варта зьмяніць імя,
хай кожны называе яго як захоча:
гэта прыватны інтэрас.

 

РУСКАЯ ГОРКА

Цягам паўстагодзьдзя
паэзія была
раем для пафасных прыдуркаў
І тут прыйшоў я
і ўсталяваў сваю рускую горку

Вазіцеся, раз вам так рупіць.
Ясна, што я буду ні пры чым,
калі вы расквасіце сабе нос і выб’еце зубы.

 

НЯХАЙ ЖЫВУЦЬ АНДЗКІЯ ХРЫБТЫ

Мне шалёна карціць закрычаць
Няхай жывуць Андзкія Хрыбты
Далоў Берагавыя Хрыбты
зь якой ласкі — ня маю паняцьця

але вытрымаць не магу:
Няхай жывуць Андзкія Хрыбты!
Далоў Берагавыя Хрыбты!

Сорак гадоў таму
я хацеў прарваць далягляд
зазірнуць далей за ўласны нос,
але мне бракавала адвагі.
Але цяпер не, спадарства,
гульня ў сузіраньне скончылася:
Няхай жывуць Андзкія Хрыбты!
Далоў Берагавыя Хрыбты!

Вы чулі, што я сказаў?
Гульня ў сузіраньне скончылася!
Няхай жывуць Андзкія Хрыбты!
Далоў Берагавыя Хрыбты!

Вядома, я не магу сказаць, што будзе,
калі ў мяне парвуцца галасавыя зьвязкі
(вельмі верагодна, што ў падобным
выпадку яны насамрэч парвуцца)
што ж, парвуцца дык парвуцца,
гэта азначае, што мне няма рады,
што страчаная апошняя надзея.

Я — звычайны таргаш
абыякавы да заходаў сонца
настаўнік у зялёных нагавіцах
які распадаецца на кроплі расы
Дробны буржуа, вось што я такое
што мне вашая пунсовая чырвань!
Тым ня менш, я ўздымаюся на адзін балкон за другім
каб зараўсьці што маючы моцы
Няхай жывуць Андзкія Хрыбты!
Далоў Берагавыя Хрыбты!!

Не крыўдуйце, калі я зьеду з глузду
ў райскім садзе прыроды
але ж я не магу не гарлаць да самай сьмерці
Няхай жывуць Андзкія Хрыбты!!
Далоў Берагавыя Хрыбты!!!

 

БЕЗ ГАЛАВЫ Ў ВІР

Мяне няма дома
я ў Вальпараісо

Калісьці даўно я
пісаў жахлівыя вершы
й рыхтаваўся да жахлівых заняткаў.
Камэдыя скончылася:
празь некалькі хвілінаў
я адбываю ў Чыльлян на ровары.

Не застануся тут больш ні дня
вось толькі пачакаю,
хай маё пер’е крыху падсохне.

Калі мяне будуць шукаць,
скажыце, што я зьехаў на поўдзень
і вярнуся не раней чым празь месяц.

Скажыце ім, што ў мяне воспа.

Падыдзіце да тэлефону,
вы што, ня чуеце, што звоніць тэлефон?
Гэты чортаў тэлефон сваім звонам
аднойчы давядзе мяне да шаленства!

Калі пра мяне будуць пытацца
можаце сказаць што мяне арыштавалі
Скажыце што я паехаў у Чыльлян
наведаць магілу свайго бацькі.
Больш ні хвіліны працы,
досыць таго, што мною ўжо зроблена
Як гэта “ня досыць” таго, што мною ўжо зроблена?
Да якой, маць вашую, пары
мне ўдаваць перад вамі блазна?

Клянуся, што не напішу больш ніводнага верша,
клянуся, што ня вырашу больш ніводнага раўнаньня,
з гэтым я назаўжды завязаў.

Квіток да Чыльляну!
Па сьвятых мясьцінах!

 

ПАЭЗІЯ СА МНОЙ РАЗЫШЛАСЯ

Я не кажу што гэта я зь ёю разышоўся
я ня маю ілюзій
Я хацеў і надалей складаць вершы
але натхненьне скончылася.
Паэзія паводзіла сябе ўзорна,
я паводзіў сябе як скаціна.

Які толк казаць
што гэта я паводзіў сябе ўзорна
а паэзія паводзіла сябе як скаціна
калі вы і так ведаеце, што ўва ўсім вінаваты я сам.
Хрэн з вамі, прыкінуся ёлупам!

Паэзія паводзіла сябе ўзорна
Я паводзіў сябе як скаціна
Паэзія са мной разышлася.

 

ТРЫ ВЕРШЫ

1

Мне больш няма чаго сказаць
Усё што я павінен быў сказаць
было сказана невядома колькі разоў.

2

Я пытаўся безьліч разоў
але ніхто не адказвае на мае пытаньні.
Гранічна неабходна
каб бездань раз і назаўжды дала ясны адказ
чаму застаецца ўжо так мала часу

3

Ясна адно:
у мясе заводзяцца чарвякі.

 

З кнігі “Рускія песьні” (1967)

АПОШНІ ТОСТ

Хочацца нам гэтага альбо не,
мы маем толькі тры магчымасьці:
учора, сёньня і заўтра.

Хаця якія там тры,
раз філёзаф кажа,
што ўчора — гэта ўжо ўчорашні дзень,
які належыць нам толькі ў згадцы:
немагчыма сарваць пялёстак
з ужо абсыпанай ружы.

Так што ў нас на руках
толькі дзьве карты:
сёньня і заўтрашні дзень.

Хаця якія там дзьве,
раз навукова даказана,
што цяперашняе існуе
пастолькі, паколькі робіцца мінулым
і мінае...
як маладосьць.

Карацей кажучы,
нам застаецца толькі заўтра:
я ўздымаю свой келіх
за гэты дзень, які ніколі не настае,
і тым ня менш ёсьць нашым адзіным
сапраўдным майном.

 

АБРАДЫ

Штораз, калі я вяртаюся
на радзіму
з доўгага падарожжа,
то першае, што я раблю—
пытаюся пра тых, хто памёр:
кожны чалавек робіцца героем
ужо самім фактам сьмерці,
а ў герояў мы павінны вучыцца.

А другое —
пытаюся пра тых, хто паранены.

Толькі пасьля,
ні ў якім разе не ДА выкананьня
гэтага маленькага пахавальнага абраду
я адчуваю, што маю права на жыцьцё:
я заплюшчваю вочы, каб лепей бачыць,
і гарлаю што дурны
песеньку пачатку стагодзьдзя.

 

ХРОНАС

У Сант’яго-дэ-Чылі
дні
ва
ла
куц
ца:
некалькі вечнасьцяў праходзіць за дзень.

Мы соваемся на сваіх драўляных хрыбецінах,
як прадаўцы ядомых водарасьцяў:
пазяхаем. І зноў пазяхаем.

А вось тыдзень тут вельмі кароткі,
месяцы імчаць як на крылах,
агадыпралятаюцьякшалёныясьвіньні.

 

З кнігі “Ўтаймавальная кашуля” (1968)

ДЭКЛЯРАЦЫЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

Незалежна
ад волі Рымскага касьцёла
абвяшчаю сябе незалежнай краінай.

У 49 гадоў веку
грамадзянін мае поўнае права
паўстаць супраць каталіцызму.

Хай мяне бог пакарае, калі я брашу.

Насамрэч, я адчуваю сябе шчасьлівым
у цені гэтых красавітых бальзамінаў,
як наўмысна створаных для майго росту.

Я неверагодна шчасьлівы
ў водблісках гэтых фосфарэсцэнтных матылёў,
што нібыта выразаныя нажніцамі,
як наўмысна створанымі для маёй душы.

Хай мне даруе ЦК.

У Сант’яго-дэ-Чылі
29 лістапада
тысяча дзевяцьсот шэсьцьдзесят трэцяга года:

у здаровым розуме, цалкам здаючы сабе справу пра наступствы

 

ТЭСТ

Што такое антыпаэт:
прадавец урнаў і трунаў?
Сьвятар, які ні ў што ня верыць?
Генэрал, што сумняваецца ў сабе самім?
Бадзяга, што кпіць з усяго на сьвеце,
нават са старасьці й сьмерці?
Суразмоўца, які заўжды не ў гуморы?
Танцор на краі бездані?
Нарцыс, закаханы ўва ўсіх навокал?
Крывавы жартаўнік,
які асудзіў сам сябе на мярзоты?
Паэт, які дрэмле, седзячы?
Альхімік сучаснасьці?
Кішэнны рэвалюцыянэр?
Прадстаўнік дробнай буржуазіі?
Памяло?
Бог?
Ёлуп?
Селянін з Сант’яго-дэ-Чылі?
Падкрэсьлеце слушны адказ.

Што такое антыпаэзія:
бура ў шклянцы гарбаты?
Пляма сьнегу на скале?
Міса, поўная чалавечых фэкалій,
як лічыць айцец Сальват’ерра?
Люстэрка, якое гаворыць праўду?
Поўха
старшыні Саюзу пісьменьнікаў?
(Царства яму нябеснае)
Папярэджаньне маладым паэтам?
Труна што дзейнічае на прынцыпе рэактыўнага рухавіка?
Труна на прынцыпе цэнтрыфугі?
Труна на прынцыпе парафінавай сьвечкі?
Капліца безь нябожчыка, ахопленая пажарам?

Пазначце крыжыкам
правільную дэфініцыю.

 

СЫТУАЦЫЯ РОБІЦЦА ПІКАНТНАЙ

Дастаткова зірнуць на сонца
скрозь задымленае шкло,
каб убачыць, што справы дрэнь;
ці, можа, вам здаецца, што справы ня дрэнь?

Прапаную вярнуцца
да рыдваноў, запрэжаных коньмі,
да паравых самалётаў,
да каменных тэлевізараў.

Продкі былі ня дурні:
варта зноў пачаць гатаваць на дровах.

 

З кнігі “Іншыя вершы” (1968)

ЛІСТЫ ПАЭТА, ЯКІ ДРЭМЛЕ СЕДЗЯЧЫ

І

Я называю рэчы сваймі імёнамі:
альбо ўсё загадзя вядомае нам ад пачатку,
альбо мы ніколі ні ражна не даведаемся.

Адзінае, што нам дадзена —
навучыцца размаўляць без памылак.

ІІ

Усю ноч мне сьняцца бабішчы:
адны зь мяне нахабна зьдзекуюцца,
другія б’юць мне па яйцах.
Не даюць мне спакою.
Увесь час са мною ваююць.

Я ўстаю з ложку змрочны як хмара.

З гэтага вынікае, што я звар’яцеў,
ці прынамсі пералякаўся да ўсёру.

ІІІ

Цяжкавата паверыць
у бога, што пакідае свае стварэньні
боўтацца на хвалях старасьці
й хваробаў,
пра сьмерць наагул маўчу.

IV

Я з тых, хто вітае дыліжансы.

V

Маладняк,
пішыце сабе што хочаце,
стылем, які вам здаецца найлепшым.
Зашмат крыві ўцякло пад мастамі,
каб — я веру — усё яшчэ верыць,
быццам існуе толькі адзін слушны шлях:
у паэзіі дазволена ўсё.

Хвароба
слабасьць
і сьмерць
таньчаць як тры нявіньніцы
вакол возера зь лебедзямі
паўголыя
п’янкія
з пажаднымі каралевымі вуснамі

VІІ

Па-мойму, відавочна,
што жыцьця на Месяцы няма

што крэслы гэта сталы
што матылі гэта кветкі ў несупынным руху
што праўда ёсьць калектыўнай аблудай
што дух памірае зь целам
Па-мойму, відавочна,
што маршчыны гэта ня шнары

VІІІ

Штораз калі з той ці іншай прычыны
я вымушана пакідаў
сваю маленькую вежу з драўляных дошак
я вяртаўся й дрыжаў ад холаду
самоты
боязі
болю

ІХ

Ужо адмянілі трамваі
пасьсякалі дрэвы
на даляглядзе спрэс адны крыжы.

Маркса абверглі ўжо сем разоў,
а мы ўсё яшчэ там, дзе былі.

Х

Карміць пчол мёдам
вывяргаць насеньне ротам
кленчыць у лужыне крыві
кашляць у ахопленай полымем капліцы
падаіць карову
й выліць ейнае ўласнае малако ёй на галаву

ХІ

У часе сьняданку хмарка
Пад абед грымоты
На вячэру маланкі

ХІІ

Мяне ня так проста азмрочыць.
Па шчырасьці,
нават чарапы выклікаюць у мяне сьмех.
Вас вітае сваймі крывавымі сьлязьмі
паэт, які дрэмле на крыжы.

ХІІІ

Абавязак паэта
палягае ў агораньні чыстага аркуша
хаця сумняюся, што гэта магчыма

ХІV

Я згаджаюся толькі на прыгажосьць
Брыда прычыняе мне боль

ХV

Апошні раз вам паўтараю:
чарвякі — гэта багі
матылі — гэта кветкі ў несупынным руху
зубы з карыесам —
крохкія зубы.
Я паходжу з эпохі нямога кіно.

Спарваньне — акт літаратурны.

ХVІ

Чылійскія афарызмы:
Усе бляндынкі зь вясьнянкамі
Тэлефон ведае, што кажа
Ніколі не губляла чарапаха столькі
часу, як калі вучылася ў арла

Аўтамабіль — крэсла з коламі

А вандроўнік, азіраючыся назад,
рызыкуе,
што ягоны цень адмовіцца за ім валачыся.

ХVІІ

Аналізаваць — адмаўляць сябе самога
развага можа быць толькі цыклічнай
ільга бачыць толькі тое, што хочаш бачыць
нараджэньне нічога не вырашае
прызнаюся, што я ўжо ня стрымліваю сьлёз

Нараджэньне нічога не вырашае
толькі сьмерць гаворыць праўду
нават паэзія, і тая не пераконвае.
Нас вучаць, што прасторы не існуе.

Нас вучаць, што часу не існуе,
але ў кожным разе
старэньне — неабвержны факт.

То хай будзе воля навукі.

Чытаньне маіх вершаў мяне ўсыпляе,
і тым ня менш яны пісаліся крывёю.

 

БЯРУ НАЗАД УСЕ СВАЕ СЛОВЫ

Перад расстаньнем
я маю права на апошнюю просьбу:
ласкавы чытач,
спалі гэтую кнігу,
яна не выказвае таго, што я хацеў,
нягледзячы на тое, што была напісаная крывёй,
але таго, што я хацеў, яна не выказвае.

Я ў такім становішчы, што горай ужо няма куды,
мяне перамог мой уласны цень:
словы адпомсьцілі мне.

Не крыўдуй, чытач,
прыхільны чытач,
за тое, што я не магу разьвітацца з табой
адданымі абдоймамі:
я разьвітваюся з табой
сумнай змушанай усьмешкай.

Магчыма, я сам і ёсьць толькі гэтай усьмешкай,
але выслухай маё апошняе слова:
я бяру ўсе свае словы назад.
З найвялікшай горыччу ў сьвеце
я адмаўляюся ад усяго, што тут навёрз.

 

З кнігі “Пар(р)а жартаў не для паліцы(і)” (1983)

*
ВЕРУ Ў ІНШАСЬВЕТ
ДЗЕ СПРАЎДЖВАЮЦЦА ЎСЕ ІДЭАЛЫ
СЯБРОЎСТВА
РОЎНАСЬЦЬ
БРАТЭРСТВА
ЗА ВЫКЛЮЧЭНЬНЕМ СВАБОДЫ
СВАБОДЫ НЯМА НІДЗЕ
МЫ РАБЫ АД ПРЫРОДЫ

 

*
Паэзія паэзія
можна падумаць, у Чылі нічога не адбываецца!

 

З кнігі “Паррасткі лазы” (1985)

АНТЫЛАЗАР

Памерлы, не ўставай з магілы
ну што табе дасьць уваскрасеньне
такі подзьвіг
а ў выніку
рутына заўсёднасьці
гэта не для цябе, дзядзька, не для цябе

фанабэрыя кроў сквапнасьць
тыранія полавай жарсьці
пакуты спрычыненыя жанчынай

таямніца часу
свавольствы прасторы

падумай, памерлы, падумай яшчэ раз
ты што, ня памятаеш, як усё было?
пры найменшых праблемах ты лаяўся
па мацеры налева й направа

усё цябе раздражняла
у цябе не было сілы вытрываць
нават прысутнасьці ўласнага ценю

дзіравая памяць, стары, дзіравая памяць!
тваё сэрца было нагрувашчаньнем гломазду—
цытую ўласнаручна табой напісаныя словы—
а ад душы засталіся адно ўспаміны

нашто ў такім выпадку вяртацца ў Дантава пекла?
каб паўтарылася камэдыя?
дзе ўжо там боская! яшчэ якой трасцы!

сьветлавыя ракеты-прывіды
прынада для спакусных какетак
гэта дык сапраўды была б дурасьць
радуйся, памерлы, ты шчасны
у магіле нічога табе не бракуе
сьмейся з каляровых рыбінак

алё — алё, ты мяне чуеш?
кожны б на тваім месцы аддаў перавагу
любові зямлі
перад пяшчотамі якой-небудзь панылае прастытуткі
кожны хто мае галаву на плячах
калі толькі ён не прадаў душу д’яблу

сьпі спакойна хлопча сьпі спакойна
ня трэба чарвякоў сумневу
пан і гаспадар ува ўласнай дамавіне
у спакоі дасканалае ночы
вызвалены ад поўсьці і плоці
як быццам цябе ніколі і не будзілі

нізавошта не ўваскрасай
у цябе няма падстаў нэрвавацца
як сказаў паэт
у цябе яшчэ ўся сьмерць наперадзе

 

З кнігі “Маі маі пэні” (1991)

“Маі маі пэні” ў мове індэйцаў мапучу азначае штосьці накшталт “бывай здароў, браце”. Гэтымі словамі Парра скончыў сваю доўгую імправізаваную прамову ў Гўадаляхары (Мэксіка) з нагоды атрыманьня прэстыжнай прэміі імя мэксіканскага пісьменьніка Хуана Рульфо. Пазьней Парра апублікаваў гэтую прамову ў выглядзе кніжкі вершаў. (Заўвага перакладчыка.)

БЫВАЙ ЗДАРОЎ, БРАЦЕ

Я б схлусіў калі б сказаў, што я ўзрушаны

Траўматызаваны — вось дакладнае слова
ад паведамленьня аб прэміі
я разявіў рот
і наўрад ці калі-небудзь яго ўжо закрыю


Бачыце?

хтосьці тут кажа
што ляўрэат ня варты прэміі
яму маўляў бракуе колькасьці й якасьці
існуе прынамсі тузін
лепшых за яго кандыдатаў
і я з гэтым цалкам згодны

я здаю сабе справу
што гэтую прэмію далі ня мне
а ўсёй чылійскай паэзіі
і я атрымліваю яе з усёй сьціпласьцю
ад імя ўсіх безыменных паэтаў


Адна адзіная заўвага

Калі гаворка ідзе пра прэмію за маўчаньне
як, мне здаецца, у маім выпадку,
дык ніхто не заслугоўвае яе > за мяне
я самы нешматслоўны з усіх
я ўжо столькі гадоў нічога не публікую

я лічу сябе
наркаманам белай старонкі
якім быў, мабыць, і сам Хуан Рульфо,
каторы адмаўляўся пісаць
> чым было неабходна


Што я зьбіраюся рабіць з такімі шалёнымі бабкамі?

перадусім здароўе
на другім месцы
рэканструкцыя Вежы са Слановай Косьці
якая была зруйнаваная землятрусам

самамадэрнізацыя з дапамогай нутраных імплянтатаў

і інваліднае крэсла супраць мух…


Ворагі паэзіі

будуць вымушаныя прасіць у нас прабачэньня на карачках
цяпер несумнеўна
што змагацца супраць прозы магчыма:
папялушцы прыгожага пісьменства паэзіі
няма ў чым зайздросьціць сваім зводным сёстрам

зь ёю ўсё ў парадку
на думку праведных і грэшных
спадароў Фукуямы
Гамбровіча
Стэндаля
Плятона й кампаніі зь неабмежаванай адказнасьцю


Гішпанская — мёртвая мова

у лепшым выпадку перад здыхатою
вось чаму Рульфо стварыў свайго “Дон Кіхота”
ў мове XVI-га стагодзьдзя


Гідэальная дзяржава будучыні

адменіць літаратурныя прэміі
мы ж вам не скакавыя коні
на аднаго да сьмерці вам вінаватага
колькі безь віны пакрыўджаных…


Падтрымліваю геніяльную ідэю

Рыкардо Сэррано
які прапаноўвае ўзьняць у тры разы
велічыню прэміі Хуана Рульфо
ў галіне ібэраамэрыканскай літаратуры

праўда, з умовай,
што ейнае дзеяньне будзе і рэтраспэктыўным


Згодны

Alle Kultur nach Auschwitz ist Mull
перакладаю
уся культура пасьля Асьвенціма—
гэта…
сьмецьце…
ну, скажам… амаль уся, спадар Адорна

Маўчаць, курва!

2000 гадоў брахні — больш чым дастаткова!

 

ЭПІТАФІЯ

Была я Люся Алькаяга,
а стала – Габрыэля! Містраль!
Спачатку далі мне Нобэлеўку,
Дзяржаўную толькі пасьля.

Хаця я цяпер нябожчыца,
мне б тут весялей ляжалася,
калі б я была яшчэ Прэміі
горада дачакалася.

 

НУ Й ЗАСТАВАЙСЯ З СВАІМ БОРХЭСАМ

ён табе прапаноўвае згадку аб жоўтай кветцы
бачанай на сутоньні
калі цябе яшчэ й на сьвеце не было
цікава халера вельмі цікава
а вось я не абяцаю табе нічога
ні грошай ні сэксу ні паэзіі
самае большае што я табе магу прапанаваць — гэта ёгурт

 

Пераклаў з гішпанскай Макс Шчур, 2005, 2018

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Я ўжо не пішу вершаў
вершы — гэта лухта
Аднойчы адна жанчына мне сказала,
а мы, тыя, што ня пішуць,
нам што рабіць
Як выгаварыцца

Пераклад:
Макс Шчур

Да кожнай няўдачы
я магу ставіцца толькі як да частковага вызваленьня
Вызваленьня ад забабонаў ад марных намаганьняў
ад фальшывых абавязкаў прымусу
ад перасьцярог страху трывогі і сораму
ад крывадушнасьці і гвалту над сабой
ад самападману няпраўды і хлусьні

Пераклад:
Макс Шчур

У часіну свайго нараджэньня яна рассоўвае ногі, не разумеючы сэнсу сваёй позы, прызначанай дарыць сьвятло, зямлю, агонь, паветра, але потым чалавеку рупіць зноў увайсьці ў гэтую клятую похву, пасьля таго як я паспрабавала нарадзіць сябе сама, выцягнуўшы сваю галаву праз сваё ўлоньне (а як што не змагла, то шукаю сьмерці і ўваходу ў сьмярдзючы бярлог схаванай ахоўніцы з функцыяй пахаваньня) я пра похву, пра сьмерць

Пераклад:
Макс Шчур

Мой язык, мая кроў да апошняй часьціны створаныя з тутэйшага паветра,
зямлі,
я народжаны тут ад бацькоў народжаных тут ад
іхных бацькоў і гэтак далей,
сёньня мне трыццаць сем, я здаровы як вол, я пачынаю сьпеў
і спадзяюся да сьмерці не перастаць.