Дно пекла

паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

Паэт

Паэт пакутуе за родны кут
зь 10 да 13.20
аб 11.10  яго прыпірае
выходзіць
расшпільвае прарэх
зашпільвае прарэх
вяртаецца керхае
і апяць
пакутуе за родны кут

 

Субота

Божа які файны вечар
столькі піва столькі гарэлкі
а потым п’янае бадзяньне
за кулісамі гэтага раю
між столікамі
і барнай стойкай
я адчуваў як вызваляюся
ад лішку энэргіі
якой надзяліла мяне маладосьць

магчыма
я мог выкарыстаць яе інакш
напрыклад напісаць 4 рэпартажы
пра пэрспэктывы разьвіцьця малых мястэчкаў
але
мне да сракі малыя мястэчкі
мне да сракі малыя мястэчкі
мне да сракі малыя мястэчкі

 

Туфелька

Дзеці мілейшыя за дарослых
зьвераняты мілейшыя за дзяцей
кажаш што разважаючы падобным чынам
мушу дайсьці да сьцьвярджэньня
што наймілейшая для мяне інфузорыя-туфелька

ну і што

інфузорыя мне мілейшая
за цябе чмо

 

Казанова

Джузэпэ Казанова
якому так зайздросьціш
зусім ня быў багатым
і дужым ня быў таксама
ў ягоны час
было шмат мужчын ня менш прыгожых
чым ён
і нават прыгажэйшых
але ён быў далікатны
чульлівы
галянтны
і заўжды заваёўваў
хаця іншым разам
мог бы і бяз гэтага дасягуць мэты
таму калі хочаш
быць як ён
заваёўвай сэрцы жанчын
і ня бойся цяжкасьцяў
пачні з уласнай жонкі

 

Надзея

Калі нам удасца тое, што мы задумалі
і ўсе сонцы, выгадаваныя ў вазонах
нашых прыватных размоваў
і местачковых розумаў
асьветляць шырокі далягляд
і ня трэба ўжо будзе казаць, што мы геніі

бо іншыя скажуць гэта за нас
і німбы
вясёлкавыя німбы
…эх што я вярзу
Сябры калі нам гэта ўдасца 

Набухаемся як сьвіньні

 

Вульгарны сілагізм

На халяву нічога добрага не атрымаеш
заход сонца на халяву
таму ён ня клёвы
але каб забляваць сарцір першакласнага рэстарану
мусіш заплаціць за гарэлку

ergo
сарцір клёвы
а заход сонца не

скажу вам хлусьня гэта

я бачыў заход сонца
і прыбіральню ў начным рэстаране

асаблівай розьніцы ня бачу

 

Жалобная прамова

Ціхі работнік
патрэбны месту як чыстае паветра
стойкі і цярплівы
які не патрабуе пашаны
сумленны і адказны
непахісны
высакародны
герой

(гаворка пра асэнізатара
які выпадкова патануў у лайне)

 

Сьмерць матулі

хліп...
хліп...
хліп...
...хляп...
...хляп...
...хляп...
хлюп...
хлюп...
хлюп...
... – мама дай мне бутэрброд з сырам
... – няма матулі, сыночак
ніхто не прынясе бутэрброда з сырам

 

Даносчык

...маю
...маю
...маю
          цеў бы
          цеў бы
          цеў бы
той таго
той таго
той таго
- Спадар начальнік калі калега спусьціў споднікі
ў прыбіральні я заўважыў што ў яго задніца адлітая
з бронзы

 

Любоў

Толькі рабі так каб не было дзіцяці
Толькі рабі так каб не было дзіцяці

Гэтае няіснае немаўля
як парастак у галаве нашай любові
купляем яму адзежкі ў аптэках
шапіках з тытунём і паштоўкамі
зь відарысамі гор і азёраў
дбаем пра яго больш чым калі б яно існавала
але ўсё адно
                      ...а-а-а
                         бясконца нам плача капрызіць
тады трэба распавесьці яму гісторыю
пра дакладныя шчыпцы
дотык якіх зусім не балючы
і не пакідае сьледу
тады яно супакойваецца
ненадоўга
                нажаль  

 

***

Доктар Ц. багацей і цудатворца
усяго дасягнуў саматугам
(цяжкае дзяцінства саматужкі
гімназія саматужкі
медычная адукацыя саматужкі
віла камфортнейшая, чым нябёсы
і два аўто прыгажэйшыя, чым зоркі
таксама саматужкі)
калекцыянуе абрубкі
такіх сабе чувакоў бяз рук і ног
мае іх 22
то бок двойчы па 11
кажа
гайда хлопцы сёньня вучымся гуляць у футбол
– у нас няма ног – хрыпяць інваліды
– лухта – моршчыцца доктар
я праз усё жыцьцё ішоў саматужкі
саматужкі цуды зьдзейсьніць можна
і падміргвае санітару былому сяржанту ў адстаўцы

паўгады цягнуліся трэніроўкі ў санаторыі за калючым дротам

ня ведаю ці вырасьлі ў іх ногі
ня ведаю як гэта выйшла
але бачыў увесну іхні матч
хлопцы гулялі ў футбол так што ух!

 

Дно пекла

на дне пекла
людзі квасяць капусту
і пладзяць дзяцей
кажуць: я пякельна стаміўся
альбо: учора быў пякельны дзень
кажуць: мушу вырвацца з гэтага пекла
і абдумваюць уцёкі на іншую дзялянку
па новыя нязнаныя непрыемнасьці
урэшце ніхто іх пра гэта ня просіць
яны й самі дастаткова дасьведчаныя
каб верыць што можна разарваць кола
а маглі б як тыя пенсіянеры
якіх почасту падгадоўваюць у кватэрах
(прыблізна адзін стары на дзьве лесьвічныя клеткі)
кормяць манкай
падмываюць калі ўзьнікне патрэба
маглі б застыць у прарочым жэсьце
з узьнесенымі над галавой рукамі

але ж навошта
вытоптваць дно пекла
упартымі памкненьнямі
цалкам усьведамляючы іх марнасьць
але
ах, які ж ад гэтага кайф

 

Добры чалавек

Чалавек больш схільны да добрага, чым да ліхога.
Але яму ня спрыяюць умовы.

Бэртальд Брэхт

на беразе з вудою
сядзіць добры чалавек
з вачыма блакітнымі як у старое авечкі
паплавок б’ецца цішэй за сэрца
у няспынных зьнікомых
каламутных ільсьністых хвалях

блаславёная хваля якой не вярнуцца

чалавек ён добры і ціхі
у 17 гадоў
апрануты ў форму жаўнера
забіў ў альпах стрэлам у жывот
маладога італьянца
прамяністага як Давід

блаславёная хваля якой не вярнуцца

калі меў 22
ударыў нажом мужчыну
выліў зь яго літр крыві
заліў у сябе 100  літраў гарэлкі
ўсё праз даўганогую дзяўчыну
якая стала потым ягонай жонкай

блаславёная хваля якой не вярнуцца

калі меў 30
зьняможаная галечай і праклёнамі
уцякла ад яго жонка
з чорнавалосым матацыклістам
майстрам “сьцяны сьмерці”
некалькі метраў над зямлёй
кружляў па вэртыкальнай сьцяне
акурат з гэтае вышыні
упала Марыя

блаславёная стакроць блаславёная
хваля якой не вярнуцца

ад суседаў жыдоў
пераробленых потым у парашок
застаўся яму кошык старое бялізны
ад сыноў: адсутнасьць вестак
ад жонкі: залацістая мяккая пасма валасоў

ён добры чалавек
у блакітнай джынсавай кашулі
скурчаны як краб
абыякавы да ўсяго
назірае за паплаўком
на ільсьністай хвалі

 

Добры псіхіятр (Ветрааэратэрапія)

Спачатку было так як я і думаў
біцьцё
ледзяны душ
сьмярдзючае таварыства
узьнёслых рукадзельцаў з правінцыі
пакуль не прыйшоў добры псіхіятр
ён не задаваў нам дурацкіх пытаньняў
ня зьдзекваўся

на доўгіх доўгіх вяроўках
дазволіў нам над садам лунаць на волі
вяроўкі былі даўжэйшыя за вышыню
найгалавакружнейшых для нашай уявы межаў

ах як добра было нам
доктар яшчэ і заахвочваў
вышэй вышэй дзеткі
ах як добра было нам

метад гэты называецца
ветрааэратэрапія
вет-ра-аэра-тэ-ра-пія
ветра-тра-пія
аэ-ра-пія
пія! пія! пія!

 

Размова з паэтам

Як перадаць у вершы водар…
мабыць, ня проста словам
увесь верш павінен пахнуць
і рытм
і рыма
павінныя мець тэмпературу мядовай паляны
а кожны рытмічны скачок – 
нешта ад дыханьня ружы
перакінутай праз агонь
мы размаўлялі ў поўнай гармоніі
пакуль я не сказаў:
“калі ласка, вынясі гэтае вядро,
бо жахліва сьмярдзіць сцакамі”
можа гэта было і нетактоўна
але я ўжо ня мог болей трываць.

 

Функцыя паэзіі

Паэзію нельга адрываць ад жыцьця
Паэзія жыцьцю павінна служыць

Таму хатняя гаспадыня павінна:

выцерці                 пыл
вынесьці               сьмецьце
вымесьці               з-пад ложка
выбіць                   дыван
накарміць             дзіця
схадзіць                у краму
паліць                    кветкі
натапіць                печку
прыгатаваць        абед
вымыць                 посуд
прапаласкаць      шклянкі
выпраць                пялюшкі
зашыць                 споднікі
прышыць              гузік
зацыраваць         шкарпэткі
запісаць                расходы

і яшчэ
зрабіць
тысячыіншыхсправаўпра-
якіянямаемніякагаўяў-
леньня

а потым чытаньне вялікіх рамантыкаў
і ў лю-лю…

 

***

які прыемны і разумны чувак
напраўду разумны
ня з тых ганарыстых
разумнікаў
што ў кожнай размове затычка
такія выкшталцоныя і далікатныя
анатомію ягонага твару
выдавалі зьлёгку напружаныя
вусны:
каб больш разумна і ветліва казаць
вочы:
каб больш уважліва і далікатна мяне слухаць
о, тааак…
ну як было ня плюнуць яму ў морду

 

Навука хаджэньня

Столькі меў я цяжкасьцяў
са звыканьнем да закону прыцягненьня
думаў калі нарэшце стану на ногі
схіляць перада мной галовы
а яны – па мордзе
ня знаю ў чым справа
намагаюся па-геройску ўтрымліваць раўнавагу
і нічога не разумею
“дурань” кажуць мне дабразычліўцы (найгоршы гатунак гнюсаў)
“у жыцьці трэба паўзьці паўзьці”
тады кладуся на жывот
анёльска-дурнавата выпінаю задніцу ўгару
і спрабую
ад пантофліка да сандаліка
ад боціка да чабатка
вучуся хадзіць па сьвеце

 

Пэдагогіка

Зь дзецьмі трэба строга
замест плашча шмацьцё
              адзень шмацьцё
              зашпілі шмацьцё
              беражы шмацьцё
гэтае шмацьцё мая праца
мае мазолістыя рукі
гэтае шмацьцё
мае страчаныя ілюзіі
мая няспраўджаная місія
маё зламанае жыцьцё
мая мёртвая пэрспэктыва
ўсё праз тое шмацьцё
              адзень шмацьцё
              зашпілі шмацьцё
беражы шмацьцё

 

Удзячная малітва з папрокам

Не зрабіў мяне сьляпым
Дзякуй Табе за гэта Божа

Не зрабіў мяне гарбатым
Дзякуй Табе за гэта Божа

Не зрабіў мяне дзіцём алькаголіка
Дзякуй Табе за гэта Божа

Не зрабіў мяне імбэцылам
Дзякуй Табе за гэта Божа

Не зрабіў мяне заікай кульгавым карлікам эпілептыкам
гермафрадытам канём імхом нічым іншым з фаўны і флоры
Дзякуй Табе за гэта Божа

Але навошта зрабіў мяне палякам?

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур, Сяргей Прылуцкі

Пэдагогі гадаюць, цікавіцца вуліца:
ці раскрыецца хлопчык аднойчы, як вустрыца?

Пераклад:
Сяргей Прылуцкі, Макс Шчур

Побач з рыбамі хачу крычаць,
жаночыя прынады,
якімі мне распаролі жывот
ад шчэлепаў да хваста.

Пераклад:
Макс Шчур, Сяргей Прылуцкі

Таго, што здольны вырабляць Цыклёп,
агораць Чалавецтва не змагло б,
ды ён ня мае аднаго трафэя:
Цыклёп па-людзку гаварыць ня ўмее.
Па гвалтам падпарадкаваным краі,
па трупах і ня трупах, што ў адчаі,   
як гаспадар, ён крочыць, рукі ў бокі,
ды з вуснаў бздуры выпускае толькі.

Пераклад:
Макс Шчур, Сяргей Прылуцкі

Папа Рыгор, адзін, шаптаў яму праклён,
а імпэратар – зьзяў на цэлы сьвет, чый цэнтар
быў там, дзе імпэратар. Новы Рым паўстаў
на іхным супрацьпастаўленьні – «так» і «не»
верных супернікаў.