Два апавяданні

проза, беларуская мова

З літаратурнага праекту “Апранутыя апавяданні”

БАРЫСАЎ

Майкл жыве ў амерыканскім горадзе Прово, у штаце Юта, і ён праваслаўны, адзіны праваслаўны ў горадзе і штаце мармонаў. Майкл апынуўся ў Амерыцы з дапамогай бацькі, Барыса Барысавіча Барысава, які эміграваў з савецкай Расіі і, закахаўшыся ў гэтае мястэчка, знайшоў сабе жонку польку і застаўся тут жыць.

Барыс Барысавіч даў свайму нованароджанаму сыну імя Міша, па-амерыканску Майкл, пахрысціў супраць волі жонкі ў праваслаўе і трагічна загінуў на заводзе.

Майкл не любіць мармонаў, яны палохаюць яго сваім фанатычным стаўленнем да веры, дзіўным бляскам вачэй і цытаваннем сумніўных тэкстаў. Але што тут паробіш, Майкл любіць гэтыя мясціны, таму пераязджаць не збіраецца. Ён працуе шаўцом і, да таго ж ён выдатны муж. Дакладней, ён быў му жам, пакуль жонка не падалася ў мармонства і не паставілася з крайняй нецярпімасцю да жадання Майкла заставацца праваслаўным. Яны развяліся, і цяпер яна часам трапляецца яму на вуліцы ў асяроддзі такіх жа, як яна, бела-чорных мармонаў з ідыёцкімі ўсмешкамі на тварах. Майкл не ўтойвае крыўды на жонку.

Ён апрануты ў карычневыя штаны з шырокімі чорнымі шлейкамі. І носіць ён іх, па-дзядоўску нацягнуўшы на плечы шлейкі так высока, што з-пад штаноў выглядаюць не толькі ягоныя шэрыя шкарпэткі, але і лыткі. Так што Майкл для сваіх сарака гадоў смешны і нязграбны.

Але не ўсё ў ягоным жыцці так смешна і нязграбна, варта толькі спытаць пра тое, чым ён займаецца ў вольны ад працы час, як гэты чалавек змяняецца на вачах і пачынае вам прамаўляць незнаёмыя для вас словы, распавядаць пра металы і іх злучэнні, нажы, пра мячы і дзіды, лёзы.

"Spyderco, Benchmade, Boker, класічныя нажы Бекер, Спідлок, Топлок Суперлайнер, Magnum, ферум, плюмбум, магній, дрэва, пластык, швейцарскія нажы, калекцыйныя корцікі, сцізорыкі, самурайскія мячы, шашкі, шаблі…" На тэму халоднай зброі Майкл можа размаўляць без стомы. Развод з жонкай не прайшоў бязбольна, вечарамі ён пачаў даставаць сваю калекцыю нажоў, далікатна пагладжваючы, вастрыць іх, ён стаў рабіць сабе невялікія парэзы на ўнутраных паверхнях рук і сцёгнаў, парэзы на грудзях і жываце. Майкл імкнуўся не пускаць сабе кроў, толькі чакаў, калі выступяць некалькі кропель. У Майкла, як сказалі б лекары, развівалася посттраўматычная стрэсавая шызафрэнія.

Самабічаванне такога кшталту дало яму пэўную свабоду, ператварыўшы ягонае жыццё ў больш дынамічную і жывую субстанцыю.

Ён стаў часцей усміхацца людзям, і ягоныя кліенты пачалі знаходзіць у ім цікавага суразмоўцу, чакаючы ў чарзе, калі ён адрамантуе іх абутак па тэрміновай замове. Ягоныя парэзы сталі ранішнім і вячэрнім рытуалам, іх колькасць расла, яны станавіліся глыбей, і Майкл ужо не ўяўляў сабе жыцця без гэтага. Ён нарэшце звярнуў увагу на свой знешні выгляд і прыйшоў да высновы, што людзі, пэўна, лічаць яго звар'яцелым праваслаўным рускім, таму што ягоныя штаны на шлейках, лыткі і шэрыя шкарпэткі ў стаптаных чаравіках былі падобнымі хутчэй да вопраткі мясцовага алкаголіка. І Майкл змяніў свой гардэроб, да новай ніжняй бялізны і новага пледа для канапы. А штаны са шлейкамі, некалькі кашуль ды саколку ён здаў у царкву, якая знаходзілася ў Солт-Лэйк-Сіці, найбуйнейшым горадзе ягонага штата, пасля чаго, атрымаўшы блаславенне ад пастара, вярнуўся дахаты.

Майкл, дажыўшы да сямідзесяці гадоў, пакінуў у спадчыну свой бізнэс адзінаму сябру, арабу, які гандляваў садавіной і гароднінай з латка побач з ягонай майстэрняй "Рамонту і пашыву абутку".

Шлейкі і штаны дасталіся Жэку, маладому лысагаловаму хлопцу родам з беларускага горада Барысава, вядомага дзвюма сваімі рэчамі: праз гэты горад збег ад наступу рускіх Напалеон і, як дагэтуль вераць, згубіў там, пад вёскай Студзёнка, свае нарабаваныя скарбы ў рацэ Бярэзіне. Але Жэка не ў курсе гэтага, ён нарадзіўся ў Барысаве, але пражыў там усяго першыя тры гады, пасля чаго шчасліва пераехаў з бацькамі ў Менск і пачаў расці ў адным са шматлікіх гарадскіх двароў, гуляючы ў хованкі, у машынкі, у казакі-разбойнікі, цягаючы дзяўчынак за валасы, а потым на знак прымірэння прымаючы ўдзел у іхніх гульнях – "У дочкі-маці" і "У краму". Ён рос, сталеў, гульні мяняліся, на змену дзяцінству прыйшлі падлеткавыя гульні "ў бутэлечку", на распрананне, літр-бол. Але Жэка заставаўся вельмі старанным хлопцам, які імкнецца ў жыцці да сваіх мэт, і суседзі часта ставілі яго ў прыклад сваім дзецям, маўляў, Жэка з трэцяга пад'езда вунь які цудоўны і прыстойны, плаваннем займаецца і вучыцца ў нядзельнай школе "Добрая вестка".

Магчыма, Жэка б так і прайшоў праз усё сваё жыццё, дасягаючы вызначаных мэт, стаўшы, як ён і планаваў, хірургам, з медалём ад прэзідэнта "За заслугі перад Радзімай і выратаванне Чалавецтва". Але калі яму споўніўся пятнаццаты год, узрост вельмі складаны і спрэчны для юнакоў, ягоныя старыя суседзі з'ехалі і засяліліся новыя – эмігранты з Туркестана: трое сталых мужчын, дзве жанчыны і дзяцей штук адзінаццаць, усе яны засяліліся ў, падавалася, зусім не прасторную і не гумавую чатырохпакаёвую кватэру.

Нішто не магло змяніць Жэку, але як толькі туркестанцы засяліліся, ягонае жыццё ператварылася ў пекла, вакол стала брудна, смуродна і шумна, "вакол", маецца на ўвазе, па ўсім двары.

Жэка адкрыў у сабе новыя пачуцці, ён раптам выявіў, што ў ім бурляць, прарастаюць і не даюць спакою, сплятаючыся, нібы змеі, карані расавай нянавісці.

Насамрэч гэтыя эмігранты з Туркестана былі цалкам прыстойнымі і выхаванымі людзьмі, якія старанна працавалі і вучыліся, і добра размаўлялі як па-руску, так і па-беларуску. Але Жэка не мог іх нават бачыць. Невядома ад якога агню закіпала ягоная кроў: калі ён бачыў гэтых смуглявых, чорнавалосых і чарнавокіх людзей, ягоная славянская знешнасць барвовела ад злосці.

Жэка іх і пальцам не чапаў, у ягонай галаве быў іншы план. З суседзямі ён усё зрабіў хітра. Ён вывучыў усю неабходную расісцкую літаратуру, а кнігу Гітлера "Майн кампф" прачытаў нават двойчы. І, як звычайна бывае з людзьмі педантычнымі і мэтанакіраванымі, усе ягоныя сілы накіраваліся на развіццё сваіх нацысцка-расісцкіх пачуццяў і ідэй. Ён вылічыў, што ягоны род выключна беларуска-польскі, пагаліў галаву, купіў чаравікі Doc Martens, збіў шасцярых габрэяў у суседнім раёне (насамрэч ён не ведаў дакладна, габрэі яны ці не), і тады павязаў свае боты белымі матузкамі, купіў куртку-пілот і стаў сапраўдным ворагам не толькі сваім суседзям, якія праз год з'ехалі з гэтай кватэры, а і мінакам.

Жэка значна прасунуўся ў сваёй справе, за год збіў яшчэ восем чалавек, усіх у чужым раёне, і абзавёўся сваёй уласнай бандай. Ён адзначыў сваё сямнаццацігоддзе тым, што п'яны збіў да паўсмерці двух чарнаскурых хлопцаў з Нігерыі, якія вучыліся на трэцім курсе медыка-прафілактычнага факультэта Медыцынскага ўніверсітэта.

Вучоба Жэкі ў дзяцінстве ў нядзельнай школе не прайшла дарма, ён яшчэ тады пазнаёміўся з паняццямі “гуманітарная дапамога” і “гуманітарная вопратка”.

У Менску звычайна складана было знайсці танныя, але якасныя шлейкі – неабходны атрыбут, які падкрэслівае скін-хэдства, і Жэка, прыстойна апрануўшыся, наведваў раз на два тыдні пастара Ігната, ягонага былога настаўніка, для таго каб знайсці пэўную вопратку і, калі пашчасціць, адшукаць патрэбныя “крутыя” шлейкі.

Яму сапраўды аднойчы пашчасціла, ён знайшоў амаль новыя шлейкі Майкла, сына Барыса Барысавіча Барысава, рускага эмігранта. Жэка ўжо ў сваім пакоі зняў шлейкі са штаноў, штаны выкінуў, прычапіў шлейкі да джынсаў, спусціў і знік у змрочным горадзе.

А на наступны дзень у чатырохпакаёвую кватэру, якая пуставала, засяліліся новыя суседзі – кітайцы.

МІЗАНТРАПІЧНАЯ БЕЗВЫХОДНАСЦЬ

Карней ужо ў трэцім пакаленні жыве ў Менску. Хоць ягоная бабуля Грыпіна зноўку вярнулася у Пінск, род Карнея заўсёды ганарыўся сваім гарадскім статусам і гарадскімі манерамі. У любым вялікім горадзе заўсёды знойдзецца жменька аднадумцаў, якія лічаць, што яны, гарадскія, вышэйшыя, мацнейшыя і разумнейшыя, чым вясковыя жыхары. Менавіта такія думкі, такія жыццёвыя пазіцыі з'яўляюцца даволі моцным каталізатарам для нянавісці альбо падмуркам для развіцця сацыялістычных ідэй. Карней пагарджаў вясковымі людзьмі.

Карней – неўладкаваны ў гэтым свеце, і не таму, што ў яго штосьці не атрымліваецца, проста ён – гэта ён, Карней, чалавек-мізантроп, які ненавідзіць не толькі людзей, але і жыццё. І замест таго, каб спрабаваць змяніцца ці зразумець гэты бессэнсоўны і дурны (для яго) свет, ён топіць ва ўласнай жоўці ўсе свае пачуцці, і на свет з ягоных вуснаў нараджаюцца толькі роспач і шчырая, безвыходная нянавісць.

Карней светлавалосы, хударлявы, зачэсвае сваю доўгую брудную шавялюру назад, на манер гангстараў часоў сухога закона. Але гэта ён так лічыць, што зачэсвае яе па-моднаму, па-гангстарску. Насамрэч яму гэтая фрызура не пасуе, таму што падкрэслівае худнечу скул, а лоб робіць пукатым, з-за чаго на яго становіцца вусцішна глядзець. Ягоны твар наганяе жах і агіду, быццам гэты чалавек зжарэ цябе жыўцом не задумваючыся ці вырыгне на тваю галаву праклёны.

Такім быў Карней у свае трыццаць. Ягоныя плечы схіліліся да зямлі, ногі сталі валачыцца за целам, рукі – увесь час трэсціся.

Ён нідзе не працуе, не вучыцца і ўяўляе, што ён геній ува ўсім, за што ні возьмецца, але ён ні за што не бярэцца. Карней косіцца на ўсіх з-пад ілба і кожнаму сустрэчнаму спрабуе распавесці пра тое, як свет прагніў і як яму цяжка жывецца, пра тое, як даводзіцца ўвесь час змяняць кватэры і падзяляць іх з усялякімі алкаголікамі і звар'яцелымі людзьмі, але што паробіш, на ўласныя грошы ён адзін кватэру не пацягне, таму яму даводзіцца пакутаваць з усялякімі невыноснымі сужыцелямі. А з бацькамі жыць абрыдла…

А насамрэч не такія кепскія ягоныя сужыцелі, як ён кажа. Карней убіў сабе ў галаву, што ўсе людзі – бясталентныя жывёлы, усе людзі – проста вырадкі, свет – у безвыходным і абсурдным стане.

Калі Карнею споўнілася трыццаць два, ад яго адвярнуўся нават самы стары і адданы сябар, якога Карней ужо гэтулькі год крыўдзіў, праклінаў і ненавідзеў. Карней раптам сеў за кухонны стол, акінуў поглядам чарговую кватэру, з якой ён з'язджаў з-за сваіх сварак і п'янак. Паглядзеў на аблезлыя сцены, кухонны стол, строс у кубак з-пад гарбаты цыгарэтны попел, узяў тэлефон, хацеў набраць сябра і раптам зразумеў, што сябра ў яго больш няма, што няма нікога, акрамя бацькоў, што ўвесь свет павярнуўся да яго спінай, ён дагуляўся ў свае мізантрапічныя гульні.

Ён раптам упершыню ў жыцці паглядзеў на сябе звонку: сталыя сваркі з усімі вакол, п'янства, неўладкаванасць, нянавісць да свету і людзей, нянавісць да ўсяго жывога.

Дурныя думкі пра тое, што ён не ўпісваецца ні ў адно асяроддзе, ні на адной працы, ні ў адной кампаніі. Ён раптам усвядоміў, што раней было так прыемна думаць пра тое, што ты адзіны ў свеце такі непаўторны, а ўсе астатнія – чарвякі, якія не вартыя твайго мезенца.

"І што цяпер? – пачуў Карней свае думкі. – Што зараз рабіць без іх – сяброў?"

Не тое каб яму стала сумна ад гэтых думак, а проста неяк няўтульна ўсярэдзіне, сэрца яго не завагалася, толькі нуда прымусіла набраць нумар адной дзяўчыны, з якой ён пазнаёміўся тыдзень таму на вуліцы, яна тады была п'яная, і ён адвёз яе да сябе дахаты, дзе яны да раніцы займаліся сексам. Карней тады вырашыў, што хоць яна і звар'яцелая дурніца, затое з ёй весела.

Ён набраў яе нумар, запрасіў прыехаць да яго, выпіць піва, таму што з раніцы яго ўжо не будзе ў гэтай кватэры, і хутчэй за ўсё яму давядзецца перабрацца да бацькоў на вуліцу Каліндава, каб нейкі час там пажыць. Дзяўчына паслала яго ў дупу, таму што яна добра памятае, як ён яе гвалціў усю ноч, яна пазвоніць у міліцыю, калі ён яшчэ раз патэлефануе ёй.

Карней пачуў гудкі ў мабільніку і раптам упершыню ў жыцці падумаў, што, можа быць, не свет агідны, а ён сам такі, вось і ўсё?! Але гэтая думка была настолькі ж мімалётнай, як і само імгненне Быцця. Ён проста паслаў гэтую дзяўчыну, разарваўшы кухонную цішыню праклёнамі. Пакінуў на стале ключы, сабраў торбу і захлопнуў дзверы, назаўжды развітаўшыся з чарговай здымнай кватэрай.

І, распусціўшыся ў начным горадзе, ён да раніцы піў гарэлку з бамжом на прыпынку грамадскага транспарту, распавядаючы таму пра сваё жыццё, пра тое, што: свет – злосны, людзі – скаціны, на працы яго ніколі не ўспрымалі сур’ёзна, ён нават ва ўніверсітэце з-за гэтага не давучыўся, ён ненавідзіць свет, сябры – дурні і ідыёты, а ён самотны і ўсімі пакінуты. З бамжамі заўсёды можна знайсці супольную мову, яны гатовыя слухаць цябе не перабіваючы, услухоўвацца ў твае словы і адначасова чакаць сваёй дармовай чаргі пажывіцца гарэлкай. Табе можа здавацца, што яны цябе слухаюць, а насамрэч яны глядзяць табе ў рот у чаканні спіртнога.

П'янства Карнея працягвалася да раніцы. А ў абед ён ужо быў у кватэры бацькоў, якія, на яго здзіўленне, не пайшлі на працу і сустракалі яго зусім не радасным, а нават расчараваным поглядам. У Карнея паўстала адчуванне, што ў бацькоўскай кватэры яго таксама не чакаюць.

Карней усвядоміў, наколькі бессэнсоўна і нячула ён пражывае жыццё, бо ён так і не навучыўся, ні каханню, ні радасці, ні мудрасці, ён умее толькі ненавідзець…

Пражыўшы невылазна два месяцы ў бацькоўскай кватэры, ён нарэшце выйшаў на вуліцу і, прагуляўшыся вакол суседскіх дамоў, раптам знайшоў пратэстанцкую царкву, на якой была шыльда – “Добрая вестка”.

Трэба заўважыць, што Карней за гэтыя два месяцы, акрамя таго, што прачытаў тры кнігі, нічога не зрабіў, але яго наведала адна вельмі істотная думка, якая магла б змяніць ягонае жыццё ў самым корані. Ён вырашыў, што яму неабходна знайсці Бога, хоць ён і атэіст, але яму сапраўды варта пашукаць апоры ў веры, таму што мізантрапічная безвыходнасць з'ядала яго знутры, і ён стаў асцерагацца за сваё жыццё.

Карней палічыў гэтае адкрыццё прадпісаннем лёсу і, адчыніўшы ўваходныя дзверы, апынуўся ў прахалодным і цёмным пярэднім пакоі, у канцы якога гарэла жоўтае святло. Карней пайшоў на святло…

У той дзень пастар Ігнат ужо нікога не чакаў, вечар аўторка ніколі не вылучаўся адмысловымі падзеямі і галоўным чынам належаў асабістым справам царквы. Таму, пачуўшы крокі, пастар Ігнат адарваўся ад запаўнення нейкіх дакументаў і выйшаў насустрач незнаёмцу.

Трэба сказаць, пастар быў злёгку напалоханы тым, што пабачыў: перад ім стаяў згорблены, пастарэлы чалавек, вочы якога спальвалі нянавісцю кожны аб'ект, які трапляўся на шляху. Пастар запрасіў чалавека ў агульную залу для набажэнстваў.

Праз дзве гадзіны Карней выйшаў з царквы вельмі раззлаваны, счырванелы і палаючы жарам нянавісці, не атрымалася знайсці ў пратэстанцтве Бога, але на памяць пра гэту гутарку ў яго засталася белая кашуля ў сінюю палоску, якую пастар Ігнат уручыў Карнею, і белая кашуля ў сінюю палоску, якая раней належала аднаму італьянцу з Турына з імем Альфонса, павісла на спінцы крэсла ў пакоі.

І ўсё, што мы ведаем пра былога ўладальніка кашулі, гэта тое, што ён быў баксёрам у суперлёгкай вазе, але пра яго жыццё нікому нічога не вядома, і мы вяртаемся да Карнея, які ў пошуках Бога зайшоў у тупік.

Праваслаўная царква не дала яму патрэбных адказаў, каталіцкая, на жаль, таксама, а да крышнаізму і будызму ён так і не дабраўся. І вось, здавалася б, чалавек згубіўся ў нетрах уласнай злосці, але толькі не Карней. Ён літаральна за два дні канчаткова пасварыўся з бацькамі, пажадаў ім пакутаваць у пекле і вырашыў шукаць супакою і Бога ў Пінску, спадзеючыся, што бабка Грыпіна яму дасць пакой у сваёй хаце.

Карней сабраў торбу, чарговы раз пракляў бацькоўскі дом, пракляў пераезды, людзей, жывёл і сусвет, апрануў белую кашулю ў сінюю палоску, зачасаў доўгія валасы назад і выправіўся ў падарожжа.

Але ягонае падарожжа мусіла кончыцца на парозе бабулінай хаты, якая, не ведаючы, што ён прыедзе ў Пінск, убачыла яго ў акно і нават не стала адчыняць яму, а на ягоны грук толькі пажалілася на слабое сэрца, ныючыя ногі і ціск, маўляў, "ты, Карней, будзеш мяне старую даймаць сваёю злосцю і жоўцю, едзь туды, адкуль прыехаў, не магу я цябе ўпусціць…"

Карней кінуў у дзверы: "Ты хутка сканаеш, як сабака, і я буду тут жыць, і знайду, нарэшце, сабе супакой" і, павярнуўшыся спінаю да дзвярэй, накіраваўся зноў на чыгуначны вакзал, працягваць сваё менскае жыццё, здымаючы кватэры, ненавідзячы людзей і жалячыся на ўсё вакол. Карней не пераставаў спадзявацца на хуткі скон бабулі, цеплячы ў грудзях надзею на ціхую і ўтульную пінскую хатку, не ведаючы пра тое, што спадчына бабкі Грыпіны ўжо даўно перапісана на ягонага стрыечнага брата Казіка, які жыве ў польскім Беластоку.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

…хлопчыку восем – ён ніяк не можа сагрэць яе сініх ног, яе тонкіх рук; хлопчыку дзевяць – ён не можа абняць гэтыя вузенькія плечы і супакоіць дрыготку ад холаду; хлопчыку дзесяць – ён ужо навучыўся ў сне здымаць саколку, але ўсё ніяк не можа ёю атуліць дзявочыя плечы…

Гэты кіцель прайшоў не адну гістарычную бітву. Бываў ён і ў брудных канавах, і на палянках летніх лясоў, прыпарушаны насеннем кветак. Гэты кіцель любілі жанчыны, да гэтага кіцеля дакраналіся дзеці і на гэтым кіцелі выпускалі апошні свой уздых пратыкнутыя штыком-нажом ворагі.

Адэля з'явілася на свет падчас навальніцы, акурат праз тры дні пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Кажуць, што, калі падарваўся рэактар, дзеці плакалі кожны дзень, быццам адчувалі, што здарылася штосьці непапраўнае.

Я станаўлюся выпадковым сьведкам чужога жыцьця, праз усю нашу блізкасьць — панэльныя сьценкі. Жыву, назіраючы міні-сэрыялы, хоць сам таго і не жадаю. І я адчуваю абсалютную аддаленасьць ад людзей, суседзяў, раённых герояў.