Дзеці ў інтэр’еры

* * *
"Найлепшы твор жанчыны –
дзіця, але і тут
здараюцца графаманкі", –
падумала мадам Ком-Алягер,
падмываючы сыну
цэлюлітную срачку.

СУПОЛЬНАЕ ПЕРАБЫВАНЬНЕ

Калі выпісалі суседку па родах
з маленькай Юлечкай,
на іх месца нікога не паступіла.
Другі ложак застаўся пустым.
І тады мне падумалася,
што да нас падсялілі Багародзіцу,
каб мы не засталіся адны,
каб паказвала, як гушкаць і спавіваць,
каб падтрымлівала парадамі.
Не ведаю, праўда, якую: Жыровіцкую, Іверскую
або Міласьцівую з гары Кікас:
санітарачка гаворыць, яны ўсе "нашыя".
А ў пятніцу
аддзяленьне засталося амаль пустым:
усім, каму было можна,
аформілі выпіску.
Кажуць, іншую радзільню паставілі на рамонт,
парадзіх адтуль будуць прымаць у гэтай.
А я думаю, так кажуць для адводу вачэй
і гэта ўсё – Багародзіцы.
Адасобленыя ад сьвету,
не пакідаюць палатаў,
схіліліся над плястыкавымі люлькамі.
Чанстахоўскай баляць швы;
Траеручніцы зручна сцэджвацца;
Угрэшская ня можа ўтаймаваць немаўля,
бегае на пост па дакорм;
Неапальная Купіна пранесла ў больніцу кіпяцільнік;
Уладзімірская не спускае дзіця з рук, выганяе газікі;
у Корсунскай адышлі воды па дарозе ў Полацак.
Спатольніца Смуткаў засяроджана разглядае
белую пялюшку з казённай пячаткай:
ведае, што плашчаніца
будзе з той самай тканіны.

* * *
Я афармляю балкон у туніскім стылі.
Нехта слушна зазначыць,
што трупы яшчэ не астылі.
Але бачылі б вы, якія ў іх бялюткія вілы!
Нават мёртвы турыст пацьвердзіць,
што гэта міла.
Якія там бэрбэрскія вазы і рымскія тэрмы!
Тэрор забываецца.
Застаюцца патэрны.

Вось Вікторыя, скажам, была каралевай са стажам,
але запомнілася  столікамі з дэкупажам.
Дык ці варта было столькі часу страляць па бурах?
Я набываю бутэлечку кракелюру,
каб усё ў маім доме трэскалася, як зямля Абісініі.

Я фарбую парэнчы балкона белым і сінім.

ДЗЕЦІ Ў ІНТЭР'ЕРЫ

Багдану Задуру і яго трунам зь "Ікеі"

Дзіця да сямі
патрабуе столькі квадратных мэтраў,
колькі мае гадоў.
Скажам, шасьцігадоваму
дастаткова шасьці квадратаў,
але можна абысьціся пяцьцю,
калі фон будзе сьветла-шэрым.

У кут дзіця трэба ставіць побач з таршэрам.
Гэтак яно лепш пабачыць свае правіны.
Новы трэнд асьвятленьня, дарэчы, –
кнот з пупавіны.

Дзіця ў кватэры, канешне, нязручна:
там залезе, тут скруціць,
абавязкова нешта паб'е.
Але ёсьць элегантнае выйсьце –
ператварыць яго ў арт-аб'ект.
Яркі акцэнт,
кампактны, але кідкі.
Навучыць складаць цацкі
ў эстэтычныя пірамідкі.

І, само сабою,
мілыя малюнкі ў рамках –
яны заўсёды бясцэнныя.
Некаторыя адмыслова заводзяць дзяцей,
каб было што павесіць на сьцены.

Так раіць вядомы дызайнэр, а я натую.
Я нешта ўвесь час рамантую.

* * *
Мама зрабіла пакой "для юнага капітана",
ды не заўважае, што карабель – пірацкі,
што ветразь парваны, палуба расхістаная
і балянсуюць на рэі аднаногія цацкі.

Тата майструе мэблю "для маленькай прынцэсы",
ды не здагадваецца, што прынцэса – разбойніца,
што ёй бы ня лялечны, а паляўнічы дамок,
пад ногі – скуру забітага ёй Віні-Пуха,
што ў шафе ціхутка плача палонны рыцар,
а гэтая мілая нянечка заўтра звольніцца.

І пакуль мама з татам глядзяць тэлевізар у залі,
дзеці спускаюцца зь вежаў, высаджваюцца на бераг,
зрываюць сьліняўчыкі, якія ім навязалі,
малююць сваю гісторыю на шпалерах.

***
Уцаркаўленьне младзенца адбываецца пакрысе.
Напачатку ў вушы ялей ліюць немаўлятку,
потым добрая хросная мама ў царкву нясе
і кунае ў купель, трымаючы шчопцю за пятку.

Весяліцца Рэбэка, памнажаецца, як Рахіль,
ён жа ручкай лямпадкі торгае, што бразготкі,
і вось ён ужо ходзіць пешкі пад епітрахіль,
і вось ён ужо Сымбаль Веры выводзіць дрыготка,

і вось ён ужо завіхаецца ля алтара,
і кашулька ў яго срэбная, і грыўка прамая,
і радуйся, Багародзіцэ, і Божа цара...
Але сапраўднае пачынаецца, калі яго паламае,

перакосіць, як бэльку крыжа. Вось тады, быць можа,
зь яго вырасьце паўнавартасны раб Божы.

* * *
Мой сын –
амбасадар усіх дзяцей на зямлі:
пакінутых,
падкінутых,
выкінутых на бераг,
падарваных на мінах,
таго афганскага хлопчыка,
які зрабіў майку Мэсі
з цэляфанавага пакету
і асабліва таго, карэйскага,
зь фільму дзьве тысячы восьмага году.

Тата хлопчыка,
уцёкшы на Поўдзень
заплаціў брокеру,
каб той вывез сына з Поўначы.
Перабягаючы празь мяжу
Кітая з Манголіяй
малы страціў праваднікоў,
загінуў у стэпе,
ня трапіў да людзей,
ня здолеў
выбегчы.

Мая любоў да цябе –
гарачая і неасяжная,
як мангольскі стэп.
І я вельмі хачу,
каб ты выбег.