Дзень Перамогі

проза, беларуская мова, пераклад

Была пятніца, восьмае траўня. Набліжаўся ясны, пагодны вечар, сьвежы і зорны. Марк зь Янам сядзелі пад парасонамі вулічнай кавярні, дапіваючы па трэцім куфлі піва.

Яны пасябравалі адносна нядаўна – крыху больш года назад. На паседжаньні літаратурнай студыі пры рэдакцыі моладзевай газеты. Абодва выявіліся нявольнікамі паэзіі, таму і зараз, пасёрбваючы піва, вялі тую самую бясконцую размову, якая цягнулася між імі ўжо больш году.

– Ну добра, украінскай літаратуры няма. Усе гэтыя тычыны-сасюры даўно паўміралі. Ды і што яны пісалі!.. палка-пытальна непакоіўся Ян. – Другое дзела – расійская літаратура. Асабліва – паэзія.

– Паэзія – гэта заўжды іншая рэч. Ці “другое дзела”, як ты вось толькі што сказаў, - шматзначна падтакнуў Марк і адным духам дапіў сваё піва.

Паглядзеўшы ў пусты куфаль, ён раптам нарадзіў прапанову:

– Слухай, як наконт таго, каб палірнуць?

– Што палірнуць? – Ян, занураны ў сваю выкрывальніцка-пахвальную прамову ў гонар паэзіі, не адразу ўхапіў перамену тэмы. – А, палірнуць? Чаму б і не?

У пажарнай частцы, дзе Марк зарабляў свой хлеб надзённы мастаком-афармляльнікам, акурат сёньня выдалі прэмію за першы квартал, Марк пасьпеў ужо купіць у пэнсіянэра каля вакзала томік Тэкерэя ў добрым стане, таму цяпер ён не пачуваўся абавязаным даносіць да дому і астатнюю рэшту грошай. Жонцы ж заўжды можна сказаць, што прэмію зрэзалі. Таму ён узмахам рукі паклікаў афіцыянта і рашуча замовіў пляшку партвэйну.

Калі цяжкая чырвоная вадкасьць соладка і павольна пацякла па страваводах, Ян зрабіў было спробу вярнуцца да папярэдняй тэмы.

– Але і ў расійскай паэзіі ўсё ня так проста. Вось, напрыклад, цаню Іосіфа больш, чым усіх тых жэнь, андруш і робертаў, разам узятых. Зашмат яны пра чырвоныя сьцягі пісалі…

Марк, ня маючы чым запярэчыць (ды й ня надта жадаючы пярэчыць), адно кіўнуў галавой і другі раз прыклаўся да шклянкі, у якой прадбачліва пакінуў на два пальцы віна. А Ян акурат тым часам (часам каўтка Марка) неўспадзеў і раптоўна згубіў нітку размовы. Ён паглядзеў на пляшку такім пытальна-ўмольным позіркам, які цяжка было не зразумець, і, калі Марк хлюпнуў зь яе ў шклянкі, Ян хутка схапіў сваю, паднёс яе да вуснаў і, замест таго, каб кульнуць напой, раптам спытаўся:

– Скажы, а адкуль яны бяруцца?

– Хто – яны? – Марк не зразумеў пытаньня. – Паэты?

– Ды не. Вэтэраны, - сьцішыўшы голас да гучнага шэпту, вёў сваё Ян.

– Як гэта – вэтэраны, - яшчэ больш заблытваўся Марк.

– Зараз патлумачу, - паабяцаў Ян, цокнуўшы шклом аб шкло. Сябры выпілі, перавялі дыханьне, і Ян працягнуў. – Вось я сёньня раніцай еду ў бібліятэку, і ў тралейбус на Тэатральнай плошчы заходзіць вэтэран. Невялічкі такі сівы дзядулька, ордэнаў на ім вось так, - Ян правёў рэбрам далоні сабе па таліі, ніжэй узроўню стала, там, дзе Марк і ня ўбачыў, толькі здагадацца мог. – І ён так уладна, жорстка паглядзеў на ўсіх нас, хто ехаў у тралейбусе: “Ану, хто мне месца саступіць?”, што адразу трое ці чацьвёра людзей падняліся. Ён тады сеў, яшчэ раз нас усіх позіркам абвёў і паехаў сабе…

– Ну і што цябе тут зьдзіўляе? – спытаўся Марк і зноў лінуў у шклянкі. – Заўтра ж гэты, Дзень Перамогі.

– Так! – Ян перайшоў ужо на ціхі шэпт, хаця акрамя іх у радыюсе мэтраў дзесяці не было аніводнага наведніка, толькі панылы афіцыянт абібочыў наводдаль у дзьвярах. – У тым-та і ўся рэч. Скажы, чаму іх ня бачна ў іншы час, цягам году? Ані ўлетку, ані ўвосень, ані ўзімку?

– Гм, цікава… - Марк задумліва паглядзеў у шклянку і даліў яшчэ па трошку, спачатку сабе, потым прыяцелю. – Калі чэсна, то я таксама калісьці думаў пра гэта. Давай!..

Гэтым разам партвейн прайшоў ужо плаўна і нячутна, пакінуўшы пасьля сябе толькі гаркаватую саладжавасьць у горлах. Скаўтнуўшы сьліну, Марк працягваў:

– Калі мне яшчэ было гадоў дзесяць-дванаццаць, да нас у школу таксама часта прыводзілі гэтых, вэтэранаў. Я тады глядзеў на іх і думаў: “Калі я стану дарослым, яны ўжо ўсе паўміраюць, і маё пакаленьне будзе ганарыцца тым, што бачыла яшчэ жывых удзельнікаў той вайны”.

Ян утаропіўся на Марка і нэрвова гыгыкнуў. Марк кіўнуў, быццам зразумеў гэтае гыгыканьне:

– А цяпер вось мне ўжо сорак два, а я і далей штогод бачу іх у траўні, на парадах. І буду бачыць яшчэ, праз год, праз два, празь пяць. Спачатку мне проста здавалася, а цяпер я ўжо перакананы: я пражыву сваё жыцьцё, памру, а яны ўсё будуць ісьці і ісьці на тых сваіх парадах.

Запанавала ціша. Ян замест адказу працягнуў руку цераз стол і сам разьліў пляшку да канца. Выйшла амаль па поўнай шклянцы. Сябры нібы па камандзе паднялі шклянкі і зрабілі па глытку. Ян ажно закашляўся: словы лезьлі з горла насустрач алкагольнаму напою.

– Слухай, а ты ніколі не задумваўся, можа, яны ўжо сапраўды памёрлі?

Марк падняў на яго вочы.

– А давай праверым…

***

Сябры разьлічыліся, то бок разьлічыўся Марк. Ян выцягнуў было з кішэні пяцёрку, але старэйшы таварыш паблажлівым жэстам рукі спыніў яго: пакінь. Ён даў паныламу афіцыянту пяцьдзясятку і, каб было бяз рэшты, паказаў на пляшку каньяку мясцовага разьліву, якая сіратліва стаяла ў шкляной сьценцы бара сярод гарэлак і партвэйнаў:

– А гэта нам з сабой. І пару бутэрбродаў, тых, зь селядцом.

Цьвінтар у іхнім горадзе быў недалёка і ня блізка, Марк зь Янам перабеглі вуліцу, заскочылі ў пусты, ці не апошні, тралейбус, не прабіваючы квіткоў, праехалі пяць ці шэсьць прыпынкаў і, выйшаўшы ў цемру, якая чым далей, тым больш гусьцела, перасеклі яшчэ дзьве паралельныя вуліцы, ужо збольшага прыватнай забудовы. Мэталёвыя весьніцы, што служылі бакавым уваходам на могілкі, выявіліся адчыненымі – яны адно ціхенька рыпнулі, калі двое сяброў праціснуліся празь іх і спыніліся,

– Ну і што зараз? – спытаўся Ян прыдушаным голасам.

Нібы ў адказ, недзе ў прыватным сэктары хрыпла пракукарэкаў певень. Яго крык ня ўзьняўся ўгару і ня быў падхоплены іншымі пеўнямі. Дый ці былі на гэтай гарадзкой вулцы іншыя пеўні?

Марк прымружыў вочы, паправіў акуляры і, прыціскаючы да грудзей пляшку, рушыў наперад па сьцежцы, што цягнулася між магіламі. Ян, палахліва пацепваючыся і азіраючыся, паплёўся за ім.

Хвілін празь дзесяць яны выйшлі на цэнтральную алею цьвінтара, параўнальна шырокую і асьветленую дзьвюма слабенькімі бледнымі ліхтарнямі. Сюды, на алею, таксама выходзілі магілы, але яны былі больш прыязнымі, чым тыя, у глыбіні цьвінтара. Акуратна абкапаныя, дагледжаныя, зь вянкамі і жывымі кветкамі ў пляшках з-пад кефіру і ў маянэзных слоіках.

– Тут ляжаць вартыя людзі, - прамямліў Марк, прабіраючыся бліжэй да сьвятла. Паўз магілы двух гарадзкіх старшыняў, чые чорныя гранітныя галовы сувора глядзелі ў цемрадзь з дарагіх пастамэнтаў, паўз магілу дырэктара тэатра і галоўнага ўрача гарадзкога шпіталя сябры ўрэшце выйшлі да лаўкі, якая самотна тырчэла пад дальнім ліхтаром. Агледзеўшыся і змахнуўшы невідочны пыл з дошак, Марк сеў, заціснуўшы паміж каленамі пляшку. Алюмініевая закрутка тройчы трэснула ў ягоных пальцах.

– Пі, - працягнуў ён пляшку Яну.

– Як? Нармальны? Ці палены? – Марк, не чакаючы адказу на сваё пытаньне, забраў пляшку, прыгубіў, потым зрабіў адразу два вялікіх каўтка. – нармальны! Х-ху..

Недзе за дрэвамі, у нябачным адсюль прыватным сэктары, сумна завыў сабака. Ян палахліва азірнуўся, уцягнуў галаву ў плечы.

Марк падбадзёрліва ляпнуў таварыша па сьпіне і раптам застыў. Непадалёку пачуўся дзіўны, незразумелы гук. Гэта быў скрыгат, але ня гучны, ня рэзкі, а глыбокі, нібыта прыглушаны слоем чагосьці мяккага. Ваты? Ці – зямлі?

Сябры інстынктыўна нахіліліся, прыціснуліся адзін да аднаго і павярнулі галовы ў той бок. Спачатку нічога не было відаць, але потым у змроку за шэрагамі магіл усё-ткі ўдалося ўгледзець хаатычны, перарывісты рух.

Гэта быў стары чалавек зь зеленаватым тварам і рэдзенькім валосьсем, якое шчыльна абляпляла яму чэрап. Апрануты ён быў у мундыр падпалоўніка з чырвонымі пятліцамі танкіста. Левая рука ў яго вісела ўдоўж цела амаль нерухома, але правай падпалкоўнік даволі жвава абтрэсваў з кіцеля зямлю, якая наліпла на крысо. Худыя і тонкія пальцы ягонай далоні былі заляпаныя воскам, які прыліп да пазногцяў.

– Эй, ребята! – ён праз магільную агароджу памахаў Марку зь Янам той самай правай рукой. – З наступаюшчым празднічком вас!

– Дзякуем… вас таксама… - прамармытаў Марк. Ян кіўнуў, далучаючыся.

– Тут нашых нікого не віделі? – спытаўся ў іх падпалкоўнік, гледзячы глыбока запалымі вачыма, быццам і не на іх, а кудысьці ў глыбіню цемры. Марк толькі сьцепануў плячыма ў адказ.

– Ну ладно… - Вайсковец павярнуўся і, працягваючы абтрэсвацца, паплёўся кудысьці ўлева між магіламі.

Сябры праводзілі яго позіркамі, усё яшчэ ня верачы ўва ўбачанае. Ян дробна-дробна цокаў зубамі. Марк паднёс яму да рота пляшку і ўліў каўток каньяку. Ян толькі ўдзячна кіўнуў і абхапіў свае локці далонямі. Ён увесь трэсься частымі дробнымі дрыжыкамі.

Далей па алеі адна з цэнтральных магіл таксама заскрыгацела глуха і невыразна. Падпалкоўнік паскорыў крокі ў той бок. І акурат своечасова – з-пад пліты паволі паднялася высокая, зграбная фігура ў мундыры з шырокімі лямпасамі і вялікімі залатымі зоркамі на пагонах.

– Таварышч генерал! – падскочыў да яго танкіст, цягнучы ўгару непаслухмяную правую руку. – Падполковнік Панкратов на торжественное построеніе прібыл первым!

– Вольно! – прамуркатаў генерал, таксама абтрасаючы мундзір. – не сьпяшайцеся, падполковнік. Хотя усердіе похвальное.

Абодва вайскоўцы выйшлі на цэнтральную алею. Цяпер было заўважна, што зямля прыліпла ня толькі да кіцеляў, але і да штаноў, прыгожых генэральскіх, зь лямпасамі, і падпалкоўніцкіх, больш вузкіх і сьціплых. Чаравікі ў абодвух таксама былі моцна запэцканыя, але ня брудам, а пылам. Таму спачатку генерал, а за ім і падпалкоўнік асьцярожна патупалі нагамі, абтрусваючы пылюгу.

– Бачыш… ты ўсё-ткі не памыліўся… - прашаптаў Марк і сквапна каўтнуў з пляшкі. Ян працягнуў руку, якая трымцела, і, абліваючыся, таксама зрабіў вялікі каўток.

А глухаваты скрыгат ўжо даносіўся з розных бакоў, зблізу і здалёк. То там, то там бухалася аб зямлю каменная пліта, і чарговая фігура у мундыры, абтрэсваючыся, паднімалася з-пад яе. Мерцьвякі падцягваліся да генэрала і падпалкоўніка, рапартавалі пра сваё прыбыцьцё, а потым працягвалі абтрэсвацца, ужо патрошку выстройваючыся ў нейкі ня надта роўны шэраг уздоўж цэнтральнай алеі. Ян з Маркам працягвалі нерухома сядзець на лаўцы. Ды на іх і не зьвярталі асабліва ўвагі.

– От харашо як вокруг! Весна, всё позеленело! Недаром весной победу здабылі!

– Ты што лі яе здабываў? Да табе ж у сорак пятам чатырнаццаць лет стукнула, Іван Міроныч! Ты ж ваенруком усю жызьнь праработаў у школе, пацаноў учыў працівагаз адзяваць!

– Ну і што ж, і эта тожэ нада! Гатовіў будушчых зашчытнікаў! Ці вы што-та імееце проціў, Міхаіл Пятровіч? Ілі я вінаваты, што маложэ вас?

– О, сматры, Сямёнаўна вылезла! Ты ж наша падруга баявая, і маць, і сястра, і жана!

Між агароджамі магілак прабіралася, кульгаючы, старэнькая бабулька ў доўгай чорнай спадніцы і плюшавым жакеце, на якім трыма нізкамі коса тырчалі ордэнскія плянкі.

– А дзе ж награды тваі? Дзецям у наследства аставіла?

Сямёнаўна спынілася, абаперлася на весьніцы каля адной з магіл і прашамкала ў адказ:

– Да награды маі Віцька, унук младшы, яшчэ ў дзевяноста первам вывез у эту Польшу, каторую мы з вамі, Пятровіч, асвабаждалі, і там памяняў на часы электронныя, кітайскага праізводства.

– Да вы што? От негадзяй! І як так можна!.. – абурана развёў рукамі Пятровіч. Ад рэзкага руху адна рука ў яго ненатуральна выгнулася ў локце вонкі, і ён асьцярожна засунуў яе ў кішэню кіцеля. А Сямёнаўна працягвала тлумачыць, прабіраючыся па вузкіх праходах паміж трунамі:

– Так ён жа тых часоў прывёз тады нямерана, цэлых два мяшка. З тымі часамі паўгорада хадзіла. І тыя тры кіоскі на базары, якія ён січас дзержыць, яны ад тых часоў началіся. Дык разве ж мне жалка?

Марк ўздрыгнуў і асьцярожна перавёў позірк на свой гадзіньнік. “Casio” паказваў палову на трэцюю. Ян, абапершыся на ягонае плячо, ужо не трымцеў, а сядзеў у нейкім скамяненьні. Марк амаль сілком расчапіў сябру зубы і ўліў туды некалькі грамаў каньяку. З таго, што на горле Яна торгнуўся коўцік, было зразумела, што жыцьцё ў ягоным целе яшчэ цьмее. Марк асьцярожна паднёс пляшку да рота і адпіў сам.

Тым часам Пятровіч, які, выйшаўшы на сьвятло, выявіўся маёрам-сувязістам, тоўстым і лысым, паглядзеў у бок Марка з Янам і нібы сам сабе, але даволі гучна сказаў:

– А ў іх жэ тут цяпер есьць магазіны і кіоскі эці, як іх… кругласутачныя! Чуеш, Сямёнаўна, а твой унук часам не такім кіоскам заведуе?

– Не, ён куртачкамі і штанамі таргуе, - ужо зусім блізка ад яго адгукнулася Сямёнаўна. – У яго ўначы закрыта.

– А-а-а, і то праўда… - Пятровіч відавочна трапіў на блізкую і вельмі важную для сябе тэму. – Да і дзенег у эціх саўрэменных наўрад лі ў каго найдзёш. Яны ж, радня, перад тым, як хараніць, усе карманы абшараць!..

Той, каго ён называў Міронавічам, невысокі вузкаплечы мярцьвяк у мундыры нявызначанага роду войскаў з пагонамі старэйшага лейтэнанта, стоячы крыху наводдаль, разьвёў рукамі і пацепнуў плячыма. Гэтыя рухі выйшлі даволі драўлянымі, аднак Пятровіч мяняць тэму не хацеў.

– От у нас пару лет назад тут вылез учасьнік Акцябарскай рэвалюцыі. Яму ў наябрэ паложана, але ён дзень перапутаў ці, можа, і нарошна. Яно ж прыятней вясной вылезьці. Дык у яго, слыш, Міроныч, у яго ў падкладку піджака залатыя царскія пяцёркі зашытыя аказаліся. От мы тагда пагулялі!.. – летуценна вёў сваё Пятровіч, пакрысе, крок за крокам, асьцярожна набліжаючыся да лаўкі пад ліхтаром. Марк прыціснуў Яна да сябе, той ад жаху апусьціў галаву, гледзячы проста пад ногі, у цемру, ледзьве разбаўленую бледным ліхтарным сьвятлом.

Пятровіч неяк бокам, нізка і дробна перастаўляючы ногі, нібы на пратэзах, чыкільгаў у іхні бок. Ян застагнаў, а Марк схаваў пляшку з каньяком пад куртку.

– От слышце, маладые людзі, - здалёк пачаў Пятровіч, метраў зь пяць не дайшоўшы да іх. – Скока зараз бутылка водкі стоіць? У эціх вашых новых дзяньгах?

Марк вычакаў недзе паўхвіліны. Мярцьвяк зрабіў у іхнім напрамку яшчэ з тры крокі, і не адказваць ужо было немагчыма. Намагаючыся, каб голас не трымцеў, Марк прашаптаў:

– Ды грыўны тры-чатыры…

– Э-э-э… Дарагавата… - Пятровіч быў ужо крокаў за дзесяць. – Прэжнія разы былі і па две, і па палтары грыўні. Што ж эта такое, што ўсё даражае…

Марк зь Янам маўчалі. Пятровіч таксама спыніўся і быццам бы задумаўся, вырашаючы ў галаве нейкую складаную задачу. Потым зрабіў яшчэ два-тры крокі і пачаў сваёй правай рукой ці то мацаць, ці масіраваць грудзь зь левага боку, там, дзе сэрца.

“Можа, яму блага?” – прамільгнула думка ў галаве Марка і адразу ж зьнікла, заслоненая іншай: “Але як гэта мерцьвяку можа быць блага?” А Пятровіч тым часам палез пад закаўраш кіцеля і пачаў там нязграбна шнарыць непаслухмянай правай рукой.

– Слушайце, маладыя людзі… - ён корпаўся за пазухай, і Марку рабілася страшна ад самой думкі пра тое, што ён зараз можа адтуль дастаць. – а вот вы можэце даць мне эці самые чатыры-пяць грывень… не за бесплатна… а вот за эта, напрімер.

Ён выцягнуў руку з-за пазухі – там не было нічога. Але ён той самай рукой зьняў з грудзей ордэн Чырвонай Зоркі і працягнуў яго Яну, адначасна двума непаслухмянымі пальцамі шрубуючы на хвосьцік круглую мэталёвую заглушку, якую, відавочна, і адсьцёгваў так доўга з другога боку свайго кіцеля.

– Ордзен. Ён гаразда дарожэ стоіць.

Ян, нібы загіпнатызаваны, глядзеў на пяціканцовую мэталёвую пласьціну, пакрытую чырвонай эмальлю, потым узяў яе левай рукой, асьцярожна, двума пальцамі. У той самы час правую далонь ён запусьціў у кішэню штаноў і здабыў адтуль пяцёрку – тую самую, якой намагаўся расплаціцца ў бары і якую вярнуў яму ўладным жэстам Марк.

– Вось. Вазьміце.

Мярцьвяк працягнуў сваю ўсохлую далонь, і Ян хуценька паклаў туды банкноту ды тут жа прыбраў руку, каб часам не дакрануцца плоць да плоці. Пятровіч заўважыў гэта і ўсьміхнуўся вузкімі, амаль нерухомымі вуснамі:

– Ня нада, ня нада баяцца…

Ён схаваў пяцёрку ў кішэні і, паволі разьвярнуўшыся, пакульгаў углыб цэнтральнай алеі.

А мерцьвякі тым часам прыбывалі і прыбывалі, іхняя шматгалосая размова ўжо ахінула сваім саванам увесь цьвінтар.

– Сматрі-сматрі, Манцюк паказаўся! Ах ты ж тля бандэраўская! Ты ж первых два года вайны ў паліцаях служыў ілі там у лесе сядзеў. А патом, кагда нашы прышлі, так ты, как ні ў чом не бывала, прысаедзініўся! Ану спрачся назад, зараза, а то закапаем утарой раз!..

– О, Лазар Маісеевіч паявіўся.Ты што ж, за ўсю жызьнь так вышэ маёра і не даслужыўся? Пятая графа памяшала?

Той, каго звалі Лазарам Маісеевічам, выглядаў яшчэ амаль што як жывы: відаць, яго пахавалі нядаўна. Ягонае аблічча са сьціснутымі вуснамі і вялікім, хаця і не кручкаватым носам, выглядала прыгнечана. Маёрскі мундзір сядзеў на ім крыху ня ў лад, але ён, абцягнуўшы яго і амаль не абтрэсваючыся ад наліплай зямлі, цьвёрда пайшоў па алеі, туды, дзе стаяў генэрал. Высока падымаючы ногі, якія амаль не згіналіся ў каленях, Лазар Маісеевіч адрапартаваў пра сваё прыбыцьцё, а потым, далікатна ўзяўшы генэрала пад локаць, адвёў яго ўбок, бліжэй да ліхтарні. Марк услухаўся і пачуў даволі гучнае шамканьне:

– Слышце, таварышч генерал… Тут нада рэшыць адзін вапрос. Я ж эта, нядаўна, так сказаць, перэход савершыў.

– Што-што? – не зразумеў генэрал.

– Ну, помер то есьць.

– А-а-а. Ну і што ж? – генэрал размаўляў зь неахвотай, яўна дэманструючы жаданьне вярнуцца да сваіх больш прыемных абавязкаў. Недалёка ўжо тоўпілася з паўтузіна новых нябожчыкаў, якія, устаючы на дыбкі, глядзелі ў бок фігуры зь лямпасамі. – Давай быстрэй, Маісеевіч!

– Так шоб быстрэй, то эта… - замяўся Лазар, - нужна ваша помашч…

– Какая яшчэ помашч? – скрывіўся генерал.

– Вы ж з эцім, зь цяперашнім прэдседацелем гарсавета, як эта ано… з мэрам, вы ж зь ім знакомыя? Ён жэ ў вас у ваенкамаце замесьціцелем начынаў. Вродзе так?

– Не замесьціцелем, а камсоргам! Не цяні, Маісеевіч! Кажы, што нада!

– Так вот… - Маісеевіч відавочна ня ўмеў “не цягнуць”, - я ж, кагда помер… мы ж у очэрэдзі стаялі… на кварціру.

– У цебя ж была кварціра, трёхкомнатная! На бульварэ Героеў Сталінграда, з улучшэнай планіроўкай!.. – усё больш раздражнёна хрыпеў генэрал.

– Ой, да кагда эта!.. – Лазар прытуліў рукі да грудзі. – После этага я два раза з’ежжаў. Та кварціра старшэй дочке асталася. А ў паследняе ўрэмя я жыў з унучкай. У двухкомнатнай хрушчоўке.

– І што? – у генэрала яўна канчалася цярпеньне.

– Да эта жэ… Як я помер, акурат перад дваццаць трэцім феўраля, то мы ўсе ждалі, што нам ордзер прынясуць на новую кварціру. З-за этага ажыданія мяне радные яшчэ дзьве нядзелі не харанілі. Фу, стыдна сказаць, усю хату ім праваняў…

– Так і што ж? – генерал ужо крычаў, не хаваючы раздражненьня. – Ты радзіш наканец, чаго ты хочаш?

– Ой, тока не нада на меня крычаць! – Лазар Маісеевіч і сам падвысіў голас. – Я вас толька папрасіць хацеў, штобы днём, после парада, еслі прэдаставіцца случай, напомнілі пра этат вапрос прэдседацелю. Бо маі так і асталісь у той хрушчоўке. Пахлапочэце, таварышч генерал?..

Генэрал вырваў свой локаць з пальцаў Маісеевіча, рэзка павярнуўся на абцасах і, не адказаўшы, хутка, наколькі мог, пакрочыў да новапрыбылых мерцьвякоў, якія яго чакалі наводдаль на алеі. Адышоўшы крокаў на дзесяць, ён азірнуўся на Лазара, што паныла застыў, трымаючы сагнутаю ў локці руку, якою толькі што трымаў за рукаў суразмоўцу. У позірку генэрала перамяшаліся шкадаваньне і пагарда, а з напаўразяўленага пустога рота даляцела кароткае і глухое: “Ладна!.. Пасмотрім”.

Марк зь Янам пасьпелі крыху апрытомнець і нават употайкі каўтнулі з пляшкі, якую для гэтага даводзілася перакульваць ужо даволі высока. Марк зноў схаваў пляшку пад паху за куртку, і вельмі своечасова, бо па алеі да іх набліжаліся падпалкоўнік Панкратаў і маёр Пятровіч, які ўжо сьціскаў ў руцэ атрыманую ад Яна пяцёрку.

– Тут, за пару кварталаў, есьць вагончык кругласутачный… - Пятровіч амаль ужо паціраў ад радасьці рукі. – Там і затаварымся. Хоць мерзаўчыка якога-нібудзь, шобы ўкус ва рту напомніць. Праўда, таварышч падпалкоўнік?

Падпалкоўнік зьлёгку кіўнуў, яўна думаючы пра нешта сваё. Потым спыніўся, рэзка, ажно Пятровіч, які ішоў побач, спатыкнуўся і ледзьве ня ўпаў: - Што такое, таварышч падпалкоўнік?

– Есьць у меня адно дзельцэ… - шматзначна прамармытаў сабе пад нос Панкратаў.

– Што за дзельцэ? Пасрэдзі ночы…

Падпалкоўнік павярнуў твар да Пятровіча і спадылба зірнуў яму вочы ў вочы.

– Тут, пад горадам, за рэчкаю, маі танкісты лежат. На краю балота чэтырэ экіпажа. У сорак трэцьем тут у нас бой был аснавацельный.

– Ага… - працягнуў Пятровіч, яўна ня маючы чаго сказаць, але адно каб падтрымаць дыялог.

– Зачэм? – Пятровіч усё-ткі прыдумаў, як яму працягваць размову. Ён вырашыў ставіць пытаньні, якія самі сабою выцякалі са сказанага.

– А зацем. Ані ж тожэ павылазілі.

– І што?

– А то! – падпалкоўнік пачынаў трошку сердаваць, надакучлівы суразмоўца яўна трапляў сваімі пытаннямі ня ў тэму. – Ані ж там не в парадках пахаронены. Шлемафоны абгарэлыя, у аднаго полгалавы снесло, у другога ног нету па калені. Я жэ не магу пазволіць, штобы ані на парад папёрлісь!

– А, ну да, правільна… - Пятровіч зноў трапіў у глухі кут са сваёй тактыкай дапасаваньня пытаньня да папярэдняга адказу.

– Сам знаю. Што правільна. Толька нада мне іх как-та удзержаць. Да скажу ім, што нет нікакога парада, што новая ўласьць паатменяла. А ты меня падаждзёш возле сваево лабаза… Дабро?..

Яны паволі пашкандыбалі далей, нават не павяртаючы галоваў у бок Марка і Яна. Тыя у сваю чаргу, зрабілі выгляд, што іх няма ані на лаўцы, ані ўвогуле ў прыродзе: стаілі дыханьне і не варухнулі ніводнай часткай цела, з валосьсем у ноздрах уключна. Толькі калі дзьве постаці зьніклі ў цемры за галоўнай брамай, Марк перавёў дух і працягнуў Яну пляшку, дастаўшы яе з-за пазухі. Там яшчэ заставалася грамаў сто каньяку, а гадзіньнік ужо паказваў дваццаць пяць хвілін чацьвёртай.

– Хутка сьвітанак… - прашаптаў Марк у самае вуха Яну.

– Ды не так ужо і хутка, - адказаў той, вяртаючы пляшку, у якой напою амаль не засталося.

Наводдаль генэрал усё прымаў і прымаў рапарты пра прыбыцьцё ад чарговых мерцьвякоў у разнастайных мундырах. Між імі таксама трапляліся і постаці ў цывільным, з ордэнамі, а радзей – з ордэнскімі плянкамі на левым баку запалых і нерухомых грудзей.

Марк падняў пляшку над разьзяўленым ротам і трымаў яе, пакуль трынаццатая і чатырнаццатая кроплі ня ўпалі на язык.

– Усё. Больш нават алкашы не здабываюць, - ён асьцярожна паставіў пляшку ў цемру пад лаўку, а потым адкаціў яе пяткай далей.

– Можа, патрошку ліняць будзем? – Ян паглядзеў праз плячо на Марка зьнізу ўверх. – Ужо ж пераканаліся, што яны сапраўды ёсьць. То бок не, што іх няма. Цьху, зусім заблытаўся. – Ён паспрабаваў усьміхнуцца, але толькі скрывіў рот. Страх у ягоных вачах нікуды не зьнікаў.

Марк яшчэ мацней сьціснуў плячо малодшага таварыша. Алкаголь ня дзейнічаў абсалютна – думкі былі яснымі і выразнымі.

– Можна і ліняць. Але я б яшчэ трошкі пасядзеў. Калі б ты быў ня супраць. Хачу ўбачыць… - ён запнуўся, назіраючы, як паміж магіламі прабіраецца мярцьвяк, якому, напэўна, перад сьмерцю няўдала зрабілі роспалаць. Галава і левая рука ў яго па чарзе адвальваліся, і ён праваю прыладоўваў згубленую частку цела назад, але прытрымаць ня мог, бо тады адпадала што-небудзь іншае. Калі ён дабраўся да генэрала і выпрастаўся, дакладваючы пра сваё прыбыцьцё, то левую руку проста паклаў пад ногі, бо прытрымліваць яе ўжо ня мог ніяк. Адрапартаваўшы, мярцьвяк падняў левую руку, але, відаць, стаміўшыся яе прытрымліваць, проста заціснуў пад пахай правай. Галаву пры гэтым ён трымаў нерухома і адышоў асьцярожна, з драўлянай сьпінай ледзь не на дыбачках.

– Што ты хочаш убачыць? – Ян усё-ткі патрабаваў, каб Марк завяршыў папярэдні сказ. Ён крыху ачуняў ад страху, прынамсі выслабаніў сваё плячо з-пад Маркавага локця і сеў вальней.

– Ну, гэта як у амэрыканскіх фільмах, калі раніцай узыходзіць сонца і ўсе… усе яны пад яго промнямі… пачынаюць дыміцца, а потым зьнікаюць, памятаеш? – Марк і праўда хацеў быць дасьледчыкам да самага канца. – Бо хто ведае, ці ўдасца яшчэ калі-небудзь убачыць нешта падобнае.

Ян кіўнуў, хаця было заўважна, што найбольшаю ахвотай ён бы зараз даў адсюль драпака як найхутчэй і як найдалей.

– Згода, пасядзім яшчэ трошкі.

Недзе ў прыватным сектары падаў свой голас той самы невідочны певень – глуха і самотна.

 

***

 

Пад утра, калі ўжо начала сьвітаць, нашы друззя пачці што задрэмалі. Яны ачнуліся толькі пры паяўленіі падпалкоўніка Панкратава, які цягнуў на сабе Пятровіча. Пятровіч яўна ўсьпеў купіць важдзеленную ракушку і дажэ ўпатрэбіць яе ваўнутр. Каля лаўкі, на якой сядзелі Ян з Маркам, падпалкоўнік астанавіўся крыху перадахнуць. Пятровіч прыйшоў у чуўства і начаў прэдлагаць яшчэ адзін орден са свайго кіцеля за пару грыўняў “на закуску”.

– Вось, вазьміце, – Ян раптам згадаў пра два бутэрброды зь селядцом, якія яны прыхапілі ў кавярні, і дрыготкай рукой дастаў з кішэні курткі пакунак. Бутэрброды, праўда, зьліпліся ў адзін, но Пятровіча эта ня смуціла, і он начаў жэваць яду, дажэ не разварачывая. Падпалкоўнік пачці няслышна мацюкнуўся сквозь зубы і павалок маёра дальшэ ў сторану пастраенія.

Сонца ўзышло ня хутка і не павольна – акурат так, як і павінна сонца ў вясновую пагодную раніцу. Яго чырвоныя промні, пакрысе стаючы залатымі, сьлізганулі па вяршалінах таполяў, якія акружалі цьвінтар, потым апусьціліся ніжэй, да зямлі. Но странна – ніхто з мертвяцоў не задыміўся, ня ўпаў, не іспугаўся. Усе ані, сасрэдаточэнна падняв голавы, слухалі каманды, каторые падаваў генерал.

– Ты глядзі, - толькі і змог прамармытаць Марк.

А мертвяцы цем урэменем не спяша пастроілісь у калону па трое і двінулісь у напраўленіі глаўнай брамы. Прыгаломшаныя і ашэламлённыя, глядзелі нашы двое друзей на эта шэствіе – сперэдзі шагалі генерал з падпалкоўнікам, а за німі шлі ўсе астальные, хаця і не ў ногу, но дастатачна стройным парадкам. У паследняй шарэнге двое вецеранаў у штацкам вялі пад рукі Сямёнаўну, якая аказалася едзінственнай жэншчынай ва ўсёй групе. Пятровіч пакачываўся зьлева направа і сплёвываў абрыўкі салфеткі, у якую быў завёрнуты бутэрброд зь сялёдкай.

Скрыпнулі жэлезные варота, і калона, выліўшысь наружу з кладбішча, павярнула налева, у сторану цэнтра, па бязлюднаму ў эта ўрэмя цэнтральнаму праспекту.

Кагда Марк і Ян прыйшлі ў себя – а случылась эта мінут праз дваццаць – яны падняліся з лаўкі і медленна двінулісь туда жэ, на глаўны выхад з кладбішча. Разгаварываць не маглось і не хацелась. Па залітаму утрэннім сонцам праспекту адзінока ехала жоўтая “Волга” з паперэчным клетчатым грэбешком.

– Таксі! – Марк махнуў рукой, і аўто спынілася, вільнуўшы пустым багажнікам.

– З празьнікам, мужыкі! Куда ехаць? – таксіст высунуўся з кабіны ў прыаткрытае акошка дзьверцы.

– Да цэнтра… - Марк усё яшчэ адчуваў сябе, нібы ў сьне. Вусны варушыліся павольна, нібы ватныя ці пластылінавыя.

– А дзеньгі есьць? – зь недаверам прымружыў вока таксіст. – А то вы што-та на бамжэй пахожы!

Марк палез у кішэню і са зьдзіўленьнем намацаў там толькі адну банкноту. Выцягнуўшы яе, ён убачыў, што гэта білет наміналам у дзьвесьце грыўняў.

– Ну не, у меня с такіх здачі не будет!.. – закапрызіў таксіст.

І тут Ян рашуча рвануў на сябя дзьверцу са стараны пасажыра, рэзка шлёпнуўся на сідзенье і чоткім двіжэніем працянуў таксісту ордзен Краснай Звязды.

– На праспект Пабеды! – пачці што пракрычаў ён. – Трогай, паехалі!

 

Пераклаў з украінскай Сяргей Прылуцкі паводле кнігі: Ірванець О. «Загальний аналіз». Фоліо, Харків, 2010.

 

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Князь М-скі ўзьняў руку й паказаў нягнуткім жалезным ківуном на барона О-скага. Той перажагнаўся, паслухмяна ўзяў ліру, то бок былы лук, цяпер з чатырма цецівамі, крыху яго яшчэ падладзіў, ударыўшы пару разоў графа Н-скага мячом па шлеме, які выдаваў ідэальны тон “ля” – ну і пачаў.

Пераклад:
Макс Шчур

Першая спроба падняць паўстаньне ў Бельскім павеце скончылася паразай, палонныя партызаны былі расстраляныя ў Беластоку пры вельмі цьмяных абставінах, якія выклікалі абурэньне ўсяго насельніцтва ня толькі на Віленшчыне й Гарадзеншчыне, але і ў самой Польшчы.

— Ваня, — паўтарыла Ніна Захараўна тым насцярожлівым голасам, якім будзяць спячых.
Сэрца боўтнулася ў грудзіне, балюча сцялася, і слых напоўніўся густым і аднастайным звонам.

На адным з пальцаў у Настаўніка залатая пячатка, зь якою перагукаецца залаты ланцужок на потнай шыі ды пераміргваецца залаты зуб у роце.