Дзяўчаты і птушкі

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

дзяўчаты і птушкі

дзяўчаты па маладосьці
зараблялі
на вуліцах
а калі ім ня
шчасьціла, урэшце
сыходзіліся
ў маім гатэльным
пакоі
утрох-у-
чатырох,
цадзілі
віно,
у вачах валасы,
на панчохах
стрэлкі,
лаяліся, апавядалі
показкі...

па-свойму
гэта былі
мірныя
ночы

але па праўдзе
дзяўчаты нагадвалі мне
пра даўні
час
калі я быў
малы
і глядзеў, як бабуліны
канарэйкі
засіраюць
свой
корм
і сваю
вадзічку
канарэйкі былі
прыгожыя
й шчакаталі
але
не сьпявалі
ніколі

п’янтос на барным табурэце побач

выбачайце, я мушу з кім-небудзь
пагаварыць...

ну?

выбачайце, але часам я захрасаю ў натоўпах,
на вулічных кірмашах, дзе заўгодна, дзе ў вялікай колькасьці
зьбіраецца людзкое племя...

ну?

ну і... тыя іхныя вочы... іхныя насы... локці... іхная
хада... іхны спосаб
гаворкі...

га?

выбачайце, але часта я адчуваю сябе так, нібы крочу
ў самых вантробах пекла
калі бачу кардонныя жартаўлівыя твары, чую сьмех
не падобны да сьмеху...

нешта ты гоніш.

зразумейце, гэта як забойства самога майго клёку...
мужчыны й жанчыны
што не баяцца толькі таму
што не разумеюць...

не ўяжджаю.

даруйце, я проста хачу тады зьнікнуць адтуль куды-небудзь
як мага далей ад іх...

ну?

немагчыма казаць падобныя рэчы й ня быць азначаны
цэтлікам вартага жалю герэтыка...

ува ўсіх
праблемы.

можа я хворы...

анягож, па-мойму ты хворы на
ўсю галаву, чувак.

прыкладам, калі я заходжу ў ліфт і дзьверы
памалу зачыняюць мяне ў цеснаце разам зь
пяцю-шасьцю
чальцамі майго ўласнага віду
я адчуваю што ўсё,
няма рады, я трапіўся ў вакуўмную
пастку пячоры
шаленства – нуднага, ганебнага
шаленства.

ну дык хадзі па
лесьвіцы.

ня злуйце, але я разумею некаторых жывёлін,
якія закопваюцца ў зямлю, у норы, я
разумею істот, якія ўпорхваюць ці даюць лататы
пры першым знаку ці гуку
чаго староньняга.

так? я люблю сабакаў
з катамі.

можа, я жывёліна, бяздушная скаціна ў
чалавечым целе?

ну. бухаеш ты як
слон.

у кожным разе, прабачце мне маю
бесцырымоннасьць.

чуеш, мужык, а як ты
перабіваесься?

перабіваюся?

ну. на што
існуеш?

я існую ў межах хвіліны, дзеля гэтай
хвіліны.

не, па-мойму, ты рэальна
хворы.

дзякуй.
ён дапіў свой трунак
і выйшаў.

я замовіў яшчэ.

ухапіў позірк лялечкі
з таго канца
бару.

усё-ткі ноч можа яшчэ
ўдацца.

карузьлік з пастаўленым ударам

мінула столькі гадоў
а я так і ня цямлю што ўласна здарылася
але здарылася ў Нью-Ёрку
а Нью-Ёрк мае ўласныя правілы, у кожным
разе сяджу я ў адным з тамтэйшых
пабаў
з мноствам круглых сталоў
і крутых ды страшных шляхотных рыцараў;
мне, як заўжды, ня дужа добра,
я не круты й ня страшны,
проста наскрозь сапсаваны,
сяджу я зь нейкай жанчынай
у яе нейкі капюшон ці што на галаве
яна напалову вар’ятка
але якая розьніца.
зваць яе Фэй,
наколькі памятаю,
і мы зь ёю бухаем, ходзім з бару ў
бар, зайшлі й туды
а там патыпу было страшэнна
жыва
бо там быў карузьлік
пад мэтар росту
што хадзіў там
п’яны
прыпыняўся ля любога стала
пазіраў на чувака за сталом
й казаў яму
“ну, а ТЫ што скажаш?”
пасьля чаго ўёбваў яму кулаком па зубах,
вось толькі ў карузьліка рукі былі што трэба
а ўдар папросту пякельны
пасьля ўсе сьмяяліся, а карузьлік падыходзіў
да бару
па яшчэ адну шклянку.
“не падпускай яго да мяне, Фэй!”, кажу.
“га? шоты кажаш? чаго? каго?”
“не падпускай яго да мяне!”
“шо? каго? цябе?”
карузьлік уваліў чарговаму чуваку
і ўсе сьмяяліся
нават я сьмяяўся. біць карузьлік умеў.
практыкі яму
не бракавала.
ён адтанцаваў да бару
бясшумным стэпам
а потым заўважыў марака
напалоханага маладзенькага
бляндынчыка.
хлопец зассаў
і ўсьміхнуўся
карузьліку.
карузьлік уперыў яму
па поўнай;
наступная ўсьмешка была
крыху крывавай.
потым карузьлік дадаў яму яшчэ ў сківіцу
і марак перакуліўся
на сьпіну разам
з крэслам і
застыў.
накаўт! усе вітайце
чэмпіёна!
і тут карузьлік убачыў
мяне. чалавека за заднім
столікам.
“не падпускай яго да мяне, Фэй!”
кажу.
“давай яшчэ па адной!”, яна мне.
(перад ёю стаяла поўная шклянка.)
карузьлік падышоў да мяне
ўва ўсёй сваёй мэтровай
славе.
“ну, а ТЫ што скажаш?”
я змаўчаў. я ня мог сказаць нічога такога,
каб ён зразумеў.
“нічога, га?”
я кіўнуў. дачакаўся. адчуў, як маё крэсла
захісталася й вярнулася на ногі. далей – полыскі
чырвонага, жоўтага й сіняга сьвятла, потым сьмех.
не ўстаючы,
я адмахнуўся ў адказ.
усім сваім няшчасным мэтрам ён выцер падлогу
юзам як палатняная лялька
і тады на мяне кінуліся
здалося як мінімум тузін чалавек
(але іх магло быць трое-чацьвёра)
і я атрымаў пару добрых пізьдзюлёў
у прыдачу.
потым мяне адтуль выкінулі,
я ўстаў
знайшоў насоўку
і спрабаваў спыніць
колькі мог крыві
а Фэй была побач
“падлюка, ты ўдарыў таго маларослага
небараку!”
я рушыў па вуліцы
але яна ад мяне не адставала
мы зайшлі ў наступны бар
я азірнуўся вакол
і ўбачыўшы, што ўсе там былі
вышэйшыя за мэтар дваццаць,
замовіў яшчэ дзьве
шклянкі.

век

прыстойна пацець у фатэлі-гушкалцы
гэта прэрагатыва старых генэралаў ці дзяржаўных
мужоў мінуўшчыны, раз ужо дні квітнеюць маладымі
дзяўчатамі што ня маюць іншых клопатаў як толькі сьмяяцца
праходзячы міма.

што да мяне
то калі адмовяць пальцы адмовяць і мазгі
як ня будзе чым узьняць
шклянку то я буду тупа сядзець і думаць
пра белыя начныя сарочкі і курваў
і чорныя начныя кварталы з мышамі-вачыма.

калі пальцы аблажаюцца з шклянкай то і я
аблажаўся
і мая душа
ў старым гнядым меху
дасьць бывай
так як разьвітваюцца жывыя платы
як старыя гарматы на пастамэнце ў сквэры гадаюць, што
далей.

чым больш намагаесься

словы марнуюцца
далей з вартай зьдзіву
настойлівасьцю
тым часам як афіцыянт прабягае міма з поўным
падносам
для ўсіх тых мудрых белых хлапцоў што з нас
сьмяюцца.
які табе клопат. які клопат,
пакуль у цябе завязаныя боты і
ніхто не падыходзіць да цябе ззаду занадта
блізка.
умець пачухацца і пры гэтым не зважаць на манеры
ужо ёсьць дастатковаю
перамогай.
зашораныя мазгі што шукаюць
глыбейшага сэнсу
будуць выкінутыя разам з астатнім
сьмецьцем.
не высоўвайся.
калі сьвятло існуе
яно цябе
знойдзе.

во сабака

зірні, у чым ты жывеш! панчохі, майткі і ўсякае гаўно
па ўсёй падлозе! ты проста ня хочаш ні за што адказваць!
для цябе жанчына – усяго толькі рэч, карыстацца якой
табе зручна! ты сабе проста сядзіш і спажываеш, усё што я
для цябе раблю! ды яшчэ з прычмокам!
што, так і будзеш маўчаць?

гэта твой дом, таму слухай! калі б я так табе сказала
ў сваёй хаце, ты б даўно ўжо бразнуў
дзьвярыма!

шо ты лыбісься?
я нешта сьмешнае кажу?

умяў з прычмокам маё каханьне і ўвесь мой клопат
і што? – пайшоў на іпадром!
ну што ў нейкім кані такога ўжо файнага?
такога, чаго няма ў мяне?

чатыры нагі?

ах, які ты разумны!
ах, які ты дасьціпны!
гэта проста штосьці!

ты жывеш так, патыпу табе ўсё побаку!
то я табе нешта скажу, афэлак: я сабе ня побаку!
ты думаеш, у горадзе іншых мужыкоў няма?
каб ты ведаў, больш чым дастаткова мужчын
хоча мяне, маё цела, маю душу!

мяне ўжо столькі разоў пыталіся “нашто ты зьвязалася
з гэтым гаўнюком?”

што?
не, я не хачу выпіць!
я хачу каб ты ўсьвядоміў, што між намі адбываецца
пакуль яшчэ ня позна!

паглядзі на сябе! табе й ня шум баравы!
ты ж у нас ну такі цудоўны!
ты не забыў, што з табой бывае, калі ты
перап’еш?
гэта тое самае, што жыць з эўнухам!

маці мяне папярэджвала!
усе мяне папярэджвалі!

у што ты ператварыўся?
ты нават не спрабуеш уступіць у моўны кантакт!
чаму ты не паголісься?
ты ўсю кашулю віном абліў!
а гэтая твая танная цыгара!
ведаеш як што яна
пахне?
як гаўно конскае!

гэй, ты куды сабраўся?
ах у бар, зноў у які-небудзь сьмярдзючы бар!
ідзі-ідзі, пагушкай там сваё самашкадаваньне
разам са сваімі сябрамі лузерамі!

калі ты зараз пераступіш парог, я пайду
на танцы!
пайду знайду сабе новага мужчыну!
пайду хоць пабаўлюся!

усё, калі ты зачыніш за сабой дзьверы, гэта значыць
што між намі назаўжды скончана!

ну і ідзі, скаціна!

скаціна!

скаціна!

СКАЦІНА!

занадта

Броўлі быў свой хлопец
нармалёвы як грэлка
а потым
нахадзіўшы колькі тысячаў міль
пачаў пераймацца
старэньнем

стаў лускаць вітамінныя пігулкі
як арэшкі

калі я да яго зайшоў
ягоная хата была поўная
жалязякаў

ён пампаваў і пампаваў жалеза

і
з кожным наступным прыходам
я заўважаў як ён
робіцца ўсё больш
грувасткі
і сіні:

камяк
мэталу

ягоныя вочы
запалі
ўглыб
лоба

усьмешка
расьцягнулася
як
гумавы
жгут

ён намазваўся
мазьзю
і пазіраваў
перад
люстрамі

я болей
яго не
пазнаваў

ён толькі
качаўся й
качаўся

ды
люстраваўся й
люстраваўся

ён мне такі
“пачні таксама
займацца, я
дык зноў
нарадзіўся”.

“убачымся”,
я яму
на гэта.

цяпер калі мяне
пытаюцца “ты бачыў
Броўлі
апошнім часам?”

я кажу
“не-а”
і мы пераходзім
да
цікавейшых тэмаў

кшталту
Ядзернае
Зімы.

во як

толькі што ў рэкляме
сказалі
што фэрмэр Джон вэндзіць
сваё ўласнае сала.
вось гэта я называю
асілак,
ёбаны ў рот.

пра аўтараў публікацыі

ЎЭНДЭЛ ТОМАС выкладае творчае пісьмо ўва ўнівэрсытэце штату Агаё штолета. Ягоныя найноўшыя публікацыі зьявіліся ў часопісах “Лізун”, “Прэч з вачэй”, “Наступствы” і многіх іншых уплывовых малатыражных выданьнях.

РЫЧАРД КЎІНТ нядаўна пераехаў з Паўднёвай Караліны ў Дэлаўэр. На сёньня ён разьведзены і працуе над шэрагам аднаактавых п’есаў.

ТАЛБЭРТ ГЭЙМЭН прадстаўлены ў болей чым 23-х анталёгіях. Ягоная трэцяя нізка вершаў “Зімой прасякнутае сьвятло начы” выйдзе сёлета ўвосень у выдавецтве “Гаўнапуп Прэс”. Працуе выкладчыкам Прынстанскай сярэдняй школы ў Нью-Джэрзі.

ЎІЛЬЯМ ПРУЎІТ шырока публікуецца ў самвыдаве. Жыве з сваёй цёткай, дачкой (Марджэры-Джын), жонкай і катом (Кеньянам) на поўначы Нью-Джэрзі.

БЛЭНДЫНГ ЭДЎАРДЗ вядомы як заснавальнік тонкага часопіса “Варушы сракай”.

ПАТРЫША БЭРНЗ – геній. Выкладчыца Прынстанскай сярэдняй школы ў Нью-Джэрзі.

ЭЛБЭРТ СТЫЧЎОРТ працаваў посудамыйнікам, вэтэрынарам, дрывасекам, грумам, грузчыкам, паліцэйскім-матацыклістам; вучань Чарлза Олсана, аднойчы пратрымаўся супраць Джоў Луіса чатыры раўнды. Жыў у Парыжы, Мюнхене, Лондане, Арабіі й Афрыцы. Цяпер вывучае творчае пісьмо ўва ўнівэрсытэце Паўднёвай Каліфорніі.

НІК ДЫВІЁГОНІ штодня скача на кані і вядзе летнія заняткі ў дзяржаўным каледжы Маўнтклэйр, Нью-Джэрзі.

ПІТЭР ПАРКС выкладае ў Прынстанскай сярэдняй школе ў Нью-Джэрзі.

МАРСЭЛ РАЯН аднойчы пагаліў яйцы Жан-Полю Сартру.

ПІТЭР ФОЛКЕНБЭРГ – бацька траіх дзяцей, працаваў падмятайлам, галоўбухам і санітарам у дурдоме.

ВІКТАР БЭНЭТ публікаваўся ў “Паўночна-Амэрыканскім Рэвю”, “Паэтычным Рэвю Поўдня”, “Кіхоце”, “Фрыкадэльцы”, “Шашаль Рэвю”, “Катафалку”, “Гарпэр’з”, “Шлягер Рэвю”, “Бастыёнах”, “Авангардзе”, “Паэтычным Рэвю Поўначы”, “Кавалі”, “Нью-Ёрк Таймз”, “Чэлсі”, “Нью-ёркскім Штоквартальніку”, “Душы атамнага веку”, “Таполевым Рэвю”, “Антыёхіі”, “Ябуліцкім Штоквартальніку”, “Сонцы” і “Муміі”. Скончыў самагубствам 9-га лістапада 1972 г.

ДАРНБІ ТЭМПЛ валодае паловай турэцкай лазьні.

СТ’ЮАРТ БЭЛАМ мастурбуе чатыры разы ў дзень.

ГАРЛІ ГЕЙБРЫЕЛ плянуе ўладкавацца налета выкладчыкам ангельскай мовы ў Прынстанскай сярэдняй школе ў Нью-Джэрзі.

ЎІЛЬЯМ КОСТЎІК нарадзіўся ў 1900 г. у Ёкагаме, Японія.

МЭШ ЭДЎАРДЗ неяк быў згвалціў дзяўчынку на ровары. Вучань Ўэндэла Томаса, Элбэрта Стычўорта, Эбата Бойда, Пітэра Паркса і многіх іншых. Найвялікшы ўплыў на ягоную паэзію мела Агнія Барто.

ТЭНЭР ГРОСГОЎК знаходзіцца ў вышуку за забойста чатырох старшаклясьнікаў.

САСОН ВІЁН раней сябраваў зь Віктарам Мач’юрам. Выкладае ў Прынстанскай сярэдняй школе, Нью-Джэрзі.

ВІКТАР ЎОЛТЭР піша свае вершы вогненнымі фэхтавальнымі шаблямі на шыях кондараў і ненавідзіць тэлевізію.

ТЫНА БЭЛАМ, жонка Ст’юарта Бэлама, мастурбуе чатыры разы ў дзень.

КАРСАН КРЭЗЎЭЛ просіць нічога пра яго не пісаць.

ТОЛБАТ ДЫГІНЗ топіць сваю чатырохгадовую дачушку ў кіпятку раз ці два разы на тыдзень. Рэдагуе паэтычна-інфармацыйны бюлетэнь “Невідочнае Сэрца”.

ПАРКЕР БРЫГЗ у сучаснасьці вучыцца на “выдатна” ў дзяржаўным каледжы Маўнтклэйр, Нью-Джэрзі.

пэўна ж

паводле найноўшага навуковага
дасьледаваньня
каб покнула апошняя шэрая клетка
патрэбныя 375
гадоў.

урэшце я разумею
што бальшыня калісьці
сустрэтых мною ў барах
і прыведзеных дахаты дзяўчат
хлусіла мне
пра свой
узрост.

я жыву ў раёне забойстваў

прусы выплёўваюць заржавелыя
канцылярскія сашчэпкі
і шрубалёт наразае кругі
вынюхваючы кроў
пражэктары касавурацца з вышыні ў нашыя
прыбіральні
і шукаюць схованку з двайным дном
пад матрасам.
5 чалавек у маім двары маюць пісталеты
а яшчэ адзін мае
мачэтэ
мы ўсе забойцы і
алькаголікі
але ў гатэлі цераз вуліцу
жывуць яшчэ горшыя;
тыя сядзяць перад бела-зялёным пад’ездам
тупа кончаныя
і чакаюць, калі іх забяруць
у вар’ятню.

у нас тут у кожнага па дохлай зялёнай кветцы
на ганку
а калі мы а трэцяй ночы сварымся з сваімі жанчынамі
то сварымся
напаўтона
бо звонку на кожным ганку
стаіць невялікая міска зь ежай
якую да раніцы заўжды спусташаюць
каты – ну, мы так
прынамсі
лічым.

дзёрзкія ўцёкі

чуеш, кажа ён, ты бачыў калі вядро, поўнае
крабаў?
не, кажу.
карацей, бывае так, што нейкі краб час ад часу
вылазіць на сьпіны астатніх
і пачынае караскацца ўгару да краю вядра,
а калі ён лічы ўжо ўцёк
іншы краб хапае яго і зацягвае назад,
уніз.
праўда?, дзіўлюся.
праўда, кажа, і тое самае з гэтай працай, ніхто
не зацікаўлены, каб нехта адзін адсюль
уцёк. такія ўжо парадкі
ў паштовай службе!
табе я веру, кажу. 

тут якраз падышоў загадчык зьмены й кажа,
вы хлапцы тут размаўляеце.
у нас на працы не дазволена
размаўляць.

я быў прарабіўшы там адзінаццаць з паловай
гадоў.

я ўстаў з табурэта й вылез загадчыку зьмены
на сьпіну
а там дасягнуў краю, падцягнуўся і апынуўся
на волі.

зрабіць гэта было так лёгка, ажно ня верылася.
але ніводны з астатніх за мной не палез.

пасьля гэтага доўга яшчэ, штораз калі еў клюшні краба,
я згадваў пра пошту.
гэтак я напэўна згадаў пра пошту
разоў пяць ці шэсьць

а потым перайшоў на амараў.

літаратурны раманчык

я пазнаёміўся зь ёю неяк праз допісы ці паэзію ці часопісы
і яна пачала слаць мне поўныя сэксу вершы пра згвалтаваньні й пажаду,
усё гэта, ды яшчэ зьмяшанае з доляй інтэлектуальшчыны,
крыху зьбіла мяне з тропу, і я сеў у машыну й паехаў на Поўнач
па гарах далінах і аўтастрадах
бяз сну, з бадунішча, акурат пасьля разводу,
беспрацоўны, пастарэлы, стомлены, з адзіным жаданьнем
паспаць гадкоў пяць-дзесяць, урэшце я знайшоў матэль
у сонечным гарадку ля неасфальтаванай дарогі,
сядзеў там, курыў цыгарэту
і казаў сабе, ты бадай зьехаў з глузду,
а там з гадзінным спазьненьнем выдаўся
на спатканьне зь ёю; яна была няхіла старая,
амаль майго веку, ня дужа сэксі
і дала мне вельмі цьвёрды сьвежасарваны яблык,
які я старанна перажоўваў рэштай сваіх зубоў;
яна памірала ад нейкай безыменнай хваробы,
кшталту астмы, і сказала,
я хачу адкрыць табе таямніцу, а я сказаў,
ды ведаю я: табе 35 і ты яшчэ нявіньніца.
яна дастала нататнік зь дзясяткам-тузінам вершаў:
плён цэлага жыцьця, і я мусіў іх прачытаць,
я спрабаваў ня быць жорсткім,
але вершы былі абы-што.
я звадзіў яе ня помню куды, на сэрыю баксёрскіх матчаў,
яна кашляла ў вакольным дыме
і ўсё азіралася навокал
разглядала людзей
і баксёраў,
сьціскаючы кулачкі.
цябе мабыць ніколі нічога не ўзбуджае? спыталася яна.
але я ўзбудзіўся як мае быць у той вечар у тамтэйшых узгор’ях,
пасьля мы сустрэліся яшчэ разы тры-чатыры
я дапамог ёй давесьці да ладу пару вершаў
а яна ледзь не ўдушыла мяне языком, запіхаўшы яго мне ў горла
але ж калі я зьехаў прэч
яна так і засталася нявіньніцай
і вельмі благой паэткай.
думаю, калі жанчына не рассоўвала ног
цягам 35-ці гадоў,
то ўжо запозна
і кахаць,
і пісаць
паэзію.
    
паштоўка

яна піша так, быццам мы бачыліся ўчора ці тыдзень таму, але
насамрэч мінула больш за дваццаць гадоў з таго дня, калі мы зь ейным мужам
напіліся да белых коней, схапілі зь сьцяны дзьве шаблі й пачалі
фэхтаваць, секлі й лупілі адзін па адным добрых пяць
хвілінаў,
усё набліжаючыся да таго каб пазбыцца нейкай часткі страваводу
выпусьціць адзін аднаму кішкі ці адчыкрыжыць галаву ці тым або іншым
чынам
зрабіць адзін з аднаго яшчэ большых
інвалідаў… 

гэта былі 5 хвілін праўдзівай весялосьці, потым мы павесілі
шаблі назад, зноў селі і працягвалі
піць.

файную хату яны тады мелі, але нядоўга: ён меўся страціць
сваё месца ўва ўнівэрсытэце; што да мяне, калі гэта грала нейкую ролю,
то ад маёй пісаніны кніжны рынак мякка кажучы
не дубасіла. 

я згадваю яе ў тых абставінах, пры ўсім гэтым, хутчэй
як частку фону, у доўгай сукенцы, інтэлігентную жанчыну
прывабнага выгляду.

іхны шлюб
распаўся.

пасьля гэтага ён пару разоў завітваў, у мяне не было шабляў,
але нам, здавалася, іх не бракавала, толькі з кожным
візытам
ён выглядаў усё больш дзіўна й адчужана, урэшце толькі маўчаў,
проста сядзеў насупраць, вельмі роўна, ягоныя нерухомыя вочы
як быццам выцьвіталі, потым
я яго ўжо болей ня бачыў.

мінуў год, яна пачала мне званіць, заўжды зь нейкага
далёкага места; гаварыла бяз ладу й складу, быццам сама
думала пра нешта іншае; потым я пераехаў у іншае
месца.

мінуў яшчэ год – нейкім чынам яна адшукала мяне на новым адрасе; я
адыходзіў ад запою: нечасаныя валасы, пабітыя пальцы
на нагах, абдзёртая падзеньнямі скура
на каленях, у хворых дзяснах расхістаныя зубы,
мой твар зарос, я быў досыць змучаны.

я адчыніў дзьверы і ўпусьціў яе зь ейным новым каханкам: маладым
бляндынам у чыстай вопратцы; яны селі – гутарка ня
вартая згадкі, збольшага гаварыла яна,
і штораз як яна рабіла мне штось накшталт
камплімэнту, ён
у адказ зьлёгку пагардліва ўсьміхаўся.

ну, мяне ён таксама ня ўразіў і я ў дадатак не зайздросьціў ягонай
здабычы
але нейкім чынам я мусіў выклікаць у яго неспакой
бо ўсьмешкі зь яго ўвесь час так і фантаніравалі; здаецца нават
ягоная зыркая новая кашуля ўсьміхнулася раз ці
два.

калі яны сышлі, мне палепшала.

і вось – праз пару дзесяцігодзьдзяў: “ты пераехаў. мае лісты
вяртаюцца… дасылаю гэтую паштоўку твайму выдаўцу…
паведамі мне свой новы адрас… я табе напішу…
калі-некалі бываю ў Паўднёвай Каліфорніі… цудоўна было б
зноўку цябе пабачыць…”

прыкольна, як людзі заўжды настойваюць на блізкасьці, якой
няма ані блізка; напэўна, усе мы тут ня без граху;
але я не хачу яе бачыць, і наўрад ці калі хацеў, і
ўсё-ткі – яна да сёньня захоўвае мяне ў сваёй сьвядомасьці, прычым настолькі
ўжо доўга.

я мусіў бы ганарыцца; каб жа я быў абавязаны гэтым гонарам таму
даўняму бою на шаблях; хацеў бы так думаць, але я ведаю,
што прычына ў чымсь іншым, і я б мог падмазаць ёй мёду, але не магу сябе
да гэтага змусіць, я
бяру й проста закідаю абы-куды паштоўку, і па ўсім, наліваю шклянку
каліфорнскага бажале, запальваю гаванскую цыгару “Рамэа й Джульета”, удыхаю,
а пасьля выдыхаю чароўны сіні струмень дыму, і з майго прымача
вырываюцца воплескі з нагоды заканчэньня Гайднавага канцэрта
для віялянчэлі.

на творчай труне

здольнасьць цярпець і перацярпець –
гэта шляхотнасьць, дружа.
здольнасьць цярпець і перацярпець
за ідэю, пачуцьцё, свой стыль –
гэта мастацтва, мой дружа.
здольнасьць цярпець і перацярпець
калі абламваесься з каханьнем –
гэта пекла, стары.
шляхотнасьць, мастацтва і пекла –
пагаворым крыху пра другое.

лёс – мая дачушка-калека.
бачыш, усё ня так проста,
я супраць іх усіх
але як бы зь імі.
Кафка, адчыняй!
Гэмінгўэй, адыдзіся!
Гегель, не прыдурвайся!
Сэрвантэс, ты што, сур’ёзна
напісаў гэты раман у 80
гадоў?

вялікія пісьменьнікі непрыстойныя людзі
жывуць несумленна
а найлепшае берагуць для паперы.

добрыя людзі ратуюць сьвет
каб гаўнюкі кшталту мяне маглі надалей ствараць мастацтва
і стаць неўміручымі.
калі ты гэта чытаеш праз шмат гадоў пасьля маёй сьмерці
значыць я ім стаў.

так што, пісьменьнікі ўсяго сьвету,
цяпер вашая чарга
зьневажаць сваю жонку
разбэшчваць дзяцей
любіць сваямосьць
жыць чужым коштам
грэбаваць усякім мастацтвам, створаным
раней і ў ваш час,
не любіць ці нават ненавідзець чалавецтва
ўраздроб ці ў масе.

нягоднікі, нават калі вы гэта чытаеце
праз шмат гадоў пасьля маёй сьмерці
забудзьцеся пра мяне. я,
бадай, пісаў не настолькі ўжо
добра.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

калі б я хацеў быць
клоўнам
я б паехаў
у Галівуд.

адзіны неабходны
паэтычны акт
гэта напісаньне
верша
а ўсё што ідзе за ім
гэта
прапаганда

Пераклад:
Макс Шчур

паэт (?):
гэтаму слову патрэбнае новае
вызначэньне.

калі я чую гэтае
слова
мой страўнік
сьціскаецца
нібыта я зараз
зблюю

Пераклад:
Макс Шчур

я хадзіў туды куды нікому лепш не хадзіць.
мяне бязьлітасна зьбівалі і пакідалі падыхаць.
у мяне па ўсім чэрапе гузакі ад гумавых дручкоў і ўсяго такога.
анёлы абассаліся ад страху.
я ўвасабленьне хараства.
як і вы.
як і яна.
як і жоўты сонечны прыбой і ўся веліч гэтага сьвету.

Пераклад:
Макс Шчур

Цябе як тлен, што час ужо расьцерушыў
я не ўяўляў сабе, хоць ты даўно памерла;
як і раней, зрок нутраны маёй душы
жывой усю цябе захоўваў – пільна, верна.