Ейтсіяна

эсэістыка, беларуская мова

(урыўкі)


На Аранскіх выспах мяне папярэдзілі: калі зашмат гаварыць пра справы фей – язык стане цяжкім, як камень.

Усе мае спробы напісаць біяграфію Ейтса – у нейкім сэнсе – гэта гісторыі пра справы фей.

Таму доўга пра гэта гаварыць я не буду.

Кавы!

Кавы і кітайцаў!

***

Як і князь Чан, я шукаю музыку зніклага роду, - напісаў Эзра Паўнд.

Музыка зніклага роду магла б стаць добрым пачаткам жыццяпісу Ейтса.

Ён упарта шукаў яе ўсё жыццё – за гэта Паўнд ласкава называў яго “герцагам Армондскім”, тытулам далёкага дзеда па бацькавай лініі. Паўнд быў у захапленні ад продка-арыстакрата ў генеалогіі Ейтса – дзеда, які праславіўся перамогамі падчас ірландскай Вайны двух каралёў. І нават намаўляў Дабл’юбі ўзяць “герцага Армондскага” літаратурным псеўданімам.

Ейтс на псеўданім не наважыўся, хаця дзедам моцна ганарыўся. Але аднойчы – надта позна, бо не быў уважлівым да прыватнасцяў – высветліў, што той ваяваў на баку пратэстанцкага караля Ўільяма Аранскага – супраць каталіка Джэймса Другога. І сваімі перамогамі загнаў рэшткі ірландскіх барацьбітоў у глухі і безнадзейны кут. Як мінімум на стагоддзе.

Музыка зніклага роду – не для суцяшэння.

Гэтая музыка вярэдзіць. Я выходжу яе шукаць. Сядаю за жыццяпіс Ейтса, каб пабачыць хаця якія сляды. Пытаю цябе. Ты з разуменнем пасміхаешся – але я бачу, што табе няпроста пасміхацца: шнары ўсё яшчэ ныюць. Шнары на тым месцы, дзе калісьці быў рот. І ўсміхацца – гэта цяпер балюча.

***

Гісторыю жыцця паэта цяжка расказаць з пачаткам, завязкай, кульмінацыяй, катарсісам і іншымі звірушкамі, якія сёння так цэняць маладыя крытыкі-ўнутры-мяне.

Бо прыгожае – гэта занадта цяжка.

Бо ў жыцці паэта прыступкі – гэта адкрыцці. І траекторыя яго жыцця  – гэта траекторыя ўджаленага інсайтамі.

З усіх завязак, кульмінацый і развязак я выбіраю музыку.

Да фартэпіяна!

***

Пачаць з бомаў. Царкоўных і экстатычных – каб выкурыць маладых крытыкаў з галавы. І расказаць на пачатку біяграфіі пра тое, што ў сваім папярэднім увасабленні Ейтс быў ваяром. Гэта важна.

Прынамсі, з гэтага, я б хацела, каб пачалі маю біяграфію – з майго папярэдняга ўвасаблення. Яно многае патлумачыць.

Ітак, Ейтс быў рыцарам – Чалавекам Дзеі, як ён горда падкрэсліваў, тады, у 1916 годзе, калі спрабаваў, у дзве тысячы пяты раз, дамагчыся ўжо аўдавелай Мод Гон. Ён быў не проста рыцарам, а ваяром, які не мог дараваць сабе бязлітаснае забойства нявінных мужчыны і жанчыны і выправіўся да Святой зямлі шукаць ачышчэння там. У шыкоўным аксамітна-чырвоным эсэі “Магія” ён апісвае той сеанс, на якім пабачыў сябе і свой шлях у Святую зямлю. Шлях, за які ён мусіў многае адпрацаваць пасля смерці. Каб дараваць сабе. І забыцца.

Што Ейтс мусіў рабіць (не рабіць!) увесь гэты час – у гэтым прагале між жыццямі – каб нарадзіцца там, дзе ён нарадзіўся, і стаць паэтам?

***

У “Відзежы” – містычна-тэалагічным творы, напісаным пасля пяцідзесяці – Ейтс прызнаецца, што забыцца Чалавеку Думкі мог дапамагчы толькі яго двайнік-супрацьлегласць, Чалавек Дзеі. І Ейтс знайшоў свайго двайніка – у Афрыцы. Яго звалі Львом, і ён жыў у шаснаццатым стагоддзі.

Леў Афрыканец першы выйшаў на спірытычную сувязь з паэтам.

Трэмбіта. Тут мусіць загудзець велічэзная трэмбіта з гор.

Пры такой інтрызе ў біяграфіі выратаваць аповед зможа толькі шчырасць апавядальніка, - кажа мне адзін з недабітых унутраных крытыкаў.

Ейтс выходзіць на сувязь са Львом Афрыканцам – седзячы, разам з Паўндам, на поўдні Англіі, за шаснаццаць міль ад узбярэжжа, у маёнтку Стоўн Котэдж. Я таксама цяпер жыву ў маёнтку на беразе. Каля Нёмана. І – калі быць да канца шчырай – у мяне ўвесь час страшна стынуць ногі. Аграпанк, як сказала б Марыйка М.: флэшка прымацаваная ізалентай да высокага дрына, каб лавіць сетку, ад яе цягнецца перахаднік сюды, да кампутара, які ляжыць у мяне на каленях. Мае ногі – у Нёмане. Думкі мае – на тым беразе.

Хроніюс – як называлі сярэднявечныя людзі з Захаду наш Нёман – бяжыць міма. Рака-час. Рака-мяжа – якую я наважваюся пераплываць, каб павыцягваць кантрабандай згубленыя сярод нёманскіх паплавоў згадкі. Ніякіх манетак пад язык пры пераправе. Праваднікамі – толькі жывыя.

Кантрабанда памяці бывае рознай. Нехта чуе танга смерці – і згадвае папярэдняе жыццё, звычайна пражытае ў гэтым жа месцы, часам нават пазнаючы блізкіх людзей, якія выжылі і паспелі ўжо моцна састарэць. Нехта бачыць чужыя сны – ці хутчэй, у снах бачыць чужую яву, нібы праглядае адзнятую стужку з камеры застрэленага аператара. Кагосьці чакае выпадкова знойдзены фотаздымак прыўкраснай дзяўчыны ў Архіве Клакоцкага.

Але наша гісторыя – не такая трагічная. Твой шлях – і мая Ейтсіяна – халодныя, яны не мусяць вярэдзіць.

Таму нам патрэбны нехта жывы і сапраўдны. Нас выратуе не пякучая метафара, а чалавек. Вельмі стары.

Тут усе старыя, – кажаш ты мне з усмешкай, аглядаючы нашу вулачку ля Нёмана, – але мы знойдзем самага старога.

І так мы знаёмімся з дзядзькам Валодзем. Дакладней, ён першы з намі знаёміцца. Каб прапанаваць рэшткі леташняй бульбы. І пагаварыць пра тое, як Людзі Дзеі – за столькі стагоддзяў – навучыліся перацягваць кантрабанду сюды. Безліч загубленых скарбаў. Безліч гісторый.

Дзядзьку Валодзю ўжо дзевяноста тры гады.

І – гаворачы пра кантрабанду – ён падыходзіць усутыч. Каб іншыя не пачулі…

***

У 1919 годзе тэатр Эббі ставіць “Мроі костак” – самую рамантычную з усіх дваццаці шасці п’ес Ейтса. П’есу пра згрызоты сумлення, якія не дазваляюць прайсці Чысцец наскрозь і вярнуцца на Нябёсы.

У рамантыкаў заўжды найперш ідуць Нябёсы – але, калі хтосьці моцна прагне – таму прапануюць яшчэ і Чысцец. Гэта – на выпадак згрызот сумлення. І там – горш за Пекла.

Выратаваць чалавека са згрызотамі, сведчаць будысція манахі, можа толькі ён сам. Ці – за нашымі старымі еўрапейскімі казкамі – яго ахвяра, калі яна наважыцца дараваць. Шэлі папярэджвае: са згрызотамі варта быць пільнымі – яны страшэнна шкодныя, бо вырастаюць з пагарды да сябе. А яна знішчае. У “Відзежы” гаворыцца, што выратаваць мёртвых ад згрызот можа толькі мінулае – зноў пабачанае ва ўсёй сваёй паўнаце.

Тэатр Духаў – усё, што пісаў Дабл’юбі для свайго тэатра пасля 1913 году – гэта адзін доўгі рытуал выратавання Памерлых. Ад згрызот сумлення і ад зваротнага боку гэтых згрызот – нянавісці.

Духі памерлых шукаюць паратунку і ў гэтай п’есе Ейтса. Закаханыя, якія яшчэ семсот гадоў таму, каб быць разам, здрадзілі Ірландыю Нарманам – просяць даравання ў зваяваных жаўнераў. І не атрымліваюць яго.

Ніхто ў п’есе Ейтса не знаходзіць жаданага выратавальнага спакою. Ні здрадцы. Ні героі.

У гэтым – праклён Ірландыі, - кажа культавы амерыканскі літаратуразнаўца Блум. Толькі адпусціўшы грэх неспакойным духам здрадцаў можна захаваць сваё шчасце.

А я Блуму не веру.

І нейкія непрыемныя людзі з экранаў надта лёгка сёлета гавораць пра эзатэрычную мудрасць адпускання, пра тое, што трэба дараваць, прайсці і больш не азірацца на мінулае, жыць будучым.

А ты мацаеш тысячагадовы шнар на твары і хітаеш галавой: нельга забываць. Нічога. Нікога. Ніколі. Нельга забываць.

Мець халоднае сэрца – і нічога пры гэтым не забываць, - пра гэта п’есы Ейтса, пастаўленыя ў Тэатры Духаў. Гэта я зразумела. Я не разумею іншага: ўглядаючыся ў жыццё Ейтса, я не знаходжу той віны – з якой вырасталі б згрызоты і нянавісць.

Навошта Ейтсу ўсё жыццё – у Тэатры – вучыцца жыць з нянавісцю? І ў кожнай п’есе ўнікаць вызвалення?

І – галоўнае – як яму гэта ўдаецца?

***

Магчыма, гэта тая самая інтуіцыя, пра якую казаў Мікола Лоскі: ёсць рэчы, якія мы не забываем, нават прайшоўшы праз смерць, ачышчэнне і новае нараджэнне. Веда застаецца такой каштоўнай інтуіцыяй. Абгостранай у паэтаў. Мы памятаем асалоды. І мы памятаем жарсці.

У нас застаецца надмоўнае адчуванне прыгожага. Жахліва прыгожага, якое абуджаецца – разам са свядомасцю. Як веда з папярэдняга жыцця.

Здаецца, унікаць вызвалення дзеля жахлівай прыгажосці – гэта і ёсць апрычоная мудрасць паэта.

***

Упершыню Ейтс пабачыў Мод Гон у 1889 годзе, калі яму было дваццаць пяць. Яна зайшла ў дом яго бацькоў ненадоўга, нават не адпусціўшы фурмана. Прывітала маладога паэта з выдатнымі “Вандраваннямі Ашына”, якія выйшлі напярэдадні. І назаўжды паланіла  – на галаву вышэйшая, з вогненна-каштанавымі валасамі і незямным голасам, які запальваў усё ў сярэдзіне.

Не разумею біёграфаў, якіх цікавіла сапраўднае аблічча Мод. І згадак сучаснікаў, пра тое, што насамрэч у ёй не было нічога велічнага ці дзіўнага. І заўваг пра фанатычную Мод на старасці год.

Бо, як кажа Ейтс, за што вінаваціць – калі шляхетнасць зрабіла яе палымянай і празрыстай. І выракла на пошукі Новай Троі.

Крывавыя пошукі.

***

У красавіку 1916 – адразу пасля Велікоднага паўстання – у Лондане адбываецца прэм’ера новай п’есы Ейтса “Ля студні сокала”. Якая мяняе ўсё.

Нядобразычліўцы казалі: Ейтс знішчаны.

Эліят вітаў генія. Старога паэта-сімваліста – ад якога ніхто не мог чакаць такога. Выскоквання са сваёй парадыгмы і татальнай перамены.

Паўнд быў у захапленні – ён граў на рэпетыцыях гэтай п’есы Маладога Чалавека, з Гераічнага веку Ірландыі, які прыйшоў дачакацца жывой вады ў чароўнай студні. Пакаштаваўшы такой вады, становяцца несмяротнымі. Але каб яе пакаштаваць – трэба яшчэ перажыць выпрабаванне прыгажосцю: на сцэне з’яўлялася дзяўчына-багіня-сокал і танчыла свой незямны экстатычны танец.

Несмяротнасць – недаравальная раскоша для паэта.

Ейтс у гэтай п’есе абірае прыгожы палон: у самы адказны момант, калі студня вось-вось запоўніцца жывой вадою – Малады Чалавек сыходзіць следам за дзяўчынай-сокалам-багіняй.

З гэтай п’есы і пачынаецца Тэатр Духаў, за які я так люблю Ейтса.

***

Але ўсё самае цікавае ў жыцці Ейтса пачынаецца яшчэ трошкі раней – у 1913 годзе, калі паэту спаўняецца сорак восем.

Ён у дэпрэсіі.

Ён піша ў вершы лэдзі Грэгары – “нашы духі маюць, дзе застацца і паразмаўляць”. Чым моцна яе палохае – бо яна яшчэ не гатовая адчуць сябе настолькі старой. А Ейтс цяпер – сярод аблокаў, на халодных нябёсах. І нават не падазрае, што для яго, тут, у гэтым жыцці, усё толькі разгортваецца.

Наперадзе – тры шыкоўныя зімы, у маёнтку Стоўн Котэдж, у кампаніі з Эзрам Паўндам.

Наперадзе – татальная serendipity, як сказаў бы Кольрыдж – зарыфмоўка сэнсаў, якімі ён паасобку займаўся ўсе папярэднія гады: кельцкі фальклор, акультныя практыкі і – прыўнесеныя ў яго жыццё Паўндам – японскія сярэднявечныя п’есы. Свет духаў – цалкам паглынуў “старога арла”, - весела пісаў Паўнд бацьку ў Амерыку, сам жа пры гэтым – чытаючы Ейтсу па вечарах “Дыялогі з духамі” – пачаў выношваць задуму сваіх будучых Кантос.

І нарэшце – экстаз ад знойдзенай ролі для Героя. Ад знойдзенага месца для Вялікага Пошуку і Вялікай Пакуты. І інтанацыі, з якой варта ўнікаць вызвалення. Гэта ўсё – у п’есе “Ля студні сокала”.

Далей – метафізіка віны і памяці. “Адзіная рэўнасць Эмер” – п’еса пра выбар Героя між зямной жанчынай і багіняй. У п’есе багіня танчыць той жа танец, што і ў “Ля студні сокала” – вось толькі Герой ужо баіцца бясследнасці – і абірае не яе.

Наступная легендарная п’еса пасіянарнага перыяду –“Сны костак” – пра Герояў, якія, нават пасля смерці, занадта добра ўсё памятаюць. І не шукаюць вызвалення.

Немагчымасць выратавання – ці не ёсць гэта выратавальным сюжэтам для паэта?

Гэта – і яшчэ, абавязкова, напамін пра Сакрум – які зусім побач. Літаральна ў нас перад вачыма.

***

Паўнд пісаў, што ў гісторыі літаратуры напраўду важна – “ажывіць веранду Катула” – выклікаць вобразы з свету духаў. Вярнуць дотыкі, намаляваць колеры, перадаць гукі.

Калі Ейтсу было 25 гадоў, і ён ужо пэўны час пражыў у Лондане, рыхтуючы там выданне “Вандраванняў Ашына”, яго бязмежна засмучала тое, што сам ён ніяк не мог дакрануцца да гэтай самай рэчаіснасці. Пісаць ясна. Празрыста. Выкараскацца з-за смугі метафары, вобраза – і пабачыць краявід навокал. І вось менавіта ў гэты час – у снежні 1888 – у яго паэтычным жыцці раптоўна і нечакана здарыўся ключавы інсайт:  разбуджаныя ўспаміны пра захад Ірландыі, дзе ён прабавіў у дзеда і бабы шмат шчаслівых месяцаў у дзяцінстве, памяць пра дотыкі, водары, краявіды падштурхнула яго да радка ад сябе – сябе тут і цяпер – і так дапісалася нарэшце “Азёрная выспа Іннісфры” – верш, які так доўга вісеў над Ейтсам:

While I stand on the roadway or on the pavements grey,
I hear it in the deep heart’s core.

Ён знайшоў інтанацыю для прарывання ў рэчаіснасць.

Плёскат марскіх хваляў. Салёны водар вулкі. Трава ля каменя. Самы захад Ірландыі. Бераг мора. Двор сядзібы дзеда – плецень, пах габляванага дрэва, разворанай зямлі пад градку – дзевяць радкоў для бабоў – вуллі. І весь клопат – стары і пакутлівы сон – адступіць.

Там на золку згары пачне спускацца на яго спакой – з фіранак раніцы на хатку, у якой яшчэ спявае цвіркун, а па абедзе ўсё навокал будзе ззяць на сонцы, поўнач жа будзе ціха грэць аметыставым святлом, а надвячоркам неба напоўніцца крыллямі канаплянак.

І вось ён тут, у задушна малым будыначку, на шэрай і змрочнай вуліцы Лондана – і галоўнае – такі бязмежна далёкі ад сябе сапраўднага, нібы патрапіў у зусім іншую рэчаіснасць. І ён настолькі далёкі ад сваякоў па мамінай лініі – зухвалых дзядзькоў і рашучых цётак са Слайга, што тут ніхто і не здагадваецца, наколькі ён там, дома – заўжды быў чужым. Наколькі ён да іх непадобны. Наадварот – тут, сярод непрыхаваных разлікаў  і ангельскай практычнасці – яму хочацца стаць імі, людзьмі з захаду Ірландыі, з пароды яго маці.

І тады самі прыходзяць у галаву радкі пра шэры лонданскі ходнік і дарогу – і корань сэрца, у якім абуджаюцца ўспаміны пра бераг

***

За столькі год чытання Ейтса я незаўважна выгадавала ў сабе веру ў Агульную Памяць. Памяць з рухомымі межамі. Менавіта дзякуючы ёй вобразы, што паўставалі перад Дзэамі Матакіё на самотнай выспе ў выгнанні, у далёкім дванаццатым стагоддзі, сніліся і Паўнду, там, у Пізе, у далёкім дваццатым стагоддзі.

І калі гэта згадка, ці вобраз, ці сон прыходзяць да цябе – яны становяцца тваімі.

Небяспечная думка для літаратара. Яшчэ горшая – для гісторыка літаратуры.

І што мне цяпер рабіць з улюблёнымі цытатамі, калі я больш не веру ў двукоссі?

Калі словы становяцца да канца і поўнасцю – маімі?

Апантанае стварэнне – з нічога, з сябе, з жыцця сэрца – блізкае да немагчымага. Яно калі і здараецца – то спальвае.

Як ні дзіўна, рамантыкі гэта разумелі – таму так цанілі рытуалы. Любыя. 

Берагчы чужыя словы – тых, з кім ты па адзін бок барыкадаў – даючы ім прытулак у сабе. Ведаць, што ты частка цэлага. Дапамагаць несупакоеным духам – якімі б невычэрпнымі ні былі іх жарсці. Нічога не забываць.

Ці не гэта – чатыры вялікія абяцанні Ейтса?..

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Я доўга сядзела ў той першы дзень у пабе і чытала далей пра вялікую дарогу Ганны, на якой яна сустракае іншых beggars of love. Якія ўсе, бы наркаманы без наркотыка, пакутуюць, бо іх не любяць тыя, каго яны любяць. Яны вандруюць, каб пакутаваць, і пакутуюць, каб вандраваць.

Пераклад:
Сяргей Прылуцкі

...мы павінны цалкам парваць з тою занадта простаю думкай, што "мастацтва нас захапляе" і што "мы насалоджваемся мастацтвам". Не, мастацтва захапляе толькі да пэўнай ступені, а асалода, якую яно дае, сумніўная…

Ўітмэн і Ніцшэ ўбачылі пад парэшткамі хрысьціянска-рамантычнага суб’екту нешта іншае. Ніцшэ ўбачыў мінуўшчыну, перадусім антычную, зь яго дахрысьціянскім, экстатычным, дыянісійскім, гераічна-боскім «я», а таксама будучыню — Звышчалавека. Ўітмэн убачыў «усяго толькі» сучаснасьць, але не як (гістарычны) час, а як Вечнасьць, як «сынгулярнасьць», еднасьць усіх часоў і асобаў у момант тут-і-цяпер.

Сярод сустрэтых Алесяю пэрсанажаў “рэальнымі” ёсьць толькі некалькі. Усіх астатніх – за выключэньнем Тамтарама або Цімтарама, якія ў сьпісе фігур пазначаныя як белыя туры, але пра гэта пазьней – на дошцы ўжо няма. Яны прысутныя ў лепшым выпадку як успаміны, як здані, духі памерлых, ахвяры папярэдняй гульні.