Гаротная сьмерць Хлопчыка-вустрыцы

Каханьне Хлопчыка-сучка й Дзяўчынкі-сярнічкі

Хлопчык-сучок пакахаў
аднойчы Дзяўчынку-сярнічку:
у ёй ён абагаўляў
найменшую нават драбнічку.

Як файна разам жылося б
гэтым дваім дзецям дрэў...
Але ж як яна запалала –
ён тут жа перагарэў.

Хлопчык-робат

У мястэчку зайздросьцілі ўсе Кавалёвым
зь іх шчасьлівым сямейным жыцьцём нармалёвым.
Кавалёву прыносяць шчасьлівую вестку:
жонка вам нарадзіла здаровага дзетку!
Толькі з нованароджаным штось не ў парадку –
хлопчык-робат якісьці, а не немаўлятка!
Не пяшчотны, ня цёпленькі выйшаў няўдаха,
замест скуры – халодная тонкая бляха.
Дрот, антэны тырчалі ў яго з галавы –
ён глядзеў, як ня мёртвы, але й не жывы.

Толькі шнур-пупавіну ўтыркнулі ў рызетку –
і жыцьцёвая іскра ўсялілася ў дзетку!

Бацька доктару ў вочы закінуў апінію:
«Вы зрабілі зь дзіцяці бідон з алюмінію!»

Доктар кажа: «Хай гэта гучыць дзіўнавата,
толькі вы немаўляці ніякі ня тата.
Пол дзіцяці ня вызначыць нам з дасканаласьцю,
А вось бацькам ёсьць... міксэр, паводле аналізаў».

Між бацькамі стасункі ў канец сапсаваліся.
Узаемнай яны запалалі нянавісьцю.
Жонцы муж не хацеў дараваць гэткі сорам—
сэксуальную сувязь з кухонным прыборам!

Хлопчык-робат жа стаў малайцом-дзецюком,
хоць за сьметніцу ўсім слугаваў часьцяком.

Дзяўчынка, якая глядзела ў адну кропку

Аднойчы сустрэў я дзяўчынку,
якая стаяла і проста глядзела.
Куды і на што –
для яе значэньня ня мела.

Яна глядзела на неба.
А потым глядзела долу.
На вас глядзела бясконца –
чаму й для чаго невядома.

Але на конкурсе «Бачаньня»,
усіх перамогшы дзяўчынак,
яна нарэшце дала вачом
заслужаны адпачынак.

Лупатая дзяўчынка

У дзяўчынкі лупатай
заўжды вочы вырачаны.
Пазірае на ўсё
то агулам, то выбарачна.

На зямлю пазірае,
пазірае на неба,
доўга ўсіх разглядае
без усякай патрэбы.

А як выйграла конкурс
між лупатых малых –
тут жа вочы разьбегліся
ўзяць крыху перадых.

Хлопчык з Убітымі ў Вочы Цьвікамі

Хлопчык з Убітымі ў Вочы Цьвікамі
ўпрыгожваў сваю драцяную хваінку.
Глядзелася гэта крыху дзіўнавата,
бо ня бачыў ён ані галінкі.

Хлопчык зь цьвікамі замест вачэй

Хлопчык зь цьвікамі замест вачэй
на штучную елку навешаў аздоб:
калі б ён мог бачыць, што робіць – яшчэ
ў разы афігеньней было б!

Шматвокая дзяўчынка

Хоць бачыў я ўсякае,
ды быў проста ў шоку я,
у парку спаткаўшы
дзяўчынку шматвокую.

Пакарыла адразу
мяне белабрысая.
Мела вушы! І рот!
Зь ёю разгаварыўся я:

пра заняткі паэзіяй,
пра букеты й гербарыі,
і чаму так нязручна
насіць акуляры ёй.

Сябраваць так чароўна
зь дзяўчынкай шматвокаю!
Ды да сьлёз не даводзьце –
спрэс будзеце мокрыя.

Хлопчык-пляма

З усіх супэргерояў
ён, мабыць, самы дзіўны.
Ня мае ён звышздольнасьцяў
ані крутой машыны.

Ля Супэрмэна й Бэтмэна
няхай глядзіцца млява,
ды для мяне ён – мой герой
па імі «Хлопчык-пляма»!

Ня ўмее лётаць ён, дагнаць
цягнік ды іншых цудаў.
Адзінае, што можа ён –
пакінуць пляму бруду.

Перажывае ўсё ж хлапчук:
ня дужы ён, ня хуткі,
дый за хімчыстку трэ плаціць
шалёныя рахункі.

Гаротная сьмерць Хлопчыка-вустрыцы

Ён у дзюнах зрабіў прапанову.
Каля мора вянчаньне было.
А вясельнае падарожжа
аж на Капры іх завяло.

На вячэру прынесьлі ім проста смачнюшку:
вустрыц, крабаў, малюскаў і рыбную юшку!
Пры вячэры яна загадала жаданьне:
дай нам божа дзіцятка, каб песьціць і гушкаць!

Калі ласка! Яна нарадзіла дзіця.
Чалавечае? Мабыць. Напэўна. Хаця...

Рукі, ногі, слых, зрок, нюх, вантробы пры ім –
ну зусім нармалёвае! Не, не зусім.
Гэты гнюс, гэты мор, гэты брыдкі лішай
ім праблему стварыў – а цяпер вырашай!

Маці ў крык: «Доктар, кара такая за што нам!
Ён ня мой! Ён прыбоем сьмярдзіць і плянктонам!»

«Гэта кара? Тут тыдзень таму была кара:
немаўля з трэцім вухам і дзюбай на твары.
Хлопчык-Вустрыца ў вас? Ну дык бог вам у помач:
значыць, домік набудзьце на моры. Ці побач».

Без фантазіі Сэмам назвалі малюську –
дома ж звалі «пачварай, падобнай малюску».

Пэдагогі гадаюць, цікавіцца вуліца:
ці раскрыецца хлопчык аднойчы, як вустрыца?

Неяк міма прабегла блізьнятаў чацьвёрка:
«Ты глядзі, анамалія! Хлопчык-двухстворка!»

Вось аднойчы вясной Сэм пад дожджыкам мок –
дзе крыжуе Галоўную выезд у док, – 
і глядзеў, як сьцякае вада ў вадасьцёк.

А матуля машыну на ўскрайку спыніла
й калаціла па дошцы прыбораў штосілы –
гэтак сьвет стаў матулі агідны й нямілы.

Мужу ў ложку сказала:
«Сыночак наш родны
ў нашай чыстай рачулцы –
як камень падводны.
Але ж тут, дарагі, лаеш Сэма дарма ты:
у праблемах з інтымам ты сам вінаваты!»

Муж да чырвані цёрся і цынкавай мазьзю,
і прыроднай мікстурай, і лекавай гразьзю,
і зь лячэбных купеляў бадай не вылазіў.

Доктар кажа: «А што, калі выгнаць клін клінам?
Імпатэнцыю бацькаву вылечыць сынам?
Чуў, што вустрыцы – добры афрадызыяк.
Сына зьежце – і рады дасьцё яшчэ як!»

У спальню да сына
зайшоў на мысках – 
на лбе кроплі поту,
хлусьня на губах.
«Ну як пажываеш?
Паскудна, бадай?
Тайком, мабыць, марыш
патрапіць у рай?»

Сэм толькі лыпнуў вачыма – а татка
гальштук паслабіў і нож выняў хватка...

Ускрыў ён ракушку –
Сэм спырснуў апратку,
у рот сасьлізгнуўшы
галоднаму татку.

Ракушку ля мора загрэблі пяском,
паплакалі трохі й дадому бягом.

Зь дзьвюх трэсак яшчэ над магілкаю той
паставілі крыжык: «Дай бог супакой» –
стаяў да прыліву, быў змыты вадой.

Дома жонка за мужа –
і ў ложак зь ім тут жа!
Муж палка цалуе, штось шэпча на вушка...

А жонка: «Дай бог гэтым разам дачушку!»

Дзяўчынка-вудуістка

Скура зь белай тканіны –
шытая-перашытая,
ды іголкамі й шпількамі
сэрца прабітае.

І заместа вачэй –
гіпнатычныя дыскі,
што хлапцоў заглыбляюць
у транс вудуісцкі.

Гэтак ходзяць за ёю
зомбі ў поўнай прастрацыі,
і адзін зь іх паходжаньнем
з самае Францыі!

Ды суроку зайздросьніц
не пазбавіцца дзеўцы:
як прытуліцца хлопец –
шпільку ўгоніць у сэрца!

Каляды Хлопчыка-плямы

На Каляды Хлопчыку-пляме падарылі касьцюм.
Чысты, добра адпрасаваны.
Было ўтульна і цёпла ў ім.

Але не прайшло
Й дзесяці хвілінаў

як плямы зьявіліся
зноў на тканіне.

Незабыўныя Каляды Хлопчыка-плямы

Чыстай, цёплай, утульнае форме быў рады
Хлопчык-пляма – абноўцы сваёй на Каляды.

Ды за колькі хвілін (не прайшло й дзесяці)
форма плямамі бруду пасьпела пайсьці.

Дзяўчынка, што ператварылася ў ложак

У той дзень яна недзе нарвала вярбы –
галава стала мяккай, падушка нібы.

Тварык зьнік (ён вясьнянак і болек быў поўны)
пад наўлечкаю з стопрацэнтовай бавоўны.

Ад спружынаў раптоўна нутро закішэла,
і матрацам камфортным зрабілася цела.

Ад падмены такой я ня мог не журыцца –
ды пасьля на ёй спаў, бы прадаўшы пшаніцу.

Раман-таксікаман

Для хлопцаў з нашага двара,
сяброў – ён быў Раман,
для ўсіх астатніх – жудасны
Раман-таксікаман.

Асбэст, дымішча, аміяк –
яму нюхнуць абы!
Такой брыдой падыхаўшы,
скапыціўся б любы.

Любімай цацкай Ромкі
быў спрэй на валасы:
мог цэлы дзень прапшыкаць,
нат есьці не прасіў.

Зраньня чакаў у гаражы,
як стартане аўто:
як ён, ад газаў выхлапных
так не тырчаў ніхто.

Заплакаў толькі раз Раман
(больш не спанатрыў я),
бо ў вока трапіў сабе сам
хлярыдам натрыя.

У сад раз вывелі яго,
падыхаць пасядзець –
ён целам раптам спруцянеў
і пабляднеў як сьмерць.

З апошнім выдыхам сваім
пракляў Раман прыроду:
хто ж знаў, што льга адкінуцца
ад дозы кіслароду?

У неба адляцеў Раман,
маліліся цішком мы...
Азонавая дзірка там
зьявілася ад Ромы.

Якубка

Дзед Мароз раздае пакупкі:
медзведзяня для Якубкі!
Дарма што сёлета грызьлі
хлопца ледзь не загрызьлі.

Сьвяты Хлопчыка-сучка

Хлопчык-сучок адзначыў сабе, што ягоная навагодняя ялінка з выгляду здаравейшая за яго.

Хлопчык-сыр

Хлопчык-сыр страшны сон быў сасьніў разы два,
што зрабілася лустай яго галава.

Адмаўлялі ў кампаніі дзеці сырнае лусьце...
...апрача Шарданэ – сыр у ейным быў гусьце.

Хлопчык-Сыр

Хлопчык-Сыр неяк сьніў (двойчы такое бывала),
што замест круглае галавы мае толькі кавалак.

Дзеці ніколі зь ім не гулялі, заўсёды казалі «не!»…
…зрэшты, ён добра бавіў час з прыўкраснаю Шарданэ.

Хлопчык-Мумія

Ня быў ружовым і пухнатым,
Ня пеставаўся мамаю.
Быў зацьвярдзелым і пустым,
маленькі хлопчык-Мумія.

«Скажыце нам, Доктар,
растлумачце, каб зналі,
чаму нашыя стужкі ўцех
сталі ў выніку стужкамі марлі?»

Адказаў той: «Дыягназ такі
(ня ведаю, наколькі прыемны ён):
на сыне вашым ляжыць
фараона даўні праклён».

Тае ночы яны абмяркоўвалі
невясёлыя сынавы справы –
называлі яго «бракам сваёй
археалягічнай выправы».

Яны перабралі ў думках усе
навуковыя аргумэнтацыі,
але прыйшлі да таго, што малы быў
звычайнай рэінкарнацыяй.

У гульню «Прынясеньне нявіннай ахвяры»
ён толькі двойчы гуляў з іншымі карантышамі,
бо дзеткі прэч уцякалі з крыкам
«Ты дрэнны – мы ўсё скажам маме!»

Кінуты ўсімі, ён плача ад скрухі
І крочыць, самотны, паесьці на кухню.

Вільготныя вочкі выцершы
далоньню муміфікаванай,
ён сядае за міску
смачненькіх лісьцяў Тана.

Аднойчы ў цёмны пануры дзень
цалкам неспадзявана
маленькі сабака-мумія
да Хлопчыка выйшаў з туману.

Свайго хатняга цюцьку Хлопчык купаў
у бязьмерных сяброўскіх флюідах.
Напрыклад, буду яму збудаваў
а-ля Царская Піраміда.

Сканчаўся дзень,
насоўваўся змрок.
Хлопчык-Мумія выйшаў
з сабачкам у парк.

Не было там нікога, апроч вавёркі
й мэксыканскай дзяўчынкі,
што ў дзень народзінаў
ладзіла вечарынку.

Дзеткі, нават гуляць не пачаўшы яшчэ,
заўважылі ў парку нешта з пап’е-машэ.

«Глядзіце», – сказаў нейкі хлопчык, –  
«напэўна ўнутры падарункі!
Давайце ўскрыем і дастанем адтуль
усе забаўкі й ласункі».

Яны ўзялі бэйсбольную біту
і ўдарылі па галаве.
Хлопчык-Мумія (цяпер канчаткова
Мёртвы) ляжыць на траве.

У яго ў галаве ня было
аніякіх цукерак –
толькі пара прыблудных жукоў
розных памераў.

Хлопчык-мумія

Ня быў ён ружовы
і мяккі, як кожны
дзіцёнак – а цьвёрды,
кашчавы й парожні.

«Скажыце нам, Доктар,
чаму наш каток –
ня радасьці скрутак,
а марлі маток?»

«Дыягназ», адказ быў,
«такі: верагодна,
на вашым дзіцяці –
праклён фараона!»

Дапазна гаварылі
пра сынка яны кволага,
называлі малога
«байструк археоляга».

Пашукаўшы вучоных
тлумачэньняў, цьвяроза
абвясьцілі ўсё выпадкам
мэтэмпсыхоза.

Толькі раз ён зь дзіцячай гуляў чарадой
у «Ахвяраваньне багам маладой» –
«Ты благі!», ўсе раўлі. «Не хадзі больш сюдой!»

У маркоце ён ногі тады павалок
у куток, дзе сухі складаваўся паёк.

Рукавамі засохлымі выцер вачніцы,
міску зьеў сон-травы, што знайшоў на паліцы.

Да хлапца ў дзень пахмурны
літасьцівы быў лёс:
выбег раптам з туману
белы мумія-пёс!

І таксама ў бінтах!
Рукі ўмелыя ў хлопца:
будку збацаў у стылі
піраміды Хеопса.

Надвячоркам адным,
акурат на сутоньні
выйшлі ўдвух яны ў парк
пахадзіць па газоне.

А ў парку нікога: вавёрка малая,
ды дачка мэксыканцаў імяніны спраўляе.

Дзеці мелі намер пачынаць ужо гулі,
бачаць – з пап'е-машэ здаравенная куля!

«Глядзіце, тайнік!»,
кажа нейкі хлапчук.
«Там цацак, цукерак –
нямерана штук!»

І бэйсбольнаю бітай –
па пустой галаве!
Хлопчык-мумія ўпаў –
жыў і больш не жыве.

Не было ў галаве
ні цукерак, ні цудаў –
толькі некалькі розных
скарабеяў-прыблудаў.

Дзяўчо-сьметніца

Была неяк дзеўка
ўся з гнюсу й паскудзтва,
сьмярдзела жахліва,
ня горай за скунса.

Псыхічна была яна
неўраўнаважанай,
бо на звалцы за горадам
жыла пераважна.

Любіў яе толькі
сьмяцяр імем Стэн,
што адказваў за транспарт
поўных сьмецьця цыстэрн.

Калі Стэн прапаноўваў
ужо расьпісацца ёй –
дзеўка ў паніцы ўскочыла
ў каналізацыю.

Каралева Ігольніца

У Каралевы Ігольніцы
жыцьцё надзвычай нялёгкае:
сядзіць на троне самотная,
з сэрцам, працятым голкамі.

Каралева-ігольніца

Сядзе марыць на трон
каралева-ігольніца –
столькі хочацца ёй!
Ды пры гэтым – як колецца!

Хлопчык-Кавун

Жыў-быў пануры Хлопчык-Кавун.
Усё, што хацеў ён –
зьлегчы ў труну.

Але ня варта ў жаданьнях
сваіх заходзіць аж так.
Бо апошнім, што ён пачуў,
быў аглушальны “чвяк”.

Кавунагаловы

Хлопчык кавунагаловы
пакутаваў на хандру:
«Не магу дачакацца, трасца,
калі ўжо ўрэшце памру!»

Прынамсі, будзь асьцярожны,
калі ўжо гэтак няймецца!
«Чвяк!» – і ўраз засталося
ад хлопца мокрае месца.

Сю

Каб доўга не сюсюкаць,
прадстаўлю вам як Сю яе
(так, гэта тая самая,
што клей заўзята нюхае).

Адкуль я гэта ведаю?
Калі яна, гарэзьніца,
насоўкай карыстаецца –
да носу тая клеіцца!

Джымі, брыдкае пінгвіня

«Джымі маё імя,
але для сваіх сяброў я
проста Брыдкае пінгвіня».

Хлопчык-вугольчык

На Каляды Хлопчыку-вугольчыку падаравалі, як звычайна, драбочак вугля, што вельмі яго ўсьцешыла.

На Каляды Хлопчыку-вугольчыку замест звычайнага драбочку вугля далі маленькі падарунак, што вельмі яго зьбянтэжыла.

На Каляды Хлопчыка-вугольчыка прынялі за попел з каміну і вымелі за парог.

Дзіця-якар

Родам з морскай глыбінкі
была харашуха.
Пакахала яна
сухапутнага зуха.

Звалі Ўокерам хлопца,
быў рокерам той.
За ім дзеўка паўсьвету
прайшла пехатой,

каб душой прывязаўся
да яе хлопец-зух...
Толькі той не даваўся,
няўлоўны, як дух.

З дужа розных стыхіяў
былі яны з зухам.
У самоце брыла
па зямлі харашуха.

Перад ім яна грала
то фарс, то трагедыю –
ані сэкс не прыдаўся,
ні сакральныя веды ёй...

Да трывалай асновы
прывязаць не магла
харашуха стасунак...
І прыйшло немаўля –

ды выцягвалі з мамы
дзетку кранам партовым!
Пупавіна была
ланцугом шматпудовым.

Сам малы быў агідны
як мэталалом,
і пакрыты ня скурай –
хутчэй чыгуном.

Не зьяднаў іх дзіцёнак
у бацькоўскай любові.
У імгле беспрасьветнай
захрасьлі абое.

Што ж, з гуртом на гастролі
Ўокер зьехаў тады
й не наблізіўся болей
у жыцьці да вады.

Гадавала матуля
свой якар адна –
і чаго дасягнула?
Толькі самага дна.

У самоце зь дзіцёнкам
занураліся ў глыб...
Іх праводзіла толькі
пара дробненькіх рыб.

Хлопчык-вустрыца выйшаў у людзі

На Гэлаўін Хлопчык-вустрыца
пайшоў, апрануўшыся чалавекам.

Мультфільм Т. Бэртана «Вінсэнт» (1982) у перакладзе Сяргея Прылуцкага (субтытры):