Гісторыя пана Антона

проза, беларуская мова

Антон Антоныч Булыжнік ехаў у 46-м тралейбусе і глядзеў на туфлі. Гадоў ён меў таксама  46-ць, і таму вайны ня бачыў, не хацеў і ні з кім яе ня вёў. Туфлі таксама былі 46-га памеру. Вялікія, цёплыя, з натуральнай скуры. Як грудзі Ілоны Фрыдрыкаўны, ягонай жонкі. 

З туфлёў Антоныч плаўна пераводзіў вочы ў акно, паралельна ўводзячы вялікі палец у рот. Смактаць палец і нічога не рабіць – што можа быць лепш!

Вокны тралейбуса паказвалі жыцьцё. Ды так прыгожа, што Антоныч раз-пораз змахіваў насоўкай сьлязу, заадно праціраючы ад пылу любімыя туфлі. Брукі ў яго былі таксама любімыя. Не смаркамі мазаныя, не абы-што, а сапраўдны шык-фасон: стрэлачкі роўныя, як зубы ў актораў, калашыны чорныя, як лёс шахцёра.

Дома Антоныч акуратна складаў любімыя туфлі, брукі, шкарпэткі і іншыя дэталі гардэробу па скрыначках. Цалаваў,  нахіліўшыся, сваю нізенькую жонку. Насалоджваўся вячэрай з кампотам. Акуратна, зь любоўнай нянавісьцю, пляваў у тэлевізар. І лягаў спаць. Праўда, часам ён мог разгарнуць кніжку. Але сэнсу ў гэтым даўно не было. Калі штовечар праяжджаеш міма румачнай “Гулівер”,  будзь-якая кніжка здаецца бездапаможным ліліпутам.

У Антона Антоныча ўсё было добра. Зубы не выпадалі. Хандра не нападала. Лішнія думкі ў галаву ня лезьлі. Нават майткі ў дупу не западалі.

Але аднае раніцы яго падняў не маленькі будзільнік у раёне тумбачкі, як звычайна, а маленькі боль у раёне копчыка. На крык “О-о-о!” прыбегла жонка. Яна ня крычэла нічога.  Моўчкі паглядзела, памацала там і паслала мужа да дохтара.

Антоныч ішоў на агляд пад акампанемент вясёлых птушыных сьпеваў, але тыя ня радавалі і не падымалі настрою, якімі б вясёлымі і якімі б птушынымі яны ня былі. Па дарозе да паліклінікі боль нарастаў. Пад домам, ля крамы “Прадукты”, суседзі Антоныча, скрывіўшы твары, залівалі трубы, заядаючы бухло цукеркай. У іх быў свой боль. Канешне, не такі рэзкі дый балела ім зусім ня тое. Але, прынамсі, метад лячэньня яны ведалі.

Зірнуўшы на копчык Антончыча, лекар доўга маўчаў. Потым паклікаў яшчэ дзьвух калег. Цяпер яны стаялі ўтрох. Маўчаньня таксама стала ўтрая больш. З форткі на аголены зад Антоныча дзьмуў сьвежы ветрык. І гэта быў адзіны прыемны момант з усяе працэдуры. Раз-пораз дахтары па чарзе нахіляліся, але лягчэй ад гэтага не ставала. Сьвяціла сонца. Хісталіся дрэвы. Бяздомны сабачка сер на газон.

- Гэта хвост, - нарэшце сказаў адзін.
- Гэта цікава, - сказаў другі.

Трэці ж выпісаў рэцэпт і папрасіў зайсьці яшчэ, але заўтра.

Рэцэпт не дапамагаў. Заўтра не настане ніколі, - думаў Антоныч прылёгшы дома на канапу. Але боль у дупе заглушыш толькі болем у пячонцы. Таму трэба было напіцца з суседзямі, чаго Антоныч ніколі не рабіў і не любіў. Урэшце, зважыўшы ўсе за і супраць, ён узяў з сэрванта пляшку і выйшаў да крамы. Мужыкі пілі як багі, ён жа адно псаваў увесь эпас сваімі дробнымі каўткамі. Вярнуўшыся пасярод ночы, набляваўшы ў пакоі, прычым двойчы, ён заснуў на жываце: у туфлях, бруках і поўным трансе.

Нараніцу копчык не балеў. Балела толькі галава. Антон згадаў, што ўчора было весела. Спачатку пра нешта спрачаліся. Потым п’яныя па траве качаліся. Потым пад домам каталіся на арэлях. У ваньне, памацаўшы балячку, Антоныч зразумеў, што ніякі гэта ня хвост. Паводле словаў жонкі, там вырасла нешта падобнае на кветку з чатырма пялёсткамі, толькі было цьвёрдым і нічым ня пахла. Жонцы ён верыў без ніякіх, бо Ілона Фрыдрыкаўна працавала ў судзе прыбіральшчыцай і, у адрозьненьні ад судзьдзяў, праўду любіла і казала яе проста ў вочы.

- Да бацюшкі табе трэба, - сказала яна, ставячы на стол ранішні памідорны салацік.

Антоныч памідоры любіў, а бацюшак недалюбліваў. Памідоры  - былі сакавітымі, смачнымі і карыснымі. А бацюшкі – тлустымі і шкоднымі для псіхікі. Але ўсё адно жонку паслухаў, пайшоў.  Мо, што разумнае параяць, чым чорт не жартуе.

Бацюшка памацаў балячку трыма пярстамі, памаліўся, сказаў, што гэта грахі з грэшнага цела вылазяць. А потым прымусіў купіць сьвечак і замовіць малебен. Ксёндз у касьцёле таксама памацаў, але ўжо дзьвума пярстамі.  Купіць прымусіў адно крыжык і даў з сабой літр сьвятой вады. Пра пастара з суседняга дома ўвогуле казаць ня хочацца.  У таго зусім пярстоў не было, бо рукі адарвала яшчэ ў Афганістане. Падарыў Антонычу кружэлку з хрысьціянскім рокам, які, паводле яго словаў, “усю паству вылячыў ад Дзьябла, бо ўсе хваробы, брат, ад лукавага”.

Нічога, карацей, ня выйшла з гэтых хрысьціянскіх паходаў. Калі баліць у срацы – Бог не памочнік.

Наступная ноч, ня гледзячы на тое, што боль прайшоў і нарост адно муляў і прымушаў спаць дагары сьпіной, прыўнесьла ў жыцьцё актрабатычнай вастрыні.  Антоныч прачнуўся ад таго, што ніжняя палова цела вібравала, як міксер. Ззаду зумчэла нейкае гіганцкае насякомае.  А сам ён лунаў угары, пад стольлю, матляючы нагамі і рукамі, быццам набіты ватай плюшавы бегемоцік.

Унізе стаяла Ілона Фрыдрыкаўна. Выраз яе твару быў такі, што, здавалася, жанчына ня ў стане сказаць ні што яна бачыць, ні як яе зваць, ні нават як робіцца яе любімы салат “Мімоза”.

Але кіно цягнулася нядоўга. Агаломшаны левітатар нават слова не пасьпеў вымавіць, як жонка адкрыла рот і закрычэла. Антоныч упаў і страціў прытомнасьць. Ён ляжаў на ложку грубай літарай Х, раскінуўшы ў бакі рукі і ногі.  Побач, на падлозе, ляжала ў трансе Ілона Фрыдрыкаўна. А на вуліцы стаяла вясна. Такая, ад якой хочацца жыць і верыць у лепшае.

Антоныч прачнуўся як агурочак. Цягліцы былі гумова-пругкімі, галава – нябесна-прасторнай. Хацелася несьці людзям дабро, радасьць і выключна добрыя навіны. Але ён добра памятаў начны цыркавы эцюд і таму бадзёрасьць цела і душы не магла ня выклікаць недаверу. Плюс яшчэ раніца выявілася ня сонечным бэзавым душам, а панядзелкам, і да таго ж працоўным.

Найперш Антоныч падняў жонку з падлогі і, набраўшы ў рот вады, пырснуў ёй у аблічча. Пані Ілона была падобная да робата: па-тэрмінатарску азірнулася, гэтак жа мэханічна дайшла да ложку, згарнулася калачыкам і занурылася ў глыбокі сон. Але часу на сантымэнты не было – завадзкі гудок клікаў да станка. Антоныч зрабіў сабе на працу пару бутэрбродаў з яблычным сочывам, сербануў на дарожку халоднае гарбаты з печывам і пабег на прыпынак. У ліфце, крыху апамятаўшыся, ён асьцярожна памацаў ззаду і прыфігеў. На копчыку вырас ня хвост, ня букет люпінаў, не надоі малака з ураджаем бульбы, а сапраўдны чалавечаскі вентылятар.

Праца ў Антона Антоныча была няпыльнай: 5 будніх дзён на тыдзень ён гуляў з кампутарам у “дурня” і, паралельна, з начальнікам у карыснага работніка. Найбольш цяжкім і гнятлівым падчас гэтых доўгіх 8 гадзінаў было выслухоўваць трындзёж супрацоўніц, якіх сядзела разам з ім у адным пакоі штук восем. Усе былі непрыгожыя. Палова з іх – ва ўзросьце і з начосамі на галаве, то бок старыя пянькі і клушы, другая палова – з прусакамі і начосамі ўнутры галавы, то бок сьцервы і дуры. 

Офіс мясьціўся на самым верхнім паверсе. І таму ў абедзенны перапынак усе выходзілі на дах, дзе, наколькі гэта магчыма, абсталявалі такі сабе адпачынкавы куточак. Як толькі стукнула 12:00, усе вываліліся пад адкрытае неба. Антоныч усьсеўся на пластыкавы зэдлік, разгарнуў на каленах пакуначак з бутэрбродамі і ўзьняў вочы ўгару: між аблокаў плыў здаравезны дырыжабль з надпісам “Сосіскі “Пілот” – почувствуй себя на высоте”.  Антоныч адкусіў бутрык, сочыва літаральна раставала ў роце. Ён салодка прымружыўся – бо як жа, на тое яно і жыцьцё каб прыносіць асалоду, няхай і ў выглядзе банальнага бутэрброда.

У наступны момант прапелер ззаду загудзеў і Антоныч ўзьляцеў метраў на 100. Аднекуль знізу пачуўся дзікі жаночы роў і сковыт.  Расплюшчыўшы вочы, Антоныч ахерэў: абедзенны дах з баб’ём - далёка ўнізе, а ён, з з поўным вітальнай энергіі прапелерам імчыць насустрач сонцу, вясьне і запозьненым пералётным птушкам, што вяртаюцца з паўднёвых парадызаў. Ён задуменна паглядзеў на бутэрброд у руцэ, адкусіў і яго падкінула яшчэ мэтраў на 200.

- Бінго! – ускрыкнуў пузаты левітатар.

Астатнія таямніцы сочыўнай аэрадынамікі былі справай тэхнікі і ўпартай працы над сабой. Бо нават цуды патрабуюць галавы з мазгамі на плячох. Выявілася, напрыклад, што ня толькі сочыва, але і алкаголь здольны падымаць на вяршыні веж, хмарачосаў, гор, ня кажучы ўжо пра вяршыні духу.

***

Жыцьцё Антоныча закруцілася, як барабан “Спортлато”. Ён адразу памаладзеў, стаў моцным як штангіст і сьмелым, як ніньзя. Да чаго дайшла прырода – нейкі прапелер аказаўся карысьнейшым за мільёны таблетак, выпітых за жыцьцё, - задаволена думаў Антоныч.

Жонка, праўда, так і ня выйшла з летаргічнага сну. Любая Ілона ляжала, як рыба на прылаўку, і адзінае што рабіла – ціхенька дыхала і торгала рукой. Таму прыйшлося здаць яе ў бальніцу і чакаць калі ў цела прыйдзе “адліга” і яна вернецца назад у гэты прыўкрасны, прыўкрасны сьвет.

Найперш ён пашыў сабе касьцюм. Белы, у чырвоны гарошак. Потым скараціў імя, бо што гэта за імя Антон Антоныч – хай будзе АА. І вышыў гэтыя дзьве літары ніткамі мулінэ на касьцюме. АА гучала для яго як песьня, што ляціць па-над пожнямі і гарадамі, па-над фабрыкамі і садамі! АА – энэргія, сіла, напруга, што ўдарыць маланкай гневу па  кожнай цёмнай асобе. АА – як апошні праменьчык надзеі ў сьвеце, дзе няма месца ані праменьчыкам, ані надзеям.

  Далей Антоныч сфармуляваў сабе кароткае ёмістае крэда: “Радасьць, Дабро, Хардкор”. Першыя два словы значылі – рабіць сьвет весялейшым і гуманнейшым. А трэці пункт выдумаў чыста дзеля ўласных слабасьцяў.


З газетных хронік

Герой, якога ўсе чакалі (газета “Вячэрнія раёны”)

“13 сакавіка ў гарадскім парку адпачынку таямнічы “герой” абараніў ад кампаніі хуліганаў маладога перспектыўнага баяніста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Барыслава Н. Прыехаўшы на месца, міліцыя знайшла чатырох маладых людзей у непрэзентабельным выглядзе, то бок з ног да галавы залітых гноем. Гной, згодна з праведзенай экспертызай, выявіўся кароўім і паходзіць з тэрыторыі калгасу імя Лямпачкі камунізму. Паводле сведчаньняў Барыслава Н., ён вяртаўся з “Ночы баяністаў”, калі яго перастрэлі гэтыя чацьвёра і, цытуем, “пагражалі парваць ж.пу і баян”. Раптам з неба спусціўся “чалавек з маторчыкам”. Як кажа баяніст, ён раскідаў іх як дзяцей, пасля чаго ненадоўга знік і вярнуўся з дзьвюма балеямі, ад якіх даносіўся “пах г.ўна”. Сабраўшы пабітых бандытаў да купы, ён пляснуў гной ім на галовы, пасля чаго пакінуў побач запіску і адляцеў у невядомым напрамку неба. Невядомы быў у эластычнай масцы і аблягаюшчым касцюме, таму ніякімі знешнімі дадзенымі міліцыя на сённяшні дзень не валодае. У запісцы напісана: “Сволачы – трымціце, харошыя людзі – мірна сьпіце. АА, чалавек з маторам”. Гэтая навіна маланкай абляцела горад. У народзе таямнічага героя паспелі празваць Батарэйкай, людзі спадзяюцца, што яму ўдасца палепшыць крымінагенную абстаноўку, якая даўно псуе гараджанам жыццё і нервы.”

У слове ўлада – тры літары (штотыднёвік “Васільковы бунт”)

“19 сакавіка, серада. Раніцай, напярэдадні сьвяточнага параду, прымеркаванага да Дня гораду, на галоўнай плошчы работнікамі міліцыі быў знойдзены надпіс “х.й”, выкананы вялікімі чырвонымі літарамі. Далей стаяла двукроп’е і дробным шрыфтам пералічваліся адыёзныя гарадзкія чыноўнікі, пра якіх наша газета цягам апошняга году друкавала сэрыю выкрывальніцкіх матэрыялаў. Школьнікі, студэнты, рабочая моладзь, калектывы прадпрыемстваў і дзяржустановаў гораду і вобласьці з разуменьнем аднесьліся да справядлівага акту вандалізму. На тварах людзей чыталіся непрыхаваныя ўсьмешкі, людзі фатаграфаваліся на памяць, каб паказваць потым нашчадкам, каб нашчадкі ведалі, у якія прадажныя часы мы жылі.  Пракуратура неаднаразова адмаўляла нам ува ўзбуджэньні спраў супраць пералічаных на асфальце дзяржаўных хабарнікаў, растратчыкаў, злодзеяў і “обаратняў у пагонах”. Няма ніякіх сумневаў, што за справу ўзяўся Батарэйка. Спадзяемся, пасьля гэтага скандальнага інцыдэнту пракуратура возьмецца за галаву і зробіць вывады. Са сьвятам любы горад! Квітней і красуй, радзіма!“

Раздзел “Мы іх шукаем” (газета “Муніцыпальныя агні”)

“Міліцыяй гораду расшукваецца невядомы мужчына. Узрост 25-50 гадоў. Спартыўнага целаскладу. Асаблівых прыкмет няма. Апрануты ў касцюм белага колеру ў характэрныя чырвоныя кружочкі. Перасоўваецца па небе пры дапамозе невядомага лётнага апарата, прымацаванага ў раёне копчыка. Хто паведаміць у праваахоўныя органы інфармацыю, якая дапаможа арыштаваць зачынцу, тым гарантуецца Узнагарода памерам мільён мільёнаў рублёў.

2 красавіка г.г., аддзел па барацьбе гарадскога  Ўпраўлення Міліцэйскіх Спраў”


***

Антоныча вылічылі праз месяц. І тое дзякуючы той фантастычна-немагчымай акалічнасьці, што ягоны сусед Рашпіль аднойчы вечарам аказаўся цьвярозым.

Той сучы вечар адпачатку выдаўся цяжкім. Нейкая банда, аглушыўшы варту, акурат рабавала тады флагман раённай эканомікі - дывановы камбінат. У Антоныча на падобнае зло была чуйка. Яна зьявілася разам з прапелерам, бо нахрана прапелер, калі ня ведаеш куды ляцець? З вышыні ваданапорнай вежы ён бачыў, як з дзясятак плячыстых мужыкоў грузяць у грузавікі варсістую прадукцыю, прызначаную ісьці на экспарт і падымаць дабрабыт краіны. Каб краіна будавала бясплатныя сталовыя, дзіцячыя садкі і сарціры, на якія зараз ох які дэфіцыт. План прыдумаўся сам сабой. Заляцеўшы ў катушачна-нітачны цэх, Антоныч выбраў там катушку паболей. Выдыхнуў. Сёрбнуў з пляшкі, каб рукі набрынялі сілай, а прапелер энэргіяй. І давай лётаць па-над спалоханымі злодзеямі, крычучы “Э-ге-гей!” і спавіваючы іх, нібы павук сваіх безабаронных ахвяр. Праз дзесяць хвілін усе ляжалі замотаныя  і стагналі. Нехта лаяўся, нехта прасіўся да мамы, нехта крычаў будзь чалавекам. Але Антоныч ніколі ня быў гуманістам. Бо ведаў, што справядлівасьць і гуманізм растуць на розных дрэвах і сарваўшы адно – пра другое можаш забыць. Дачакаўшыся на коміне камбіната прыезду міліцыі, ён, з палёгкаю ў сэрцы дапіў рэшткі з пляшкі. Пасля чаго паляцеў дадому глядзець каляровыя сны.

Выйшаўшы на балкон папаліць і праветрыць упрэлую машонку, Рашпіль убачыў, як легенда нават ужо не гарадзкое, а рэспубіканскае прэсы, сам Батарэйка, прызяміўся на суседні балкон.

- Валя! Валя, бляць! – паўшэптам крыкнуў ён у кватэру жонцы, - Ідзі глянь.

Улічваючы свой алкагольны стаж, Рашпіль рэзонна падумаў, што прыйшла белачка. І жонка, як звычайна, мусіла рытуальна выйсьці, пацьвердзіць дыягназ і гэтак жа рытуальна заперці яго пад халодны душ. Але Валя высунула галаву, выкаціла вочы. Ужо ўдваіх яны назіралі, як Батарэйка сьцягнуў узмакрэлы касьцюм і выявіўся суседам Антонам. Той іх легкадумна не заўважыў за развешанымі на вяроўцы панталонамі. Гучна перакачаў з носа ў рот смаркі, выплюнуў іх,  выцер пот са сьпіны і лоба і зьнік у кватэры.

Ціша, нібы павучок, завісла ў паветры. Валя з Рашпілем прыкінулі колькі ўсяго можна накупіць на абяцаную Узнагароду. Абое пачалі ўяўляць вялікія тлустыя рублёвыя нулі, якія проста з неба ўпалі ім на нямытыя галовы. У чэрапе Рашпіля нулі зьвінелі скрынямі гарэлкі і вінішча, а ў чэрапе Валі – марамі пра пластычную аперацыю падмышак і новай шторай з залацістым водбліскам.

Рашпіль з жонкай жылі весела і прыгожа, наколькі гэта дазваляла ўяўленьне і суворыя пралетарскія гены. Рашпілевы гены разьвілі ў ім поўную атрафію маральных прынцыпаў, праз што кожная са 150-ці кватэр будынку нялюбіла яго лютай нянавісьцю. Асабліва пасля таго, як, напіўшыся, ён парваў паліто і выбіў вока мясцовай любіміцы цёце Аркадзіі. Пасля чаго адкусіў лапу яе пекінэсу Адольфу, які пачаў было гаўкаць і скакаць вакол, як прыпадашны. Цёця Аркадзія гатавала смачненныя булкі з макам і называла ўсіх суседзяў “мае дзеткі” незалежна ад полу, узросту, працоўнага стажу і палітычных поглядаў. Але больш за ўсё любілі яе не за гэта, а за вялікія добрыя вочы і сьмешныя анекдоты, якія яна прыдумляла сама доўгімі адзінокімі начамі. Пасля інцыдэнту цёця Аркадзія замкнулася ў сабе, перастала з усімі вітацца, запісалася ў секту “Ружовы туман”. А праз тыдзень яе знайшлі мёртвай у пясочніцы.

Валя ж, Рашпілева жонка, жыла як муха: пераносіла на сваім языку ўсялякае брыдоцьце пра суседзяў, прахожых, прыблудных катоў і проста заежжых турыстаў. Яна не галіла падмышак, мылася раз на тыдзень і крала з паштовых скрыняў чужыя лісты і газеты. Зь ёй ніхто не размаўляў, але ўсё адно яна ўсё пра ўсіх ведала і, каб не забыцца, запісвала ў вялікі зялёны сшытак з чырвоным яблыкам і Евай на вокладцы.

Сямейная пара вырашыла дзейнічаць імгненна, па-пажарнаму. Бо ўнутры ў Рашпіля гарэлі трубы ў прадчуваньні няхілага барыша, а ў Валі гарэла ўсё, ад пятак да нямытага рыла. Бо бабы, яны такія – калі загараюцца, то ўсёй сваёй натурай.  Валя накінула халат, Рашпіль накінуў на сябе спарціўкі і яны ламануліся ў найбліжэйшы пастарунак.

***

Сяржант міліцыі Калупейчык праглядаў у “Вконтакте” чарговы ролік з цыцкастай цёлкай, падобнай на ягоную школьную настаўніцу фізікі Вераніку Ігараўну, і ні пра што ня думаў. Адной рукой ён трымаўся за хуй, а другой за мышку. Вераніка Ігараўна доўга намыльвала ў ваньне насатую маладуху, падобную на яго настаўніцу рускай мовы Ніну Барысаўну. Далей у кадры зьявіўся мужык, лысы і ў акулярах. Ён быў таксама падобны. На географа Пятра Пятровіча, які ў школе пастаянна пізьдзіў Калупейчыка за няправільныя контуры на карце. Калупейчык ва ўсім і заўжды шукаў падабенства. І калі ў пастарунак заваліліся Рашпіль і Валя, то ён адразу адзначыў для сябе, што тыя падобныя да персанажаў крымінальнай хронікі. Хаця не, спачатку ён схаваў пісюн, падскочыў і выпусьціў з рота гук, падобны на роў алкаша, якому ў буфеце недалілі ў буфеце піва.

- Э-э-э-э-э!
- Начальнік! Начальнік! – махаючы рукамі, пачаў тлумачыць Рашпіль.
- Мы нашлі бандзіта! Бандзіта нашлі! Мы! мы самі! – верашчала Вера, бегаючы па памяшканьні. Яе халат расхінаўся, агаляючы тое, што ўвекавечыў яшчэ Рубенс у далёкім 17 стагодзьдзі, то бок наедзенае жаночае цела.
- Ціха, бля! – ачомаўшыся, цыкнуў нарэшце Калупейчык.

Сяржант падскочыў да Валі, схапіў за плячо і адкінуў да лаўкі, што стаяла пад стэндам “П’янству – бой. Забойствам – супербой”. Валя ўдарылася галавой аб сьцяну і замоўкла. А Рашпіль, заўважыўшы на іншым стэндзе знаёмы твар, закрычаў з падвоенай сілай.

- Во! Во ён, падла! Начальнік, ідзі сюды!

Сяржант падышоў і даў Рашпілю ў зубы. Зубы хруснулі, хвілінная стрэлка гадзіньніка пстрыкнула і пераскочыла на палову першай. Калупейчык меланхалічна паглядзеў на арыенціроўку, на якую тыцкаў пальцам начны візіцёр. Чорна-белы рэцыдывіст Батарэйка, у масцы і дурацкім касьцюме, глядзеў з яе на сяржанта, як злы сабака на алкаголіка.

- Ё-маё!.. – прысьвіснуў сяржант.
- Ага, – прашапялявіў Рашпіль.
- Ну, сматры мне. Калі пізьдзіш – завяду да дантыста і тыя зубы, што засталіся, у задніцы на шціфты пастаўлю. Дыктуй адрас.
- Вядзёрная, 16. Кватэра 16. Ён там з жонкай сваёй пражывае. Асьцярожна ў пад’ездзе, там сёньня нехта зноў насер купу паміж другім і трэцім паверхамі.

Мент ужо прыкідваў у галаве планы на Ўзнагароду за арышт Батарэйкі – галаўнога болю для сілавых структур ня толькі мясцовых, але і ўсяго рэгіёну. Той стаў у горадзе жывой легендай. А жывых легенд міліцыя ня любіць. Калупейчык з дзяцінства марыў пра тое, каб паўдзельнічаць у оргіі з дзясяткам цёлак. А на гэта патрэбны капітал. Мільён мільёнаў дазваляў купіць нават сотню цёлак. Такога Калупейчык ня бачыў нават у інтэрнэце.

- Алё, Піліпавіч, - сяржант набраў свайго бацю, начальніка пастарунка, які і ўладкаваў яго сюды. – Падымай брыгаду. Знайшоўся гэты апёздал, што лётае і статыстыку нам порціць. Так, той самы Батарэйка. Падымем няхілы бабос за яго.
- Э-э-э, начальнік, што за херня? Кінуць рашыў? – Рашпіль з грозным таблішчам сьціснуў кулакі і пайшоў на Калупейчыка. - Бабло палагаецца мне і маёй бабе.

Дарма ён гэта сказаў. Бо ў мянтоў, як і ў астатніх прыматаў, працуюць толькі рэфлексы. У барацьбе за жыцьцёвыя рэсурсы яны гатовыя на ўсё. Не пасьпеў Рашпіль і крок зрабіць, як тут жа атрымаў дручком па плячы. Плячо хруснула, рука абвісла, як вараная макароніна. Стрэлка насьценнага гадзіньніка пстрыкнула, але гэтага ніхто не пачуў, бо Рашпіль адкрыў ратавую поласьць і выпусьціў адтуль сакрушальны крык.

- Блььььаааа… - рэхам па калідоры панеслася слова пратэсту.

Калупейчык, як пастух скаціну, загнаў Рашпіля з кантужанай Валяй у камеру і замкнуў на жалезны ключык. У камеры ўжо сядзелі тутэйшы барыга Ланцужок, бомж Коржык і гоп-стопшчык са стажам Лёха-Біцэпс. Пачуліся глухія ўдары і праз пару секунд голас Рашпіля патануў у цішыні, як гантэля ў палонцы.

***

Антона Антоныча пакавалі неакуратна. Ён толькі-толькі пасьпеў пакакаць і пачысьціць перад сном зубы, як уваходныя дзьверы вылецелі з пяцель. Гаспадар выйшаў з ванны ў залю. У піжаме і са шчоткай у руцэ ён назіраў, як у кватэру адзін за другім заляцелі дзесяць мардаваротаў у камуфляжы. На стале на талерцы ляжаў бутэрброд з каўбасой і настойліва разносіў па пакоі свой апетытны пах. Антону Антонычу хацелася есьці і спаць. Але замест гэтага ён атрымаў купу посных пізьдзюлін і бяссонную ноч у халодным карцэры.

На наступны дзень за ім прыехалі. Гэта былі двое мужчын у чорных касьцюмах, чорных акулярах, з лысымі бошкамі і валасатымі грудзямі. Іхнія плечы былі настолькі шырокія, што на кожным можна было б пасадзіць па дзясятку буслоў або па два пенсіянеры. Калупейчык са сваім бацяй-начальнікам хацелі было нагадаць пра мільён мільёнаў. Але адзін са спецагентаў схапіў абодвух за насы, зрабіў па крэпкай сьліўцы і грозна паглядзеў мянтам у вочы. Мянты ж сумна паглядзелі ў падлогу, зразумеўшы, што іх наябалі. Як гаварыцца, няма такой сволачы, над якой не сядзела б яшчэ большая сволач.

Агенты пасадзілі Антона Антоныча ў чорную тачку без мігалкі і нумароў і павезлі па шырокім праспекце. Стаяла раньняя раніца. Птушкі верашчалі на дрэвах як дурныя. Нявыспаны народ пёрся ў раз’ёбаных тралейбусах і аўтобусах на працу. Рабочыя і работніцы выглядалі найбольш адчайна. Ім з дзяцінства хацелася ніхера не рабіць і жыць па-багатаму, але па нейчай віне, ці то капіталістаў, ці то камуністаў, выйшла цалкам наадварот. То бок прыйшлося ябошыць па-чорнаму і атрымліваць за гэта хіба што граматы і дробныя купюры. Яны ехалі на свае заводы і фабрыкі, нібы габрэі ў канцлагер, цудоўна і з жахам разумеючы, што заўтра падарожжа зноў паўтарыцца. Хаця не, які там жах. Ня з жахам, а згодна з графікам работы прадпрыемства. Антон Антоныч згадаў сваё мінулае жыцьцё. Жыў сабе, жыў і раптам – хоп! – пізьдзец звоніць у дзьверы і кажа: “Цяпер я ваш навекі”. Нахрана вырас той прапелер? Я што, хіба прасіў яго ў дзеда Мароза? Тым часам тачка пакінула межы горада. За акном паплылі дачныя ўчасткі з хібарамі, прыдатнымі, здаецца, толькі для таго, каб напіцца там з гора і павесіцца на радасьць блізкім. 

- А куды гэта вы мяне? – спытаўся Антон Антоныч, хаця ўжо дарослы і мусіў бы ведаць, што пытаньні да дабра не даводзяць. Разумны чалавек не задае пытаньняў, а робіць выгляд што ён дэбіл.

Адзін з агентаў зыркнуў на арыштаванага, сунуў руку ў кішэню, дастаў шпрыц, зрабіў Антону Антонычу ўкольчык і той тут жа вырубіўся. Але ў апошні момант пасьпеў падумаць: “Ну я і дэбіл”.

Вярнуўшыся ў сьвет з адключкі, ён убачыў, што валяецца ў ложку ў невялікім пакоі. Усё вакол было белым, як зубы ў мільярдэра. Белая столь, сьцены, дзьверы, ложак, тумбачка, кветкі ў вазе, падлога і тапачкі на ёй. Антон Антоныч падыйшоў да вялікага квадратнага люстра, ад зьдзіўленьня адкрыў рот і затросься. Белымі былі вочы, вухі, нос, бровы, губы, радзімка на голым пузе…

- Доктар Бінтарэзаў вас чакае, - пачуўся голас з нябачнага дынаміка і дзьверы пакоя з рыпеньнем адчыніліся.

Антон Антоныча двое санітараў завялі ў кабінет. За сталом сядзеў тоўсты мужык у белым халаце. На грудзі, зьлева і справа, баўталіся штук па пятнаццаць медалёў. У руцэ ён круціў, разглядаючы, літровы слоік з засьпіртаваным носам на дзьвюх чалавечых ножках.

- О, каго я бачу! – доктар усьміхнуўся, паказаў рукой на табурэтку і паставіў слоік на здаравенны стэлаж, застаўлены сотнямі заспіртаваных гадасьцяў. – Ну што, думаю, вам цікава даведацца куды папалі?

Размова была доўгай і ашаламляльнай. Выявілася, што Антон Антоныч трапіў у сакрэтную лабараторыю “Вясёлы пінцэт”. Тут праводзілі розныя эксперыменты, каб вырасьціць суперчалавека і суперцёлку, якія зачалі б для краіны новы біялагічны від. А потым новая раса захапіла б увесь сьвет і зьніштожыла яго або хаця б паставіла на калені. Пра тое, які варыянт лепшы, у вышэйшых эшэлонах вядуцца вялыя дыскусіі.  Як толькі ў прэсе зьявіліся рэпартажы пра таямнічага героя Батарэйку, спецслужбы адразу ўзялі гэтую інфармацыю на аловачак. Іх зацікавіў чувак, які ябошыць па небе як пцерадакціль, наводзіць парадак і сярэ на закон.

Пакуль доктар распавядаў усю гэтую муць, Антон Антонавіч насьцярожана разглядаў батарэі слоікаў на стэлажы. Чаго там толькі не было засьпіртавана: і сабачка з галавой Майкла Джэксана, і вавёрка з чалавечымі губамі, і камар з хобатам. Але асабліва зацікавіў агромністы бутыль літраў на сто, што стаяў у куце. У ім плаваў засьпіртаваны гіганцкі карась з бакенбардамі, жалезнымі зубамі, здаравеннымі кулакамі і доўгім канячым пісюном.

- О, гэта наш першы прадукт, Бафамет-1- заўважыў доктар. – Два гады мудохаліся з ім. Адзін мог цэлы марскі флот патапіць. Але нешта накасячылі мы з храмасомамі – дык ён аднойчы ўвесь штат адпізьдзіў і адымеў. Прыйшлося яго нейтралізаваць.
- А я вам нашто? Займаліся б сваімі мутантамі і далей.
- О, Антон Антоныч. Вы для нас проста клад. Ваш прапелер на срацы ня мае аналагаў у сьвеце. Хочам дадаць вам кой-шо і будзеце нашым шпіёнам-дыверсантам.
- Стоп-стоп, я на такое не падпісваўся.
- А ў вас, бляць, і не пытаюцца. Або працуеце на дзяржаву, або пападаеце туды - доктар кіўнуў галавой на стэлаж.  – Ладна, думайце. А пакуль адпраўлю вас на аналізы.

Доктар націснуў кнопку і ў пакой заваліліся два санітары. Антон Антоныч брыкаўся, апеліраваў да Дэкларацыі правоў чалавека, сумленьня, жаласьці і іншых сьмешных рэчаў. Але яго ніхто ня слухаў. Бо хто ён такі? Ніхто з прапелерам.

Спачатку санітары прымусілі пацыента здаць мачу і кал. У знак пратэсту Антон Антоныч адмовіўся, але яму ўсыпалі ў горла слабіцельнага і працэс пайшоў як па маслу. Потым  яго накурылі чоткай травішчай для расслабону каб ня брыкаўся, узялі мазок, кроў, адбіткі пальцаў, запісалі на касету голас, сфоткалі. І адвялі назад у ягоны пакой.

На вячэру Антон Антонычу прынеслі каструлю прафітроляў з мясам і графін “Партвейна”. Як толькі апошняя кропля ўпала на язык, ён адчуў у сабе шалёную энэргію. Вентылятар на копчыку закруціўся як турбіна. Антон Антоныч ведаў, што гэта азначае адно – пакуль ня позна трэба адсюль звальваць. Выбіўшы вентыляцыйную рашотку ён сігануў у шахту. Пяць хвілін – і ён ужо быў на свабодзе. Завіснуўшы высока ў стратасферы, Антон Антоныч яхідна ўсьміхнуўся. “Ну і ну”, - падумаў бы ён, калі б быў нявыхаваным гопнікам, але ён быў дастаткова начытаным, таму падумаў: “Ну і даўбаёбы”.

***

Перш-наперш Антон Антоныч уцёк за мяжу. Перад тым, праўда, пазваніў у бальніцу, і даведаўся, што жанка, Ілона Фрыдрыкаўна дала дуба. Змахнуў Антоныч сьлязу з носа. Але планаў не памяняў. Праз порыстыя аблокі вылецеў спачатку на бераг Індыйскага мора, памачыў там пяткі, наеўся фруктаў, аднавіў псіхалагічэскі баланс у мазгах. А потым рвануў у Кітай. Там рабануў пару найбольш ахуеўшых мафіозі і – фыр-фыр-фыр – упархаў у Таіланд. У Таіландзе Антон Антоныч узяўся за даўно прыдуманы план. Спачатку трэба было завесьці знаёмства з кім-небудзь з мясцовых. Зьняў нумар у матэлі і ў найбліжэйшым пошленькім бары вырашыў падчапіць цёлачку. Выбраў з вачыма папрыгажэй і славянскай зьнешнасьці.

- Май нэйм із Антон, ай стэнд ап эт сэвэн о клок, - пачаў ён здалёк.

Цёлка ніхрана не разумела, бясконца лыпала блакітнымі вачыма і гладзіла незнаёмца па валасатай грудзі.

- Ай эм он дзьюці тудэй энд вона бі ё мэн, - загадаў Антон Антоныч фразу са школьнага курсу.

Але дастукацца да яе мозгу зноў не атрымалася. Яна па-ранейшаму мружыла свае бляцкія вочы і па-кіношнаму аблізвала языком ня менш бляцкія губы. У выніку Антон Антоныч паставіў ёй пару стапарэй бухла і павёў у нумар. Пакуль сцаў і прычосваўся ў сарціры, дзеўка распранулася і шмыгнула пад коўдру. У салодкім прадчуваньні Антоныч залез пад коўдру, пачаў мацаць госьцю і раптам аслупянеў, знайшоўшы ў яе між ног мужыцкі апарат. На імгненьне запанавала ціша. Пасьля чаго агрэсіўны кулак Антона Антоныча прасьвісьцеў і гучна паздароваўся з вухам незнаёмкі. Тая захлюпала, плечы яе задрыжалі, як два асеньніх лісьціка.

- Мамачка, мамачка, - мармытала яна сабе пад нос, і зусім не па-тайску, а па-нашаму.
- Ну, ня трэба равець, ты ж мужык. Як зваць?
- Дзіма.

Высьветлілася, што гэты кадр прыехаў з Магілёўскай вобласьці зарабіць сабе на хату, моцык і круты планшэт. Нейкая фірма абяцала ўладкаваць за мяжой танцорам, але ў першы ж дзень кінула маладога пацана на панэль. Бабла хапала толькі на гнілых каракаціц і смажаных глістоў, таму Дзіма пераступіў цераз сябе і пайшоў у трансвестыты.

- А цябе часта пізьдзілі? – задаў Антон Антоныч рытарычнае пытаньне.
- А вы як думаеце? – ня менш рытарычна адказаў пацан.

Дзіма аказаўся чоткім чэлам з трагічным лёсам. Маці была простай жанчынай і працавала упакоўшчыцай на гандоннай фабрыцы, а баця націраў мазалі на пасадзе асенізатара грамадскіх сарціраў. Сына таксама хацелі зрабіць простым, як сьвісток. А ён наадварот, вырас складаным, як мандаліна. Яму ў галаву надзьмуў вецер свабоды, а ў сэрца адклаў лічынкі вірус распізьдзяйства. Працаваць за капейкі не хацеў. За рублі таксама. Баця пару разоў стукаў яго табурэткай па сьпіне.  Мама ставіла сьвечку ў царкве, каб сынок з крывой сьцяжынкі выйшаў на роўную і стаў як усе. Нават экзарцыста неяк выклікала, каб д’ябла выгнаў.  Урэшце, Дзіма ня вытрымаў, стырыў з серванта сямейны бюджэт і ўцёк насустрач прыгодам. 

Антон Антоныч з Дзімам трахацца ня стаў. Яны проста пайшлі ў бар і наклаліся ў сані. Праз свайго новага субутэльніка Антон Антоныч хутка выйшаў на падпольных хірургаў. Чык-чырык, і праз тыдзень яму ўжо зрабілі пластычную аперацыю рыла. Мясісты нос-качаня ператварыўся ў грацыёзнага лебедзя, вухі-варэнікі ў дзьве акуратныя ракушкі. Заадно высмакталі тлушч з жывата і шчок. Карочэ, стаў Антон Антоныч такім завідным мужчынам, якіх у сьвеце штук пяць ад сілы нашкрабецца.

Цяпер можна было спакойна вяртацца назад. Бо з радзімы праз інтэрнэт пачалі прыходзіць трывожныя навіны пра тое, што народу ўласьці закруцілі гайкі яшчэ на некалькі абаротаў. Разьвітаўся Антон Антоныч з Дзімкам, падарыў пару пачак грошаў і паляцеў.

***

Родны горад сустрэў бяз хлеба, солі і нават людзей на вуліцах. Бо ўлада прыняла закон пасьля зьмярканьня ўсім сядзець па хатах і не высоўвацца. А хто высунецца, тым ставяць на ілбе кляймо, даюць у рукі кайло і адпраўляюць валіць лес. Суворыя часы насталі, пакуль не было Антона Антоныча. Здавалася б, што такое некалькі месяцаў? А тут цэлая эпоха прайшла. У дзяржаве стварылі Усенародны саюз рабоў. Людзі ахвотна запісваліся ў яго, бо за гэта палагалася новая кватэра, новы тэлевізар і дзесяць білецікаў “Суперлато”. А ўзамен чыноўнікі маглі з імі рабіць што заўгодна. Палётаў Антон Антоныч па абласьцях, пагаварыў з людзьмі ў маршрутках і ахуеў. Напрыклад, адзін з чыноўнікаў у Лынтупах напіўся і пад уплывам сэксуальных фантазій прымусіў хірурга прышыць адной маладой рабыні яшчэ парачку цыцак. У Брэсьце палкоўнік КДБ пастаянна возіць з сабой раба Гаўрылу, у задніцы якога трымае найбольш сакрэтныя дакуманты. А на Гарадзеншчыне дык наогул дырэктар калгасу зьняў з дзьвюх памерлых бабак-рабынь скуры і аббіў імі крэсла-качалку. І што самае страшнае, народ усё церпіць і маўчыць. Як кажуць кулінары – “хто церпіць, той бліны з гаўна лепіць”.

Вырашыў тады Антон Антоныч умяшацца ў сітуацыю. Стырыў на армейскім складзе розных прыбамбасаў і пачаў па начах мачыць ўсіх гэтых свалачэй, што над людзьмі зьдзекуюцца. Аднаму у дом гранат накідае, другому ў лоб з базукі шмальне. Да аднаго, кіраўніка сталічнага аблвыканкама, нават залез у спальню і пляснуў пад падушку сто грам ртуці.  У краіне паднялася паніка. А як жа! За месяц пад сотню чалавек на могілкі перасяліліся. Мянты ўсе сінія ходзяць ад злосьці. Спецслужбы валасы рвуць на нагах ад бясьсільля. А ў народзе пайшла пагалоска, што гэта справа рук легендарнага героя, Батарэйкі. Вярнуўся радзіменькі, каб абараніць іх ад уласьці паганай. Невядома колькі гэта цягнулася б, але хтосьці ў вярхушцы аказаўся разумным. Рабства адмянілі і Антон Антоныч нарэшце супакоіўся. Зажыў ціха і непрыкметна, падалей ад чужых вачэй. Пабудаваў сабе на Дняпры пад лесам хату, лазьню, правёў інтэрнэт. Завёў сабачку Сірожу,  сьвінку Наташу і дзьвух баявых вожыкаў – Арнольда і Сільвестра. Бывала, сядзе на ганку ў крэсле, разгорне лэптоп і давай чытаць на форумах розныя  быліны і легенды пра сябе. Бо народ – такі арганізм, што толькі дай яму хуйні навыдумываць і чакаць паратунку. Замест таго каб узяць вілы і самому парадак навесьці.  

Дадатак.
З інтэрнэт-фальклёру пра народнага героя Батарэйку

Пра касіршу

Жыла-была на вуліцы Камуністычнай бабулька. Мужа ня мела, дзяцей таксама. Неяк пайшла яна на пошту пенсію забраць. А касірша як накрычыць на старую мацюкамі-хмарачосамі. Заплакала бабулька. А ў чарзе ёй і кажуць: “Нічаво, яна на ўсіх гаўкае. Вунь учора аднаго дзеда так аблаяла, што той ўсцаўся ў брукі”. Аж раптам заляцеў у аддзяленьне Батарэйка, схапіў касіршу за язык – чык! – і выкінуў яго ў акошка.

Пра ўрэдзіну

Адзін хлопчык з Партызанскага праспекта ня слухаўся бацькоў. Прыляцеў да яго ўначы Батарэйка, забраў бацькоў, пасяліў іх на Кіпры ў багатым гатэлі. А да хлопчыка прыйшлі сацыяльныя работнікі і забралі ў інтэрнат. Ён там плакаў-плакаў, а потым сьпіўся і скалоўся. Бо мінулага не вароціш, а галавой трэба думаць адразу, а не коні выкідваць.

Пра наёбшчыка

Адзін хітрушчы банкір доўга не хацеў аддаваць укладчыкам грошы. Прыляцеў Батарэйка, засунуў яму ў сраку набор юбілейных манет і прыгразіў вярнуцца і паўтарыць працэдуру, але ўжо з залатымі зьліткамі. На наступны ж дзень укладчыкі атрымалі што хацелі, а банкір разарыўся і пайшоў працаваць на завод чэсным токарам.

Пра галюцынацыі

У аднаго бяздомнага не было ручак і ножак. Ён жыў трагічна і адзінока. Але аднойчы на Новы год да яго прыляцеў Батарэйка і падарыў цэлы пакет наркотыкаў. З таго часу бяздомны стаў вясёлым і завадным. У яго зьявілася купа сяброў, але найбольш ён здружыўся са сваім гаварашчым бацінкам і сінім лятаюшчым сланом па імені Рома.

Пра тое як Батарэйка стаў Батарэйкам

Батарэйка нарадзіўся ў такім жа задуп’і, як і ўвесь народ. Ён з дзяцінства паважаў маміны рукі і маліўся на бацькаву хату. Спачатку ён быў звычайным чалавекам: калупаўся ў носе, мацаў дзевак за цыцкі, вучыўся ў інстытуце, сцаўся ў брукі, хадзіў на працу, не любіў начальства. Аднойчы яго выкралі, закрылі ў сакрэтнай лабараторыі і праводзілі жорсткія вопыты. А потым выкінулі паўмёртвым у лесапаласе. Мясцовыя бамжы яго выхадзілі, ён выжыў і стаў супермоцным, суперспрытным і чулым да праблем простых людзей. Улада яго ненавідзела, а ён паказваў ёй язык і ўстаўляў палкі ў калёсы. І дагэтуль устаўляе, на радасьць усім.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Перахапілі Барыса недзе ў Цэнтральнай Еўропе. Пачаўся міжнародны скандал, бо самалёт быў ваенны. Але скандалы нас не цікавяць. Запомніце, нас павінен цікавіць Чалавек.

Аднойчы мы моцна паспрачаліся пра тое, у каго даўжэйшы пісюн — у Караткевіча ці ў Быкава. Я набраў Уладзя: той назваў нейкую астранамічную лічбу і адразу ж, зразумеўшы, што мы хораша сядзім, сказаў: «Хлопцы, не разбягайцеся, бяру пляшку і лячу да вас».

Карочэ, вы зразумелі, што ў вёсцы гэтай усё было хуёвым. Але людзі былі расчудзесныя. Бо гэта ж Ірландзія – краіна простых людзей са складанай бажэсьцьвенай місіяй.

Напрыклад, купіў ён квіток на алкагалічны блокбасьцер “300 стаканаў”, прыйшоў – а там унылая опера на 8 гадзін з жызьні двух інтэлігентаў, якія на умных шчах пізьдзяць пра нюансы амфібрахія.