Хрыстос на Элеонскай гары

Пераклад: 

ХРЫСТОС НА ЭЛЕОНСКАЙ ГАРЫ

Бог мёртвы! Неба апусьцела...
Заплачце, дзеці – вы асірацелі!
Жан-Поль

І

Калі худыя рукі ў неба ўзьнёс,
Нібы паэт, сярод аліваў Збаўца,
Пачаўшы ўжо адчаю паддавацца,
Бо ўласны прадчуваў гаротны лёс,

Тым, што паснулі ўнізе (сон ім вёрз,
Бы кожны – цар, прарок і праўды знаўца),
Ён, сном і сам зьняможаны, прызнаўся:
“Хлусілі вам, што Бог у сьвеце ёсьць!

Прачнецеся! Пачуйце навіну!
Сусьвету выгбу вечную крануў
Я лбом – і ён да сьмерці ў кроў разьбіты,

А я – нізрынуты! Ні за каго, сябры,
Памру я на ахвярным алтары!”
Ды толькі тыя спалі сном забітых.

ІІ

Ён зноў: “Усюды – сьмерць! Яна ўва ўсіх
Галяктыках, дзе ў беспаветры глухнуў
Мой лёт, дзе сьвет са шчодрых жыл сваіх
Лье срэбна-залатую пацяруху,

Дзе ўкол гарачых сонцаў і пустых  
Віруе акіян у бурным руху, –
Там чуў я сфэр незразумелы ўздых,
Але ў бясконцасьцях ня бачыў Духу.

Ня вока Бога – ноч пустых арбіт
Знайшоў я, у якіх – адно нябыт,
І над калодзежам бяздонным гэтым – 

Мяжа, столь, выгба, за якой – хаос
Адвечнай цемры працінае скрозь
Сьпіраль, што паглынае Дні і Сьветы!”  

ІІІ

“Бяздушны лёс, маўклівы вартаўнік,
Наканаванасьць! Ты наперад крочыш
Між мёртвых сьветаў – іх скаваў ляднік,
І нашаму ты тую ж сьмерць прарочыш.

Нашто міжсобку, вечны рухавік,
Саштурхваеш сьляпыя сонцаў вочы?
Нашто на сьвет, які нядаўна ўзьнік,
Смуродам зьніклых дыхаеш забойчым?

Ах, ойча! З кім я гутару – з табой?
Ці перамог ты сьмерць, або аднойчы
З праклятым на вякі анёлам ночы 

Прайграў астатні, самы важны бой?
Няўжо адзін я плачу і гарую,
І ўсё памрэ са мной, калі памру я?”

IV

Ніхто ня чуў у голасе надлом,
Ахвяры вечнай стогн. У марнай скрусе,
З апошніх сіл да Юды ён зьвярнуўся –
Бо спаў Ерусалім, іх двух акром:

“Хадзі ж, да ладу ўгоду давядзём!
Ты ведаеш, на колькі я цанюся!
Мой дружа, я ў пакутах жудкіх б’юся –
Ратуй! Ты не спасуеш перад злом!” 

Ды той сышоў, расчараваны платай,
І шкадаваў у думках здрады клятай:
Назаўтра ж праўду раскрычаць аб ім!

Адзін Пілят, імпэрскі пракуратар,
Пашкадаваў: няшчаснага вар’ята
Прывесьці воям загадаў сваім.

V

Так, ён быў блазан, Фаэтон, уніз
Штурхнуты, летуценьнік і нязгрэба,
Ікар забыты, што ўзьляцеў да неба,
Кібэлаю ўваскрошаны Аціс!

Жрэц дзідай ткнуў пад рэбры, сэрца бліз –  
Крыві каштоўнай напілася глеба...
Сусьвет на міг хіснуўся ў бок Эрэба,
Алімп на міг над безданьню завіс.

“Ён – новы бог”, выпытваў цэзар прагны
Юпітэра, “што возьме над Зямлёй
Уладу – ці мо сын пякельнай магмы?”

Аракул адгукнуўся маўклінёй.
Адказ на гэта даць мог толькі той,
Хто ў цела ўклаў душу нам, дзецям багны.

ЗАЛАТЫ ВЕРШ

Годзе! Усё – чуйнае!
Піфагор

Чалавек, вальнадумца! Па-твойму, мысьляр –
Толькі ты, больш няма мысьляроў у прыроды?  
Карыстай з табе дадзеных сіл і свабоды,
Але думак заняць ад прыроды – ня мар!

Паважай у жывым жыцьцядзейнасьці дар,
Дух, што ў красцы любой прамаўляе заўсёды;
Нат мэтал нешта цягне да ўласнай пароды –
Сьвет чуйнуе, і ў ім ты ніякі ня цар.

За табой сочыць мур сваёй зрэнкай таемнай:
У самую матэрыю ўпісаны Логас...
Сьцеражыся ўжываць яе з мэтай ганебнай!

Глыб яе прытуліла схаванага Бога;
Быццам вока, што тоіцца ў сьне пад павекам,
Пад каменнай луской дух драмае адвеку!

EL DESDICHADO

Я князь цемры сьляпы, я ўдавец шматпакутны,
Аквітанскае вежы разбуранай прынц:
Згасла зорка мая, на пабляклае лютні
“Мэлянхоліі” чорнае сонца гарыць.

Аджыві, ясным зрокам магільную ймглу тні,
Каб ізноў суцяшэньне душы падарыць:
У зарослай альтанцы спакой абсалютны
І затокі нэапальскае відарыс.

Я Амур – альбо Фэб?.. Люзіньян – ці Бірон?
Твар чырвоны яшчэ з каралевіных вуснаў;
Я прысьніў, што я ў гроце сырэны спакуснай...

Я ў абодва бакі пераплыў Ахерон,
Прымушаючы пальцамі ліру Арфэя
То ўздыхаць, як сьвятая, то енчыць, як фэя.