Камін-аўт Уладзіміра Арлова

крытыка, беларуская мова

"Танцы над горадам", Логвінаў, 2017 г.

Палачане здавён знаюцца на зносінах з  іншасветам — прынамсі яшчэ ад часоў князя-ваўкалака, Усяслава Чарадзея. Уяўны гісторык-інквізітар, які пачаў бы складаць спіс дачыненняў палачан з невядомымі стварэннямі ды існасцямі, абавязкова згадаў бы ў гэтым спісе полацкіх кантактаў з тагасветнымі істотамі Яна Баршчэўскага з ягоным "Шляхціцам Завальнем". Зрэшты, патойбочныя існасці настолькі шчыльна кантактавалі з Полацкам, што гэта заўважалі нават ураджэнцы іншых мясцінаў, як гэта здарылася з аўтарам "Лабірынтаў" Вацлавам Ластоўскім.

У свой рукапісны збор пільны гісторык-інквізітар акрамя згаданых асобаў абавязкова дадаў бы і нашага сучасніка Уладзіміра Арлова, вывеўшы яго імя акуратнымі круглымі літаркамі і расставіўшы ўсе кропкі над "і". І кніга "Танцы над горадам", якая выйшла ў 2017 годзе ў выдавецтве "Логвінаў", станецца найлепшым пацвярджэннем гэтай повязі.

Раней пісьменнік хаваў свае дачыненні з іншасветам і прыкрываў іх то гістарычнай прозай, то невялікімі апавяданнямі са свайго полацкага маленства і пазнейшых падарожжаў. Аднак раз-пораз Арлоў усё ж прагаворваўся пра свае метафізічныя сувязі, як гэта здарылася ў аповесці "Краявід з ментолавым пахам".

Але гэтым разам аўтар зрабіў сапраўдны камін-аўт, выдаўшы пад адной вокладкай адразу тры аповесці, у якіх распавёў пра свае кантакты з тагасветнымі істотамі.

У анатацыі да кнігі гаворыцца, што яна прызначаная "для шырокага кола аматараў метафізічных вандровак". Аўтар не хлусіць: ягоныя творы нечым роднасныя сярэднявечным рэлігійным відзежам — з той хіба што розніцай, што знаёмяць чытача не з раем ці пеклам, а паралельным светам, які часам судакранаецца з нашым. Гэта можа быць, напрыклад, свет, у які па начах сыходзяць самнамбулы — свет, дзе танцы замяняюць мову (аповесць "Танцы над горадам"): "Канона не існавала, і ўсё адбывалася па-рознаму. Часам мы ўтваралі кола вакол Коткі, ды тая не заставалася на месцы, рухаючыся па ўласнай складанай траекторыі. Котка ніколі не блыталася пад нагамі, яна трымала дыстанцыю і таксама танчыла".

Свет лунатыкаў-самнамбулаў — вымярэнне дзіўнае і не зусім зразумелае. Яно існуе бадай толькі як дадатак да нашага, хаця не выключана, што насамрэч яно ёсць часткай нашага вымярэння, проста не ўсім дадзена яго заўважыць — гэтаксама, як не ўсім дадзена разумець паэзію ці балет.

"Так мы рухаліся даволі доўга, і гэта была самая небяспечная частка танца, бо дах меў невялікую плошчу. Аднак, калі кола набліжалася да краю, Котка падавала нягучны сігнал, і ўсе на міг заміралі. Аднойчы Настаўніка аддзяляў ад бездані вузкі раўчук бляшанага вадасцёку. Іншым разам адна ножка Гімнасткі ўжо марна намацвала цвёрдую паверхню. Ніякага пярэпалаху не ўзнікала, і мы пачыналі танчыць, пакрысе аддаляючыся ад магчымасці палёту", — распавядае герой "Танцаў на даху".

Сам аўтар у сваіх творах таксама пастаянна балансуе на гэтай няўлоўнай мяжы даху і паветра, рэалізму і містыкі: існуе напраўду "дом з дамавікамі" ў аднайменнай аповесці або гэта толькі выдумка? Няма адказу, няма пэўнасці.

Іншасвет дапытліва і спагадна зазірае ў душу персанажам Арлова, быццам Чорны чалавек (аповесць "Чорны чалавек на зялёнай канапе").  Гісторык-інквізітар абавязкова прыгадаў бы пісьменніку як яго мірнае суіснаванне з гэтай загадкавай існасцю, так і тое, што чорны чалавек на зялёнай канапе выратаваў аўтару жыццё…

Літаратурнае паслясмачча, якое застаецца пасля прачытання аповесцяў у кнізе "Танцы над горадам", выклікае ў памяці "Чалавечую камедыю" Бальзака з яе скразнымі персанажамі. Але калі творы Бальзака хочацца ілюстраваць афортамі Гоі, то гэтыя аповесці Арлова патрабуюць блакітнай размытасці Дэга, паветранай лёгкасці імпрэсіянізму.

…Адзінае шкадаванне, якое засталося ў мяне пасля прачытання кнігі "Танцы над горадам", — ад таго, што Арлоў так доўга хаваў свае кантакты з патойбочнымі з'явамі ды персанажамі. Але цяпер, ёсць надзея, ён працягне расповед пра гэтыя блізкія, але нязнаныя нам сусветы.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Захапляцца адначасова Картасарам і Піначэтам — гэта прыкладна тое самае, што ўдзень ваяваць супраць нацызму, а па вечарах запальваць таршэр з абажурам з чалавечай скуры.

З усіх частак рамана менавіта біблейская пакідае найбольш нудлівае ўражанне. Напэўна, гэта павінна быць сінонімам філасафічнасці і глыбокага роздуму.

На карысць аўтаркі сведчыць тое, што празмерна на сваім пісьменніцтве яна не зацыкліваецца, уласнае эга гэтым статусам не вельмі цешыць...

Аўтарцы пашанцавала, што яе заявы пра “мёртвую беларускую мову” не бачыў інтэрнэт-абаронца правоў беларускамоўных Ігар Случак, іначай бы позвы ў суд Севярынец не пазбегла.