Канец паўкабана

Пераклад: 

Гэта, бадай што, канец. Мой канец. Я гэта ведаю. Канец усяму. Радасці канец. Канец пакуце. Мой канец. Спадар Рашка зайшоў. Ён там за сцяной. У дрывотні. Абмяркоўваюць з магістрам Піларскім тэхнічныя дэталі. Гавораць шэптам. Ціха. Але я іх чую. О, як добра я іх  чую. Слова за словам. Сціхлі. Нейкі шоргат. Сцягваюць з паліцы шост. Таўкач. Божа! Божа! Яны хочуць зрабіць гэта таўкачом. Аглушыць так прымітыўна. Так непрыстойна. Нечалавеча. Якая ганьба. Так нельга. Летась праз шчыліну ў сцяне свайго хляўчука я бачыў апошнія хвіліны свінні нашай суседкі Гералтовічыхі. Сукаватым, дубовым таўкачом яны білі яе па галаве. Яны адвеку так робяць. Зрэшты, мусяць так рабіць.  Бо мы добра ведаем, што нас вядуць на смерць. Што нас валакуць на смерць. І мы баронімся. Увесь год я чакаў гэтага моманту. Увесь год я ведаў, што таўкач вісіць недзе побач у дрывотні. Цяпер прыйшла мая чарга.

Дзверы адчыняюцца. Магістр Піларскі лагодна звяртаецца да мяне. Я ўставаць не буду. Спаць хочацца. Не буду спрашчаць ім іхняй подлай працэдуры. Цяпер Рашка набліжаецца да мяне. Яны без шаста. Значыць, хочуць зрабіць гэта на падворку. Сярод качак і курэй. На марозе. Рашка працягвае руку. Ён ужо зусім-зусім побач.  Працягвае руку… Чухае мне за левым вухам. Люблю такое. Гэта паралізуе мяне. Я адразу адчуваю нервова-кампенсаторныя дрыжыкі правай задняй нагі. Нага забаўна, весела трымціць, уздрыгвае, вібруе. Быццам яна сама б хацела танчыць. Насуперак волі ўсяго арганізма. Ён усё яшчэ чухае мяне. Гэта дзіўна. Чаму тады яны змусілі мне пасціць дваццаць чатыры гадзіны? Я лічыў, што галадоўкай яны хацелі паменшыць колькасць інгрэдыентаў, якія кожны жывы арганізм павінен выдзяляць. Некалькі разоў на дзень. Арганізм сам чысціць, выпаражняе каналы тоўстых і тонкіх кішак, гэтак званых вантробаў.  Арганізм! Вядома, жывы арганізм – гэта цудоўная, складаная,  ды што я кажу, неразгаданая машына. Здаецца, у філасофіі ад ідэі арганізму-машыны ўжо адмовіліся, але я буду яе бараніць. Механізм, які сам сябе лечыць і ахоўвае. Нават скалечаны, ён рухаецца. Звычайныя высока арганізаваныя механізмы гэтага не могуць. Жыццё – гэта цуд! Да слёз кранальны цуд. А інтэлект – гэта вянец таго механізма! Порцыя срэбных крупаў працінае мне мозг.

Не, гэта проста адна маленькая куля прабіла мой лоб і засела ля асновы чэрапа. Аднак пісталет стрэліў. Зрэшты, цяжка назваць гэта пісталетам… Цяпер мне ўзгадалася, што мой міленькі, неразважлівы смаркач запоем чытаў і перачытваў апісанне самагубства аднаго польскага арыстакрата і пісьменніка. Юзя заўсёды чытаў гэты кавалак аповесці ўголас. Заўсёды побач са мною. Якую ж вычварэнскую смерць выбраў сабе той арыстакрат. І як жа доўга, замілавана доўга ён рыхтаваў яе сабе. Перш пілачкай для пазногцяў адпіліў шарык з вечка вялікай срэбнай цукарніцы, а тады, дзень пры дні абрабляў яе пад калібр пісталета, рукаятка якога на ўсходні ўзор была інкруставаная слановай косцю і перламутрам. Бо той арыстакрат быў падарожнікам і размаўляў па-арабску, а пісаў па-французску і па-руску, і ў выніку стрэліў сабе ў шматмоўна адкрыты рот. Дзе цяпер Юзя? Ён, бадай, не глядзіць. Але ён ведаў пра гэта, яны сама менш год жылі, ведаючы гэта. Ведалі, што заб’юць мяне. Ён ведаў. Мы ведалі. Мы ўсе чакалі гэтага канца.

Так, бо гэта канец. Мой канец. Я не здолеў нават рохкнуць. Гэта адбылося акурат тады, калі з ляноты і асалоды я прымружыў вочы. Цяпер падрэзаць горла. Раскрыць артэрыю. Сутаргі. Яны збіраюць у бляшаную міску кроў. Глыбокая рана на падгорлі. Бязгучна і знянацку. Зрабілі ўсё так, як трэба… я даўно на гэта пагадзіўся. Я хацеў… Гэта для яго… А яны добрыя. Нягледзячы на ўсё, заспелі мяне знянацку… Усё яшчэ доўжыцца агонія… Я спадзяюся… Аднак напраўду і іх, і сябе я ненавіджу. У мяне было шмат часу, каб усё абдумаць і пагадзіцца. О смешны бунт! Яны звалі мяне – дзюдзя. У мяне няма імені. Сёння яно ўжо нікому не патрэбнае. Безыменны кастрат. О, як я баяўся тады псіхічных наступстваў і інфекцыі. Сцізорыкам! Звычайны мяснік, ніякі не спецыяліст-ветэрынар. Вось так па-аматарску ганебна ён дарабляў пару соцень злотых. Хлопчыкам такога не робяць, хіба цішком, з патаемнай згоды бацькоў. Урад цэніць задзірыстую і ашалелую ад недаразвітай рэфлексіі мужчынскую моладзь. Іхняе гарматнае мяса. Ха-ха-ха-ха. Кожнаму паводле заслугаў. Я хацеў загрызці і растаптаць мясніка. Інстынкт загадваў мне ненавідзець яго. Паршывыя чорныя “вусікі”. Тады ад страху я пачаў думаць. Я намагаўся зразумець свой лёс. Наш. Мой. Лёс спажывецкага мяса. Свініны. І сэнс ахвяры. Так! Так! Так. Мне ніяк не забыць пра свядомую згоду, прызначэнне, пра салодкую таемную місію. Я выканаю яе моўчкі. У цішыні… І аднак. Не! Не! Не.

Цалкам безабаронны я ляжу наўзнак. Ляжу ў карыце. Паддаюся чатырма канечнасцямі. Цяпер яны абліваюць мяне кіпнем. Варам, скварам. Абварваюць шчэць і павекі. Мыюць мой труп. Я мушу ўдаваць абыякавасць. Далікатнасць і тактоўнасць думкі. Зацісну шчокі і заплюшчу павекі. Павекі не хочуць змыкацца. Я бачу далейшую падрыхтоўку. Пан Рашка дастаў са скураной тэчкі (свіная скура) старанна запакаваныя ў “Заходні Дзённік” скрэблы. Праз момант яны аголяць мяне. Я буду зусім голы. Чысты. Я бачу. З-пад вастрыя скрабкоў паказваецца ружовы ўзгорак жывата, аголены, ачышчаны ад валосся. Два раўнюткія шэрагі смочкаў. Амаль такія самыя, як у дзюшак. Яны чысцяць анальную вобласць. Хвосцік. Абскробваюць геніталіі. Убачылі шнар ад машны. Яны бачаць мяне.  Мяне бачаць. Нехта з жанчын, бадай панна Гэля, памочніца Рашкі, кухарка з дзіцячага садка, кажа: “Гожы дзюдзя”. Іншы голас (ці не жонка загадчыка склада Гералтовіча): “Божа ўсемагутны, што за свіння”. “Удаўся вепручок”, – я пазнаю голас магістра Піларскага, уласнасцю якога я быў. Ён атрымаў мяне ў рамках гэтак званай аплаты натурай ад кіраўніцтва вытворчага кааператыву. Ён яго кіраўнік і заснавальнік. Мноства лагодных вобразаў. Нейкі луг, парыкванне кароваў, хтосьці ўсміхаецца. Адкуль гэтая музыка сялянскага гурта? Самыя важныя словы вылецелі ў мяне з памяці. І нічога не хоча складацца. Мяне падымаюць. Мяне падымаюць. Мяне падымаюць. Дастаюць з карыта. Я ляжу на вышараваных дошках. Гэй. Э-гэй. Э-гэй. Мне адсякаюць галаву. Пераразаюць сухажыллі. Замацоўваюць на падвесе. Вешаюць на коле. Нясуць мяне. Падымаюць. Яны нясуць мяне высока. Гэй, трымай! Пот кроплямі выступіў на лбе Рашкі. Павесілі за заднія ногі.

Пра галаву пакуль забыліся. Хвіліну таму дзецям дазволілі ўвайсці ў пральню. Цяпер мне распорваюць жывот. Дзецям дазволілі глядзець. Якія ўсе цікавыя, асабліва дзеці. Разявакі. Хацелі наглядзецца і надзівіцца бэбахам. Падглядзець жыццё. Але Юзі тут няма. Прынамсі я яго не бачу. Гэта добра. Ён бы гэтага відовішчна не вытрымаў. Нажом і цясаком яны разразаюць жывот і грудную клетку. Дастаюць вантробы. Праз момант дастануць сэрца. Яно важыць каля кілаграма. Такі сабе мясны мяшок. Колькі ж разоў маё сэрца мусіла ўдарыць. Колькі пачуццяў заглушыць. Якое ж яно было прагнае чагосьці, чаму наагул цяжка даць назву. Маё сэрца было галоднае. Праз момант яго разрэжуць і прыгатуюць з іншымі вантробамі. У катле.

Астатнія органы Рашка дастае паволі, ааасцярожна. Ён пачаў з выдзірання сэрца. Не, я памыліўся. Рашка пачаў аперацыю патрашэння з вылушчвання з нетраў жывата чырвона-фіялетавых кавалкаў печані і пошукаў глыбока схаванага мяшэчка жоўці. Пальцы спадара Рашкі брутальна, але і спраўна ўзворвалі скрываўленыя заслоны дыяфрагмы. Ён знайшоў нараст жоўці. Сцізорыкам выразаў гаркоту. Апошнюю, схаваную гаркоту майго існавання. Вось гэта АСАЛОДА! Што за дзіўнае слова і з’ява. Я, які ўсё жыццё баяўся гвалту і дотыку, цяпер напоўніцу прымаю несвядомую, мяккую пакору маёй трыбухі ястрабіным, сцервячыным пальцам гэтага мясніка. Унутрана дазваляю корпанне, гэты брутальны танец рукі ў маіх вантробах. Гэта АСАЛОДА. Толькі цяпер я спазнаю яе. Кішкі, вырваныя адным спраўным рухам (дзе ён навучыўся такой вытанчанай тэхніцы патрашэння?), сплылі каляроваю, дымчастаю лавінай ў драўляны цэбрык. Як мне добра. Гэта ўжо канец. Апошняя, абсалютная згода. Падпарадкаванне неабходнасці. Аб’ектыўным працэсам. Праз момант я атрымаю новую форму. Дасканалую. А значыць, напоўнюся. Пухір акругліцца наноў, але гэтым разам густым фаршам. Кішкі набрыняюць, але крывяністаю кашай з маяранам. Тоўстая кішка схавае пячоначны паштэт. Адданы на разарванне міфічных ператварэнняў. Метамарфозам у абдымках Гвалту і Насілля. Вяртання няма. А таму бывай назаўжды, чырвоная смуга снежаньскага неба, і вы, гонкія снежаньскія вятры, бывайце і вы, таямнічыя смешкі дзяўчат-падлеткаў… Бывайце…

О рэзкая проза непасрэдных зрокавых уражанняў. Я зноў бачу задымленую пральню, ванну з рэшткамі шчэці, свіныя ножкі на стале, абструганыя, белыя. А там кацёл для гатавання бялізны, а побач звычайная печка-буржуйка, у якой гатавалі бульбу ў мундзірах для курэй, свіней і трусоў. Я бачу бетонную падлогу. Шэрую. Пранізлівы сум бруду. Агіды. Пара ўздымаецца па-над катлом. Надзьмуты кімсьці, лятае ў паветры мой пухір. Я бачу. Зноў выразна і агідна бачу. Рашка тыцкае маімі адрэзанымі геніталіямі пад спадніцу панне Гэлі. Які сорам. А яна крычыць, пішчыць, разрумяненая. Задыханая. Мясны Шабаш. Густы суп, які называюць кімялёўкай (у ёй плавае хвост - кімель) гатуецца ў катле. Брыдкі, гідкі суп. Бляск. У куце нешта заблішчала. Чыесьці вочы. Самыя мілыя вочы. Ён прыйшоў. Ты прыйшоў. Аднак. Ты даўно стаіш там збоку? Юзя? Мо ты плачаш? Вінаваціш мяне, што я паддаўся? Так без бою. А я ж гэта для цябе. Каб цябе навучыць. Ты не хочаш падысці? То бок так, зусім без пачуццяў? Халодна прыглядаешся? Так! Магчыма, мы пераацэньваем значэнне смерці. Не, не было аніякага парогу. Падыдзі бліжэй. Не бойся. Я безабаронны і чысты. Без таемных закамаркаў. Ты мусіш мяне зразумець, але і адказаць мне. Што табою кіравала. Ну тады. Тады. Трагічная памылка? Значыць, гэта я павінен быў забіваць і жэрці? Струшчыць? Так, я. Я. Цябе. Перш за ўсё, цябе, найсаладзейшы з катаў.

О не. Не. Ты толькі ўдаеш, што цябе гэта не датычыцца. О, колькі ж лезе мне на язык праклёнаў, лаянкі, метафар, параўнанняў. Дзе мой тэстамант? Я нема крычу. Гэта праўда. У страшнай пакуце. А яшчэ я гавару. Я даходжу да гэтых словаў, лаўлю іх з хаосу. Я забіваюся ў небыццё і зноў выплываю на паверхню, да цябе. Як бліскаўкі тлушчу. Апалоне і вы, ягоныя музы, хіба я творца, хіба мне была дадзеная ласка ўваходу ў ваш зялёны гай? Хіба поруч з жахам могуць існаваць сінтаксіс і арфаграфія? Я выразна адчуваю, што гэта ПІШАЦЦА. Дзе, дзе яно застаецца? У якой КНІЗЕ? Ці можа гэта ты, мой салодкі, праз гады, у будучыні, ЦЯПЕР? Ты пішаш? Мне? Ах, значыць, я загіну не ўвесь. Значыць, не ўсё дарма. Ці напраўду? Я баюся за цябе, бо ты набліжаешся са мною да таго, што можа падацца занадта жудасным… знізу, з бетоннай падлогі, у АГОНЬ. Выратаванне ў рытуале. У пісьме. У святым адданні. У шчырасці. І я не дам сябе намовіць ані на нянавісць і злачынны нігілізм, ані на непасрэдную палітычнасць…

Хвіліну таму мне выдзеўблі вочы. Як вялікім забойцам і трагічным героям. Два магічныя шарыкі падвешаныя на чырвоных вяровачках. Яны бачылі. Жахліва, жаласна мала бачылі. Цяпер я адчуваю, разумею свет значна глыбей, з таго часу, як аслеп, я адчуваю пранізлівей. Адзін кругляш закаціўся за цэбрык з прапаласканымі ў салёнай вадзе кішкамі. Другі кругляш ты ўзяў у рукі, ты, Юзя. Ты будзеш паэтам. Я загадваю табе. Ці ты мяне чуеш? Ці далятае да цябе мой голас там, у будучыні, ува ўчорашнім сёння? Я ўпэўнены, што ты станеш паэтам або кімсьці больш важным, варажбітам, празорцам, заканадаўцам. Я не ведаю ўсяго: адкуль гэтыя галасы, і музыка, і святло. Гэта золак больш поўнай, больш гарманічнай свядомасці. Ах, акуніся ў ейны халодны бляск, зачарпні з ейнае крыніцы. Ці будзе дадзена табе зразумець заключаную ў маё шкляное вока таямніцу. Таямніцу любові. Я не баюся гэтага слова. Я ўжываю яго інакш, у яго другім, таемным значэнні. Я ўжо вольны. А цяпер я патрабую адказу. Адкажы. Табою кіравала свабода і легкадумнасць. А можа, тая самая сіла, якой я служу дагэтуль. Так ці інакш мы не выкрэслім гэтага факту з памяці. Ты гэта зрабіў. Таму скажы. О боль. Я ведаю, што ты мусіш маўчаць. Што яшчэ сёння ты бясслоўна адыдзеш у будучыню.

Была вясна. Ты памятаеш? Сонца грэла зямлю. Чорныя скібы парылі. Па-над палямі з азімымі ўздымалася ў танцы далікатная смуга. Пах зямлі. Глебы. Толькі цяпер я бачу, што мушу страціць. Мы і дзеці найлепш адчуваем выпарэнні, водар балотных ручаін, багнаў, пратаптаных сцежак, пералескаў, закуткоў, падворкаў з кучамі гною і збуцвелай саломы. Атрутна пахне вясна і зямля ўвесну. Хацелася б заараць яе ўсю, разрыць, раскапаць, увярнуцца ў яе глыбока, разгарнуць цёплы, нагрэты вясновым сонцам дзёран, а лычом дакрануцца да цнатліва халоднай, паснулай пад ім гліны і вільготных камянёў. Як я ўжо адзначаў, у дзяцінстве мяне палягчалі. Аперацыя гэтая адабрала ў мяне раз і назаўжды арганічную спантаннасць згаданых імпульсаў і ўчынкаў. Вядома, я рыўся, укопваўся ў зямлю, але гэта быў чыстай вады міметызм, такое сабе марнатраўства, чмяканне, бубненне. Подлая паказуха. Над ручаінай квітнела лотаць. У вірах блізкай рачулкі ты гуляўся з касяком жабурыння. Цёплы вецер гнаў хвалістыя, каляровыя хмары, якія раз-пораз закрывалі сонца. Цені хмараў слізгалі па палях і лясах. Непадалёк ад паркану майго падворка было таямнічае месца. Там стаяла канструкцыя з бэлек, свайго роду вельмі вузкая, трохкутная агароджа, куды заганялі кароў і ялавак на злучку. Я любіў ляжаць каля паркана, звычайна на левым баку ў адмыслова выкапанай ямцы, зусім побач з залатанай калючым дротам дзірой у паркане. З гэтае ямкі праз гэты пралом з-пад прымружаных павек я назіраў за жывёлагадоўчай містэрыяй. Я пражываў кожны шчасліва скончаны акт з сапраўднай прыемнасцю. Лавіў кожную самую дробную, з выгляду неістотную дэталь. Адначасова я мусіў удаваць абыякавасць і спакой. Я сімуляваў дрымоту, клапоцячыся, каб мяне не пагналі куды далей. І вось гэта яно, – думаў я. Агідна няздарна, можна сказаць, груба, але ўсё ж такі захапляльна. Дагэтуль я лічу, што самым важным момантам, ды што я кажу, сэнсам гэтай містэрыі былі задышка быка і пярэпалах каровы. І нейкі дзіўны від болю.

Ты памятаеш? Быў сонечны вясновы дзень. Ты вяртаўся з-над ручая з пучком лотаці ў руцэ. Здарылася так, што ты праходзіў каля маёй дзіры акурат тады, калі ўпершыню мусілі злучаць ялаўку Рэксана. Ты спалатнеў, пачуўшы ейныя памыкванні. З цікаўнасцю прытаіўся ля паркана. Апамятаўшыся пасля першага ўражання, ты падумаў пра тую самую праблему, што і я. Як стаць нябачным. Таму ты пераскочыў паркан і прысеў за агароджай, непадалёк ад маёй ямкі. Я мог назіраць і за містэрыяй, і за табой. За тваім тварам. Ты быў бледны. Праз момант на тваіх вуснах з’явілася грымаса нейкага напружання і зацятасці. На тваім ілбе запульсавала набрынялая крэска жылы. Яна сведчыла пра найвышэйшы крывяны ціск. Я спужаўся магчымых наступстваў такога ўзбуджэння. Ты выглядаў быццам шалёны. Дастаў з кішэні сцізорык. Схаваў яго назад. Падняў кавалак цэглы. Я падумаў, што ты хочаш шпурнуць ім у маім кірунку. Ты быў шалёны. Я падняўся з ямкі злосны. “Найлепшая форма абароны – гэта напад”, – падумаў я і рушыў да цябе. Я пачаў рохкаць нешта лісліва-ўгодлівае. О, я ведаю, здаўна ведаў, што лісліўства – гэта найбольш дзейсная форма абароны. Да часу, на жаль, да прызначанага часу. Тады ты, Юзя, я не прадбачыў гэтага, пацалаваў мяне, пацалаваў, пацалаваў у ружовы лычык. Гэта быў не сон. Ты пацалаваў мяне. Пацалаваў. Пасля штурхануў колькі разоў, хапаў за вушы, шчыпаў за спіну, цягаў за хвост, але гэтыя катаванні былі не ў стане сцерці, зменшыць значэння, вагі пацалунка. Звязаныя, наканаваныя, звязаныя да смерці.

О так! Растапчы маё вока. Тое другое таксама. Яно за балеяй. О, якую палёгку ты прыносіш мне сваёй раптоўнай жорсткасцю і бесклапотным дзікунствам. Вось так ты корміш палкі агонь нябыту, агонь сэнсаў, у імя якога я ахвярую сабой. Мелодыя з Мар’яцкага касцёла ў радыёэфіры нагадвае, што толькі што прабіла дванаццаць. Зараз навіны і агляд прэсы. Як жа ўсё гэта смешна. Я ўжо па-за часам, я мацнейшы за час, а засмечваю сабе галаву такімі драбніцамі. Апалоне і вы, ягоныя музы, дзякуючы вам я спазнаю ласку міфа. Новага, неназванага. Я сам не ў стане адчуць ягоную веліч.  Я занадта раздражнёны і інтэлектуальна бясплодны. Ах, не. Гэта не мая правіна. Гэта ён. Гэта мой смаркач дабраўся да мозгу. Гэта ён раздражняе яго, абіраючы шэра-ружовую масу ад празрыстых абалонак. Ён робіць гэта сцізорыкам. Напраўду, напраўду, вось нож, ахвярны скальпель. Сцізорык новага абраду.

Дагэтуль мне невядома, хто гэта малюе ў сваім уяўлянні, каму гэта мроіцца? Табе? Яму? Мне? Бо нельга ж беспакарана мроіць. За ўсё ў свеце ты плаціш смешнасцю і смерцю. Нават калі нарацыя не тэхніка, а толькі пункт, з якога ты глядзіш, пункт, на які ты глядзіш. Але гэтага пункта няма і ў гэтых словаў. Яны пазбаўленыя апраўдання і пазбаўленыя рэальнага алібі. А калі няма надзеі на тое, што ён злучыць супрацьлеглае, то і ніякай канцоўкі не будзе. Набліжаецца момант, калі яны растопяць здор з падбрушша на шкваркі і тлушч. Муміфікацыя. Рытуал, які дазваляе забыць пра забойства. Забыць пра смерць. Катлеты, грудзінка, кумпяк, сала, карэйка, рэбрышкі, галёнка, крывянка… А калі ахвяра і памяць не маюць значэння? Не, мы гонім гэтую думку. Ён мяне запомніў. Ён і я. Зачапіўшыся за вялікую шэрую хмару смерці, мы пагаджаемся з павольнай зменай пакаленняў, што жаруць адно аднаго. Сляпых, паслухмяных, жыватворных.

Я баюся. Ён дзіця. Я на мяжы. Навокал агонь і дым. Вэндзяць лусты сала. Гэта грубы жарт. Я меў на спіне дванаццаць сантыментраў тлушчу. Вэндзяць шынкі і кілбасы. Добрая вясковая кілбаса, кілбаса ягонага дзяцінства. Іскры. Дым. Мы ведалі з пачатку. Гэта было балюча. Якая ноч. І гэтая далёкая дарога ў горад. Дым. Іскры. Ноч. Гэта ўжо ноч. Да самага канца.