Крыж

паэзія, вершы, беларуская мова

* * *
Я слухаю дом – ад падмуркаў, па дах угары,
Да самых яго патаемных, аддаленых нетраў.
Так слухаюць лес – несвядома і чуйна – звяры,
Так слухаюць птушкі ў нябёсах трымценне паветра.

Я слухаю дом, як сусвет, як нябёсы і гай,
Тут неба маё і надзейная ціша бярлога,
Ён мой абаронца і мой паўсядзённы Сінай,
Тут недзе пад дахам асобны пакойчык –
для  Бога.

 

* * *
Клінам ляцяць да нялюбага выраю птушкі
Ад маразоў, не чакаючы першага снега,
Хтосьці зрабіў, што адвеку на небе нязрушна
Альфа расстання, а потым вяртання амега.
Нам, нібы птушкам, пісалася ў небе каханне,
Недзе ляціць, пазначаючы літары, статак.  
Едзем па кругу, вяртанне ідзе за растаннем,
Можа, адное яднае канец і пачатак 
Азбукі нашай, якая ніяк не звядзецца: 
Ёсць там амега – у вочы твае наглядзецца.

 

* * *
Я нідзе і ніколі не бачыла неба такога,
Каб для кожнае зоркі было адпаведнае месца,
Каб Птушыная бегла ў належным кірунку дарога
І падсмажаным дранікам ззяў паміж зоркамі Месяц,

Я запомню нябёсы, я буду ўглядацца да ранку
У малюнак сузор’яў, шукаючы Зорнае Кола,
Я знайду Каралёў і Малы апалонік над ганкам,
Зараніцу на ўсходзе, з якой пачынаецца золак.

Я змагу прыгадаць у гадзіну, абраную лёсам,
На апошнім шляху, калі буду ў дарогу збірацца -
У якія пайсці мне з тутэйшага свету нябёсы,
Каб хутчэй прылятаць, каб дамоў на Дзяды не спазняцца.

 

* * *
Ганне Севярынец

Яны табе пішуць на крохкіх ад часу паперах,
На кніжных старонках табе пакідаюць паметы,
На даўніх паштоўках, ужо невыразных і шэрых,
Яны табе пішуць – з далёкага іншага свету.

Ты іх спадарожнік, анёл і пачэсная варта,
Яны для цябе пазначаюць на фота знаёмых,
Табе дасылаюць імпэтныя вершы і жарты,
Яшчэ маладыя, яшчэ не настаў трыццаць сёмы.

Іх вершы хавалі ў хлусні, у архіўным сутонні,
Стралялі  ва ўпор, у патыліцы цэлілі кулі,
Ты іх правядзі, як па гаці, з мінулага ў сёння,
Яны табе пішуць, каб вершы нашчадкі пачулі.

 

* * *
Пярсцёнак твой на левай, на маёй
За мной цікуе  ў белы дзень, і ноччу,
Ён шмат гадоў з рукі маўкліва сочыць,
Каго ў пяшчоце абдымаю ёй.

Ён ведае пра кожны стогн і ўздых,
Запамінае твары і абліччы,
Ён думае, што неяк пералічыць
Табе маіх каханых і былых,

Раскажа, што любіла і люблю,
Калі мы зноўку будзем – вочы ў вочы.
Хай спадзяецца. Ляжа ён аднойчы
З маім мінулым разам - у зямлю.

 

КРЫЖ
(паэма)

І. Арышт

Устань,
ідзі па цёмных сходах,
за спіну рукі завядзі,
зязюля ўскрыкне прад усходам -
і ты палічыш - пяць гадзін,
Ніхто не пойдзе ўслед сцяжынай
Ад дома цераз змрочны сад
Да чорнай з кратамі машыны -
Ні вучань, ні сябрук, ні брат.
Паэт. Прарок – твае правіны.
І гэта чаша не міне.
О Беларусь, мая Айчына,
Нашто пакінула мяне?
Крок ад дома апошні і гадзінніка бой.
і нябёсы, як пожня, над тваёй галавой.

ІІ. Суд Пілата

Уся работа пахне болем.
Не гноем і крывавым потам,
А цытрусам і бергамотам
З гаркавым прысмакам няролі.
Ад Плешчаніцаў да Камчаткі
Боль разліваецца па флягах,
Ва ўсіх сіблагах і гулагах
ім мыюць боты і пальчаткі.
Вязуць на склады да сталіцы,
Вязуць і ў дзень, вязуць і ноччу
Вагоны церняў на вяночкі,
І робаў стос – на баграніцы.
Матляюцца, як млын зламаны
Даўно пашкоджаныя шалі.
Падзякуй на лесапавале,
Што ты яшчэ не расстраляны.
Ідуць растрэльныя калоны,
Ідуць растрэльныя каманды,
Па макаўку, да самых гландаў
Прапахлыя адэкалонам.
І крыж апошні давіць шыю,
“Распні! Распні” – у вушшы звонам.
Суддзя “Трайным адэкалонам”
Пасля прысуду рукі мые.

ІІІ. Кальварыя (Галгофа)

Як ад вугла ісці, за следам след,
І абысці перыметрам навокал,
У вязніцы напішацца санет,
Бо тут па сценцы – чатырнаццаць крокаў.

1

На першым кроку – крыжык ля імя,
Ці птушачка, што ўжо закрыта справа,
Без выбару між вамі, між двума –
Хто з вас прарок, а хто між вас – Варава.

2

Без рэшты і без выбару паміж,
Адным шыхтом, адным для ўсіх прысудам
Аднолькавы на ўсіх наклалі крыж –
На геніяў, прарокаў і на Юдаў.

3

Не разбярэш, хто здрадзіў, хто герой.
Рабілі Юдаў. Кожнага ламалі.
Для ўсіх адзіны шлях перад гарой,
Адзіны шлях да безлічы  кальварый.

4

Даўно здабыты зэкамі свінец
На кулі для прарокаў і паэтаў.
Яшчэ з дзясятак крокаў – і канец,
Ні плашчаніц не будзе вам, ні п’етаў.

5

Ні ланцужкоў, сатканых з васількоў,
Ні вашы залатыя бранзалеткі,
Ніхто не панясе ў расстрэльны роў,
Не кіне ў яму палявыя кветкі.

6
Ніхто не пашкадуе вас ніяк,
Кроў не сатрэ з ілба духмянай хусткай.
Не будзе дрэва – выразаць імя,
Будоўля будзе, біты шлях і пустка.

7

Данесці крыж да самае гары,
Упасці і падняцца. Не скарыцца.
Так цяжка паміраць у трыццаць тры,
Таксама, як у сорак або трыццаць.

8

Ты спіш, народзе, летаргічным сном,
Якія сны ты бачыш пад прыцэлам?
Зарытую ў раве пад курганом
Душу, ампутаваную ад цела?

9

Ці чуеш ты, як твой нявечаць дом,
Як ганьбяць і балююць на руінах,
Ці ўспомніш, як пад катаўскім крыжом
Не захацеў плячо падставіць сыну?

10

Гаротны край пасеклі папалам,
Ён лёгка аддае сваіх герояў.
Каля распяцця камісар і хам
Яго майно падзеляць між сабою.

11

Кальварыя з мяжы і да мяжы,
клады, клады ў равах, на кожнай горцы,
і Беларусь, нібыта на крыжы,
распятая  на бальшавіцкай зорцы.

12

Не будзе вызваліцеля, не кліч.
Даўно на дровы парубілі Спаса.
У храмах пасміхаецца Ільіч
І з ім ЦК - замест іканастаса.

13

Калючы дрот цярновага вянца
Цвікі і боль. Чаму? За што? Навошта?
Ты  пройдзеш шлях крыжовы да канца,
За ўсіх заплаціш найвялікшым коштам

14

Твае радкі схаваюць пад замок,
Нібы ў труну – нікому не дабрацца.
І гэта будзе той, апошні крок
Тваёй дарогі –
Роўна чатырнаццаць.

IV. Уваскрашэнне

Як цяжка вам вяртацца з глыбіні,
Праз гліну, праз пясок, праз камяні,
У Беларусь, з равоў і з-пад крыжоў –
Дамоў.
Вяртацца, як вяртаюцца з вайны
у дом бацькоў забітыя сыны,
праз дзень, праз год, няхай праз сто гадоў –
Дамоў.
З гадамі дол становіцца глыбей.
Без вас нам не  вярнуцца да сябе,
Да Беларусі, да яе асноў.
Дамоў.

V. Суд Божы

Надыдзе дзень, адчуем, што пара
За Вольнага плаціць, за Дудара,
За знішчаныя думкі, мары, строфы,
За памяць, пахаваную ў ілжы,
За нашыя пакутныя крыжы
У бездань перакуленай Галгофы.
За ўсіх, хто быў
на тых крыжах распяты.
Не ў Курапаты пойдзем –
З Курапатаў!
За ўсё спытаем – з мёртвых і з жывых,
За нашых хлопцаў, за сябе саміх,
Сваім сумленнем і вышэйшай платай
За кожны крыж пакутны з Курапат,
За катаўскія лычкі на парад,
За кожнага чырвонага Пілата.
За ўсё спытаем
найвышэйшым коштам –
За Курапаты нашыя
і Плошчы.
Надыдзе дзень, адчуем, што
Пара.

10.12.17-19.12.17.

 

* * *
Ну як табе, на гэтым скрыжаванні,
На ростанях, між летам і зімой,
Ці не абрыдла шчэ табе самой
Штогод пад клець чужыя ставіць сані?

Штогод выходзіць на палі і гоні,
Хаду перамяняючы на бег,
Тапіць чырвонай стужкай белы снег
і абвяшчаць рушэнне і Пагоню?

Ці будзе ўрэшце роўнай баразна
Якую ты кладзеш па нашай блоні,
Ці будзе пераможнаю Пагоня,
Якую ты абвесціла, Вясна?

1.03.18

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Асцярожна жыві, кожны дзень як іспыт ці экзамен,
Каляровыя пазлы жыццёвай запечанай смальты
Раздае табе доля, нібы прадавачка ў краме,
А ўзамен патрабуе штодзённага зграбнага сальта.

Я ўзыходзіў на вогнішча двойчы і тройчы,
І сякераю сек свае рукі і пальцы,
Каб яны не цягнуліся да цябе днём і ноччу,
Каб адчайны загад мой чулі: баяцца!

Пераклад:
Макс Шчур

На маім вясельлі будзе па пары ад кожнага віду жывёлы
і па пары ботаў ад кожнага чалавека

Пераклад:
Мікола Адам

хіба любоў ратуе ад нябыту
наш першы крык
гэта аплакванне ўласнай смерці
потым мы будзем плакаць толькі
па страчаных дробязях