Лісты з Сэлявільні

Горад

Горад падаўся мне незнаёмым,
Паэтка ў метро сцірае адмеціны,
Ные пад скурай мая кармакома,
Горад нас усіх забівае ў штакеціну,
Грае раяль недатоплены морам,
Водар шафрану над развітанцамі,
Бог не сцябецца, Бог дае фору,
Ram biddy boom а каб табе пранцы.

Горад падаўся мне незнаёмым,
Паэтка ў метро, куды ты кіруеш?
Страшна прачнуцца ў сваім падсвядомым,
Страшна ўсвядоміць, чаго не плануеш,
Страшна паспець, бо варта спазніцца,
Страшна штогод, страшна штостанцыю,
Над жураўлём горка плача сініца,
Спіцай пад гіпсам душу намацвае.

Горад падаўся мне незнаёмым,
Паэтка ў метро з патаемнымі знакамі,
Цішотка пад робай, саколка пад формай,
Неабыякавым тут абыякава,
Вочы парожнія, кішэні поўныя,
Стома з каханнем выходзяць потам.
Брацця і сестры ў Хрысце і вагоне,
Як я люблю ўсіх вас, ідыёты!

2017

 

love is...

бывае, людзі жывуць
быццам горная рака.
а бываюць людзі
як розныя бакі аднаго радка.
яны заўжды побач,
але паміж імі прорва,
і пунктуацыі горыч,
і працяжнік, які трымаюць ля горла
яны адно аднаму:
хто першы схапiўся,
той і вядзе 
рэй.
і быццам двухручную пілу
цягаюць з краю ў край,
так яно весялей.
і калі пабачыш іх наперадзе,
то лепей перайсці на іншы бок вуліцы,
ці нават перабегчы перад трамваем,
бо ад такіх рэ-дактароў, як ты,
застаюцца толькі плямы на асфальце,
якія яны горнай вадой замываюць.

не замінай ім.

19.10.2017 mnsk, ХХХ


SLVNO

Вось мой горад – Сэлявільня, 
Лёсам напрарочаны,
Б'е па твары бокам тыльным
Ды ніхто не збочвае.

Са шляху ў падатковую,
З дарожкі да кабеціны,
Paszporty твае новыя,
Даўнейшыя адмеціны.
Шманае ён інтымнасці
На «месте для досмотра»,
Любоў катуе літасцю
І душыць страхі коўдраю,
Падпісвае памадамі
Рыфмоўкі пратакольныя
І воляцца парадамі
Парадныя бязвольныя.
Здараецца і маршамі,
І фоткамі прышпільнымі,
Але звычайна фаршам
Нас лічыць Сэлявільня.
Нас лічыць абдрукоўкай,
Адноснай брыдкай хiбнасцю
Загадны і ўмоўны –
Вось лад нашай стабільнасці,
Заўчасны і бязмежны –
Вось лад нашай сумленнасці,
Вось амплітуда бежанства,
Вось латэкс крохкай вернасці,
Вось графікі для шчасця
Набухлаю пухлінаю,
Знявечаныя косцi мы,
Метастазуем хiміяй.
Адхаркваем нябожчыкаў,
Іх хрэсцімся цытатамі
І выдыхаем росчыркам
Прыгожыя, пыхатыя.

Б'е па твары бокам тыльным,
Ды ніхто не збочвае
Маё мейсца – Сэлявільня.
Мілы горад кончаны.

17.10.2017 Баяры - mnsk


як я са Смерцю выпіваў у электрацыі нумар 6822

фільтры восені фільтры вечнасці
на карцінках тваёй падсвядомасці
раней думаў што смерць на адлегласці
косіць спрытна і з гендэрнай роўнасцю

усе надзеі імкнуцца да выраю
клінам роўным, фігурай мастацкаю
смерць мезенчык крыху адтапырвае
я занюхваю смертухны лацканам

яна кажа мне тосты прыгожыя
сальцісон мне касой наразае
з роту валяцца хлебныя крошкі
у электрацыі з пекла да раю

анекдоты лунаюць цынічныя
спадарожнікі крыва косяцца
не касі на касу, а то выйдзеш у Сталічным
з разварочанай пераносіцай

сэлфі моднае ў капюшончыках
не рабі дакфэйс, ты ж салідная
не, яшчэ разок, бачна зморшчыны
неее, я тут зусім неліквідная

так расце настрой, ды музла галяк
мы зацягваем чарапахамі
freedom belarus, журавлей косяк,
всё как у людей. гучна лахаем

тоне рэхам наш рогат салодкі
мы нагбом дабіваем свядомасць
кантралёры як цвіль па салоне
мы са смерцю амаль нерухомасць

фільтры восені фільтры вечныя
тропы дзіўныя з новымі назвамі
дапілася тут смерць да белачкі
фоткі з бездані мне паказвае

1.10.2017 Баранавічы – мнск


curriculum vital.by

гарбата ў пакеціках
людзі ў пакетах
добрая раніца
клятай планеты
узаемныя лайкі
крытэры росту
сядзяць у налівайках
кавалкі кампосту
пашчы бяззубыя
мыюцца крафтам
аральныя ласкі
фантанамі нафты
рыфмы банальныя
робяцца глінай
віламі – дальніх
а бліжніх – клінам
'шампусік, гандоны
і шакаладку'
я бачыў як людзі
становяцца златкай
пырскаюць вочы
пад цалафанам
калі тамагочыху
ўсім рэстаранам
'моцна не грэйце'
'можна сурвэтку?'
'пытаннечка sensitive'
'дзе тут рызетка'
страх і навоз
у медыях зранку
страўс – твой розум
твой край – німфаманка
паца-ваца – мой гендэр
я з партыі блазнаў
бухаю,
але
не сімулюю
'разам'.

30.09.2017


Life = choice

Мы намотваем праспекты
На кардан сваіх ілюзій
Аднасоладавай смектай
Смакам крафтавага смузі

Мы, намотваючы хібы,
Дзэн збіраем ў цёплых фурах
Вы накцюрн сыграць змаглі бы
На фалопіевых трубах?

Пахмялёнай зямлі-маці
Болей каб не нараджала
Скальпель шчэрыцца ў халаце
І тырчыць з-пад яго джала

Зрэнкі бегаюць над маскай
Рот і нітка сшыйце самі
Ўэлкам, дзетка, ў нашу казку
Фатэрлянд пад абразамі

Патанула ў лімфе німфа
Толькі лайк на развітанне
Адпяваем у новай кірсе
Даўняй песняй пра каханне

Тых хто права сваё ведаў
Хто ніколі не ў цане
Прыме бог цябе любую
Прыме бог. А людзі не
 
23.09.2017 mnsk


ND

новы дзень прынясе
новыя словы
новыя страты
новыя песні
старых кастратаў
новыя думкі
сумныя думкі
поўныя клункі
набітыя шлункі
зніжкі на труны і падарункі
скотаў, што чысцяць у парадных фарсункі
bot'аў, што чысцяць у Фэйсбуку каменты
уродаў, што лыгаюць зранку не фанту
употай па першай, другую смялей
бог жа нам радзіць, ліцвін, будзьма, гэй
о, я прайшоў другую вейшнорскую
мне без чаргі цыгарэтку заморскую
гарбату з цытрынай і папяльнічку
я буду паліць
напалмам
усіх вас
пакет? так, браць буду
яшчэ клеймаменту – апошняя гавань інтэлігента
і караблі патанулі 
і валасы не паспелі 
я памяну іх
і тых, хто не з намі
тых, хто забанены
і тых, каму фаніпаль
блізкіх сяброў
і родзічаў дальніх
у тыповай манеры
трамвайна-вакзальнай
якая парве апошні мой сон

прачнуцца не страшна:
ёсць з кім злучыць спальнік
і сэнсы кругамі ідуць па вадзе

харэ цыцкі мяць,
заходзь, новы дзень

19.09.2017


Хвілінка

Стрэлкі гадзіннікаў сплятаюцца ў знакі бясконцасці,
Сож гоніць па венах хвалі з попелам ворагаў,
Бойка за крытыкаў фінікі і пазнавальны стыль 
Добра жрацоў гадуе. Ну, вось і ўсё пра добрае.

Здохла мабіла, плэйліст запаўняем цыкадамі:
Ёсць рэчы вечныя, амаль як в'етнамская кухня,
На нас лахманы сумлення і рэшткі тваёй памады.
Мы так прыгожа згараем, адно толькі каб не стухнуць.

Плытом па хвалях мінаем чужыя капішчы
На берагох, што хатэямі* датымі ломяцца.
Дадай у Дняпро трохі лёду і выкрэслі пару таварышаў
І выбяры сабе слова: "нагбом", "да дна" ці "напоўніцу".

Агнём чужых кніг вэндзяцца думкі і сушыцца вопратка.
Згарэлі на працы, вітай катафалк, саступі дарогу.
Гадзіннік трывожна-ўрачыста заб'ецца на досвітку:
Важна злавіць той момант,
Калі трэба ўстаць
Каб не сказаць нічога.

26.08.2017 Орша

*хатэй = hotei


Ліфт

камунальныя пахі ў тваіх сацыяльных ліфтах
спалены кнопкі і купа навалена
княства вялікае, а ты – фіг там
лацінка закрэслена лініяй сталіна

аплаўлены пластык, здуваеш чорную пену
вось прадукт канкрэтна крафтавы
калі над табою смяюцца гены
сядзіш у куточку і плакаеш нафтаю

якая паддасца тую і ціскаеш
абы толькі рухацца абы даць ходу
анёлы ў пралётах і дэманы тэж
выводзяць формулу твайго кіслароду

на сценах парадных зялёным маркерам
танчаць на шкле забыўшы на сорам
гэта скокі апошняга твайго чартэра
цябе ўжо чакаюць Гасподзь з ліфцёрам

твае запаветы, эгей, абмяркоўвайце
такія прыгожыя бетонныя пліты
мкад-агародка кідае прыгожы цень
на поле эксперыментаў
на штабелі душ паспалітых

06 07 мнск


я трачу розум
махам і паціху
я вар'яцею
неба п'ю нагбом
рыгаю прозай
дробнай невялікай
устаю мацеем
дрыхну бурачком
не пад наркозам
не каўтнуўшы ліха
не сатанею
хоць без бога дом
я быў цвярозым
быў апошнім сідхам
фільтра згавелі
толькі манахром
запомніць позу
выдасць мне пад дых ён
не развіднее
на душы сайгон
я трачу розум
махам і паціху
ідэяў лёгкіх
цяжкі смертны кон


11.06.2017 Гомель мнск


Newsroom

нацягнi мае жылы на глобус
i хадзем вандраваць пад ручку
я глядзеў іх навіны. вось фокус
там сабакі адно і сучкі
спусці мне крывю я хоць выдыхну
заткні ванную каб сагрэцца
скруці джойнта, залі кіпнем хну
драм'н'бэйсам юзай маё сэрца
скальп здымі, рот зашый – не аратар
пагадай употай на маіх вейках
і глядзі як блішчаць караты
пад шкарлупіннем у чалавека

06.06.2017


Fear and Loathing in m.n.s.k.

голы на кухні бухаеш з аджыкай
азадак падцёршы фантомам імперыі
правільны прыкус неправільны прыклад
поўнай гармоніі духа з матэрыяй
на кожным слупе вісіць па танкісту
музыка грае ды дзеткі смяюцца
башню снесло аста-Чапскі-ла-віста
кроўю петыцыі піша Канфуцый
гарыць магістрат захлынаецца мэрыя
першыя радасна душаць апошніх
go fuck yourself эф = фанабэрыя
cтрах і нянавісць прысак і пожня