Лотас на асфальце

B 17

Ты застаешся гламурным ліцвінам,
Рэспублікі Мроя грамадзянінам,
У ваконца тваё глядзіць Сонца Мао,
Так проста, ты ведаеш, жыць не складана.

Ты застаешся гламурным падонкам:
Слёзы ў душы і ўсмешка навонкі.
Жорсткія вершы – няма ў гэтым кепскага,
Жисть Дастаеўскага – досць Жывалеўскага.

Ты застаешся прынцам з Падгорнай
З паўнюткай кішэняй ментальнага порна,
З паўнюткай кішэняй Боскага Ганжу,
Вось рыфмы, вось дахі – танчы, мілая, танчы.

Ты сёння музыка, а заўтра – ніхто,
Дакінь сваёй смертухне на палітон.
У тваім саўндтрэку – Korn “Are you ready”,
У лісце – “работодатель”, які “не готов”.

Лёс грукае ў дзверы сталёвымі прэнтамі,
Песнямі Касі і думкамі Летава,
А ты застаешся гламурным ліцвінам,
Жывым беларусам, нікому не вінным.

15-29.01.2017 м.н.с.к.

МАЛІТВА L

Пачуй, Гасподзь, малітву ліберала,
Пакуль каменты шчэ закрытыя пад ёй,
Пакуль нясуць бензін і падаюць забралы,
І рэшткі смутку спакушае алкаголь.

Пачуй, гасподзь, малітву ліберала,
Пакуль unmute націснуць сілы ёсць,
Пакуль душа жыве не па лекалах
І дараваць магу чужую злосць.

За пракурораў і нявінна вінаватых,
За змагароў і ціхароў ў адным радку,
За вату з вышыватай па вакзалах –
Адзін вагон на ўсіх, адзін мактуб.

За шлях кароткі ад прэс-клуба да прэсхаты,
За кансерватараў  і за лгбт,
За тых, хто па франтах матляецца заўзята
Старых і маладых, нябачных і гэдэ.

За тых, хто цвердаруч накрэмзаў пастанову,
Куратару на лецішча хто падагнаў адкат,
За мовы ўсіх народаў з кавай і нанова,
За ўнутраны Берлін і знешні Сталінград.

За ранішніх барыгаў, начных мянтоў-забойцаў
І п’яных і не вельмі, з баблом ці без надзей,
За ўсіх лаўрэатаў усіх прэмій усіх гедройцаў,
Сяброў усіх саюзаў, паненак і блядзей.

Тых, хто чытае тору, тых, хто кідае зігу,
“Дык як жа нам маліцца?”, – спяваюць блазны тут.
І я, таксама блазан, і я, такі ж барыга
Адзін гуманітарны ведаю маршрут.

За тых, хто лічыць долі, за тых хто любіць грамы
Я многа не прашу – без мукаў каб фінал,
За кожнага з тых двух, хто думае пра маму
Па розныя бакі ад аднаго ствала.

Пачуй, Гасподзь, малітву ліберала…

3.12.2016 м.н.с.к.

ЯНА

Колькі разоў яна выкідалася
З вугляводнага вакна
У цемру сваіх рэальных жаданняў.
Зоры бачна найлепей з дна.

Колькі разоў завісала кавай падвешанай,
Закладніцай чужой волі.
Хай павісіць. Нашто лёс прыспешваць.
Некаму гэты напой прыдасца. Некаму смагу спатоліць.

Раз у жыцці стрэліць незараджаная двустволка і выкіпіць вісячая кава,
Раз у жыцці кава можа і стрэліць.
Насуперак здароваму сэнсу, меркаванню рэдактара і рэкамендацыям мінздрава.
Скразняк раздзьмувае зерне. Турка вагонь залівае.

Гарчынка на губах – адзінае, ў што застаецца верыць.

9.11.2016

САНСАРА БЕЛАРУСЬ

нехта ідзе на вайну
нехта гадуе сына
кто-то строит страну
нехта будуе краіну

нехта чакае цягнік
нехта удару ў спіну
я не чакаю прывык
нікому нічога не вінны

нехта згарэў нехта згніў
кожнаму свая пастка
для біямасы імператыў
гасподзь закрывае таскі

зло адраджаецца злом
людзі становяцца глінай
перараджэнне за кожным кутом
за кожным ударам у спіну

(с) 27.10.2016 мнск - баранавічы

ПАКАЛЕННЕ ЖЫВЫ

жывы
я заўчасна жывы
галаву апусціў на калені
людзі мала цікавяць
грыбы
разумеюць мяне болей-меней

людзі скопам цікаюць на ўсход
элегантна мігруюць на захад
я пад снегам
жывы камляплод
п'ю нагбом
адарваўшы дазатар

у задуменні бацвінне чашу
стымулюючы прагныя думкі
мяне спáліце
як анашу
не здушыцеся
мілыя сукі

жывы
я заўчасна жывы
галаву падымаю з каленаў
кветка лотасу
зерне дурмана-травы
на асфальце з размеценым сенам

22.10.2016 m.n.s.k. – orša

ПРАВІЛЬНЫ ПОЧЫРК ХУНВЭЙБІНА

Хунвэйбін мае халодныя рукі
Хунвэйбін мае вузкія вочы
Бо шчурыцца
Шчэрыцца
Шчоўкае дзюбай
Прагне ахвяры
Расправы хоча

Хунвэйбін мае дрыготкія пальцы
Хунвэйбін мае стрыманы подпіс
Крэмзае
Крэсліць
Шчоўкае дзюбай
Прагне культуры бля
Піша сінопсіс

Хунвэйбін мае халодныя рукі
Хунвэйбін мае закрытыя вочы
Ён выглядае
Амаль як жывы
Нам напамін
Пра Правільны почырк.

Ім пішуць санэты на тле дэкарацый.

кастрычнік 2016, Турцыя-Беларусь

ДАО BY

Калі ехаць – дык толькі на ўсход,
Каб тануць у прамянях сонца і думаць
Як усё-ткі краіне пад белымі крыламі
Не хапае балансу, уласна, белага.
Аж муляе вока.

Усё тут гарманічна:
Партнёрства – усходняе, бабло – заходняе,
Цэнтрал стабільна ўладзімірскі,
Сэрца тваё паўднёвае,
А вецер, адпаведна цэнтралу, – северный.

І твае мілыя землякі-бульбаэльфы:
У бардачку – карта паляка, на антэне – трыкалор.
Падносячы да іх компас, ведай,
Ён лясне ад гэтай энергетыкі.
Дао – гэта картопля без каларадаў.

8.9.2017 м.н.с.к. - Гомель

БЕЛАРУС І АПОШНІ ТАЛЕР

я гляджу на апошні талер
з вялікай надзеяй
што ўсё разруліцца
што гэта яшчэ не дно

апошняму талеру
усё адно

гэтаму позірку пару стагоддзяў
нашым стасункам тысячы год
манеты віснуць у паветры
я лячу праз бядро як у самба

ускокваю злуюся
выходжу з сябе ў тамбур

тут звычайны гармідар
асаднікі лупяць камісараў
пад шумок новыя эсэры
займаюць краю майго магістраты

абдымаю свой лёс перад чарговым стартам
а шо мне – з веку ў век
маю ў падкладцы аўксінаў тузін

мальчік, водочкі прінесі

2.9.2016 Баранавічы - м.н.с.к.

ТЭСТ

вайна навокал, #зрада і рэжым,
і ў фінал добры верыцца не веле.
ці пройдзеш тэст, змагар, на шырыню душы:
спусціцца ўніз і змазаць блядскія арэлі?

24.08.2016 м.н.с.к.

ТОЙ

Той, хто жыве ў цябе пад скурай,
Хто ён?
Ён мае некалькі імёнаў,
Тузін паганялаў,
Пасведчанне аб нараджэнні,
Пасведчанне чарнобыльца,
Пасведчанне рэспекту вуліц на мурах школьніка,
Аўсвайс у пару амбасадаў,

І гардэроб, грэбаны гардэроб масак клоўна –
Ніколі не ведаеш, якую надзець, ідучы ў краму.

Ты бярэш Зуброўку
І дыетычную колу

Кукалка становіцца матыльком не адра…

5.8.2016 Гомель

8

Жнівень збірае свежыя душы,
Магільныя і шакаладныя пліткі,
Ўначы выкідаюцца з чатаў на сушу
Гейшы-валюткі і сучбелэліткі.

Ва ўнісон ад ранку да відна
Раве PalaTute з анёлкаў канвой,
Гітара твая і твая дамавіна –
Цэ свята, якое навекі з табой.

Цыганскія будні: мікс року ды фанку,
Струна-павуцінне ад мора да гора,
Паміж лімузінам і катафалкам
Толькі і розніцы – якасць матора.

Гомель – Бабруйск 2.08.2016

HIGHWAY TO БАРАНЬ

Гэта ты лямантаваў на форумах:
“Чаму вы не знялі працяг мульта Будзьма?”
Уздымаў рукі ўгару
І пісаў ананімкі на сайтах?
Адсякаў і выкідаў,
Як таленавіты хірург,
Довады апанентаў,
Быў вінэрам віртуальных файтаў.

Ты?
Бачу, што ты…
Добра, тады паехалі

Кропка адліку – Gare du Nord у Воршы.
Сядаем у фаршрутку на Барань.
Тут кожны першы – партрэт,
І кожны другі не горшы,
Калі не роўны пацан,
То, як мінімум, нормальный парень.

Па мапах масцей рукатворных віртуальную муцім вандроўку:
Вадзіла – “ДМБ’92”, яго сябра – “плячо. ратвейлера іклы”.
Тут, паглядзі, якая тонкая праца майстра,
Як незаўважна канікулы перерастаюць у артыкулы.
“Плячо” збірае грошы, вядома, весялей разам.
Адкідваць чатыры нулі, сігналіць цыпачкам на пераходзе
І ведаць адказ на пытанне, чаму стаў сівым Меладзэ.

У заднім блоку насупраць нас двое:
Ён і яна,
“одна коло одноі” у кішэнях пачкі.
Цыгарэты “Мінск” – самі па сабе добрая нагода не прапусціць свайго мальчыка.
На запясці надпіс “Света”. Малую кліча “Каця”.
Малая не ерапеніцца: ён зарабляе поўзаючы ў маск-халаце.
У гэтым годзе мае юбілей прафесійнай дзейнасці.
96ты, крапавы, купцы з фсб, другая чэчэнская, грузія, данбас,
Можна сказаць фрылансер, праца ўся на адлегласці.
Калі мы выгарым на працы іх дзеці заменяць нас.

Верасень. Перад ад’ездам яна пратыкае латэкс,
Чакае. Сумуе і вые на поўню.
Ён заціскае палоннаму працівагаз. Вайна гэта праца з людзьмі.
Ён вернецца ў траўні.
Іх цяпер будзе трое.
Хэштэг #мімімі.

Паміж Льнухай і Мясухай
Бачыш у вакне анёла, здзіўляешся са страшнай сілай.
Сядзіць на рэйках, дапівае “Дняпроўскае”,
Пад азадак падклаўшы стамлёныя крылы.
Кажаш мне, – слухай, нейкі ён кволы.
Чарговы іпэшнік, шчаслівы загадчык сэканду “Рэчы з раю”.
Мы доўга дзівімся ў бездань яго вачэй,
Бездань дзівіцца ў адказ як рабочы дзівіцца на шахраяў.

За пераездам – ОМКК, так вядомы ў Саюзе,
Пры ім фірмовая крама.
Тут атарваваюць па талонах у час, калі ты п’еш вечаровы смузі.
Не пытай, як гэта. Талоны – гэта наша карма.
Паразумець яе – адзіны шлях у нірвану.

Выскоквай, мы пешкі дойдзем да Барані.

Сустрэнь мы тут Янку Купалу,
Я б сказаў, – Дамінікавіч, мы аблажаліся.
Раней асабісты нас выкідалі,
Цяпер мы самі з вакон выкідаемся
Па аднаму на дзесяцігоддзе.
Вось усё істотнае з дзевяноста першага,
Таму і здымаць няма чаго.

Выйдзі з фаршруткі і бразні дзвярыма.

Усе вызначальныя сустрэчы адбываюцца толькі на ўзбочыне.

26.07.2016 Ворша - Барань

ТАМ

там, на дне маёй душы
ляжыць
люстра
падымі яго
прашу
асцярожна
усё жыццё я піў
абсэнт
з музай
гэта класна
толькі зможа
не кожны

там, на дне маёй душы
ляжыць
голка
падымі яе
блісні
дыямэнтам
і набі сабе
імя
адно толькі
каб з’яднацца
нарэшце
са светам

там, на дне маёй душы
ляжыць
праўда
не чапай яе
павер
горай будзе
лясні люстрам
па мокрым
асфальце
па аскепках ідзі
у бок
дзе людзі

там, на дне маёй душы
ляжыць
голка
абкрываўлена
рэальнай
натурай
не балюча
толькі
троху няёмка
ведаць праўду
што носіш
пад скурай

26.07.2016 Дачы-2