Маўкліня

паэзія, вершы, беларуская мова

ВЭНЭРА

У садзе каля явару,
Крапіва і трава...
Зігціць з крапівы мармарам
Багіня хараства
Вэнэра. Нібы просячы
Спагады у кагось,
Абрубкі рук узносячы
Ў бязьмежжа, кажа: “Вось,
Багіня, чараўніца я...
Цары і каралі,
Як вербалозы ніцыя,
Згіналіся, калі
Ў руках трымала троны я...
Што троны!? Ўвесь сусьвет.
Цяпер-жа мо зялёныя
Мне жабы запавет
Пракракаюць. Забытая,
Дзе сьліўні і вужы,
Аплёвана, разьбітая
На сьметніку ляжы..."
У садзе каля явару,
Крапіва і трава...
Зігціць з крапівы мармарам
Багіня хараства...

Мюнхэн, 1945

ВЕЧАР

Наліліся сокам сонца зоры.
Маўкліня. Ня шэпчуць чараты.
Туманоў блакітныя уборы
Паразьвешваў вецер на кусты.

За сялом зялёныя дубровы
Шэры падпярэзваюць хвартух.
Малаком цяжарныя каровы
Праганяе выганам пастух.

Парасьселася ў гальлі на веча
Вараньнё у чорных лахманах.
На спатканьне з ноччу выйшаў вечар,
Малады замроены манах.

1945

ПАДЗЯМЕЛЬНАЯ ПЕСЬНЯ

На зямлі мне і душна, і цесна;
Пад зямлёю душней, ды прасторней.
Падзямельная ціхая песьня
Супакоем мне сэрца агорне.

Лямпы-зьнічкі, падземныя зоры
Ў сутарэньні пабліскваюць здрадна.
Далямітныя рушацца горы,
Мне насустрач ідзе непрагляднасьць.

Не праспэкты суворыя штрэкі,
Не на йгрышча іду я у ручу –
Нада мною азёры і рэкі,
Пада мною агонь неўміручы.

Патаёмнасьць і веліч тварэньня,
Даляміты і вугальны камень...
Не, ня час, а магутнейшы гені –
Бог стварыў ўсё зямное рукамі.

Гэтай думцы было калісь цесна
Ў галаве, а цяпер вось – прасторней.
Падзямельная ціхая песьня
Супакоем мне сэрца агорне.

Бэльгія, 1947

*) Тлумачэньне:
Штрэк – ход, дарога пад зямлёй
Руча – месца дабычы вугальля

ПРЫСТАНЬ

Палахліва у вады люстэрцы
Зь неба сіняга глядзяцца зоры.
Карабель стаіць. Стальное сэрца
Б’ецца ціха. У тумане горад,
Нібы здань. І вецер ня скуголіць.
Абнялося з прышласьцю сягоньня.
Я і мары. Ды Статýя Волі
Насупроць з запаленай паходняй.

1950

НЬЮ ЁРК

Ботам каменным упёрся ў воду,
У зямлю другім, стаіць і марыць,
Голаў узьняўшы за хмары,
Места нягодаў, места прыгодаў.

Прыстань вятроў, акіяну хваляў,
Сымфонія фарбаў, бэтону, сталі...
Горад мільённагаловы, мільённавокі
Грудзі падставіў вятром шырокім.

1950

ІДЗІ, ІДЗІ…

Упала ноч.
Як эдэльвайсы, зоры
Цьвітуць над Альпамі.
Аскепак-маладзік
У неба ўрэзаўся.
Блакітнае на горы
Імжыць сьвятло.
А ты ідзі, ідзі...
Якая ноч!
Як у сьвятыні, ціха
І урачыста.
На калені упадзі.
Вунь там агонь міргае...
Шчасьце зь ліхам
Кладуцца спаць...
А ты ідзі, ідзі...
Трывожыць ноч,
як сьмерці жах мінулы,
І прышласьць мроіцца,
як недабіты дзік.
Нібы агонь,
няўсподзеў шуганула
Жаданьне жыць.
Каб жыць,
  ідзі, ідзі...
Канае ноч,
і зазьвінелі зоры.
Прамень, як штых, бліснуў,
і маладзік
Збляднеў,
самлеў.
Ружовае на горы
імжыць сьвятло.
А ты ідзі, ідзі...

1944-1952   

*) Эдэльвайс – кветка зь белымі пялёсткамі, якія ніколі ня высыхаюць.

*
Паэзія
не табака,
  малакроўным нюхаць.
Паэт
не застыглая ў статыцы мумія.
Паэзія –
ў сэрцы будзіць завірухі.
Паэт
за мільёны адзін думае.
У квактаньні жаб
прыгажосьці крупінка.
Для сэрца закон?
Не ўтаймуеш кратамі.
Буду йсьці ад сябе,
як заўжды, і прыпынкі
Рабіцьму над тым,
што натхніць і
  раскратае.

*
Хутчэй, хутчэй, сымфонія грымотаў:
Пілуе душу заедзі сквіленьне,
За горла душыць затхласьць і духота;
Азону лёгкім, зыркасьць, а ня тленьне!

Зямлі уколы дайце, бліскавіцы:
Ад малакроўя вычахла бабуля!
На лоб кампрэс гарачы навальніцы,
Пакуль яшчэ рыпіць зямная куля!

НІЯГАРА

Бягуць, як ільвы,
перавальваюцца
  праз валуны
   парогі
беланогія хвалі.
Раптам
упалі.
Абрыў.
Бы Індыянцы-грабары
выграблі роў глыбокі
  хвалі каб
не ўцякалі далёка.

Расчасаўшы белыя грывы
   з абрыву
  стрымгалоў
як самазабойцы
кідаюцца
белапенныя
  глыбы
   вады....

Дым,
дыямэнтавы дым
  уздымаецца
  ў неба
  хмарай,
Каб упасьці назад
  Ніягарай...

МЕСЦА МАЛА

Нібы цясьніны гор – вуліцы.
Дамы – вылуджаныя ветрам скалы –
Бакамі размаляванымі туляцца,
У хмары лезуць: месца мала.

«Кадылякі», «Бюікі», «Шэўралеты»
Абгарадзілі, як плотам, кварталы;
Лезуць на ходнікі і ў кювэты,
І на людзей – месца мала.

Неба шрубуюць верталёты...
Хоць бы другая плянэта упала, –
Будуць кідацца самазабойцы ў пралёты:
На зямлі месца мала.

1952

БОМ

Што пудзіла на агародзе, зашмальцаваны,
Капялюх падмасьціўшы пад галаву,
Сьпіць на ходніках каля рэстарану,
Ногі, рукі раськінуў, нібы павук.

Мінаюць яго, як бомбу, дасьціпныя дамы,
Паліцэйскі пераступае, бы праз агрызак сухі.
А ён, нашчадак грэшнага Адама,
За чые пакутуе грахі?

Не для ўсіх нагародай бязьмежная воля.
Для бязвольнага воля – бяда.
І заліваюць тугу жыцьця алькаголем.
Хвала узаконенаму кудзейнаму «дай»!

І даюць. І напіваюцца да паўсьмерці.
Шматкаляровы дзей людзкіх альбом.
-Дарогу, д'яблы, цьвярозыя чэрці!..
Ідзе сам сабе няшчасьце – бом.

*) Bum – (амэрыканскае) бадзяга, п’яніца

ПАЭТУ

Годзе выседжваць
слоў кураняты,
Раскалупваць
пачуцьцяў
  струп!
Чуеш, рыгаюць
крывёй
гарматы?
Бачыш, труп
абдымае
труп?
Чорны,
грымучы,
  гад стоязыкі
Страшны вузел
пяліцца
  сьцяць...
Сьмерці насупраць
паэта-музыка,
Пераможную песьню жыцьця!
Маршы і вершы –
бомбы, гранаты –
У атрутную гада
сьлізь.
Чорствыя сэрцы
словам раскратай,
Сонцазорную радасьць,
блізь!
Сьлінай
сьлімачай
  раны ня гояць
і ня гасяць пажар
сьлязой.
Музыку волі –
у сэрцы
  вояў!
Эскадрыльлі рыфмаў
у бой!

Лістапад, 1952

ТБЦ

Сьцены белыя.
Сёстры ў белым.
І за вокнамі сьнежная бель.
Белы, белы
глядзіць нясьмела
На шпітальную пасьцель.
-Як-жа так?
Няўжо я хворы?
Пульс намацвае на руцэ.
Дзе ты, страшны,
сьмяротны вораг –
  ТБЦ?
-Во, бягуць па жылах
  бацылы...
Сэрца, утаймуйся,
  ня дрыжы.
Малады не пайду ў магілу.
Жыць!
Гэй,
ня стой ты
  у чорнай вуалі,
Не чакай,
я ня хутка памру!
Мяне цягнуць
марозныя далі
Тысячамі рук.
Там хачу
пад завеяў гойсы
Звонкай песьняй
  зьвінець.
Забяры сваю гострую косу
Ад майго горла,
  сьмерць!

---

Воч праменьні
гаючым бальзамам
  заіскрыліся.
-Сястра!
На зямлі гэтай грэшнай
  таксама
Ёсьць і пекла,
  і рай.
Рай –
у позірку
каханай дзяўчыны,
Маладой і прыгожай,
як ты,
Рай –
у подыху
  кветак шыпшыны,
Ў косах сонца
  залатых,
У маршах,
песьнях
грымотаў і
ветру...
Не, ня тое.
Пастой, паглядзі...
На вяршыню гары Ай-Пэтры
Узышоў чалавек адзін.
Узышоў і упаў.
Так балюча
нам зрабілася усім...
Непаўторны,
няўміручы
Багдановіч Максім.
Ты нічога аб ім ня чула,
Ты ня ведаеш, сястра,
Як любіў ён сэрцам чулым
І народ свой, і край.
Багдановіч – гэта дойлід
Неразгаданых слоў.
Ды над ім завязала доля
Перавясло...
І яго дагнаў ля магілы,
Ім адзначаны, чарвяк...
І яго даканалі бацылы.
І я,
падуладны
Коха палцы,
Жыць, пакутаваць прыстаў.
Растапырыла сьмерць пальцы
Перад вобразам Хрыста...
І стаіць,
і глядзіць ён
  нясьмела
На шпітальную пасьцель.
Сьцены белыя.
Сёстры ў белым.
І за вокнамі сьнежная бель.

1947-1953

*) ТБЦ – тубэркулёз.

НОЖ

Не зь нягнуткай сталі, зь серабра
Ён адліты. Год яму ці мала.
Шмат разоў яго у рукі браў,
Над сталом схіліўшыся, Купала.

Разразаў пяшчотна "Кабзара",
Вершы Гётэ, томікі Лангфэло...
За вакном крывавая зара
Над зямлёй спалоханай зырэла.

Здрыгануўся. Сьмерць у тыя дні
І касой махала, і сякерай.
Але нож ня можам мы вініць:
Ён ня быў і сьветкам харакіры.

Зазьвінеў і змоўкнуў на стале.
Шуганулі шэрыя шынэлі...
Як паэт скрываўлены самлеў,
Серабра усхліпы патускнелі.

З тэй пары лагодная рука
Яго доўга, доўга не кранала.
На ліхую долю наракаў,
Над сталом схіліўшыся, Купала.

Серабро сьвяцілася зырчэй,
Як бывала, моладзь завітае
І віно ў кілішках пацячэ...
О, бурштыну песьня залатая!

Толькі ў тую чэрвеньскую ноч,
Як пярун быў джвагнуў перад раньнем
І Купала выбіраўся ўпроч, –
Ня прыйшоў ніхто на разьвітаньне.

Кінуў дом паэт і серабро
І пайшоў ад сьмерці ў рукі сьмерці.
Толькі нож мо й бачыў, як дабро
Узьнялося ў неба чорным сьмерчам.

Шмат чаго ён бачыў. Не прасем –
Ні аб чым ня здрадзіць да скананьня;
Таямніцы ў неведзь панясе
У сваім сярэбраным маўчаньні.

1953

ХОЦЬ ЛІСТАМ ЗЕЛЯНІЦЦА

Пачарнела золата. Да плоту
Гоніць вецер. І маўчыць нівошта.
Пасылае ціхую дрымоту
Дрэвам неба зьледзянелай поштай.

Прачыталі, дрыгнулі ахвяры
І ўздыхнулі – прысуд не суворы:
Як мячы скрыжуюцца на хмарах,
Зноў лісты зь лістамі загавораць.

Пацячэ з карэньня да вяршалін
Сок салодкі, пахкая жывіца.
Хай мяне-б карэньні адшукалі
Пад зямлёй, – каб лістам зеляніцца.

1953

*
Дзень замкнуў залатую браму
І ключы захаваў у хмарах;
У суцішна-трывожную гаму
Улучаюцца сэрца ўдары.

Нявідомыя граюць музыкі
Няпісаныя псальмы прэлюдый.
Падымаецца месяц вялікі,
Спаць кладуцца малыя людзі.

Гэтак проста ўсё і складана,
Даўніну пазнаём мы па скрыптах,
Ды стаяць, ня плывуць ў акіяны
Чаўны ў пірамідах Егіпту...

1954

ФРАНТАВОЕ

Зоры ў небе, як срэбныя росы,
Месяц – гузік на шэрым шынэлі.
Фасфарычныя бзыкаюць восы...
Добра тым, хто на цёплай пасьцелі.

Мне падушкай – сталёвая каска.
З боку туліцца "жонка" із Тулы...
У вакопе сьцюдзёна і гразка.
Добра тым, што на векі паснулі.

А з-за лесу разьведчык чырвоны,
Здэцца ўлез-бы ў зямлю з галавою.
Лес надзеў залатыя пагоны...
Уставайце, галодныя воі!

СКАРПІЁН

У блакітнай недасяжнай высі,
Калі блудзіць па прасторах восень,
Пралятаеш ты над намі рысьсю
Навакол нябачанае восі.

Не адзін у небе ты бадзяга,
Маеш крэўных блізкіх – Рака й Рыбаў...
Да сягоньня вечнасьці прасьцягам
Шляхам зорным крочыш бяз ухібаў.

Пазіраеш на зямлю употай,
Прыгажуня, думаеш, сусьвету.
Абальлеш кагось халодным потам
І... на сьвеце больш адным паэтам.

МАЎКЛІНЯ

Баюся ў моўкны мой пакой заходзіць,
Хтось скажа – трус... А я прайшоў агні.
І супакой знаходзіў у прыгодзе,
Чакаў, бы вязень волі, маўкліні.

Тады, як неба на зямлю йшло ў наступ,
Хрысьцілі высь пражэктараў нажы,
Я прабіраўся, што вужака, пластам
У тыл варожы... Вось тады я жыў.

Тады затоеным я жыў дыханьнем
І прагна піў маўклівасьць зораў, ніў.
Ды перажыў раз маўкліню кананьня...
Маўклівіць ноч. Баюся маўкліні.

21. V. 1955

ВУГОРЦАМ

Плаціць пакорай і цярпеньнем дань?
Валей на штых расхрыстаныя грудзі.
Агнём плявалі ў душу вам “орудии”,
А сэрцу чулася – мадзяр, паўстань!

Ў дрыготкі кінула варожы стан,
А заклікалы згорбіліся ў спудзе...
І захлынуўся ў бесталанным злудзе
Сьвяты агонь крывёй абмытых ран.

Аддаўшы доўг, вы захавалі рэшту:
Нянавісьць да падступнае Масквы,
Любоў і веру ў вечнасьць Будапэшту.

Калюжны шлях прарочаць воям трэфы.
Ды ня сьхіляйце мужнай галавы,
Нашчадкі слаўных Кошута, Пэтэфі!

1957

*
Усе, як людзі: сьпяць, нахлыне змрок,
Істужкай сноў ружовых вяжуць зь сьветам
Нялёгкай прошласьці і прышласьці прыкметы,
А ў ціхаце зашарахціць ледзь крок

Цяжкога дня – ў бурлівасьці заток
Ідуць лавіць запал, дарунак лета,
І дыхаць водарам духмяных кветак,
Плясьці надзей вузорчаты вянок.

Ды толькі ты, бядак – палонны ночы.
У тваім сэрцы шасьцярні грукочуць,
Бяссоньне нэрвы круціць, бы той дрот.

Адна уцеха – дзіўныя прывіды:
Удаву чорнаму шпурляе ў рот
На золку сонца агнявыя дзіды...

24. VІІ. 1959

*
Варожыць ноч, смуглявая цыганка,
На трэфах зор сівых вякоў спакон.
Ня сьпіцца мне. Блакітная фіранка
Казыча скроні. Звонкамі вакон
Глядзяць дамы трывожна, таямніча,
Палошча вецер ночы чорны шаль;
Мільгае ў небе срэбра і крышталь,
Мільгнеш і ты у вечнасьць зоркай-зьнічам.

1959

*) Звонка – картачная масьць (“бубна”)

ВЯСНА

Сарамліва і нясьмела,
Бы дзяўчына на спатканьне,
Па прасторах шэра-белых
Крочыць цёплае дыханьне.

Прамывае неба вочы,
Раськідае хмар падушкі.
Дробны дожджык стрэхі строчыць,
Ветры любяць гольле гушкаць.

Лес да сонца туліць сьпіну,
Доіць поле хмараў вымя.
Журавы назад, да гнёздаў –
Бумарангамі крывымі.

З кожным днём сьмялей, увішней
Сонца палкія уколы.
Што там: сьнег прымёрз да вішняў?
Памыліўся-б, каб ня пчолы...

Нібы бубны на вясельлі,
Рэжуць першыя грымоты.
Блудзіць песьня ля аселіц,
Кліча сэрца у цянёты.

1959

*
У садзе, ў зеляным гальлі
Замоўк вясёлы хор птушыны.
Цяпло і ціша паднялі
Таўкач стазвонны камарыны.

Праменьня дзіды ў сіняву
Вэнэра з сонца настругала.
Зямля схавала галаву
Пад ночы чорным пакрывалам.

Упяліў месяц у вакно
Касое вока з-паза хмары.
Яму, бадай, усё відно,
А я надзену акуляры.

Ад лаўкі ў садзе да сьцяны
Ляглі два стуленыя цені,
Трымцяць, хістаюцца яны
У бела-срэбным зіхаценьні…

Пад сэрцам комам – зайздрасьць, млосьць.
А ў небе зорная зухваласьць…
І мне чужая маладосьць
Паўночы добрай адарвала.

1959

*
Месяц срэбнай шпорай
Рэжа хваляў лусты.
На ўзьбярэжжы мора
Маўкліня і пуста.

Хвалі б’юцца ў скалы,
Адлятаюць з шумам.
Дзесь зары апалак
Пакаціўся з сумам.

Бы крыло кагаркі,
Палыхнуў сьлед зоркі.
Мне на дне байдаркі
П’ецца трунак горкі.

Недзе сьпіш ты. Вось-бы
Сон хоць раз парушыць?
Як-жа ты бяз просьбы
Мне залезла ў душу?

Не злавіць на вуду
Плотку ў тым вазерцы.
Як цябе забуду,
Калі б’ешся ў сэрцы?

1960

*
Шукачы блакітных пэрлаў
На нязьведаных глыбінях...
Караблёў разбойных жэрлы
Ноччу чорнай іх ня спыняць.

Дзе снуюцца васьміногі,
Там, дзе рыфы і каралі,
Напярэймы да зьнямогі
Няутоймныя сігалі.

Напіваліся зь няўдачы,
Пахмяляліся з знаходкі;
Ім пяялі "Кукарачу"
Чарнавокія какоткі...

За кармою бурапена...
Курс – да стрыму у сакрэце.
Заўтра з пэрлаў – чад тавэрны...
О, прыгодаў, мора дзеці!

*
Шчэ ня хутка крылом залапоча
На усходзе далёкім жарптушка,
І мяне, паланёнага ночы,
Сон ня кіне камечыць і гушкаць.

Маладзік, бы палойка банану,
Зачапіўся за воблакаў глыбу,
І лятуць з вышыні акіяну
Зоры сінія, б'юцца аб шыбы.

Я ня чую... Лязгочуць шасьцерні,
І машыны, бы коні ў спудзе...
Памыліўся ты, мудры Капэрнік:
Не зямля, гэта-ж кружацца людзі...

НАД ГУДЗОНАМ

Імпэрскі за хмарамі дом
Згубіў залацістую піку...
З імпэтам юнацкіх гадоў
Заходжу у горад вялікі.

У цёмнай Гудзона вадзе
Масты абмываюць калені.
Канае утомлены дзень,
На шыльдах забыўшы праменьні.

Павісьлі на вежах вятры,
Ня зьлезуць у вуліц цясьніны.
Прастораў зялёны парыў
Я ў Парку Цэнтральным пакінуў.

Гляджу на вітрыны, у іх
Паўвуліцы, бы на экране.
На грудзях зламаных маіх
Суценяў прываблівых танец.

Успыхваюць, гаснуць агні,
Мільгаюць вачыма машыны...
І Шэрман на срэбным кані,
І постаць крылатай жанчыны.

Іду і іду, як у сьне.
З вышыняў зрываюцца гмахі
І з гулам ляцяць на мяне
Ды ў землю залазяць з размаху.

Ня быз тут мітычны Буньян
І Біл са сваімі сябрамі,
А хто затрымаў акіян
І горы уздыбіў рукамі?

Граніт і зялеза наўкол,
Купаюцца людзі ў поце...
Хутчэй на прастор, дзе шчыгол
Сонцам пралескі залоціць.

*) Шэрман – амэрыканскі генэрал (1820-1891 гг.), помнік якому стаіць у Нью-Ёрку. На гэтым-жа помніку – «крылатая жанчына» – багіня перамогі.
Поль Буньян і Пэкас Біл – гэроі амэрыканскіх легендаў.
Залаты шчыгол (Goldfinch) і пралескі (Violets) – эмблема штату Нью Джэрзы.

МАЛАДОМУ ПАЭТУ

Ты бачыў, як лезуць
альпіністы на скалы?
Ты ведаеш, колькі
іх прадоньне схавала?
На выступе кожным,
у граніту расколе
Трымаецца, млее
альпіністага доля.
Высока зіяе
сьнегам сінім вяршына.
Як хочацца ўзьлезьці,
ды як страшна нізрынуць.
А часам на голаў
жухне сьнежная лява.
Бывай, белы сьвеце:
і каханьне, і слава!..
Вось так і цябе
на шляху да Парнасу
Чакаюць выступы
ды расколіны часу...

1961

*
Жуюць шасьцерні цішу
Чыгуннымі зубамі,
Маторы цяжка дышуць
Гарачымі ілбамі.

У грукаце, у шуме,
У тым мажорным маршы,
І я ў бурлівым тлуме
Над аўтаматам старшы:

Націсну гузік – пойдзе,
Другі – канец грукоцьцю.
Я з тэхнікай у згодзе,
Хоць цела мокне ў поце,

Усіх паджылкаў столкі
Дрыжаць у тахт з маторам.
Ня ведаю вось толькі,
З душою з нас каторы...

1961

*
Яшчэ сьнягоў ня выкіпела пена,
Вятры ільдзінак зорных не зьмялі,
А ўжо бруіцца па бярэзін венах
Прыглушаная музыка зямлі.

Шпурнуўшы ў сінь праменьне-камэртоны,
Гарыць агнём няўрымсным дырыжор.
Яшчэ часіна – пяруноў трамбоны
Удараць марш вясновы з рэ-мажор.

Лясы спрасоньня зашумяць: "Дзе лісьце?"
Зямля нап'ецца сонца і вады.
Паймчацца рэчкі ў эстафэтны высьціг,
У белай радасьці закружацца сады...

19. ІІ. 1963

ПРАЦА

Грыміць, грукоча твістар-аўтамат*
Бы дрот, ён круціць нэрвы мае й жылы.
Што-ж? Лягу кабелем. Электра-сілы
Камусь засьвецяць, нехта будзе рад.

Няхай расьпяляць на слупох між хат –
Па мне празвоніць голас нейчы мілы.
Антэнаю на дрот касьмічны? Ўзьвілы,
Зямлі дыханьне зловіць касманаўт.

А сын маленькі, гэткі сьмешны, квола
Ашчэпіць шыю ручкамі ўвабхват,
Калі прыйду дамоў, сьхіліўшы голаў.

Сабе самому хто, скажэце, кат?
Але, каб Край мой сьветлы ўбачыў золак,
Гатоў круціцца ў сотню тысяч столак.

*) Твістар (амэрыканскае) – машына для скручваньня дратоў.

1963

ЛЕТА

Лянотна хмараю мурзатай
Змахнула сонца з твару пот.
Ня рупіць ветру ліст пакратаць,
Пляцецца нехаця паўз плот...

Падкіне белую пушынку,
Паважыць дзьмухаўку ў руцэ...
Няхай-бы ўскочыў на часінку
Тут да мяне, ў гарачы цэх.

Ілбы памацаў у матораў,
Гарачку зьмераў у мяне...
Дык не, і сёньня, як і ўчора,
Нават на сьмех не загляне.

Духота радая старацца,
Гняце і цісьне да зямлі,
Быццам адна у яе праца –
Цябе зьнясіліць, паваліць.

А пот, абрыдлы спадарожнік,
Ня знаю, што аддаў-бы, каб...
Бы сок з тых клёнаў прыдарожных,
Праз дзень цалюткі – кап ды кап...

Няхай стараюцца. Ня зломак.
Ня гэткіх бачыў у жыцьці.
Няхай і вецер, той бяздомак,
Задраўшы голаву, ляціць.

Я спразе выдумаю кару:
Вадой празь дзень не напаю...
А там – басы дажджовай хмары
Зацягнуць арыю сваю.

Пярун скрыжуе з сонцам шпагі
І доўга будуць лязгацець...
І тут, як тут, вятры-бадзягі –
Ды ў шыю поту, духаце...

Так дзень за днём... І дзьмухне восень
Арктычнай пробы халадком
І сьпіс праступцаў агалосіць:
Духота, спрага, пот і Ко...

30. ХІ. 1966

СЯСТРЫ

Далёкая каханая сястра!
Ці помніш ты, як зьмеі-бліскавіцы
Саджалі джалы ў жыта ды пшаніцу,
Хвастамі росы абсякалі з траў?

Як неба ніву гром-пярун араў,
І я ў спалосе долу падаў ніцам?
А ты ня ўмела "Айчанаш" маліцца,
Дык ціхай песьняй адганяла страх?

З тае пары колькі разоў грымела.
Мо не паверыш, але стаў я сьмелы:
Ўжо не дрыжу, бы ўзімку верабей.

Ды вось, як толькі блісьне, загрукоча,
Замкнуцца самі неяк хутка вочы,
І ўбачу поле, гурт авец, цябе...

1969

АД ІМЯ СВАЙГО ДВАРА

Мяўкаюць мякка за гаражом каты.
Шпакі затыкаюць дзецям чарвякамі раты.
Надрываецца радыё
Да хрыпаты:
«У Кэнт
студэнтка
  на штых
Пачапіла квяты...
Пазьней упала
ад кулі гвардзейца...»
Што дзеецца?
Што дзеецца?
Бомбы – ў Нью-Ёрку...
Бомбы – ў Чыкага...
Зь "ветконга" сьцягам
маршуюць юнакі-барадачы,
як малпы.
Крычаць:
«Спыніце ў Ветнаме залпы.
Ня кідайце бомбы, міны
На сьцежку Хошыміна.
Мао – слава!
Брэжняву – ура!..»
А я
Ад імя свайго двара,
Багаслаўляю тых,
хто скрыжоўвае
  са штыхом штых,
Каб у Кэнт цьвілі квяты,
Каб мяўкалі мякка за гаражом каты,
Каб шпакі затыкалі дзецям чарвякамі раты!

Травень, 1970 г.

ІДУЦЬ ДЗЯЎЧАТЫ

Ідуць дзяўчаты...
І, здаецца, сонца
Ім пад ногі кідае чырвонцы.
Ім зайздросьцяць прыгажосьці багіні.
Перад імі – вобземлю лбом.
Ножкі, як бярозкі... "міні-міні"...
Здэцца-б, піў дурман красы нагбом,
Ды, каб жонка не разьбіла люстра,
Трэба ганіць: "Цьфу, распуста!.."

1970

ХАНДРА

Хандра – вандра,
а крыўда – выдра.
  Мудрыў мядрак
   Бадрыцца збрыдла...

Харобры драб
грудастай гідры.
  Хандру з раба
   вандра ня выдра.

23. ІІІ. 1973

ДА ХМАРАЎ

Хмары, шэрыя тлустыя гусі,
Разьвітайцеся зь небам-гняздом,
На прасторах маёй Беларусі
Прызямлецеся спорным дажджом!

Чуў я, сонца там выпіла рэкі,
Крумкачы расьцягнулі лясы...
І як хлеба «хоць крошку» калекі,
Просяць «кропельку хоць» каласы.

Размахнецеся крыльлямі, хмары!
Хай маланкі скрыжуюць мячы, –
Каб пшаніцай трызьнелі папары,
Каб пірог магла маці сьпячы...

1973

ЛЕТНІ ВЕЧАР

Гамы летняга вечару дзіўныя:
Льецца жніўная песьня ў палёх,
Задумёная, сумна-надрыўная,
Быццам лірнік на струны налёг.

У сулад з салаўінымі трэлямі –
Зычны кагарак хор ля ракі;
На сінь неба апёршыся крыламі,
Спражаць звонкі гарох жаўрукі.

У цымбалы тнуць пчолы над кветкамі,
Ды ня доўга ім маршы іграць:
Шэры змрок над лугамі, палеткамі
Васільком працінае зара.

Туманы ў паплавох леглі покатам,
Дзень духотны за сонцам паплыў,
І віншуюць узрушаным клёкатам
Прахалоду начную буслы.

1973

ЗІМА

Сьнегу белая гушча
Ў жорнах ветру заенчыла.
Пасівелая пушча
Перад бурай укленчыла.

Маразішча балюча
Коле дзідамі колкімі;
Пранізаў сьнег сыпучы
Ледзянымі іголкамі.

Праз завеі, віхуры
Сонца землю ня ўбачыла.
Абняліся пад скурай
Доля воўка з сабачаю.

1974

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Вось гэты келіх
пазалаціў бы й выпіў:
поўню над шынком

Пераклад:
Макс Шчур

Мяса, косьці, нічога больш —
кавалак мыла,
шлюбны пярсьцёнак,
залатая плёмба.
Herr Бог, Herr Люцыпар —
ня рыпаць ува мне,
ня рыпаць.

зьняты на смартфон
выбух з грыбом у небе
выцьцём сірэн
і дзікімі крыкамі
праз тыдзень давядзецца сьцерці
бо не хапае памяці
на відэа карпаратыва

Спатольніца Смуткаў засяроджана разглядае
белую пялюшку з казённай пячаткай:
ведае, што плашчаніца
будзе з той самай тканіны