На барыкадзе

паэзія, вершы, беларуская мова

Растаяла рэха,
разьвеяўся дым -
кавалкі сьмецьця,
кавалкі плоці.
І сонца ў небе -
шматком рудым,
ня ў золаце,
нават не ў пазалоце.

Бярэ кашчавая
свой разьбег,
прыціхла зямля
ў смуродным чадзе -
і цяжка сказаць,
хто загінуў, хто зьбег -
але ты адзін
на барыкадзе.

Ня чуць, ня бачыць
было б лягчэй -
як асьцярожна,
дык менш трывожна, -
ды трэба трымаць
вастрыню вачэй
і чуйны слых,
бо іначай – няможна.

Вось так вось, выстаяць,
аднаму,
насупар здрадзе
і кананадзе -
бо больш стаяць тут
няма каму:
нікога побач
на барыкадзе.

А хтось шапоча
табе з начы:
«Трымайся цьвёрда
на полі бою!
Мы абяцаем
дапамагчы!
Ты – будзь сабой,
мы – заўсёды з табою!

Мы побач, блізка,
мы ў – абыход!
Або – зьнянацку!
Бо мы ў засадзе,
бо мы – з табою,
мы – «твой народ»,
хоць ты – адзін,
там, на барыкадзе».

А можа, гэта
шапочуць мне
зь нябыту продкі,
што па-за працай
жылі, гулялі -
бо не ў цане
за незалежнасьць
было трымацца?

Было б што есьці,
было б што піць
пры кожным ладзе
й любой уладзе?
А лёс – не жартуе,
ня сьпіць, ня кпіць,
і вось... ты – адзін
на барыкадзе.

У гэтай песьні
няма канца,
у гэтым стане -
няма разьвязку.
Дзе ўзяць для чэрствай
душы сяўца,
зьмяніўшы месцамі
яву й казку?

Гляджу праз далеч,
празь лёс, і час,
і бачу на самым
на даляглядзе -
а мо й напраўду
ўжо двое нас
на нашай супольнае
барыкадзе?
А мо й напраўду
ўжо – двое нас?

...Ды тут я адзін,
на барыкадзе.

 

P.S. Адзін з маіх найулюбёнейшых майстроў, карціць напісаць – «жывых клясыкаў» (а дай мне Божа па пыцку, а яму доўгага жыцьця) беларускага слова апошнім часам рассылае свае новыя творы праз скайп – бо як паэт ён абавязаны крочыць «нага ў но» ня з тэхнікай ці з эпохай, а з Гісторыяй (нават калі тая, кульгавая, ад яго адстае, і ўступаць у ейнае нагаўно ня дужа прыемна). Найноўшая Воюшава песьня безумоўна заслугоўвае быць ня толькі пачутай, але й прачытанай. Хаця і ў сапраўднага паэта бываюць слабейшыя хвілі, але на тое ён і сапраўдны паэт, каб узьняцца па-над плыткімі лёзунгамі і адчуць подых часу на ўласнай скуры. Акурат гэта Сяржуку без сумневу ўдалося ў публікаваным намі вершы. - Макс Шч.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Алесь Плотка

а каханне кажуць
трывае самабольшае гады з тры
і ад пачатку выносіць розум
а потым – ўсё што можа вынесці

Пераклад:
Сяргей Прылуцкі

прыйдзе сьмерць
прыгожая
як вочы коней

Пераклад:
Макс Шчур

У часіну свайго нараджэньня яна рассоўвае ногі, не разумеючы сэнсу сваёй позы, прызначанай дарыць сьвятло, зямлю, агонь, паветра, але потым чалавеку рупіць зноў увайсьці ў гэтую клятую похву, пасьля таго як я паспрабавала нарадзіць сябе сама, выцягнуўшы сваю галаву праз сваё ўлоньне (а як што не змагла, то шукаю сьмерці і ўваходу ў сьмярдзючы бярлог схаванай ахоўніцы з функцыяй пахаваньня) я пра похву, пра сьмерць

подарочной бумагой обернули
черновики
на стуле в коридоре
чужие и свои толкутся в коридоре
нас заждались кассиры-контролеры
вокзалы мира перекрестки
и тупики