Накід жэста

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

З кнігі “Сэнс змаганьня” (1996)

Пасьля абеда 

Накід жэста ўліваецца ў вусьце пакуты.
Праз сто крокаў – жаданьне вярнуцца дадому,
Адляжацца ад болю жыцьця, быць самому.
Цяжар цела засьведчыць табе: ты прысутны.

На дварэ – духата, небасхіл – беззаганны,
Маладняк сьвяткаваць заклікае прырода,
Целы іх не пускае жыцьцё з карагоду –
Ты ж самотны, уявай пустэчы загнаны,

Адчуваеш быцьця свайго важкую шчыльнасьць,
Адчуваеш жыцьця на зямлі немагчымасьць.
Сэрца кроў напампоўваць стамілася ў судзіны,

Каб энэргію даць канцавінам самлелым –
Акт каханьня забыты даўно тваім целам,
Ты чакаеш начы, бы да сьмерці асуджаны.

Беспрацоўе

Церазь места іду без спадзеваў на цуд,
Проста ў гушчу істотаў людзкіх, усё новых –
Мне знаёмы вагонаў паветраных цуг:
Дні цякуць, у маіх неўвасоблена словах.

О! Вось дзень і прайшоў, зь біржы працы – дамоў,
Пра квартплату й падобную дрэнь задуменны.
Ты нібы не жывеш у палоне гадоў –
Лета вечна з табою, ніякае зьмены.

Месяц, два – і халявы нібы не было:
Восень прыйдзе павольна, маўляў агнявіца,
Конам, думкай адзінаю стане бабло.
Ты папраўдзе адзін. Цягніку не спыніцца...

Вы ж танцуйце далей зь існаваньнем у такт,
За надзейным, празрыстым схаваныя плотам.
Зноў зіма. Вашых жыцьцяў рэальнасьць – ня факт,
Але мо фактам станецца некалі потым.

*
Толькі мяне заўважыўшы, схілялася над паперамі,
Каб выставіць зад, пакепвала: “Як міла, што вы зноў тут!”
Удосталь пазахапляўшыся ейным задам (і перадам),
Я йшоў дадому, пакінуўшы голым працоўны кут.

Кожную пятніцу ўвечары я выкідаў дакумэнты, каб
мог у панядзелак пабыць з пустым кабінэтам сам-насам.
Яна мне так падабалася, зь яе тыповай патэтыкай.
Яна была сакратаркаю з пратэрмінаваным мясам.

Яна жыла, я прыгадваю, недзе пад Шэптэнвілем,
Мела рудое дзіцятка ды відэамагнітафон,
Ня мела ўявы найменшае, пра што пляткарыць раён,
А вечары суботнія праводзіла з порнафільмам.

Я ёй надыктоўваў допісы, любіў ейны твар, пагляд.
Яна ўдавала стараннасьць, і гэта было так міла –
Ёй быць магло трыццаць пяць гадоў, магло і ўсіх пяцьдзесят –
Да сьмерці наўпрост кіруючы, яна лік гадоў згубіла.

*
Пра эмбрыёнаў, пра ўраджай
і пра кароваў пагаворым,
што, як аўтобус ад'яжджаў,
глядзелі ўсьлед паглядам хворым.

Я так люблю кароў, хоць плач,
Ды ўночы - пра мустангаў мару я.
Чаму ж, чаму я не апач,
Чаму працую ў канцылярыі?

Аднойчы ўбачыць вежу GAN -
Уведаць лёс мой да драбніцаў.
Ня трэ чытаць жыцьця раман -
На форму чэрапу зірніце.

Я ў прэрыі хацеў бы жыць,
Вялікай, ветранай і шэрае,
Я б мог радзіму палюбіць,
Якая б мела ўзьнёсласьць прэрыі.

Мустангаў велічны галёп
Туды, назад - заўжды разумны,
Хай пацукі - гандляр і сноб -
Зь мяне сьмяюцца ўва ўсе зубы.

Невыноснае вяртаньне міні-спадніцаў

У нетрах мэтро маладыя дамы
Ствараюць наўкол атмасфэру драмы,
У траўні - жаданыя, бы ядомыя.
(Пляцак з ссабойкай забыўся дома я.)

Нагода для "сэксуальных прыгодаў"?
Для вытанчанага спакушэньня нагода?
Мае дні - рэальныя невыносна:
Я агаломшаны, я пад гіпнозам.

Заплямбаваных вагонаў бясконцасьць
На восьмай (Баляр-Крэтэйскае) лініі.
Здаецца, пазьней я страціў прытомнасьць.
Цэлы дзень быў сонечны, неба - сіняе.

Вясны адбылася інаўгурацыя
Пад удары мініспадніцаў-званоў.
Шмат часу ня меў у іх разьбірацца я,
Да жыцьця сваім целам абуджаны зноў.

*
Вечнасьць (страва – у кошце), прымальныя цэны,
“Дзікуном” па краіне ў галёп, дыскачы
Вечаровыя, дзе прадаюцца нам целы
Без гарантый на сэкс на працягу начы.

Адчуваю сябе ў лібэральнай сыстэме
Заблукалым у дзіўных мясьцінах ваўком.
Адаптуюся – блага, я вечна “ня ў тэме”,
Намагаюся хваль не ўздымаць навакол.

Вечарамі жыўлю ў сабе вобраз паўсновы:
Быццам недзе сябры засталіся ў мяне.
Надзвычайна няпроста прыйсьці да высновы:
Надта позна, каб жыць, што ты думаў раней?

У прасторы вакольнае летніх вакацый
Я актор, што забыўся сцэнар незнарок,
Але ведаю – іншыя рушаць на танцы
І фіксуюць на відэа кожны свой крок.

*
Нібы ў аўтобусе выходныя
Ці ў маціцы пухліна шкодная,
Заўсёды разьвіцьцё падзей
Па пляну нейкаму ідзе.

І ўсё-ткі ручнікоў вільготнасьць,
Даўгіх басэйнаў прэснаводнасьць
Зьнішчаюць фаталізм мазгоў,
І тыя дзейнічаюць зноў. 

Яны пралічваюць наступствы
Адпачынковае распусты,
Пакінуць маняцца яны
Страсёны купал чарапны.

Навесьці варта ў кухні шмон,
«Мэпранізын» прыняць на сон -
Ноч шчэ недастаткова чорная,
Каб завяршылася гісторыя.

*
На дальняй станцыі падземкі
Цягнік ідзе на кальцавую,
І я спынюся неўспадзеўкі:
Як выбухае ён, пачую -

Памалу, быццам ад заган
Зчарнелы шлунак – ад інфаркту.
Здалёк разгледжу вежу GAN,
Дзе лёс мой ставіцца на карту,

Дзе ў ліфце зь нікелю лятуць
На штурм Кальварыі службоўцы
І сакратаркі ўсьлед бягуць
Па веек новай падмалёўцы.

А ў нетрах вуліц, дзесьці там
Цягнік грамадзтва засьпяшаўся
Да мэтаў, невядомых нам –
У нас не засталося шансаў.

*
Жыцьцёвай мэтай ёсьць любіць –
Казаў і ведае любы,
І ты паўторыш. Што з таго:
Я цела крохкага твайго

Не адчуваю, сэнс пагас.
Па курсе – вежа Манпарнас,
Нібы ахопленая сном,
Акно асьветліць за вакном.
 
Гандлёвы дом перасячэм мы,
Нібы раёк шматкаляровы,
Дзе сума стымуляў нэрвовых
Ёсьць жорсткім лёсавызначэньнем.

Вось нашы жыцьці й сьмерці ў цэлым:
Рысункі на паверхнях сетак.
Гадуе горад катаў-дзетак,
Гідота поўніць нашы целы.

Перажываньняў невыказнасьць.
Куплю часопіс эратычны,
Брыдотаў поўны хімэрычных,
Сябе прымушу да аргазму,

На мятую ўпаду кушэтку
Й засну, нібы кавалак мяса.
Дзіцём я крочыў па палетку,
Да ніцых кветак нахіляўся
І марыць мог пра сьвет цалюткі.
Дзіцём я крочыў па палетку,
Што пад нагой быў мяккі, гнуткі.

*
Тэлевізійныя антэны,
Нібы рэцэптары кузурак,
Прысмокчуцца да нашай скуры,
Як толькі ўвойдзем мы ў кватэры.

Калі б я шчасьця прагнуў чыста,
Я б навучыўся танцам бальным,
Ці, можа, шар набыў лятальны,
Маўляў шчасьлівыя аўтысты,

Што да шасьцідзесяці з цацак
Плястычных цешацца, як дзеці -
Вось ім дык радасьць жыць у сьвеце,
Ня трэба векам пераймацца.

"Лямур", гламур тэлевізійны,
Жыцьцё грамадзтва, дабрачыннасьць,
Рэальнай прымхі ўсеабдымнасьць,
Трыюмф агульнай блытаніны.

*
Калі б я на матрац ні ўлез,
Ахвяраваны нашай вернасьці,
Я там - не да канца, ня ўвесь.
Маё жаданьне больш ня вернецца.

Люд у самім сабе захрас,
У скурах танчаць іх малекулы.
Субота - час на трах, на фарс,
Зьбірацца на спатканьне некуды.

Па ўсім! Зь дзьвярыма твар у твар
(Дабротна зроблены тавар)
І з тым, што ўсё нарэшце скончана,
У кухні спаць кладуся, скурчаны.

Дыханьнем лёгкіх гарлавым
Абдам сьцюдзёную падлогу.
Цукеркі я любіў малым -
Цяпер я не люблю нічога.

*
Мэтро, што зьзяла б паўпустэчай,
Калі б ня людзі-выпарэньні –
Тут я смакую небясьпечнасьць
Нявінных гульняў непатрэбных.

Аброць уявы папусьціўшы,
П’яны свабодаю бясшкоднай
Перасякаю станцый цішу
Паміж канцовай і зыходнай.

Ажно на Манпарнасе дзесьці
Прачнуся, каля фінскай лазьні –
Сьвет зноў сваё займае месца,
Дзе я – абсурдна-сумны блазен.

*
Душа на сонцы - як нудыстка
На ўскрайку прорвы акіяну.
Прыбою шумная калыска
Боль будзіць патаемны, цьмяны.

Чым бы бяз Сонейка былі мы?
Брыда, дэпрэсія, пакута,
Бязглуздых жыцьцяў бег галімы -
Усё было б у чэрань зьдзьмута.

Цела, што сьпёкаю абмыта,
Адпачывае нерухома;
Жаданьне сьмерці і нябыту,
Усіх пяцёх пачуцьцяў кома.

Пацягваючыся спрасоньня,
Паўзе жывёліна прыліву.
Сусьвет - бязьмежжа беззаконьня.
Чым бы бяз Сонейка былі мы?

*
Целы складуюцца на пляжы,
Мяшаюцца ў адзін камяк -
Іх штабялі праменьне пражыць,
Б'е молатам па камянях.

Ляніва хвалі палыхаюць
Пад гэтым небам жаласным -
Яго бакланы напаўняюць
Сваім маркотным галасам.

Панылы шэраг дзён, манад
Жыцьця, на барнай стойцы лета -
Як выветраны ліманад,
Праменьнем сонечным сагрэты.

*
Скура - аб'ект на памежжы, ці
Мо й не аб'ект амаль.
Ноч поўняць трупы першае сьвежасьці,
Іх напаўняе жаль.

Сэрца шырыць біцьцё крывяноснае,
Кідае ў твар азарт.
Кроў засьмягла ў нас пад пазногцямі.
Целу скамандуй - "старт!"

Кроў, што разносіцца капілярамі,
Шырыць у нас таксын.
З богам сустрэнемся твар да твару мы,
Як толькі прыйдзе спын:

Момант сьвядомасьці абсалютнае
Цела перасячэ.
Радасны момант чыстай прысутнасьці -
Сьвет зазіхціць ярчэй.

*
Узяць да часу перадых,
Крыху пазьней – сьвятло прымружыць.
Сінее сьмерць у цемры-ружы,
Крадзецца ў зарасьцях начных.

На колькі тыдняў напярод
Расклад зададзены: аб бездань
Я труп свой мусіцьму разгвэздаць,
Як выветрыцца ўвесь смурод.

У целе - глыб бясконцасьці.
Яно сабе без намаганьня
Ў сваёй пасьлясьмяротнай твані
Ўяўляе сьмешны рух часьцін.

So long

Як заўжды – нейкі горад, паэтаў сьляды,
Што сустрэлі ў ягоных мурах свае лёсы.
Паўзабытых назоваў, імён шматгалосьсе
Шэпча памяць у такт працяканьню вады.

Усё той жа аповед пачнецца наноў -
Зруйнаваны абсяг між масажных салёнаў.
Адзінота ёсьць правілам добрых раёнаў.
Людзі танчаць, сапраўдныя ў нетрах дамоў.

Гэта людзі адрозных гатункаў і рас.
Мы, жывыя, ўсе танчым свой танец нязносны,
Не сябруем занадта, ды маем нябёсы,
І бясконцы прастор супакойвае нас.

Нам адпомсьціць вяртаньне мінулых эпох,
Шэпт няўцямны жыцьця, што ўцякае таропка.
Вецер сьвішча, вада выцякае па кроплях,
І сьпяшаецца сьмерць на гасьцінны парог. 

Лета ў Дой-ля-Бар

Прабівае грувасткую квецень вецьце,
смак пустэчы, аблокі штурхае вецер,
часу гук напаўняе целы, нядзеля -
дагаджу табе, белы пінжак надзену,

неўзабаве ў садзе ўпаду на зэдлік,
прадрамаю пару гадзін нядзельных.

Звон разносіць колькасьць гадзін наўкол,
цеплыня, віно падаюць на стол -
часу гук напаўняе пустыя жыцьці.
Так чарговы дзень растае ў нябыце.

*
Сьвітанак пакрысе расьце,
Сястрычкі сінія гудзяць
Пад малаком, што на пліце,
Бы смочак, пачало брыняць.

Шум кававаркі ў цішыні
Прасторы соннай гарадзкой.
Матору водгук завадны. 
Пятая раніцы, спакой.

Доўгі шлях у Кліфдэн

Далей ад Кліфдэну на Захад,
На сьвету Новага парозе,
Дзе неба ў мора, мора ў згадку
Зьмяняюцца ў мэтамарфозе,

Там, на тваіх узгорках, Кліфдэн,
Тваіх зялёных схілах, Кліфдэн,
“Дабранач” дам уласным крыўдам.

Каб зь сьмерцю ўрэшце пагадзіцца,
Зрабіцца сьмерць сьвятлом павінна,
Сьвятло – празрыстаю вадзіцай,
Вада – няўлоўным успамінам.

Заход пароды чалавечай
Знаходзіцца на шляху ў Кліфдэн,
На доўгім, доўгім шляху ў Кліфдэн,
Дзе мы даем “дабранач” крыўдам
Між хваляў і сьвятла сінечай.

Пераклаў з францускай Макс Шчур пры ўдзеле Касі Бохан, 2012 г.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Зноў ты нешта не ў сабе!
Вунь і ваўка на губе!
Ой, змарнуеш ты здароўе
Ў палітычнай барацьбе!..

Пакаштуй заечы гной —
Во дзе сродак, брат ты мой!
Мёд яго пераўзыходзіць,
Мабыць, толькі смакатой!

Праўда, горла ён дзярэ,
Хто-ніхто зь яго і мрэ,
Але хто ператрывае —
Тых і старасьць не бярэ!..

Пераклад:
Макс Шчур

Ну быў я піратам, муціў акіян —
цяпер во на пэнсіі, камісавалі.
Вахторам на службу ўзялі ў рэстаран —
сяджу тут і згадваю морскія хвалі.

Пераклад:
Макс Шчур

Вышэй за мігуткасьць форм,
Вышэй за крыкастасьць фарб,
Вышэй ад праўды самой
Я стаўлю тваё імя

Раней пісаў так, як хацеў бы ўмець перакладаць
паэзію кагосьці іншага: нязмушана, амаль сынхронна
патрэбныя словы самі прыцягваліся неадольным магнітам рыфмы
выстройваліся ў радкі ўдоўж сілавых ліній загадзя дадзенага сэнсу
падрыхтаваныя мускулістыя мэтафары чакалі свайго часу ўступіць у сутычку з рытмікай
усё гэта было чароўна як Glassperlenspiel за шклянкай віна з цыгарэтай