Падарожжа

проза, беларуская мова

З літаратурнага праекту “Апранутыя апавяданні”

Пятнаццаць дзён ён піў без перапынку, быццам апошні раз у жыцці. Паездка ў Лондан выпала на ягоныя схуднелыя плечы менавіта ў той жыццёвы перыяд, калі цалкам адсутнічала жаданне дыхаць, смяяцца, размаўляць і нават элементарна ўжываць ежу.

Але ён жыў, і цела працягвала выконваць свае звычайныя функцыі.

Да аэрапорту заставалася тры дні, алкагольны запой пагоршыўся рознага кшталту галюцынацыямі ў выглядзе вавёрачак, конікаў, слонікаў, гномікаў і чараўніц. Рэальнасць здраджвала мозгу, і свет успрымаўся як татальны псіхадэлічны трып, ці, калі хочаце, як зацягнутае вар’яцкае падарожжа па ўласнай свядомасці. Менавіта ў гэты час і менавіта ў такім стане мы спаткаем нашага наступнага героя.

Ён быў на валасінцы ад псіхозу і шызафрэніі і трое сутак да самалёта правёў у кампаніі графіні В.К., якая ласкава напойвала яго дваццаціградуснай настойкай і якой ён выпіваў па восем бутэлек за гадзіну, яна, графіня В.К., знаёміла яго з мноствам цікава-нецікавых людзей, якія прыходзілі ў гэтую кватэру як у заапарк, паглядзець на самотнага алкаголіка, нібы ён які арангутанг.

Сяброўка графіні В.К., якая хаваецца пад імем баранэса Н., толькі на трэці дзень увечары адчула сябе ўтульна побач з гэтым вар’ятам і вырашыла праверыць ягоную мужчынскую моц. І ў адказ атрымала толькі жаласны пацалунак і халодна памятую левую грудку. На большае, як ні дзіўна, ён быў здольны, аднак яна сама адмовілася працягваць, атрымаўшы задавальненне ад засмокта на шыі з правага боку і фразы: "У цябе неверагодна сексуальныя вочы".

Баранэса Н., выплюхнуўшы на сваю бежавую кофтачку пару кропелек марціні, паставіла куфаль і як ёсць звалілася на падлогу, амаль на тое месца, дзе толькі што стаяла. Гэта мясцовым этыкетам расцэньвалася як красамоўны жэст, які даваў зразумець усім навокал, што дадзеная асоба больш не жадае прымаць удзел у свецкім раўце, "ёй належала адпачыць на гэтым месцы".

Ён не памятае, як заснуў, не памятае, дзе знаходзіўся, але ён памятаў пра тое, што трэба было ляцець у Лондан; ён не памятае, як сабраў торбу, не памятае, як дабраўся дахаты, не памятае, куды падзелася графіня В.К., нічога не памятае…

Але ён памятае, што была раніца ў выглядзе залітага алкаголем Быцця… сорак шэсць прапушчаных выклікаў на мабільным тэлефоне і напалову сабраная торба. Добра што не давялося шукаць вопратку, бо ён адразу выявіў, што не распранаючыся, а як ёсць, у абутку і ў паліто заснуў на сваім ложку ў сваёй кватэры. Вакол не было ні душы, усе шумы былі ізаляваныя ад яго, бо арганізм працаваў на захаванне жыццёванеабходных функцый і рэакцый і, каб не звар’яцець ад пахмелля і чаго добрага не званітаваць ад гукавога рэзанансу, нічога не чуў, нават цішыні.

Зноў зазваніў мабільны, узварушыўшы вібрацыяй ягоную скуру на далоні, і ён нарэшце адказаў на сорак сёмы званок і пашкадаваў, што адказаў, у вуха ўварваўся жаночы голас з гістэрычным крыкам: "Сука, ты дзе знік, восем раніцы, мы колькі гадзін тэлефануем! Давай выходзь з кватэры, мы пад пад'ездам, у машыне, праз гадзіну самалёт!"

Навошта яму ў Лондан? Ён падняўся з ложка, зашпіліў торбу, у якой па прыбыцці ў аэрапорт выявіць толькі трое майтак, пару шкарпэтак, чатыры паўлітровыя слоікі чырвонай ікры, тры бутэлькі гарэлкі і кнігу Агаты Крыстоф "Тоўсты сшытак".

Ён выбягае з кватэры. На вуліцы заскоквае ў minivan Stout Scarab тысяча дзевяцьсот саракавога года, там бачыць дзвюх жанчын, пазнае іх і прамаўляе: "Спадарыня Ш., у вас выпадкова не знойдзецца гарэлкі пахмяліцца?"

Спадарыню Ш. адштурхоўвае ад ягонай заплыўшай морды і перагару, і яна прамаўляе толькі: "Пан К., вы х...й у галёшах! Выглядаеце, паважаны, хранова, трымайце, калі ласка, літр журавінавай “Фінляндыі”.

Кіроўца націскае на газ, і брычка ўжо ляціць пад дзвесце кіламетраў у гадзіну па шведскіх вуліцах, да аэрапорту, каб герой паспеў забіць мараль у краіне, дзе жывуць "Лэдзі і Джэнтэльмены" і нават не какаюць какашкамі, а ўсё ў іх да скрайнасці прыстойна. Наш герой спартсмен, журналіст, менеджар, мастак, валацуга, падарожнік, пісьменнік, выкладчык неіснуючых моваў, ён у гэтым сусвеце ўсё і нішто адначасова, усё толькі залежала ад таго, каго ці што ён маляваў у пэўны час.

Ён дзякуе Богу за гарэлку і палову бутэлькі выпівае да прыезду ў аэрапорт. "Жыве дух творчага заняпаду!" – крычыць ён з машыны і, падхоплены рукамі спадарожніц, урачыста ўносіцца ў дзверы аэрапорту…

Там спадарыня Ш. і другая спадарыня Ш., ягоныя каханкі і музы, праносяць яго праз ўсе кантролі. Прычым яго, цалкам п'янога, паўсюль прапускаюць не таму, што ён файны мастак, а проста ёсць такое правіла сярод кантралёраў аэрапортаў: шматлікія пасажыры баяцца лётаць, таму напіваюцца так, што, сэр, калі ў вас рухаецца правая рука для роспісу, а пыса пазнавальная скрозь алка-смугу, калі ласка, здымайце з сябе ўсё, што неабходна, з вопраткі і, усміхаючыся, праходзіце пашпартны і багажны кантроль.

Самалёт. Да таго як сысці ў непрытомнасць, ён усё-ткі напалохаў суседку з правага боку, працягнуўшы ёй слухачкі ад плэера, у якім дзёрлі глотку Sex Pistols. Суседка вачамі дала зразумець, што ён, канечне, не асабліва каб дэгенерат, але яна і так жах як баіцца лётаць!

-----

Аэрапорт Gatvik. Прыбылых сустракаюць знаёмыя і сваякі, калегі і сябры, таксама стаяў у гэтым натоўпе ў ганарлівай і мужнай паставе князь грошай З., менавіта ён праплочвае ўсе прыгоды нашага вар’ята, бо ён вырашыў, што карціны, якія пан К. малюе, маюць будучыню, і яму, князю З., неабходны партрэт ва ўвесь рост, але князь не ведае, што наш герой для сябе вырашыў займацца іншымі справамі ў Лондане.

І, так бы мовіць, князь З. напышліва выцягваўся ўсім целам у струнку, ажно стваралася ўражанне, што ён праглынуў тузін шпаг. Ён моўчкі, не працягваючы рукі, прывітаўся, лёгкім кіўком галавы кінуўшы ўсяго некалькі фраз: "Вітаю вас на Туманным Альбіёне, дамы і пан К.. Перад вашым рассяленнем я раю вам перакусіць выдатнымі брытанскімі каўбаскамі ў сарака хвілінах язды ад аэрапорту. Прашу прайсці за мною ў карэту BMW – 8".

У рэстаране кавалак не лез у горла, занадта там было пафасна і перанаселена мужчынамі ў фраках, а ў пана К., як вядома, былі свае місіі ў гэтай краіне – згвалціць чорную жанчыну, знішчыць усе чорныя фракі, выкурыць увесь афганскі гашыш і напісаць партрэт. Яго ахоплівала параноя, і ён папрасіў, каб князь грошай замовіў яшчэ адзін літр сідра з лёдам. І не паспелі выканаць ягоную замову, ён у адно імгненне выхапіў літровы графін з рук афіцянта, які напышліва праходзіў міма і гэтак жа напышліва глядзеў па баках і, мабыць, гэтак жа напышліва думаў пра штосьці.

Сідр здрадзіў яму і выплеснуўся бурштынавым струменем з графіна акурат на бесталковую ружовую сукенку мадам Ф., якая сядзела за суседнім столікам і да інцыдэнта вяла свецкую гутарку з адным з чорных фракаў.

Ад нечаканага здарэння князь З. схапіў за рукі дзвюх дам, якія суправаджалі пана К., спадарыню Ш. і мадэмуазель Ш., і вылецеў куляй з рэстарана, пакінуўшы звінець золатам шчодрыя чаявыя.

Адміністратар рэстарана, дзіка выгнуўшы спіну і атуманіўшы вочы слязьмі, кінуўся на паклоны да мадам Ф., якая стаяла з незразумелым выразам на твары і ціха так, натужліва пішчала ад шоку.

Так пачыналіся прыгоды нашага героя…

-----

Ён зразумеў, што яго выратуе бег! Да яго пачалі набліжацца чорныя фракі, іх рухі былі жахлівыя і злосныя, з мармурова-белых зубоў цякла жоўтая сліна, фракі прагнулі ягонае смерці за тое, што так спалохаў і шакіраваў мадам Ф..

Ачнуўся ён у дзіўным месцы – у ружовай ванне, акружаны беласнежнай пліткай, з футурыстычным кранам у сценцы, на ягоны лоб капала халодная вада. Ён вырашыў, што знаходзіцца ў трупярні і загарлапаніў колькі было моцы:

– А-а-а!

-----

Ды так ён моцна крычаў, што нават перапалохаў пісьменніка, які старанна выпісваў на паперы гэты самы сюжэт, аўтар схапіўся за сэрца, перадыхнуў хвілінку і працягнуў далей:

Праз імгненне з'явіліся дзве ягоныя каханкі, улілі пану К. у глотку добрую порцыю віскі "Grand" і распавялі, дзе ён і чым скончылася прыбыццё ў Лондан…

-----

І пакуль яны ўсё падрабязна апісвалі, аўтар апавядання вырашыў распавесці гісторыю пра вопратку:

Мадам Ф., тая самая мадам, на якую герой вывернуў сідр, а дакладней будзе сказаць, сідр з лёдам, не стала праць сваю запэцканую ружовую сукенку, а, як ёсць, занесла яе ў суседнюю царкву. Яна вырашыла, што Бог яе зразумее і даруе за бруд, які ўсё роўна належыць не ёй.

І гэтая ружовая сукенка, прарабіўшы неверагоднае падарожжа, дасталася адной менскай дзеўчыне з імем Клеапатра (гэтае імя яна сабе прыдумала сама, а па пашпарце яна была проста Сняжана). Дык вось, гэтая Клеапатра, дваццаці гадоў узросту, вялікая модніца і не грэбуе нават царквою дзеля "цікавых шмотак", не грэбуе ношаным адзеннем.

Клеапатра бязмозгая, але прыгожая.

Усе менскія начныя клубы ведаюць Клеапатру, усе яе любяць, і ўсе мужчыны вакол мараць пра яе ў сваім ложку, асабліва юнакі, якія, пабачыўшы яе, глытаюць сліну жадання. Клеапатра нікому не “дае”, асабліва тым, каго лічыць "безграшовымі хлопцамі", яна танчыць у клубах да раніцы, і трахаюць яе ў асноўным "багатыя дзядзькі". Клеапатра закідваецца кіслатой, залазіць у таніраваную брычку коштам не менш як за восем асабнякоў пад горадам, робіць мінет і атрымлівае трыста залатых манет.

Клеапатра “дае” толькі багачам у фраках, і ў яе ўжо добра напрацаваная кліентура з шасці асноўных джэнтльменаў, тых самых бізнэсменаў, што працуюць на менскай бізнес-прасторы, уздымаючы фінансавы дабрабыт краіны.

І тут у жыцці Сняжаны-Клеапатры надышлі змены, яна нацягнула на сваё секс-цела ружовую сукенку, адмытую ў хімчыстцы ад незразумелых жоўтых плям, пакруцілася ля люстэрка, вырашыла, што выглядае не менш як тытулаваная баранэса, і сказала: "Трэба будзе накінуць сёння яшчэ пяцьдзясят залатых манет наверх, бо ў гэтай сукенцы я занадта добра выглядаю, і наогул, што я, самадайка якая-небудзь танная, каб за трыста адсмоктваць?!"

Так Клеапатра пачала змяняць сваё жыццё, і пачала яна менавіта з начнога тарыфа, падымаючы яго ўсё вышэй і вышэй, пакуль не стала самай багатай прастытуткай і не пачала нюхаць какаін высокімі горкамі – так здзейсніліся дзве яе дзіцячыя мары: яна была багатая і ў сукенцы яна выглядала як прынцэса.

У Лондане, пасля ўсіх гісторый, пан К. дазнаўся, што прайшло два тыдні, перш чым яго адпусцілі наркотыкі з выпіўкай. Цалкам ачуняўшы і адразу захмялеўшы ад віскі, ён прамовіў сваім дамам: “Калі ласка, паважаныя Ш. і Ш., запрашаю вас у бар, нам неабходна пачынаць выконваць нашы місіі – сёння выкурым увесь афганскі гашыш у Лондане, а заўтра пачнём пісаць партрэт князя З.”

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Адэля з'явілася на свет падчас навальніцы, акурат праз тры дні пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Кажуць, што, калі падарваўся рэактар, дзеці плакалі кожны дзень, быццам адчувалі, што здарылася штосьці непапраўнае.

У любым вялікім горадзе заўсёды знойдзецца жменька аднадумцаў, якія лічаць, што яны, гарадскія, вышэйшыя, мацнейшыя і разумнейшыя, чым вясковыя жыхары.

Гэты кіцель прайшоў не адну гістарычную бітву. Бываў ён і ў брудных канавах, і на палянках летніх лясоў, прыпарушаны насеннем кветак. Гэты кіцель любілі жанчыны, да гэтага кіцеля дакраналіся дзеці і на гэтым кіцелі выпускалі апошні свой уздых пратыкнутыя штыком-нажом ворагі.

Я станаўлюся выпадковым сьведкам чужога жыцьця, праз усю нашу блізкасьць — панэльныя сьценкі. Жыву, назіраючы міні-сэрыялы, хоць сам таго і не жадаю. І я адчуваю абсалютную аддаленасьць ад людзей, суседзяў, раённых герояў.