Паэзія баліць

паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

У МЯНЕ ВЫПАДАЮЦЬ ВАЛАСЫ

як пасьля хіміятэрапіі але гэта не рак
гэта старасьць сука старасьць

бясьсільны хвошч палявы дыетычныя дабаўкі
шампуні тры ў адным

крэмы бальзамы арганічны алей
аліўкавыя гаі для валасоў

можа ўжо трэба засынаць гатовай
у чорным касьцюме з фіялетавым шалікам на шыі

можа трэба губы фарбаваць перад сном
зрабіць на павеках цені і тушшу sephora вейкі

яшчэ міндальную пудру на шчокі
румянаў трошкі

мама была прыгожай з такім макіяжам
у моргу

тады быў моцны сьнегапад

 

СОННЫ ПАРАЛЮШ

засынаю з водарам nivea на скуры
і linor на кашулі начной

у пасьцелі ariel парашок
і анёл Арыэль

коўдра мікрафібра француская

дагарае ванільная сьвечка
гасьне курыльніца хары крышна

поўня

у першым сьне-кашмары
на мяне кладуць камяні дрэвы

у сьне другім прарываюся з крыкам
дыхаю спазмамі карэньнем імхом

са мной сястра Малгажата
кранае маё плячо яе няма але ёсьць

не магу прачнуцца
я ўсё яшчэ наяве і ў сьне

крычу пад націскам падземных крыніц
вадзяной каламуты

не выходзіць зь мяне ані вада ані ёкат
чую яго ўнутры і ваду там чую

не магу выбрацца
дыханьне наркатычнае інфарктнае

урэшце прарываюся паўлінавым крыкам

абуджаюся адчыняю акно
месяц у імгле ў арэоле кашмара

 

ПАД ДУШАМ

усю ноч трымаў яе ззаду

засынаў выпускаў з абдымкаў
падала да тваіх ног

заснула халоднай пад ранак

ты стаяў падалей пакрыты расой
і вочы твае ўсё больш камянелі

ёй сьнілася Мілоская Венера

з адсечанымі рукамі
ў тым грэцкім сьне

куксамі рук яна абдымала твае клубы
цалавала губы

змывала пэрманентны макіяж
да крыві

 

МАЦІ ЖАБА

уратуй мяне апалоніка ў гэтай вадзе
ў шарыку ікрынкі

ў зьнітаваньні расьлін у стаўку шукай мяне
ратуй мяне

апалоніка

калі нараджуся жабай
вярнуся ў месца зачацьця

да цябе
Маці Жаба

 

БОГ ВЯРНУЎСЯ Ў ГОРАД

і мужчына

шукаю яго (бога і мужчыну)

у аэрапорце Стамбула
смалю ў кабінцы для курыльшчыкаў

за барнай стойкай выпіваю брэндзі зь лёдам
за шыбамі кружляюць самалёты

( і дзесьці ў далечыні птушкі)

і зноў смалю ў кабінцы для курыльшчыкаў
і п'ю другое брэндзі (за барнай стойкай)

муэдзін кліча да малітвы
чацьвёртая ранку

мінарэты ўтыркаюцца ў мяне высокай вежай
як пэніс бога

калі ў туалеце аэрапорта спускаю
джынсы калготы майткі і сікаю

 

ВЯЛІКДЗЕНЬ 2017

зацягнула чорнымі хмарамі як а пятнаццатай на Галгофе

Адам бяздомны з раёну
алкаголік вяртаецца на мыліцах (палінэўрапатыя)

з АВС з бляшанкамі піва ў перакінутай цераз плячо
торбе adidas

(падае град як пярловая каша
неба ўсё больш чарнее)

затрымаўся абапершыся на адну з мыліц
выцягнуў хуй

адліў за пяньком сьлівы
пад маім акном

і далей пайшоў у жоўтых кедах
на мыліцах

Eli, Eli, lama sabachthani

 

***
ноч пахне
сушанымі сьлівамі

за сьцяной
мужчына
б'е жанчыну

яна застаецца
і зоркі
ляжаць у ёй
ціха

мужчына
б'е жанчыну
ўвайшоўшы ў яе

 

***
як добра паміраць
у траўні

у сьмерці
можа быць водар
бэзу

засьнеш

зямля
чорная язычніца

ўтыркне ў вушы
срэбныя каронкі
з тваіх зубоў

 

***
будзь падрыхтаваны

падразай на нагах
пазногці

маліся
навылёт

прыйдзе сьмерць

прыгожая

як вочы коней

 

***
ідзеш
за труной

чорная ўдавіца

у жалобнай працэсіі
нэрвова дакурвае
цыгарэту

той другі

 

***
словы
як куры
сядзяць на сонцы

паэзія баліць

або баліць
а пасьля ўзьнікае паэзія

паэзія
не сядзіць на сонцы

паэзія сядзіць
у чакальні сноў
на вакзалах
у дажджавых калюгах

у кропельках мачы
на белай сядушцы

 

***
кроіш для яе

вэнджаны бачок
на скрылёчкі

дзелісься пірожным

дазваляеш нарадзіць
на падушцы

у ложку

шчанючкоў топіш
у цынкавым вядзерцы

 

***

дачка
Іосіфа і Марыі

паходзіць з рабочых

замужам
двое дзяцей

праз галюцынацыі
паклалі ў шпіталь

брата ўкрыжавалі

 

НАРАДЖАЮЦЦА ДЗЯЎЧЫНКІ

ня будзе вайны:

будзе кармленьне груддзю:
сёстрамі францысканкамі Служанкамі Крыжа

дзяцей з Конга

"Карытас Польшча" рассыпле над Афрыкай парашковае малако
для нільскіх кракадзілаў

дзеці не дабягуць

адарве ім міннае поле немаўлячыя ножкі

палітыкам польскія матулі падчас схватак

укладацьмуць у вусны
набрынялыя смочкі а ў матуль будзе скурчвацца матка

будуць ад болю плакаць
бо матка пасьля кесарава сячэньня

палітычная дэмакратычная дэмаграфічная лявацкая
і так баліць калі дзяўчынка смокча

а хлопчык гуляе з алавяным салдацікам
папяровым самалётам

мае галюцынацыі пра тэракт

 

ЗДАРАЕЦЦА ПІШАШ УНАЧЫ

каб заснуць або пісаць
(так рабіла Маргарыт Дзюрас)

але ты ня пішаш і ня можаш спаць
ціхая ноч сьвятая ноч летняя

водар акацыі душыць недапалкі ў папяльнічцы
гузік у начной кашулі пад самай шыяй

на акне дурацкая кветка бальзаміна
адлюстроўвае агні ліхтарні

крэтын-матылёк падае ў полымя сьвечкі
крычыць і ты прачынаесься

шкрабеш да крыві ногі
ўстаеш пакідаючы крывавыя сьляды да ваннай

вяртаесься ў ложак

нараджаеш пад коўдрай
макі пад Монтэ Касіна

Каханая ня кідай курыць

клёва ты гэта зьвінаеш папяроскі
ліжаш нікатын на пальцах на маіх губах

закурваем
п'ем чырвонае чылійскае віно да другой ночы

я зрабіла табе бутэрброды

зь вяндлінай сырам пятрушкай
дадала любізьнік на каханьне

зялёную гарбату

сьпіш зараз у пакоі маёй унучкі
ня ведаеш што сьніш а нешта ж сьніш

каханак паэтаў

лесьбіянак гееў і жонак тваіх каханкаў
у зьнятых табою кватаранцкіх пакоях

зранку прывяду цябе ў сталоўку
дзе ты вып'еш рэдзенькую каву (там не пакурыш)

потым сядзеш у цягнік
паедзеш туды дзе цябе ніхто не чакацьме

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Сяргей Прылуцкі

напішы каханая
ці ідзе яшчэ тая вайна

я дагэтуль ня ўмею жыць пад гусеніцай танка
мова б’ецца за калючым дротам словаў

я б хацеў быць зараз
адной зь няправільных лічбаў лято

вайна – яна як жанчына
пра яе можна забыць

на задні двор грузавік падвозіць
мёртвую флору і фаўну
кіроўца апусьціўшы акенца
страляе недапалкам у патыліцу ночы

Пераклад:
Макс Шчур, Сяргей Прылуцкі

Папа Рыгор, адзін, шаптаў яму праклён,
а імпэратар – зьзяў на цэлы сьвет, чый цэнтар
быў там, дзе імпэратар. Новы Рым паўстаў
на іхным супрацьпастаўленьні – «так» і «не»
верных супернікаў. 

Пераклад:
Сяргей Прылуцкі

не знаю ці варта пачынаць сягоння ліст да
Малгажаты і не знаю ці не звар’яцею да ранку а
было б надзвычай нетактоўна высылаць ёй у першым жа лісце
вар’яцкія трызненні і не знаю што зараз робіць