Патрыятызм для чайнікаў

ПАТРЫЯТЫЗМ ДЛЯ ЧАЙНІКАЎ

у гэтым месцы ніхто не жыве
тут толькі нараджаюцца

часам зранку
прабяжыць фізкультурнік
але ён – з іншага раёну

у гэтым месцы няма сэнсу
пераходзіць на іншы бок
іншую мову
трымацца свайго

сёння прыйшоў сюды
думаў згадаць памерлых
але і іх тут няма
як кажуць – адарваліся ад карэньня

часам зайду ў пад'езд падымуся ў кватэру
а там усё па ранейшаму
толькі з-пад фарбы старой
усё больш праяўляецца надпіс
моваю акупанта

МОЙ РАДАВОД ДА 5 КАЛЕНА

учора ў школе выгадна абмяняў
модны сьцізорык на абразок з надмагільля –
на ім нехта стары і страшны

будзе мне дзедам

ніколі ня меў дзеда

ЛЮБОЎ

жонка мая – прыгожая
багіня сьмерці з вышэйшай адукацыяй

працуе ў школцы
выкладае дзецям рускую літаратуру

сёньня ў нас 40 дзён па вясельлі
куплю ёй кветкі
хай вянуць
хай вянуць

МІЗАНТРАПІЯ

дрэва пад домам маім
ня мае імя
даглядаю за ім
размаўляю з ім

дваццаты год як ня чую ані гуку ў адказ
толькі бруд пад пазногцямі

займіся справай – кажа бацька
жаніўся б – кажа маці

а я ўсё паліваю гэтае сучае дрэва
таемна жанаты
таемна пры справе

не разумеючы
дзеля чаго ўсё гэта

ПРАКТЫКАВАНЬНІ

у гэтым аўтобусе
штовечар езьдзіць прастытутка
з суседняй шматпавярхоўкі

кіроўца ўвесь час уключае
вясёлую музычку
а яна падтаквае ножкай у такт

за акном праплывае фабрыка
гопнік побач тэлефануе маме

я ня ведаю як яе зваць
але знаю якія кветкі любіць

так-так так-так так-так
стукае дзеўка абцасам па маім сэрцы

мама кажа што трэба вучыцца
але ж я і так ужо ўмею
трываць гэты боль

БЛІЗІНЯ

я адчуваю
што ты недзе побач

і твой ёбнуты сабака
што брэша за дзьвярыма
таксама чуе

як кажу табе подумкі  п'яны
гэтыя тры клятыя словы

ПЕРШАЯ СЬМЕРЦЬ

калі будзем старыя
зазімуем у летнім доміку

паставім зранку ў лядоўню пляшку
для развітальнай вячэры

паўторым адно адному словы
якіх не казалі й ня чулі ніколі

запросім сяброў з будынку побач
куды аніяк не заселяць нікога

скажу – каханая…
скажаш – хто ты?

а потым сходзім у краму
сядзем на дарожку

і глядзецьмем зачаравана туды
дзе нічога ня відна

ПЕРАМАГАЮЧЫ СТРАХ

у гэтым доме жыве прывід
кажа сябар, што верыць у прывідаў

а я нават у будучыню ня веру

штовечар пасля школы
праходзім побач

ён – з ліхтарыкам і поўнымі штанамі
я – з новым вершам у галаве

УЦЕКАЧЫ

самалёт што гудзе ўгары
мог бы быць дабрэйшым да нас –

скінуць  маленькую бомбачку
з мірнага неба

адну на двох

бо забылі ўжо за ціхімі буднямі
як гэта –
ня мець нічога
любіць нішто

як гэта –
пісаць лісты падзякі
за страчаныя ілюзіі

АЛКАНАТАХОДЦЫ

у нас вузкія тратуары
ніяк з імі не размінуцца

ісьці ня страшна
ходзім па самым дне прорвы –
куды ўжо ніжэй падаць?

праўда паднімецца часам нехта на грошы

але там
на вяршынях алкагольных рэкордаў
ой як цяжка –
з купай праблем жонкаю дзецьмі
і пругкай вяроўкай
зацягнутай на шыі

ЛЕТНІ ЛАГЕР ПАЛОННЫХ

штогод бяру туды пуцёўку
сабе і дзецям –

разбавіць шэрыя будні
загартаваць волю
завесьці карысныя знаёмствы

там дрэнна кормяць
але добра б'юць
плюс непаўторная атмасфера

хачу працаваць тут
паўтарае захоплены сын
а вы кажаце страчанае пакаленьне

ёсць на каго пакласьціся
будзе каму прынесьці
шклянку з атручанай вадзічкай

СЬВЕЖАЯ КРОЎ

за гэтым пагоркам – інстытут бяспамяцтва
а там за плотам – тэхнікум падступнасьці

там канешне цудоўная база
выкладчыкі з досьведам
але бацькі параілі вучэльню прапаганды

кажуць – чаго праціраць штаны?
за першы курс тут навучаць
і першаму і другому і трэцяму

а далей – практыка, сынку
у гэтым сьвеце яна галоўная
ніяк без яе ня выжыць

і гладзяць мяне па галоўцы
з двудушнай усьмешкай

ГРЫНПІС

тут у норцы жыла лісіца
а зараз тут дом мэра

мама казала – ня лезь у палітыку
вось і ўлез

стаю цяпер пасярод турэмнай камеры
абаронца жывёлы ад жывёлы
слухаю як удалечы
на будаўнічых лясах выводзіць трэлі
вясёлых малярак зграйка

МІЖНАРОДНЫ ФЕСТЫВАЛЬ АКУПАЦЫІ

шаноўнае таварыства
кажа вядоўца добра пастаўленым да сьценкі голасам –
шчыра вітаем вас на вашай зямлі

ад банкетнага століка
адмыслоўцаў анэксіі
чуюцца бурныя апладысменты

дазвольце аддаць вам даніну ня толькі павагі
мармыча вядоўца
на сцэну выходзяць дзеўкі з хлебам і сольлю

тым часам агенты спецслужбаў ля сьценкі ў кутку
падымаюць ціхенька фужэры з шампанскім
за чарговыя зорачкі на пагонах

на галёрцы простай публіцы
раздаюць сьцяжкі ў шырокім асартыменце
плюс пайкі ў падарунак

далей выходзіць да мікрафона
жывы класік у жанры трагедый
на адным плячы дзяўчынка
на другім аўтамат

потым слова даюць
экзальтаваным ветэранам –
ніяк не старэюць іх душы

а цяпер – кажа нарэшце вядоўца
галоўная частка мерапрыемства:
гала-парад калабарантаў
плюс разынка фэсту – ў фінале
сьвяточны расстрэл нязгодных

КАМАНДА

                А. і яе кату

завёў сабе баявога ката-зомбі
гадоў з 400 жыве ўжо
ну як жыве – мучаецца:
грызе глоткі навалачы

цяпер яе шмат напладзілася па краіне

яшчэ завёў сабе жонку баявую –
мозг навалачы выядае

а я проста хлопец з рыдлёўкай
паплюю на далоні
зарыю чарговы труп

а кажуць – не хапае працы людзям
сумленьня і сьмеласьці ім не хапае
ну і злосьці здаровай трошкі
ніяк без злосьці
ніяк без яе на жаль