Першая фотасесія “Арыйца”

проза, беларуская мова

"Парадку" Валік, як і ўсе астатнія курсанты, падрыхтаваў яшчэ напярэдадні, з вечара: адпрасаваў белую кашулю, навёў стрэлкі на чорных нагавіцах, пантофлі нашмараваў так, каб блішчэлі як у ката яйцы.

Словам, рыхтаваўся да сённяшняга дня як мае быць.

Дзень быў не абы сабе — лёсавызначальны, і таму Валік рыхтаваўся сустрэць свой лёс пры поўным парадзе. Сёння ён, як і іншыя курсанты міліцэйскай акадэміі, мусіў пачуць пра месца сваёй будучай службы. Сэрца трымцела ад прадчування і часам тахкала настолькі гучна, што гэтае тахканне нібы напаўняла ўсяго Валіка — ад галавы да пятак, увесь ён быў суцэльнае сэрцабіццё.

Зрэшты, нічога кепскага ён ад гэтага не чакаў: адзнакі ў яго былі выдатныя, выкладчыкі да яго ставіліся добра, нярэдка ставілі ў прыклад іншым курсантам. Усё гэта Валік разумеў, але хваляванню гэтае разуменне ніяк не перашкаджала.

У калідор, дзе сабраліся курсанты, сонечнае святло з вуліцы не даходзіла — лямпы запаўнялі яго нежывымі белымі промнямі, заціраючы цені. Твары хлопцаў ад гэтага выглядалі яшчэ больш бледнымі, чым былі насамрэч, быццам станавіліся сваімі ўласнымі адбіткамі.

З-за дзвярэй, дзе сядзела размеркавальная камісія, у калідор не далятала ні гуку. Чым займаліся афіцэры, якім выпала вырашаць лёс маладых курсантаў, можна было толькі здагадвацца.

Валік зайшоў туды адным з першых.

Каб дайсці да доўгага выкладчыцкага стала, засцеленага бліскуча-белым абрусом, яму давялося прайсці праз ўсю аўдыторыю. Тут красавіцкае сонца шчодра свяціла ў вакно, але тым не менш былі запаленыя і ўсе лямпачкі.

Арэапаг складаўся з трох чалавек — вусатага начальніка акадэміі, куратара курса, у якога ў кутках вуснаў застыгла блазенская ўсмешка, і мужчыны з нерухома-каменным тварам, які выклікаў у памяці ідалы з выспы Вялікадня. Гэтага "велікоднага"  Валік раней не бачыў, але ў глыбіні душы адчуў, што менавіта ён тут — самы галоўны, нават важнейшы за начальніка акадэміі. На такое ўспрыняццё, магчыма паўплываў абсалютна непарадны выгляд невядомага — нават кашуля на ім была не белая, а звычайная зеленкаватая.

Валік звярнуў увагу, што званне незнаёмага засталося невядомым — пагонаў на ім не было.

Калі юнак падышоў, начальнік акадэміі адкашляўся ў кулак, а куратар курса шырока і няшчыра заўсміхаўся.

Хлопцу прапанавалі сядаць на адзінае крэсла, якое стаяла па ягоны бок стала.

— Гэта адзін з нашых самых лепшых курсантаў, — з гонарам заявіў начальнік, падсоўваючы па стале бліжэй да "велікоднага" нейкія паперы. — Што называецца выдатнік баявой, страявой і палітычнай падрыхтоўкі. Клічуць яго… Клічуць яго… Валянцін Шыльскі!

Начальнік акадэміі сонечна заззяў ад таго, што хутка ўдалося згадаць імя курсанта, не падглядаючы ў паперы.

Куратар курса з прыклеенай усмешкай ківаў галавой, нібы кітайскі балванчык.

“Велікодны”, вырачыўшы вочы, глядзеў на Валіка, быццам гуляў з ім у глядзелкі: хто даўжэй не міргне, той выйграў. Потым, нешта ўнутры сябе ўзважыўшы, загаварыў:

— Наша служба, хлопча, нездарма, як спяваецца ў песні, небяспечная і цяжкая. Вонкава яна можа падавацца лёгкай, але толькі той, хто паспытаў яе на сваёй скуры, здолее ацаніць усе складанасці і перавагі. Колькі часу ты патраціў на тое, каб сёння прыйсці ў гэтым парадным выглядзе?.. Гэта толькі ты ведаеш! Ну, можа, яшчэ і тыя, хто побач з табой быў… Вось так і з нашай службай: увесь цяжар можна зразумець толькі адчуўшы яго на сабе. А звонку будзеш выглядаць вось такім франтам, як цяпер.

Ён крыху памаўчаў, потым паплямкаў вуснамі, быццам спрабаваў на смак паветра, і раптам пацікавіўся:

— Ты гатовы да нечаканасцяў, сынок?

Вось табе і маеш, падумаў Валік.

Ён падскочыў з крэсла, на якім сядзеў, так што яно гучна бразнулася аб падлогу ад неспадзяванагу руху. Рукі па швах, падбароддзе з гонарам прыўзнятае, з горла звонка і безапеляцыйна вылятае замест стандартнай фразы — раптоўнае:

— Служу народу Беларусі!

Начальнік акадэміі ўстрывожана пераглянуўся з куратарам курса: што б гэта ўсё магло азначаць? Толькі рыбіны вочы “велікоднага” без усялякіх эмоцыяў вывучалі юначую фігуру, пасля чаго ён сказаў:

— Бяру, пішыце мне…

На калідоры Валіка адразу ўзялі ў кола іншыя курсанты — тыя, да каго чарга на размеркаванне яшчэ не дайшла:

— Ну, куды цябе? Дзе будзеш служыць?

Вядома ж, большасць марыла застацца ў сталіцы: спакусы вялікага горада і кар’ерныя перспектывы ніхто не збіраўся скідаць з рахункаў. Таму і зашумелі хлопцы, даведаўшся, куды размеркавалі Валіка: “Чулі? У нейкай ганаровай роце Арыец служыць будзе! Шанцуе ж некаторым…”

Арыйцам Валіка назвалі не за расісцкія погляды, якіх ён не меў, а за знешнасць: бландын з крыху прыўзнятым носам, ён быў вельмі падобны да плакатных немцаў часоў Трэцяга Райху. Валік спярша спрабаваў пратэставаць супраць такой мянушкі, але плёну гэта не прынесла, і яму засталося толькі радавацца, што мянушку атрымаў больш-менш нейтральную — маглі ж назваць і Фашыстам.

— А што за ганаровая рота? — задаў Сяргей Капцюх пытанне, якое зацікавіла ўсіх навокал: ні пра якую ганаровую роту ў міліцыі ніхто з іх раней не чуў.

— Не ведаю, — шчыра прызнаўся Валік. — Можа, нешта кшталту ганаровай варты ў войску? Каб на парадах выступаць?

Капцюх толькі пакруціў галавой: ён лічыў, што сілавік павінен быць там, дзе можна паказаць сваю моц і баявую падрыхтоўку, а не грукаць абцасамі на парадах.

***
…Прыбыўшы на месца размеркавання, Валік (ужо лейтэнант!) нават не здзівіўся, зноў пабачыўшы ўжо вядомага яму “велікоднага” афіцэра. Выявілася, што гэта і ёсць камандзір роты ганаровай варты маёр Рыбінскі.

Першае даручэнне, якое ён даў Валіку, было нечаканым — як, зрэшты, і абяцаў новы камандзір на размеркаванні:

— Марш да ротнага фатографа! І выконваць усё, што ён скажа рабіць для здымкаў, ясна?

— Зусім усё, таварыш маёр? — Валік разгубіўся, як першакурснік, якога паслалі прыбірацца ў агульнай прыбіральні.

— Абсалютна! — прагрымеў начальніцкі бас. — Скажа распрануцца дагала і стаць на галаву — так і зробіце, таварыш лейтэнант!

Студыя фатографа здзівіла Валіка сваёй велічынёй — здавалася, што тут можна не толькі рабіць адзінкавыя і групавыя здымкі, але і маршаваць, як на плацы.

Яшчэ больш здзівіў яго сам фатограф — невысокі чалавек у гадах, з вусікамі. Пражытыя гады, здавалася, абвіслі ў яго на таліі, што зусім не перашкаджала фатографу мітусіцца і падскокваць.

Фатограф зрабіў некалькі здымкаў Валіка ў профіль і анфас. Потым, падскокваючы ад нецярплівасці, адбегся некуды да сценкі і вярнуўся з копіяй мундзіра НКУС 1930-х гадоў:

— Здымайце сваё і апранайце гэтае!

Валік няўцямна пакруціў маскарадны касцюм у руках:
— Што за кіно?

— Хутчэй, — з дрыготкай у голасе адказаў фатограф, — я не буду тут дзеля вас аднаго цэлы дзень валэндацца.

Валік прыгадаў загад маёра і без пярэчанняў пачаў пераапранацца ў цёмна-сіні кіцель і галіфэ.

Фатограф тым часам прыгаворваў:

— Раней мне даводзілася не толькі выстаўляць святло, каб цені не з’елі палову твара, але і пільнаваць, каб чалавек не закрываў вочы пры ўспышцы бліскаўкі. А цяпер? Гэта ж проста песня што такое! Шчоўкай сабе хоць да страты пульсу…

— А для чаго мяне столькі фатаграфаваць? Ды яшчэ ў гэтых апранахах… — малады афіцэр вырашыў нарэшце задаволіць сваю цікаўнасць.

— Гэта вам начальства скажа, — прамармытаў фатограф, не адрываючыся ад сваёй апаратуры. — Ай, як атрымаўся! Гэта проста цымус, а не здымак! Малады чалавек, я вам скажу, што дзяўчаты будуць хацець ваш фотаздымак, каб павесіць сабе ў спальні…

Ад фатографа Валік сыходзіў, так і не атрымаўшы адказаў на пытанні, якія вярэдзілі яму душу. Ганаровая рота выглядала загадкай.

***
На фотаздымку Валік напраўду выйшаў няблага: зухаваты афіцэр-нкусавец сувора і пільна паглядаў навокал, не даючы спуску ніводнаму ворагу народа, шкадліваму сабатажніку ці замежнаму шпіёну. “Арыйскі” твар Валіка надаваў выяве неперадавальны каларыт сталінска-гітлераўскай эпохі з яе любоўю да класіцызму.

Гэты свой партрэт Валік пабачыў на вялізным білбордзе, прысвечаным юбілею міліцыі. Зрэшты, фота на самім білбордзе ён пабачыў пазней — спярша значна меншая копія апынулася ў руках камандзіра ганаровай роты і Валікавага начальніка. Ён і паказаў маладому афіцэру гэтую выяву, выклікаўшы яго да сябе ў кабінет:

— Ганарыся! Ну, і рыхтуйся да нечаканасцяў, як цябе і папярэджвалі. У гэтым і ёсць нашая асноўная задача, нашая служба…

— Да чаго рыхтавацца, таварыш маёр?

— Не ведаю! — нечакана вызверыўся маёр. — Не ўяўляю, што гэтыя сволачы прыдумаюць… Пабачым.

Наступныя пару дзён прайшлі для лейтэнанта Шыльскага спакойна, нічым не вылучаючыся з агульнага шэрагу іншых, такіх самых непрыкметных і незапамінальных.

Трэці дзень шакаваў Валіка з самага ранку. Адарваўшы галаву ад падушкі на сваім інтэрнацкім ложку, ён пацягнуўся ўмывацца. Шчодра плюхнуўшы халоднай вадой у заспаны твар, малады чалавек узбадзёрыўся і зірнуў на сябе ў люстэрка. Пабачанае прымусіла яго знерухомець, як старажытнага эліна — пад поглядам Медузы Гаргоны. Яго правая шчака была пакрытая ярка-пунсовай плямай, якая спускалася на шыю.

Валік асцярожна пакратаў пляму — нічога не адчувалася, звычайная скура. Але змыць гэтую навалу не ўдалося нават мылам. Магчыма, нейкае раздражненне, вырашыў лейтэнант і пашыбаваў у медпункт.

Лекар узрадаваўся так, быццам даўно чакаў менавіта Валіка:

— Нарэшце, нарэшце і вы ў нас! Начальства ўжо ведае?

— Яшчэ не, — сумеўся малады афіцэр. — А навошта? Я спадзяюся, вы што-небудзь дасцё — і я змагу вярнуцца на службу.

— Не-не-не, малады чалавек, — лекар адмоўна пакруціў галавой і стаў набіраць нейкі нумар на тэлефоне. — Вашае начальства павінна быць у курсе. І ніякая служба вас бліжэйшым часам не чакае: вас чакае лазарэт і каранцін!.. Жартую — толькі лазарэт.

Неўзабаве з’явіўся камандзір ганаровай роты. Угледзеўшы Валіка, ён працягнуў яму руку для поціску:
— Што ж, віншую з хрышчэннем, сынок! Цяпер ты дакладна наш…

— А… што са мной такое? — у роце засмягла, і голас не паддаваўся Валіку. Ягоны позірк пераскокваў з медыка на камандзіра роты і вяртаўся назад, марна спадзеючыся зразумець што-небудзь па іх тварах.

— Прысядзь, сынок, — маёр паказаў яму рукой на кушэтку, якая сіратліва прытулілася каля сценкі медпункта. — Зразумей мяне правільна: адразу я табе сказаць усяго не мог, бо ты папросту не паверыў бы. Рассмяяўся б, махнуў рукой, а то і вырашыў бы, што твой непасрэдны камандзір папросту звар’яцеў…

Маёр строга паглядзеў на Валіка, той ўпэўнена матлянуў галавой: не, я такога вырашыць аніколі б не мог. Але сам у сабе ён такой перакананасці не адчуваў: усё ў Валіку трымцела, напіналася і дрыжэла, так што ён сам сабе здаваўся суцэльным камяком адкрытых нерваў.

— Ты ніколі не задумваўся, сынок, што такое сацыяльная рэклама? Чым яна адрозніваецца ад камерцыйнай? Ясна, што камерцыйная найперш скіраваная да твайго страўніка: пабачыў прыгожую карцінку з кілбасой, ацаніў не дужа высокі кошт — і купіў. А сацыяльная? Калі мы напішам “Мая міліцыя мяне беражэ” — хто гэта належным чынам ацэніць? А сацыяльная рэклама павінна дайсці да душы чалавека, павінна паўплываць на яго так, каб ён сапраўды адчуў гэты наш клопат і быў за яго ўдзячны! Таму кожны плакат перад вывешваннем у горадзе свенцяць… Ну, не тое, каб кожны плакат насілі асобна да бацюшкі — гэта не. Іх раскладаюць, і бацюшка ідзе міма іх, як уздоўж вернікаў на Вялікдзень, і свенціць. Тады ў іх з’яўляецца і неабходная духоўнасць, разумееш?

Валік разумеў, бо тлумачэнні камандзіра былі вельмі ўцямныя.

— Але ёсць у гэтым і адваротны бок, — цяжка ўздыхнуў маёр. — Духоўнасць дзейнічае ў два бакі, як выявілася. Гэта значыць, выявы набываюць нейкую сувязь з тымі, хто на іх паказаны. Ну, і калі з’яўляюцца вандалы, якія псуюць гэтую сацыяльную рэкламу, то ад іх церпяць і людзі, сфатаграфаваныя на ёй. Вось і ты цяпер адзін з такіх… пацярпелых. У адзін з бігбордаў нейкі хуліган шпурнуў лямпачку з фарбай.

Крыўда, цяжкая крыўда легла на душу Валіка. Не заслужыў ён такога! 

— Спакойна, не хвалюйся! — здавалася, што маёр чытае думкі маладога афіцэра. — Пакуль што ты паляжыш у лазарэце, а мы пашукаем тых, хто… гммм… натварыў гэта ўсё. На жаль, зняць з цябе гэтыя… сурокі можна толькі пасля таго, як знойдзем вандалаў.

Ён зрабіў паўзу і дадаў суцяшальную фразу:

— Але надзея ёсць! Каля кожнага бігборда стаяць відэакамеры.

Ужо выходзячы з медпункта, маёр спыніўся ў дзвярах і зноў павярнуўся да Валіка, які працягваў нерухома сядзець на кушэтцы. На каменным твары камандзіра па-ранейшаму немагчыма было пабачыць ніякіх эмоцыяў, калі ён дадаў:

— Лічы, што табе пашанцавала — толькі фарбу кінулі. А маглі і парэзаць…

***
Сяргей Капцюх пасля акадэміі атрымаў пад сваю каманду ўзвод спецназа і быў гэтаму вельмі рады: ёсць дзе разгарнуцца, паказаць свае здольнасці. Калі атрымоўваў чарговае заданне — “узяць штурмам кватэру, у якой засеў небяспечны злачынец”, — то не чакаў нічога незвычайнага: такія заданні яго байцы атрымоўвалі ўжо не першы раз.

Перад тым, як адпусціць Капцюха, палкоўнік спытаўся яго:

— Імя Валянціна Шыльскага вам знаёмае?

— Арыец? Так, мы вучыліся разам. А што з ім?

— Ваш аднакашнік пацярпеў ад рук гэтага зламысніка, якога вам належыць затрымаць. Так што гэтае заданне ператвараецца для вас не толькі ў службовае, але ў нечым і асабістае.

Капцюх стрымана кіўнуў і выйшаў.

…Штурм пачаўся паводле сігналу. “Пайшлі!” — скамандаваў Капцюх, і яго байцы высадзілі дзверы ў кватэру. У той самы момант яшчэ два спецназаўцы ў масках, спусціўшыся па леерах, выбілі шыбы ў вокнах і заскочылі ў кватэру звонку.

— Ляжаць! Я сказаў — ляжаць! Рукі каля галавы на падлогу!

Сяргей, як і належыць камандзіру, з’явіўся ў памяшканні апошнім. Азірнуўшыся навокал, ён ацаніў небагаты інтэр’ер аднапакаёўкі: шафа, канапа, стол з камп’ютарам. Кватэра хутчэй за ўсё арандаваная, не свая. З разбітых шыбаў у пакоі і на кухні цягнула холадам. На падлозе ляжаў меркаваны зламыснік — хліпкі прышчавы інтэрнэт-задрот, галаву якога да халоднай падлогі прыціскаў бот аднаго са спецназаўцаў.

“Цікава, што ж ён такога Арыйцу здолеў зрабіць? Зусім жа задыхлік”, — мільганула ў Капцюха думка. Але далей задумвацца ён не стаў: калі спатрэбіцца, начальства потым усё патлумачыць.

Сяргей падыйшоў да затрыманага зламысніка і спытаўся ў байца, які наступіў інтэрнэт-задроту на галаву:

— Пры затрыманні супраціўляўся?

— А то! — адказаў баец не паводле статуту.

— Значыць, атрымаў траўмы пры супраціве супрацоўнікам праваахоўных органаў, — з задавальненнем канстатаваў Капцюх, б’ючы абцасам па пальцах правай рукі, распластанай на падлозе. Дзікі лямант затрыманага ён слухаў з непрыхаваным задавальненнем.

***
— Бачыш, сынок, усё ў парадку, — сустрэў маёр Валіка на выхадзе з лазарэта. — Злачынцу мы затрымалі, ён атрымае заслужаную кару. Мне сказалі, што хутка паправіцца табе дапамагло тое, што ў лекаванні скарысталі кроў злачынцы. Ну, што там за кроў — так, пара кропляў. Але спецыялісты нашыя кажуць, што вельмі дапамагае… Дык ты за гэтую кроў можаш падзякаваць свайму аднакашніку — Капцюху. Ён, дарэчы, і затрымаў твайго “крыўдзіцеля”. Так што ты яму вінен…

Камандзір каротка рагатнуў, пасля чаго рэзка пасур’ёзнеў:

— Набірайся сілаў, лейтэнант, — праз тыдзень у цябе чарговая фотасесія.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Я актером работаю. Играю станочника на мебельной фабрике. И, кажется, умею играть, ведь слишком вживаюсь в роль. Забываю даже, что не станочник. Алкашка только, слабость моя, выводит из игры и напоминает, кто я.

Скажу больш: прачытала на вокладцы Ваша прозвішча, і жыццё падзялілася, як у тым кіно, на дзве серыі. Там, у першай серыі, засталіся шэрая нуда, неўладкаваная бытавуха, сваркі, звадкі, нарэшце, выпадковыя любошчы. Але вось на адваротным баку вокладкі, як на зыркім экране, узнік абветраны, як скалы, але такі абаяльны і глыбакадумны твар Чалавека і Творцы, і з таго моманту пачалася другая серыя майго жыцця.

Казанне святар пачаў з таго, што дэпартамент маёмасці хоча адабраць будынак, і прапанаваў памаліцца за «правительство Москвы и департамент имущества».

«Ноч» Марціновіча не просіцца быць разабранай на цытаты — яна сама складаецца з цытатаў: Уладзімір Караткевіч, Харукі Муракамі, Віктар Пялевін, Рэй Брэдберы ды безаблічны і бясконцы галівуд. Пытаннем «Гэта яшчэ літаратура ці кінасцэнар для баевіка катэгорыі „В“?» нават не задаешся, бо адказ адчуваеш нутром: аўтар спрабуе прадаць нам кінасцэнар, ад якога адмовіліся прадзюсары.