Пяць папярос

Пераклад: 

amnesty international

ну вось мы божа пане мой
нарэшце ўдвух з табою
ты зноў не выйдзеш на двубой
я не спасцігну хто я

ты зноў заб'еш на ўсіх і ўся
маўляў і так в пожондку
я чуў на месцах усё нішцяк
апакаліпсаў жодных

але стары – то твой расклад
шлях лёсу твой і карма
ужо за то табе хвала
хоць штось было не марна

хвілінны шолах губ парой
ці дотык выпадковы
куды важнейшы за двубой
наш лексікон любові

ён кляпам служыць брудным ртам
што свет засерлі назвамі
бываюць цуды толькі там
дзе бог трымае паузу

а ты мой пане не маўчаў
ты чуўся перцам моцным
чаго ж марозіцца пачаў
схаваўшыся ў грымёрцы

гасподзь з табою божа мой –
месія ты ці місія –
выходзь
не бойся
будзь як свой –
я дам табе амністыю

premonicion

прадчуванне любові як прадчуванне вайны –
страх
мілітарнасць трывога
гендерны бронецягнік узброй
ды вайна пакідае шанец
што хоць хто застанецца жывы
не пашкадуе каханне
не ўратуецца ніводны герой

a la guerre comme a la guerre:
хоч' – забі
хоч' – бяжы
хоч' – памры
пашанцуе – жыві
прыняўшы калецтва як міласць
а каханне кажуць
трывае самабольшае гады з тры
і ад пачатку выносіць розум
а потым – ўсё што можа вынесці

ды вайна пакідае прынамсі руіны –
каханне выпальвае ўсё чыста зліжа
пасля йго ўжо неяк
ніхто і ніколі
нізашто й нікуды
ты прыходзіш з вайны і здымаеш нацельны крыжык
і чакаеш кахання так
бы ў дзяцінстве чакаліся цуды

бінарнасць

мы ўвайшлі ў міжсезонне бы пара дзяцей 
заблукала ў лясах між нязвыклае флоры – 
двугаловы ў чатыры нагі адысей
уладар жыццялюбны пустых калідораў

паасобку падобныя мы да людзей
але разам – драпежнік пачварны і хіжы
між сезонаў і зон нас не знойдзеш нідзе
а як нават і знойдзеш наўрад ці апішаш

бо няма яшчэ назваў і словаў шчэ брак
і ніхто ярлыкоў шчэ на нас не навесіў
нас злавіць – як знайсці неразменны пятак
мы – нябачнае зло безыменнага лесу

мы ў чатыры рукі заграбастваем жар
і падвойным агнём выбухаем адразу
між удыхам і выдыхам наш каляндар
між уваходам і выхадам наш анабазіс

хай там як і куды бы нас прывяло 
мы знікаем, хаваемся ў гушчу лясную
застанецца зала над прымятай зямлёй 
і на два галасы цішыня запануе

the others

прастор экзальтуецца
фарбы  
сурмы
ад світанкавай сутры ў паветры –
звон
свет раскроены проста
і добра і мудра
невядома адно для каго
прызначаны ён

свет уладкаваны брудна
так жорстка і тупа
са святла ён паўстаў
і згарыць ад святла
у прысутнасці сведкаў і божага духу
свет – выключна часіна цвіцення ды тла
свет – не месца а час
свет – не шчасце а метад
свет – святое пісьмо ў электрычных палях
свет – дурных храмасом бесканечнасць вендэты
і капрызныя “па” неіснуючых “я”

экзістэнцыя ценю –
змрок
зіхценне
лінеарнасць ліан – вось трыумф геаметра
іхні гай нашым зрэнкам празрысты суцэльна
мы па-за акаёмам
мы па-за бачным спектрам


sylwester

ах як раптам зрабілася светла!
ох якая раскрылася прорва!

бог умее прыйсці непрыкметна
але любіць прыколы бязмерна
і з'яўляецца ўспышкамі сінімі
праз агні і маланкі бенгальскія
позна парамі крочыць уздоўж ліній
ды высновы зарана выцягваць
апроч таго – гоман злавешчае
караоке калядак слоганаў
неўдаўбенная наша цяпершчына
хутка змые расталымі водамі

хутка выльецца неба вып'ецца 
хутка ссохнуцца землі выгараць
ціха згасне мая малітвіца
хутка цалкам не будзе выбару
а пакуль – гуляй безразборна
ні жыцця не шкадуй ні свету..

пад табою – якая ж прорва!
над табою – наколькі ж светла!

Перакладзена паводле выдання: Юрій Іздрик. Папіроси. 25 віршів без фільтра. – Чернівці: Meridian Czernowitz, 2017
Рэдакцыя перакладу – Макс Шчур / Святлана Курс