Сэрцатут

***
Вітаю вас
Я Зміцер і я пасрэднасць
Думаю вам гэта цікава
Я пасрэдны як паэт
Пасрэдны як празаік...
Пасрэдныя піва п’ю і каву

Людзі кажуць талент
Але яны хлусяць
І я час ад часу пасрэдна ім веру
У адказ ім чытаю свае недатворы
І дадаю нават недаспевы

Я пасрэдны сын сваім маці і тату
І мог бы быць нават пасрэднай дачкой
Але тут абыйшлося з маёю пасрэднасцю
Патрэбным пабыць не заўсёды паспееш

Я пасрэдны католік
Я ведаю таго дзядзьку што вісіць на крыжы
Але не пазнаю таго што ля алтара
Я чытаў евангелле
Але прабачце мяне я чытаў і Майн Кампф

Я пасрэдны чытач
Я чытаў Прылуцкага
Але не чытаў Хадановіча
Толькі ў перакладах
Вершаў польскай паэткі
За тое я з ім сядзеў побач
У музеі Пятруся Броўкі
Так сабе месца
Але ж якія людзі

Я пасрэдны ў мностве пасрэдных мностваў
Пасрэдны ў млоснасці
Пасрэдны ў гісторыі
У школе быў пасрэдным але там другая гісторыя
Настаўнікам быў пасрэдным але там другая млоснасць

Магчыма я пасрэдны ў тым аб чым не ведаю
Пасрэдныя абдымкі з пасрэднымі пацалункамі
Размаўляю праз сон на іўрыце
А без сна на беларускай
Пасрэдна кармлю свой розум
З адной талеркі і страўнік

Я нават не ганаруся
Тым што настолькі пасрэдны
Бо сярод мноства пасрэднасцяў
Я нават вельмі пасрэдны
Таму адкуль брацца гонару
Адкуль брацца патрыятызму
Чаму б не прадаць Радзіму
Калі заплоцяць прымальна
Чаму б не прадаць Радзіму
Калі заплоцяць прымальна
Чаму б не прадаць Радзіму
Калі заплоцяць прымальна
Калі не паспець то быццам
Сам атрымаеш свой цэтлік

З пасрэдным коштам даволі
Бо і тавар сам пасрэдны.

***

А не пайшоў бы ты ў школу маладога пісьменніка
Там практыкаванні разумныя людзі творчасць
А тут ты сядзіш і жывеш сваёй творчасцю
Ну хто так робіць
Давай як Купала і іншыя мэтры лорды горы громы...
Уставай і ідзі як казаў не адзін патрыёт ГПУ
З тваіх пальцаў дастануць усе лішнія рэчы
Якія вечна ныюць і замінаюць пісаць правільна
З тваіх венаў высмакчаць кроў
Бо крывёй не пішуць
Зараз пішуць чарнілам
І тое не тым што бырла
А тым на экране
Бо творчасць прафесія навык
Ты ж разумееш наш час не пацерпіць Бродскіх
Атрымаеш дыплом
Што ты можаш пісаць што здольны
З тэрмінам захавання дыплома дакладным
А потым табе дапамогуць і паўплываюць
І рэчы табой напісаныя выдадуць кнігай
Чароўнаю кнігай прадуктам тваёй работы
Чароўнаю кнігай вынікам працы ў школе
Чароўнаю кнігай у якой будуць навык і здольнасць
І тэрмін захоўвання побач стаяць з накладам
І форма і жанр і рэйтынг і подпіс Бога
А ты тут сядзіш і кажаш пра нейкую творчасць

***
Рагнеда
Вітаўт
Скарына
Гусоўскі
Статуты
ВКЛ
Я
займаюся
гістарычнай
мастурбацыяй
Мне
прыемна
Падтрымайце
мяне
Давайце
ўсе разам
Рагнеда
Вітаўт
Скарына
Гусоўскі
Статуты ВКЛ
Калі ты
не з намі
ты
не патрыёт
Ты
не беларус
Ты чмо

***
Не кажы нікаму
Што ты му
Бо разарвуць вымя
Навучаць сэнсу і любові
Тваё імя
Усё роўна табе не належыць

Не кажы нікаму
Што ты му
Бо тваё чужое цела
Адмовіцца браць чужая рука
Карова
Карова
Кавалак тлушчу
Стой як хрэн у Гісторыі

Не кажы нікаму
Што ты му
Бо замест цацак-цыцак
Уставяць у зубы Фалічны Сымбаль
І рабі з ім што хочаш
Пакуль кулі не паліюцца
Пакуль дзеці не народзяцца
А ты ўдарыш іх тупым канцом Родзіны
і ніколі не раскажаш
Што ёсць людзі
І мухі

***
Прыехаў дахаты
Хворы на фемінізм
Выпіў піва
Прайшло

Думаю добра што ў маленстве
Мне зрабілі прышчэпку
Ад гейства

***
Грыміць сцяна
Я галавой
У ёй
У вас
У паветры
У крэйдзе
Тэарэма Піфагора вельмі простая
У параўнанні з доказам
Адсутнасці геніальнасці ў Пратчэта і Рублеўскай

***
Я рэдка вымаўляю тваё імя
Таму напэўна не шапчу яго ў сне
Толькі ў размове з бацькамі
Для іх імя штосьці значнае
Прозвішча штосьці значнае
Кавалачкі ланцужку ДНК якія супадаюць
Штосьці значнае

Для мяне імя як назва птушкі
Ні колеру
Ні гуку
Але ж цікава
Памацаць
Пасмакаваць
Спазнаць

***
Я б з’ехаў ды сэрца тут
Я сэрцатут
Я за легалізацыю сэрцатуцыі
Няхай сэрцатуцыі навучаюць ва ўніверсітэтах
Каб уздоўж дарогі кожны дзень бы ў свята
Стаялі сэрцатуткі і сэрцатуты
Каб дзеці марылі пайсці ў сэрцатуцыю
І гаварылі пра гэта з гонарам
Гулялі не ў дочкі-маці
А ў сэрцатутка Радзіма
Сэрцатут Айчына
Сэрцатуцыя наша гісторыя і наша будучыня
Нашы традыцыі і сучаснасць
Месца сэрцу тут
На асфальце

***
Страўнік майго трамвая перапоўнены
Стаўлю на калені маленькай дзяўчынкай заплечнік
Дастаю з яе сэрца
Пераварваю
Трамвай нясецца далей на энергіі маёй смерці

***
Заўтра пайду да ветэрынара
Скажу ўсыпі мяне ветэрынар
Хачу быць як снег
Ляжаць белым пухам вішняў
Хачу як асфальт быць цвёрдым
І пад нагамі
Хачу быць учора
Учора было добра
Спытайце любога
Вам скажуць
Ветэрынар усыпі мяне
Я хачу спаць
Як мора
халоднае мора
Пад лёдам і пад караблямі
Дзе гарматы матросы і адмірал
Адзін
Я хачу спаць як гліна
Пад слоем зямлі
Хто змяшае з вадой
І наробіць свістулек
Будуць дзеці свісцець
Дзевятнаццатага стагодзя
На кірмашы
Усыпі мяне ветэрынар
А не можаш
Забі

***
Заўтра да мяне прыйдзе светлая будучыня
Але я ўжо буду на працы
Яна паспрабуе патэлефанаваць
Але я буду заняты
Яна будзе чакаць мяне каля пад’езду
Але я яе не пазнаю
Бо ў мяне ўжо ёсць сёння.

***
Не чытаю навіны
Раптам пачалася вайна
А я і не ведаю
Чужынцы ўжо ў Бабруйску
П’юць Баброў, Хайнекен
А я не ведаю
Чытаю чым ГМА лепш за селекцыю
Падручнік шостага класа па біялогіі
Пішу штосьці накшталт вершаў
Пачалася вайна
А я і не ведаю
Чужынцы ўжо ў Асіповічах
Ці не
Ці патрэбны каму Асіповічы
Гартаю ленту ў Фэйсбуку
Гуглю
Каму патрэбны Асіповічы
Пачалася вайна
А я і не ведаю
Ужо забілі трох чалавек
Аднаго выпадкова
А два загінулі самі
Не чытаю навіны
Бо раптам
Пачалася вайна
Ці выбухнула дзе
На праспекце Незалежнасці
Дом трыццаць дзевяць
Ці на Ракасоўскага
Дом не назаву
Ці ўвогуле
Мяне знайшлі памерлым на рэйках
На рэйках памерлых знайшлі мяне
Знайшлі памерлыя мяне і рэйкі
У навінах.

***
Уяві сябе кнігай
Пад елкай у лесе
Побач баравік
Стогне ад стомленасці
Расказвае як раней было
А ты разгорнутая
На 37 старонцы
Там пра Зарэцкага

***
Гісторыя ішла па вуліцы
У недарэчным адзенні афіцыянта
Прапаноўвала ўсім паспрабаваць
Хоць штосьці

***
Пакінуць пусты радок
Абавязкова пакінуць пусты радок
Навошта чытаць між радкоў
Там мала месца
Лепш пакінуць пусты радок

***
Не чапайце п’янага мужчыну
Пад чужым недаробленым плотам
Можа ён так стаміўся работай
Ці другую займеў прычыну

Можа ён мае два дыпломы
І адзін з іх чырвоны нават
Не спяшыце свой пачынаць лямант
Мацюкоў утвараць бураломы

Ён ляжыць бы арнамент стварае
Сваёй поляжжу брудам і пахам
Быццам сімвал народнага страху
Быццам тое чаго нам хапае

Не адзін ён яго мільёны
Хто пад лаўкай а хто ў мянтарні
Можа ён у сапраўднасці файны
І няпэўны як кожны палонны.