Смех

проза, беларуская мова

З літаратурнага праекту “Апранутыя апавяданні”

Адэля з'явілася на свет падчас навальніцы, акурат праз тры дні пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Кажуць, што, калі падарваўся рэактар, дзеці плакалі кожны дзень, быццам адчувалі, што здарылася штосьці непапраўнае. Вядома ж, ні беларусы, ні ўкраінцы, якія жылі ў радыусе заражэння, пра гэта не ведалі шмат дзён, і толькі праз некалькі сутак іх эвакуявалі.

Але Адэля нарадзілася здаровая і мілая, і замест таго, каб заплакаць пасля доктарскага пляска па ружовай попцы, яна засмяялася, ды так мілагучна, так салодка, што сэрцы ў лекара-акушэра і медсясцёр рассыпаліся на сотні маленькіх і звонкіх смяшкоў. Пасля гэтага Адэля ўжо ніколі не плакала, яна расла і сваім смехам ажыўляла вуліцу і двор у родным горадзе Менску. Яна была пухленькай, і ўсё яе дзіцячае цела ззяла здароўем, яе досвед назапашваў толькі шчырае задавальненне, хоць гэты свет і адкрываўся не ў самым выгодным святле – яна расла ў раёне Шабаны, які меў кепскую славу сярод менскіх раёнаў: брудны, прамысловы, бандыцкі і неадукаваны, куды нават таксісты не адважваліся ездзіць па начах.

Неўзабаве набліжаліся школьныя гады, часы, цалкам шчаслівыя і бестурботныя для большасці дзяцей, і Адэля з чароўным захапленнем чакала сваёй першай лінейкі.

Адэля бегала на перапынку за хлапчукамі і дзяўчынкамі, гуляючы ў розныя гульні. Менавіта ейная бестурботнасць і прыродная радасць з самых ранніх гадоў ратавалі ад дзвюх страшных рэчаў: ад высмейвання аднакласнікамі і расчаравання ўласнай недалёкасцю. Але на свеце няма дурных альбо неразумных людзей, і менавіта таму Адэлін смех у шмат разоў пераўзыходзіў розумы шматлікіх геніяў, таму што гэты смех ажыўляў шэрую і панурую прыроду і даваў людзям нешта накшталт надзеі.

Яна расла, яе сцёгны акругляліся, грудзі наліваліся сокам маладосці, нават сляпы не мог не заўважыць, як чароўна змянілася за лічаныя дні Адэля-падлетак. Яе смех па меры сталення ўжо не выглядаў такім бестурботным і лагодным, яе смех пачаў будзіць запал, яе смех ператвараўся ў прыладу кахання, у юрлівасць, якая пачала маніпуляваць мужчынамі, і Адэля раптам зразумела, што ў свеце мазгі, інтэлект альбо талент не настолькі важныя, як тое, што звонку ўкладзена ў цябе маткаю-Прыродаю, і, калі ты нараджаешся з выдатнымі фізічнымі дадзенымі, сексуальным целам, з цвёрдымі, падобнымі на каштаны, смочкамі, і, калі варта табе толькі ўсміхнуцца, і мужчыны ўзбуджаюцца за лічаныя секунды, то можаш лічыць, што ты ў жыцці даволі паспяховая істота.

Менавіта з такімі думкамі Адэля расла да дзявятага класа, пасля чаго, кінуўшы вучобу, пераехала да свайго каханка, якому было дваццаць пяць гадоў, і ён быў даволі паспяховым супрацоўнікам у кансалтынгавай кампаніі, і па-вар’яцку кахаў Адэлю. Ён кахаў яе самааддана, з трымценнем, але разумеў, што ёй усяго пятнаццаць гадоў і, так бы мовіць, ягоны лёс знаходзіцца ў ейных падлеткавых ручках. Але што тут паробіш, яе каханы мужчына забываўся пра ўсё на свеце, як толькі бачыў яе стройнае цела, маладыя і пругкія грудзі і чуў гэты пералівісты смех.

Але, на жаль, каханню Адэлі не пашчасціла, яно пачало згасаць, і нават не з ейнага боку, а з боку каханка, які за тры гады жыць з ёю. І ейнае цела, і сексуальны смех апынуліся для ягонай душы побытавымі рэчамі. Яе каханак настаяў на тым, каб яна вярнулася дахаты, у Шабаны, і яны паспрабавалі пабыць удалечыні адзін ад аднаго, маўляў, неабходна пра ўсё добра паразважаць.

Адэля, дзяўчынка, якая з дзяцінства верыла ў перавагу цела над розумам, раптам пачала сумнявацца ва ўласнай рацыі і, седзячы ў сваім дзіцячым пакоі ў Шабанах, упершыню ў жыцці заплакала, і слёзы, разам з усхліпамі, сцерлі ейную усмешку, прыдушылі ейны выдатны смех.

Каханак больш ніколі не патэлефанаваў, ператварыўшыся ў былога, магчыма, ён проста кахаў ейнае цела, магчыма, гэта было проста часовым захапленнем, у якім галоўным быў запал і сексуальнасць, а зусім не каханне дзеля кахання, кахання адкрытага, амаль біблейскага, якое ўсё трывае і ўсё даруе, якое кахае проста, за тое, што ты такі, які ёсць у гэтым свеце.

Адэля пачала часта наведваць свой двор і вечары праводзіць сярод юрлівых і бесталковых падлеткаў, якія, акрамя таго, што заплёўвалі асфальт шалупіннем ад семечак і слухалі хамскі шансон на сваіх мабільных тэлефонах, больш нічога ў жыцці не рабілі. Адэля адразу для іх стала непрывабнай, і яны вырашылі, што яна проста "тупая баба", магчыма, не разгледзелі ейную ўнікальнасць, таму што гэтая самая ўнікальнасць перастала існаваць і Адэля зрабілася простай дзяўчынай якіх у свеце сотні тысяч.

Адэля палюбіла "лузгаць семкі", палюбіла слухаць бандыцкі шансон з мабільніка і абвыкла бавіць вечары ў сваім двары, перакідваючыся словамі з хлопцамі і дзяўчынамі і ўспамінаючы мінулыя гады.

Паступова яна забыла тое, што было ў яе раней, і ў свае дваццаць гадоў, напіўшыся, пераспала з адным з мясцовых "хлапцоў", пасля чаго праславілася прастытуткай, таму што доўгі язык гэтага хлопца нагаварыў шмат лішняга.

Адэля, так і не знайшоўшы сабе сяброўкі, усвядоміўшы, што яе жыццё бесталкова цягнецца да старасці і смерці, раптам нечакана, нават для сябе самой, вырашыла знайсці працу. Але дзе магчыма адшукаць прыстойную працу, калі ў цябе толькі дзевяць класаў адукацыі? І Адэля, пазычыўшы ў бацькоў грошы на прыстойную адзежу, адправілася ў суседні пад'езд да бабкі Дабрадзеі, што прыгандлёўвала паношанай адзежай, якую часта збірала па розных цэрквах у Менску.

Адэля, парыўшыся ў адзежы, знайшла для сябе натуральна прыстойную зялёную міні-спадніцу, крыху завялікую, тую самую міні-спадніцу, якая прыбыла ў кучы гуманітарнай дапамогі са швейцарскага Берна. Гэтую міні-спадніцу ў свой час насіла Караліна, дзяўчына ўзросту Адэлі, якая, прыехаўшы з чэшскага горада Брно ў Прагу, вучылася там ва ўніверсітэце. Караліна вывучала філасофію і мастацтва, яна марыла стаць мастацтвазнаўцам, і яе мары здзейсніліся праз чатыры гады, калі яна вярнулася ў родны Брно і праз колькі года адкрыла там прыватную галерэю.

Дома Адэля падшыла зялёную міні-спадніцу і, абышоўшы за два тыдні мноства кампаній, фірмаў, прадстаўніцтваў і заводаў, нарэшце прыняла прапанову Менскага аўтобуснага парку нумар 18493 прадаваць квіткі на праезд і праязныя на маршруце аўтобуса нумар васямнаццаць (прып. Усходняя – прып. Лякарня). Васямнаццаты аўтобус славіўся сваім маршрутам, таму што ягоны канчатковы прыпынак быў не проста Лякарня, а Абласная псіхіятрычная лякарня, якую ў народзе звалі "Навінкамі" ў гонар суседняй вёскі, Навінкі.

Сказаць, што Адэля за час працы на дадзеным маршруце наглядзелася розных людзей, гэта значыць ні пра што не сказаць. Як ні дзіўна, менавіта ў дынаміцы працы да яе вярнуўся былы смех, які адразу ж змяніў яе, зрабіўшы не проста чарговай кантралёркай аўтобуса нумар васямнаццаць, якая прадае талончыкі.

Ейная зялёная міні-спадніца адкрыла для яе цэлы свет міні-спадніц, якія яна да гэтага ніколі не насіла. Адэля раптам зразумела, што не толькі цела можа быць прывабным, а смех – узбуджальным, але шмат што залежыць ад таго, як і ў што ты апранаеш сваё цела. Ейныя ногі насамрэч былі раскошнымі, і міні-спадніца іх выстаўляла толькі ў лепшым выглядзе, адначасова сексуальна абцягваючы азадак.

Такім чынам, Адэля знайшла сваё месца ў Сусветнай Гісторыі, яна зразумела, у чым заключаецца яе шчасце, і, застаўшыся прадаваць талончыкі ў аўтобусе нумар васямнаццаць, ужо назаўжды забылася на сваё ранейшае жыццё, вярнуўшы сабе сексуальны смех, перыядычна пакідаючы свой нумар тэлефона нецвярозым пасажырам аўтобуса, лузгаючы семечкі ў кішэньку джута пад апазнавальнай курткай кантралёра і смеючыся жыццю ў твар.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Я станаўлюся выпадковым сьведкам чужога жыцьця, праз усю нашу блізкасьць — панэльныя сьценкі. Жыву, назіраючы міні-сэрыялы, хоць сам таго і не жадаю. І я адчуваю абсалютную аддаленасьць ад людзей, суседзяў, раённых герояў.

Гэты кіцель прайшоў не адну гістарычную бітву. Бываў ён і ў брудных канавах, і на палянках летніх лясоў, прыпарушаны насеннем кветак. Гэты кіцель любілі жанчыны, да гэтага кіцеля дакраналіся дзеці і на гэтым кіцелі выпускалі апошні свой уздых пратыкнутыя штыком-нажом ворагі.

У любым вялікім горадзе заўсёды знойдзецца жменька аднадумцаў, якія лічаць, што яны, гарадскія, вышэйшыя, мацнейшыя і разумнейшыя, чым вясковыя жыхары.

У рэстаране кавалак не лез у горла, занадта там было пафасна і перанаселена мужчынамі ў фраках, а ў пана К., як вядома, былі свае місіі ў гэтай краіне – згвалціць чорную жанчыну, знішчыць усе чорныя фракі, выкурыць увесь афганскі гашыш і напісаць партрэт.