Theatrum Anatomicum

паэзія, вершы, беларуская мова

1. Лантух

Даніна цяжкае мінуўшчыны
гаротнай прышласьці – у тлушчы.
Пад’ёмны мост, што мной апушчаны.
Я тлусты. А яшчэ пітушчы.

Зьвісае прывідам вагітнасьці
з калісьці ўвішнае скарбонкі.  
Манблян мужчынскае агіднасьці,
нямы дакор: і я быў тонкі.

Хоць духам – складу донкіхоцкага,
зрабіўся зьнешне Санчо Пансам.
З такім ня знойдзецца ахвотніца
каб з мной (і зь ім) пабыць сам-насам.

Ахвяра чэскай гастраноміі,
ахвяраваў яму ўсё чыста.
Шкада, што не жыву ў Японіі –
ён там прыкметай культурыста.

Яднае ў ім эксплюататара
і кенгуру мая асоба.
Сепуку мо к ябені матары
зрабіць, раз есьці – прымусова?

Не, бачыў крытыкаў у срацы я! –
ён сымбаль лёсам задаволу.
Калі ісьці на апэрацыю,
то ўжо хутчэй па зьмене полу.

2. Шкілет

Ён ходзіць за цябе – і за табой –
з маленства, увесь час – за ўсімі намі –
цень нутраны – мы конь, а ён каўбой,
або – дзіця, а мы ёсьць хадунамі.

Ён не душа, яго не адкладзеш,
як вопратку. Прыкрыты нашым мясам,
ён нашу сьмерць плянуе, як мяцеж.
Ён ні пры чым. Хоць вы заўжды сам-насам,

вам пры жыцьці не сутыкнуцца ў твар –
мо, на паштоўцы ад аднога немца
ён зарагоча: ведае, што ў твань
пашлюць цябе, а ён дык застанецца.

Дык асьцярожна зь ім, каб не зламаць,
іначай болем косьці азавуцца.
Рэванш душы – адзіна прыхамаць:
не пахаваць, аддаць яго навуцы.

3. Чэлес

Вісіць, бывае, як шматок лайна,
а часам з нагавіц шукае выйсьце,
каб прышласьць скаланула навіна:
і я ў сусьвеце існаваў калісьці.

Мы даўнія найлепшыя сябры –
нас аднаго прымаюць за другога.
Няшмат жанчын (прынамсі, дзьве ці тры)
удзячныя былі яму за многа.

Нас паяднала да яго любоў,
ды толькі для мяне ён – мой адзіны,
а не адзін між знойдзеных грыбоў
на сьцежцы ад аплаў па нарадзіны. 

Раней мяне ўстае ён раніцой
і пнецца, дурань, сьвет зьмяняць распусны,
дзе ён амант галоўны і герой,
на сьвет, дзе ён – прылада мачапуску.  

Не пакідаць жа сябра аднаго!
І я туды цягнуся неахвоча,
дзе цьвёрдая падлога пад нагой, 
дзе ён шчэ можа, але зрэдку хоча.

4. Скура

Балячкі вандруюць па целе, бы зоркі
па небе – тут вызірнуць, бліснуць, то тут...  
У люстра глядзіш тэлескоп дальназоркі
і дзівісься бездані божых магут.

Дэтальна ён скуры крывую прастору
прадумаў і ўсякай брыдой засяліў:
там выбухнуць часам звышновыя зоры,
гусьцеюць туманнасьцямі мазалі.

Там мэтэарытаў брыняюць пісягі,
галяктыкі – шнары, як сьведчаньні спроб,
на большасьць якіх бракавала адвагі,
як памяткі даўніх дзіцячых хвароб.

Там сьведкі стварэньня – вясьнянкі-радзімкі,
астылыя прывіды згаслых сьвяціл,
там пораў паўсюдныя чорныя дзіркі,
дзе столькі энэргіі можна знайсьці!

Пуп, Велькага Выбуху пратубэранец
матэрыю смокча ў сябе спакваля,
якую сузор'ямі можна спаганіць,
пататуяваўшы ад ног да вальля...

Пакуль не адкрылі туманнасьці Рака,
пакуль не сьпярэсьцілі рэйсы маршчын –
уволю сабе сузірай, сузірака,
у люстры Адама Кадмона прышчы.

5. Язык

Яшчэ адзін чужынец ува мне,
мой вораг, безь мяне – кавалак ласы;
я безь яго – чалец прымацкай расы,
дый толькі. І ў маўчаньні, нібы ў сьне,

варушыцца той дзіва-акрабат,
дрэсіраваны іншымі з маленства;
за час, што робіць за мяне маўленца,
ён наплявузгаў сотню тэрабайт.

Сядзіць у клетцы роту касьцяной,
ды часам кончык высуне, бы клітар –
як дырыжор усіх на сьвеце літар,
як папа перад вернікаў сьцяной.

Найлепшы ён каханак і гурман –
раз-пораз я яго прышпору ўкусам,
каб сьціх і ён калі ў сваім кутку сам,
каб раем не здавалася турма.

Ды што яму! Ён – геній, ён – маркіз!
Калі мне сумна зробіцца, то зноўку
пісацьму пад ягоную дыктоўку
чарговы вершаваны прэс-рэліз.

6. Валасы

Валасы – апрычоная частка мяне:
нібы ў лёс, я амаль у іх рост не мяшаўся –
дэзэртыр на бязглуздае стыляў вайне,
дзе свой час перажыць вы ня маеце шансаў.

Калі ім, нібы дзецям, свабоду дасі,
то ратунку ня будзе ўжо ад безвалосых,
таму я іх заўсёды даўгімі насіў –
і атрымліваў, як і належыць, па носе.

Колькі раз выкідаў у цырульню пазоў
і ня цяміў бясконцых прэтэнзій наконт іх:
ды які клопат вам да маіх валасоў,
калі сам іхны носьбіт да іх бесклапотны?     

На іх мае шмат большае права пара,
калі больш за каўтун непакоіла шэрасьць –
зь імі меней пашаны было да двара,
у што сёньня ўжо стрыжаным цяжка паверыць.

У астатнім у нас зь імі поўны ажур –
калі іх загусьціць у купальні шампунем,
можна выдумаць безьліч цікавых фрызур –
вось і ўсё, у чым волю навязваць магу ім.

Марна іх адразаць, кідаць у малако,
каб мяне дагукацца – лепш іншае зьмерце:
не чапайце нязьнятага скальпу майго –
хай растуць валасы. Пры жыцьці й пасьля сьмерці.

7. Мачавік

Дакуль трывае мачавік,
хвілін пятнаццаць
не далучацца да жывых,
не падымацца.

Ну вось куды ты пабяжыш –
пісаць раманчык?
Ня выйдзе, хлопча, вечна жыць
у словах зманчых.

Не забывайся, толькі сон –
адзін наркотык,
што не нясе ў дом нашых сом
ніякай псоты.

Наадварот: найменшы ціск
на чалясьніцу – 
і ўжо на чэлесе ляціш
да той, што сьніцца. 

Шэпт возьме за душу або
за падсьвядомасьць –
і прыбярэцца сам сабой
узросту гломазд.

Таму старайся спаць часьцей,
каб болей лётаў.
Вучыся мудрасьці ў дзяцей –
малых наркотаў.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур, Сяргей Прылуцкі

Пэдагогі гадаюць, цікавіцца вуліца:
ці раскрыецца хлопчык аднойчы, як вустрыца?

Пераклад:
Макс Шчур

Вышэй за мігуткасьць форм,
Вышэй за крыкастасьць фарб,
Вышэй ад праўды самой
Я стаўлю тваё імя

Як гучыць радок,
які падкрэсьлівае
лятак у небе?

Пераклад:
Макс Шчур

зірні, у чым ты жывеш! панчохі, майткі і ўсякае гаўно
па ўсёй падлозе! ты проста ня хочаш ні за што адказваць!
для цябе жанчына – усяго толькі рэч, карыстацца якой
табе зручна!