Трыццаць тры пытанні

Пераклад: 
проза, беларуская мова, пераклад

1

– Не ведаеш, дзе мая белая камізэлька? – пытаецца Анд. Вычэквае хвіліну, замыкае дзверы, ідзе на кухню, дапівае кампот, вяртаецца ў вітальню, абувае боты, выходзіць у калідор і далей, уніз, па лесвіцы, у падвал або сад, гэта ўжо не істотна, не відаць яго ўжо, не чуваць.
Малг. грызе аловак.
– Як іначай называецца тхор? – пытаецца, не адрываючы позірку ад крыжаванкі. – Як тхор называецца іначай? – перапытвае трохі гучней, а калі не атрымлівае адказу, паварочвае галаву і бачыць, што Тад. спіць на канапе.
«Ах, спі, сынку», думае. Вяртаецца да тхара. Урэшце натхненне прыходзіць; упісвае «шашок» шаснаццаць па гарызанталі, адкладае разгаданую крыжаванку, пацягваецца, глядзіць на гадзіннік, «Божа, мой серыял», думае, ідзе да тэлевізара, саштурхоўвае шклянку са століка. Шум будзіць Тад., які сядае на канапе, працірае вочы, пытаецца:
– Каторая гадзіна?
Малг. не рэагуе, ужо сядзіць у фатэлі, утаропленая ў экран. Тад. сам паглядае на гадзіннік. «На шостую», думае. «Заспаў», думае. Ідзе ў лазенку, абмывае твар ледзяной вадой, палошча рот, выкалупвае з зубоў рэшткі ежы, ідзе ў вітальню, на кухню, «Нехта выпіў мой кампот», думае, дакладае да кучы посуду ў чарупіне, чуе голас з пакоя, уваходзіць.
– Казала нешта? – пытаецца, але гэта толькі тэлевізар, вяртаецца ў вітальню, абувае палатняныя чаравікі, выходзіць на калідор і далей, уніз, па лесвіцы, у майстэрню. Уваходзіць, адчыняе вакно, вызірае. У садзе Анд. корпаецца ў машыне, заўважае Тад., крычыць:
– Ну як там?

Тэлефон, Тад. замыкае вакно, чакае чацвёртага гудка, бярэ слухаўку. Ніхто не адказвае, Тад. хоча пакласці, чуе хіхіканне, пытаецца:
– Крыст., гэта ты? Алё, Крыст., гэта ты? – але там няма адказу, кідае, сядае да стала, «Нехта выдурняецца», думае. Барабаніць пальцамі па стальніцы, выцягвае цыгарэту з пачка, шукае запалак, не знаходзіць, падыходзіць да вакна, адчыняе, крычыць да Анд.:
– Ёсць запалкі?
Анд. прыпыняе корпанне ў аўтамабілі, пачынае корпацца ў фартуху, выцягвае пушку, становіцца пад домам. – Зловіш? – пытаецца.
Тад. чакае ў вакне, ловіць запалкі, замыкае, прыпальвае цыгарэту, вяртаецца да стала, барабаніць. «А раптам Крыст.?», думае, падыходзіць да тэлефона, набірае нумар. Ніхто не бярэ, «Казала, што з'язджае, забыўся», думае.

Фільм скончыўся, Малг. ідзе на кухню, бярэцца за посуд. «Кухарыха», думае. «Зрабілі з мяне кухарыху», думае.

«Гэта канец. Ламачча», думае Анд. і выцірае рукі анучай, «Трэба было прадаць, калі яшчэ ездзіла», думае і закрывае капот. «Зараз яе задарма ніхто не возьме», думае і забірае інструменты.

Тад. пераглядае эскізы, затрымліваецца на апошнім ню Юст., глядзіць уважліва, «Крыст. не можа даведацца», думае, згортвае малюнак у рулон і азіраецца па майстэрні. «Трэба недзе схаваць», думае. «Няма дзе», думае і б'е рулонам у далонь, нарэшце разгортвае эскіз назад і засоўвае пад стары кілім, становіцца на ім, азіраецца яшчэ раз, «Можа, не знойдзе», думае, «Добра, што з'ехала», думае.

Малг. стамляецца, перапыняе мыццё, сядае на табурэт, цяжка дыхае. «Калі-небудзь памру на гэтай кухні», думае. Уключае радыё, знаходзіць музыку, вяртаецца да посуду.

Анд. замыкае гараж, ідзе праз сад, затрымліваецца каля чарэшні, цягнецца да ніжэйшай галінкі, бярэ ў руку ягаду, каштуе, «Праз тыдзень даспеюць», думае. Заўважае Зян., падыходзіць да плота.
– Як справы, суседзе? – пытаецца. Зян. на хвіліну перапыняе праполку, выпростваецца, абцірае лоб, паглядае на Анд.
– Лепей раскажыце, як вашыя, суседзе, га? – рушыць у ягоны бок.
Анд. махае рукой, «Лепей не казаць», думае, адыходзіць. Зян. глядзіць, пакуль Анд. не знікне ў хаце, «Сёння прыходзіць Малг.», думае, «Але ён мусіць спачатку з'ехаць», думае, схіляецца над пустазеллем.

Тад. чуе крокі на лесвіцы, «Анд.», думае, «Не пачыніў машыну, паедзе цягніком», думае. Чуе грукат, «Аднак ніколі не грукаў», думае, адчыняе.
– Крыст., як гэта, ты не з'ехала?
Крыст. паказвае пальцам, каб маўчаў, уваходзіць у майстэрню, замыкае дзверы на ключ, пачынае распранацца.

Малг. упускае шклянку на падлогу, замірае на момант, «Што са мной робіцца», думае, збірае шкло, выкідае ў сметніцу. Выцірае пот, сядае, «Усё праз Зян.», думае, папраўляе спадніцу паміж сцёгнамі.

Анд. сканчае ваксаваць макасіны, абуваецца, уваходзіць на кухню.
– Дасі мне дробных на дарогу? – пытаецца. Малг. адчыняе шуфляду, дастае грашовік.
– Колькі? – пытаецца.
Анд. паціскае плячыма, усміхаецца, «Можа, дасць больш», думае. Малг. кідае на стол банкнот.
– Машыну не мог пачыніць? – пытаецца, але Анд. ужо не чуе, збягае па сходах, смяецца, «Зашмат дала», думае, «Хопіць на піва», думае.
Малг. пералічвае грошы, «Зашмат яму дала», думае, «Не вернецца раней», думае, «Гэта добра», думае.

– Ужо? – пытаецца Крыст. Прыціскаецца мацней, цалуе Тад. у вусны, хоча яшчэ кахацца, рухае ім у сабе. Тад. цяжка дыхае, «Так, нібы паміраю», думае, «Кожны раз», думае.
– Кахаеш мяне?
– А ты?

Зян. рэжацца, лаецца, бачыць кроў на люстэрку. Выцірае твар, адчыняе аптэчку, шукае, «Няма пластыру», думае. Адрывае кавалак туалетнай паперы, прыкладае да раны, чакае, глядзіць сабе ў вочы.
«Стары», думае.

Малг. выходзіць з ванны, бярэ ручнік, становіцца перад люстэркам, бачыць. «Божа, якая старая», думае.

Крыст. падкладае пад сябе аркуш, чакае, пакуль з яе выцеча сперма, выціраецца, апранаецца, сядае ў фатэль.
– Зробіш мне кавы? – пытаецца.
Тад. дапальвае цыгарэту, выходзіць. Крыст. устае, заўважае эскіз, глядзіць, «Так мяне малюе, нібыта не кахаў», думае. «Можа, іншых таксама малюе?», думае. Азіраецца. «Дзе б мог схаваць?», думае, збіраецца шукаць, але Тад. ужо вяртаецца з кавай, таму пытаецца ў яго:
– Скажы, хто табе яшчэ пазуе?
Тад. каўтае сліну.
– Што? – пытаецца.
– Ну, можа, апроч мяне якую-небудзь яшчэ, голую?
Тад. дыхае глыбей.
– Як табе гэта прыйшло ў галаву? – пытаецца і падае ёй філіжанку.

Зян. папраўляе каўнер, нюхае пад пахамі, падыходзіць да канапы, разгладжвае покрыўку, глядзіць на гадзіннік, падыходзіць да вакна, вызірае з-за фіранкі, бачыць Малг. «Ідзе», думае, «Ужо ідзе», думае, падыходзіць да дзвярэй, чакае званка.

Малг. стукае абцасамі па асфальце, «Але ж голасна стукаю», думае, «Па ўсёй вуліцы чуваць», думае, уваходзіць на паверх, становіцца пад дзвярыма, звоніць.

Анд. глядзіць праз вакно на возера, хмызняк, поле, поле, на вакно, на сябе, на твар суседкі, яна спіць, «Такая маладая, як Граж.», думае, «Нават цалкам падобная», думае, працягвае білет кантралёру.
– Калі даедзем да Х? – пытаецца.

Тад. сядзіць, дыхае, глядзіць на Крыст., якая сядзіць, дыхае, п'е каву.
– Ці не перабольшваеш ты са сваёй рэўнасцю?
– Так лічыш? – Крыст. кажа і п'е.
– Думаеш, я мог бы табе здрадзіць? – Тад. пытаецца.
– А не мог бы? – Крыст. кажа і п'е.
– Але навошта мне табе здраджваць? – Тад. пытаецца.
– А навошта ўвогуле здраджваюць? – кажа Крыст. і дапівае.

Малг. складае адзежу прамавугольнікам, кладзе яе на табурэт, застаецца ў адных майтках, з цяжкасцю прыкрывае грудзі, паварочваецца да Зян.
– Надта старая? – пытаецца.
Зян. падыходзіць, абдымае яе, цалуе ў лоб.

Анд. адстаўляе пусты куфаль, выходзіць з кнайпы, пераходзіць вуліцу, уваходзіць у будынак, у ліфт, заязджае наверх, становіцца перад дзвярыма, звоніць, уваходзіць, цалуе Граж. у вусны, пачынае яе распранаць, пераносіць у ложак.
«Піў», думае Граж., дазваляючы зрываць з сябе бялізну.
«Але яму можна», думае, абдымаючы яго нагамі.
«Божа», думае, адчуваючы яго ў сабе першы раз.

– Навошта? – пытаецца Крыст.
«Навошта?», думае Тад.

2

– Дзе мае тапкі, тыя чорныя? – пытаецца Анд.
Малг. грызе аловак.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Ліда Наліўка

А найгоршае, што баба ніколі нікога не любіла. Мо таму, што ўсё жыццё была галоднай. Але нікога. Увогуле. Ні мужчын, ні ўласных дзяцей, ні мяне нават, хоць я заўжды ветла яе слухала. Нікога. І сябе таксама. Цяпер я думаю, што ў яе з дзяцінства ўсяліўся бес голаду. Не ведаю, ці існуе такое ўвогуле, але так я думаю.

Пераклад:
Ліда Наліўка

І вось яны знайшлі клоўнскі рэквізыт, набылі на барахолцы вялікую ржавую тубу і паехалі на мяжу. Было іх пяцёра. Чацьвёра верылі ў сілу мастацтва і хацелі зарабіць бабла. Пяты верыў у шоў-бізнэс і проста хацеў затусіць.

Пераклад:
Макс Шчур

Я не палітычны ўцякач. Я ўцякач татальны. Часам мне здаецца, што калі б я нарадзіўся ў Бразіліі, Вэнэсуэле або Скандынавіі, я таксама ўцёк бы з тамтэйшых вуліц, партоў і папасаў.

Пераклад:
Макс Шчур

Гэтак ён сядзеў там і ў думках прагаворваў адну малітву за другой, ды так хутка, як мільгае вагон за вагонам, калі едзе цягнік.