Як мы зь Юрасём Бушляковым бавілі час з “Алесяю”

З Прадмовы да першага кніжнага выданьня беларускага перакладу казкі Л. Кэрала “На тым баку Люстра, і што там напаткала Алесю” (Evertype: Portlaoise, Ireland, 2016).

...У 2004 годзе, у часе працы на Радыё Свабода ў Празе, я пазнаёміўся зь Юрасём Бушляковым, адным з найлепшых беларускіх мовазнаўцаў, чые пераклады Яраслава Сайфэрта й Зьбігнева Гербэрта былі ўжо вядомыя мне зь беларускага радыё і друку. Неўзабаве мы пасябравалі і часта абмяркоўвалі мае бягучыя перакладніцкія праекты, як і агульныя моўныя пытаньні, бо Юрась быў, што называецца, “фанатыкам мовы”. Разам са спортам і зь ягоным сабачкам, беларуская мова была галоўным Юрасёвым зацікаўленьнем у жыцьці – ён нястомна змагаўся як з русыфікаванымі савецкімі формамі, так і з мноствам сумнеўных нэалягізмаў, што зьявіліся ў 90-х. Як адзін з аўтараў новай стандартызацыі “тарашкевіцы”, ён быў асабліва строгі ў гэтым сэнсе да сваіх калег – і пагатоў да юных амбітных літаратараў кшталту мяне, якія былі для яго, кансэрватара ад нараджэньня, часам залішне рэвалюцыйнымі. Упершыню мы супрацоўнічалі разам не над кнігай, а над фільмам, менавіта “Крымінальным чытвом”, якое я пераклаў у 2005 годзе, скажам так, дзеля забавы – і насамрэч, супраца была такой вялікай забавай, што я тут жа папрасіў Юрася дапамагчы мне з рэдагаваньнем даўно закінутага перакладу “На тым баку Люстра”, пра існаваньне якога амаль ніхто ў Беларусі ў той час ня ведаў.

Аднак мы пачалі не адразу, перадусім з прычыны іншых працоўных і пісьменьніцкіх абавязкаў. Тэкст быў урэшце гатовы толькі ў 2011 годзе, праз два гады пасьля таго, як у “Архэ” выйшаў пераклад Веры Бурлак. Іншымі словамі, мы нікуды ня гналіся (Юрась, праўду кажучы, ніколі й ні з чым у жыцьці не сьпяшаўся), а цудоўна і плённа бавілі час з “Алесяю”. Гэта ператварылася для мяне амаль у рытуал: у сярэднім раз на месяц я прыходзіў да Юрася дамоў, дзе мы разам вычытвалі пераклад, правяралі й смакавалі ў ім кожнае слова ці нават коску ў памкненьні як застацца вернымі Кэралаўскаму арыгіналу, так і змусіць тэкст гучаць па-беларуску натуральна, быццам ён быў напісаны аўтарам непасрэдна ў нашае мове. (І Юрась насамрэч па некалькі разоў чытаў уголас кожны асобны пасаж, каб спраўдзіць, ці той, як на ягонае вуха, дастаткова мэлядычны й рытмічны.) Ён заўжды памятаў, што кніжку будуць чытаць у тым ліку дзеці, таму яснасьць выразу стаяла для яго на першым месцы. (З увагі на гэта Юрась прапанаваў крыху рэарганізаваць тэкст, падзяліўшы пэўныя залішне доўгія фразы на карацейшыя.) На шчасьце для мяне, Юрасёва веданьне ангельскай было дастатковым на тое, каб зразумець Кэралаву гульню словаў, таму ён лёгка прапаноўваў новыя (звычайна лепшыя) фармулёўкі ці падказваў мне новыя ідэі. Вядома, ня ўсе з нашых варыянтаў і калямбураў урэшце трапілі ў канчатковую вэрсію, таму што самыя дасьціпныя зь іх былі папросту не для друку.

Але супраца не была суцэльным сьмехам і толькі забавай: для мяне гэта была нагода павучыцца беларускай мове ад аднаго зь яе найлепшых майстроў. Юрасю ўдалося патлумачыць мне (прынамсі, я спадзяюся, што ўдалося) розьніцу між гутарковай мовай і высокім літаратурным стандартам (якога я ніколі не вывучаў на ягоным прафэсійным узроўні), з усімі яго тонкасьцямі й адхіленьнямі; ён нават навучыў мяне новым словам – новым для мяне, а насамрэч усяго толькі рэдкім ці архаічным. “Словы ўсякія бываюць – і дзеясловы самыя наравістыя... Так ці іначай, ты валодаеш цэлым мноствам словаў!”, цытаваў я, жартам параўноўваючы Юрася зь Яўпатам Няўпадам. Усе ягоныя сябры кпілі зь яго падобным чынам, кажучы, быццам ён “завучыў напамяць увесь слоўнік”, што часам выглядала зусім ня жартам... Дарэчы, Юрась захапляўся слоўнікамі і зьбіраў іх, і найлепшы падарунак, які можна было ад яго атрымаць – гэта выбраны ім добры слоўнік, збольшага беларускі, але калі-некалі таксама ангельскі ці чэскі.

Ніхто тады не падазраваў, што “На тым баку Люстра” стане апошнім вялікім рэдактарскім праектам Юрася (хаця паралельна ён пасьпеў падрыхтаваць да друку некалькі іншых кніг, сярод іх беларускі пераклад “Піпі Доўгай Панчохі”). У студзені 2012 года, ужо ўсьведамляючы, наколькі цяжка ён хворы, Юрась пераправерыў новы і канчатковы варыянт майго перакладу “Алесіных прыгодаў у Цудазем’і”, падрыхтаваны мною наўмысна для выдавецтва “Эвэртайп” – такім чынам, абодва мае пераклады Кэрала, так бы мовіць, нясуць уяўную пячатку зь Юрасёвым “imprimatur”. Колькі разоў, бываючы ў родным Менску (а ніхто зь вядомых мне беларусаў замежжа ня езьдзіў дадому так часта, як Юрась), ён кантактаваў патэнцыйных выдаўцоў, спрабуючы дамагчыся кніжнага выданьня поўнай беларускай “Алесі” на радзіме – беспасьпяхова. Але Юрась пасьпеў яшчэ прывітаць добрую навіну ад Майкла Эвэрсана з Ірляндыі і пабачыць першыя раздрукоўкі гатовага макету “Алесіных прыгодаў у Цудазем’і” ўсяго за некалькі месяцаў да сьмерці ў чэрвені 2013 года. Як што кнігі, якую вы трымаеце ў руках, ніколі б ня ўзьнікла безь Юрася, я прысьвячаю свой беларускі пераклад “На тым баку Люстра” ягонай сьветлай памяці.

Прага, 2016 г., пераклад аўтара.

Цалкам кнігу “На тым баку Люстра, і што там напаткала Алесю” (пераклад Макс Шчур, рэдактар Юрась Бушлякоў) можна набыць тут: http://www.amazon.com/baku-Liustra-shto-napatkala-Alesiu/dp/1782011498/