Закладка Багдановіча

Аднаго разу члены літаратурна-сьвінгерскай групіроўкі "Вясёлка" вырашылі паслаць нахуй свае рабочыя абавязкі і рвануць на лецішча. Селі на электрычку і пакацілі ў госьці да паэта Сямёна Плюсіка. Ягонымі галоўнымі дасягненьнямі былі геніяльны зборнік з шасьціста верлібраў "плюс стопіццот" і томік вершаў "мінус адзін", напісаны пасля сьмерці ручнога крата Леаніда.

За акном цягніка Радзіма пралятала хутчэй, чым яе пасьпявалі палюбіць.

Маладыя сьвінгеры за сваё кароткае літаратурнае і біялагічнае жыцьцё ўжо пасьпелі заябаць адзін аднаго як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Таму сядзелі на лаўках і цьвяроза маўчалі. П'яныя яны, канешне ж, далі б джазу і нават факстроту. Але акурат на вакзале Цімоха Хрушч, празаік невысокага палёту, выпіў усё бухло, за што яго дружна адпізьдзілі ў сарціры і параілі забыць дарогу ў літаратуру.

У вагоне было пуста, як на творчых вечарах вядомых паэтаў. Андрон Кох, майстар спорту і рэзкіх метафар, сядзеў насупраць Людмілы Вушкінай і згадваў, як яна ў рытме ямба рабіла яму мінет на канферэнцыі "Канец літаратуры". Віртуоз надмагільнай лірыкі Славамір Траўка калупаўся ў сваім носе і душэўных ранах, нанесеных грубай рэчаіснасьцю. Віцюлька Відэльскі, сын пастара і прыбіральшчыцы, пісаў у сшытачку свой новы верш, прысьвечаны ягоным вялікім любовям – Марго Бабай і Ларысе Западлярскіх, якія сядзелі побач. Абедзьве любілі моцна трымаць мужыкоў за машонку сваімі яжовымі рукамі і біць з лакця ў грудак розным графаманам.  Апошні з кампаніі, літаратурны крытык і магільшчык пакаленьня Эрнэста Чарвякевіч, тым часам нервова паціраў унутры свайго загарэлага цела чорнымі ныркамі ў прадчуваньні эпахальнага бухача.

Выйшаўшы на станцыі, банда ўдыхнула сьвежы водар буслоў і чужых бацькоўскіх хат. Смачна сплюнула сабе пад ногі. Пасля чаго затарылася духапад'ёмным пойлам, саданула грамаў па 300 і ўзьнёсла папаўзла ў бок лецішча.

Сямён Плюсік любіў гасьцей больш, чым маму. Хаця не, ня больш. Бо мама ў гэтым сьвеце таксама госьць. Праўда такі, што нават на той сьвет не пусьціла б сваё дзіця не паеўшым і бяз шапкі. Вечарамі Сямён часта сядзеў каля англійскага каміна пад клятчастым англійскім пледам, курыў каланіяльную люльку са слановай косткі і перакладаў вершы амерыканскіх распізьдзяяў, якія, будзь яны побач, зусунулі б яму ўсе гэтыя прадметы ў сраку.

Ня буду доўга мусоліць. Скажу адразу – напіліся ўсе хутка. Прычым не ў гаўно і не ў сані, не ў цыцу і не ў сраку, а яшчэ горш – да літаратурных дыскусій.

– А я, бляць, так скажу: слова, сука, пайшло ад Бога, - крычаў Траўкін, выпіваючы і закусваючы пятрушкай.

– А вы чулі, – перабіваў яго Андрон Кох, –  што Алесь Бязмылаўлезь атрымаў прэмію ад прэзідэнта за раман пра Трактармэна, які вывеў у лабараторыі армію зомбі-камбайнёраў і уступіў у планетарную бітву са Злом?  У фінале яны засейваюць усю планету хлебам і атрымліваюць граматы з ключамі ад двухпакаёвай кватэры.

Карацей, вось такую хуйню малолі госьці Плюсіка, пакуль слова ня ўзяў Эрнэста. Загадаўшы заваліць усім лычы, ён дастаў з торбы нейкі сшытачак і заявіў:

– Глядзіце, што я спізьдзіў з музею Багдановіча! Інтымны дзёньнік нашага геніяльнага класіка!

У памяшканьні стала ціха, як у літаратурным жыцьці Жабінкоўскага і Жлобінскага раёнаў разам узятых. Хаця не, ёсьць яшчэ Брагінскі: там наогул пізьдзец, а не жыцьцё.

– Зараз чытанём! – эфектна прамовіў Эрнэста, багемна матлянуў галавой і ляснуўся патыліцай аб шафу.

Усе сядзелі і думалі: "Во, зараз і наша класіка страціць цноту. А то што: Шэксьпір ябаўся, Гётэ суваў налева і направа, Гамер хоць і ня бачыў каго і куды, але таксама трымаў жыцьцё за ягадзіцы. А наш родны геній, Максім Багдановіч, малады і поўны сокаў – калі паслухаць філолагаў, то і пісюна ня меў. А на самой жа справе ў яго стопудова былі і санэты, і мінеты, і рандо, і першы гандон".

Толькі Эрнэста адкрыў дзёньнік і пачаў чытаць: "Дарагая Эльвіра, мой паравозік сумуе па тваім дэпо…", як са сшытка выпала пажаўцелая ад часу закладка.

"Загадай адно жаданьне. Бо споўніцца толькі адно! Не два, не пяць, не восем, а адно!", - прачытаў Эрнэста надпіс на паперцы.

Люда Вушкіна жыла выключна жаданьнямі. Як перспектыўная паэтэса, аўтарка першай у айчыннай літаратуры нудысцкай паэмы "А вось і я", дзяўчына хацела славы і памятніка ў граніце. Але пакуль што дабілася толькі ўвагі Міраслава Альбертавіча, дырэктара андэграўднага выдавецтва "Хуй вам і нам". Пачуўшы пра жаданьне, Люда тут жа машынальна загадала ўбачыцца са сваім кумірам Оскарам Уайльдам.

Дзьверы адчыніліся і пакой зайшоў малады англічанін. Люда толькі і змагла вымавіць:

– Ой, бляць, здрасьце.

– Лондан із э кэпітал ов Грэйт Брітан. Пут ё фінгер он май маўс. Ху із он дзьюці тудэй? – адказаў Уайльд. Пасля чаго падышоў да сьцяны і пачаў зь любоўю разглядаць партрэт прэзідэнта.

– Ого, я таксама так хачу! – выпаліў Андрон Кох і тут жа выклікаў Мао Цзэдуна, чый томік даўно трымаў пад падушкай.

Славаміру Траўкіну, які апошнім часам перажываў глыбокую дэпрэсію, захацелася пагутарыць з Зігмундам Фройдам. Той з'явіўся з наборам бананаў і алюміневай раскладушкай, на якую тут жа паклаў Траўкіна і ўступіў з ім у псіхалагічны кантакт.

А вось Марго з Ларысай зрабілі ход канём і хорам падумалі пра цэлы аўтобус бітнікаў. Тут жа пад домам пачулася бібіканьне і ў хату ўваліліся валасатыя распізьдзяі. А ў руках у кожнага – па чамадану ЛСД. Дзеўкі тут жа згадалі старую бабуліну прыпеўку:

Коцік-наркоцік,
лезь хучэй у роцік –
буду адрывацца,
па зямлі качацца.

Вельмі хутка Марго з Ларысай былі ўжо на нейкім сваім паралельным лецішчы і ні грама не ўдуплялі, што адбываецца навокал.

Сямён Плюсік з дзяцінства меў рамантычную фантазію пра сэкс з Жанай Д'Арк, таму праз хвіліну гэтая гарачая француская жэншчына ўжо стаяла на парозе і круціла галавой з крыкам:

– Што за хуйня? Дзе мая армія, дзе мой конь?

– Цяпер я ваш конь! – сьмела заявіў Сямён, адхлябнуўшы бухла з пляшкі і стаючы на карачкі.

Д'Арк, як жанчына без лішніх забабонаў, скочыла на хлопца і той павёз сваю платанічную любоў у спальню.

Эрнэста Чарвякевіч думаў доўга. І ўрэшце вызваў сабе – не, не Чэ Гевару, як вы падумалі – а легендарнага першадрукара Гутэнберга. Прычым ён сам ня ведаў, на халеру яму патрэбны гэты немец. Што паробіш, крытыкі – людзі з доўгімі думкамі і кароткім мозгам.

Тым часам Жанна Д'Арк з Плюсікам распалілі агонь каханьня настолькі, што ад іх крыкаў вялікі Мао выпаліў па-кітайску:

– От жэж, хунвэйбінаў бы на вас, курвы!

На лецішча тут жа ўляцела банда маладых кітайскіх рэвалюцыянераў, заскочыла ў спальню і пачала пізьдзіць жалезнымі прэнтамі голую парачку.

– Пізьдзец! – прароча ўздыхнуў Траўкін.

Як вядома, прарокі любяць казаць ніпрашто, але лаканічна і з туманам, каб іх не назвалі піздаболамі, не надавалі па гармошцы і не набілі гудок. А Траўкін ня любіў рукапрыкладства з часоў, калі ў дзіцячым садку выхавацелька, як шашкай, з кавалерыйскім размахам біла яго па галаве начным гаршчком. Таму, каб зваліць адсюль, Славамір павабіў пальчыкам Фройда, і яны выйшлі пасцаць у двор пад старую ліпу, якую пасадзілі гадоў 60 назад піянеры, бо ім нехуй было рабіць. На начным небе гарэла сузор'е Цыркуля.

– Часам Цыркуль – гэта проста Цыркуль, малады чалавек, - па-філасофску заўважыў Фройд.

– Часам пасцаць з геніем карысней, чым закончыць універ, - падумаў Траўкін.

Калі яны вярнуліся назад у дом, то там ужо гудзеў цэлы натоўп. Прасёкшы фішку, усе гэтыя персанажы паназагадвалі сабе такіх жаданьняў, што проста сядзі і дудзі. Напрыклад, усё-такі нехта выклікаў Чэ Гевару, які прыпёрся з патэфонам. З пласьцінкі руская баба праціўным голасам выводзіла: "Пооооле, русссскае поооолее…". Чэ Гевару растрывожыў шызафрэнічны песенны дыялог рускага чалавека з некалькімі гектарамі чарназёма. Адчуўшы сябе тонкім рускім каласком, ён расплакаўся. Скупая мужчынская рука рэвалюцыянера ад хваляваньня стала вільготнай, як клімат у балівійскіх джунглях. Соплі яго сталі густыя, як бровы ў мурманскіх старавераў.

У гэты момант да Эрнэста падскочыла тульскі культуртрэгер, дырэктар фонду "Хахлама без цэнзуры" Пелагія фон Матрошкіна. Яна ўжо хвілін дваццаць бегала і заёбвала ўсіх зборам подпісаў супраць забароны выданьня 3D-кнігі легенды сібірскага дысідэнцкага руху Дрэвалюба Бездарогіна "Расія пад самаварным чобатам: гісторыя дзяржавы ад бізуна да перніка".

– Ці любіце вы імперыю, як люблю яе я? – спытала жанчына ў Чэ Гевары.

На старажытнакубінскай мове "імперыя" азначае "ідзі на хуй". Таму Чэ Гевара, падумаўшы, што яго паслалі,  тут жа барсануў беспардоннай матроне кулаком у яе рэтраграднае вуха і выкінуў у акно.

Побач стаяў Гітлер з пляшкай настойкі "Брэсцкая крэпасьць" і вёў размову з Уайльдам.

– Ах, паглядзіце ў гэтае разбітае акно! Заўважце, як высокадухоўна ляціць клін журавоў над гэтай варварскай зямлёй! – закаціўшы вочы, мармытаў нізкарослы нямецкі рэфарматар у пупок англійскаму гею.

– Я даўно заўважыў, што пра высокае любяць разважаць тыя, хто ня еў кашы ў дзяцінстве, - парыраваў Уайльд.

Відаць, перад тым Гітлер не загадваў свайго жаданьня. Бо тут жа ў пакой на матацыкле з каляскай заехала тройца эсэсаўцаў, скруціла англічаніна і павяла на расстрэл. Дзед Талаш, які непрыкметна стаяў у кутку і паліў махорку, выйшаў за фашыстамі сьледам…

Тым часам на верандзе жыцьцё таксама кіпела. У шэзлонгу валетам ляжалі Янка Купала і Якуб Колас і спрачаліся, хто зь іх Купала, а хто Колас. На парэнчах, зьвесіўшы голыя ногі, сядзела Астрыд Ліндгрэн і вяла сьвецкую размову са Сьцяпанам Бандэрам пра тое, як правільна выхоўваць дзяцей. Пісьменьніца рэзонна заяўляла, што ўсіх дарослых трэба пасылаць нахуй. А Сьцяпан Андрэевіч даказваў, што ня ўсіх, а толькі камуністаў, і не нахуй, а на той сьвет. 

На сьцяне вісела радыё, па якім гучала радыёпастаноўка для дзяцей па творах маркіза дэ Сада. Побач, яшчэ цёплы, ляжаў труп Сталіна. Гэта надавала тварам усіх прысутных дадатковую нотку радасьці і веры ў будучыню. За выключэньнем хіба што Мао Цзэдуна, які са сваімі хунвэйбінамі толькі што граматна атрымаў па шчах ад вясёлых эсэсаўцаў.

Сонца, як некалі заходняя цывілізацыя, кацілася ўніз. Маладыя літаратары, сабраўшыся за сталом, сядзелі і пілі самагон з Гутэнбергам, Францыскам Скарынам і Іванам Фёдаравым. Скарына расказваў, як пачынаў сваю кар'еру з выданьня парнаграфічных раманаў, якія прадаваў пад відам берасьцяных грамат розным пузатым бюргерам, блядавітым баярыням і прышчавым манахам. Гутэнберг прызнаўся, што кнігадрукаваньне ён ніхуя не прыдумваў, а купіў усе чарцяжы за пляшку шнапса у іншапланецян. Фёдараў маўчаў. І правільна рабіў, бо з такім прозьвішчам сказаць нешта разумнае і цікавае немагчыма.

Тым часам у іншым канцы дома эсэсаўцы вырашылі даябацца да выкліканага кімсьці Ісуса. Месія выклікаў на дапамогу Спартака. Яшчэ трохі, і тут былі б усе 300 спартанцаў. Але раптам зьніадкуль зьявіўся Максім Багдановіч. Ён інтэлігентна паглядзеў на ўсіх як на гаўно, нават на Купалу з Коласам. Вытрымаў паўзу і сказаў:

–  А я ж хацеў, каб краса уратавала сьвет, а ў выніку яна напладзіла купу даўбаёбаў.

Пасля чаго шчоўкнуў пальцамі, і ўся шобла феерычных персанажаў зьнікла. І сам Максім таксама.

На неба выплыў месяц – белы, як ногі эскімоса. Члены літаратурна-сьвінгерскай групіроўкі "Вясёлка" дапівалі самагон і маўчалі.

– Жыцьцё ніколі ўжо ня будзе ранейшым, – нарэшце з жахам прашаптала Люда Вушкіна.

На даляглядзе шумеў цёмны бор. Зоркі, як і ўвесь сьвет, ляцелі ў пізду.