Замах

проза, беларуская мова

(завязка раману)

Ціхану Чарнякевічу

1.

Надвячоркам чатырнаццатага дня вясновага месяца нісана таёты ў прыёмную канцылярыю галоўнай рэдакцыі найбуйнейшага партыйнага выданьня «Фолькішэ Бэобахтэр» роўным вайсковым крокам увайшоў ня так даўно йменаваны обэрштурмфюрэрам СС Макс Ота фон Ш.

Сакратарка, русявая нацыстачка ў самым апагеі рэпрадукцыйнага веку, з амаль фізычным намаганьнем узьняла доўгія нафарбаваныя вейкі й абдала обэрштурмфюрэра найсэксапільнейшым поглядам, на які была толькі здольная пасьля доўгіх месяцаў трэніровак.

-Зяхай! – прывітаў яе обэрштурмфюрэр зычліва, як вітаюць толькі раўналетак, і – крыху разьвязна, па-панібрацку – ускінуў здаровую руку: паводле самога гэтага жэсту сакратарка здагадалася, што ён чалавек творчы. – Мне да галоўрэда.

-У якім пытаньні, партайгеносэ? – заміргала вачанятамі нацыстачка, загароджваючы буйным бюстам недачытаны артыкул у часопісе «Жанчына і Райх».      

Фон Ш. не любіў марнаваць часу і ашчаджаў словы, таму замест адказу грукнуў ёй на стол крыху пакамячаны стос машынапісных аркушаў, быццам той быў падборкай казырных картаў – так званай нябіткай.

-Ой, што гэта? Рукапіс? – удавана зьдзівілася сакратарка, какетліва пляснуўшы рукамі. – Няўжо самі напісалі?

Фон Ш. было не да флірту, таму ён толькі кіўнуў перавязанай галавой, рэзка апусьціўшы і ўзьняўшы вострае падбародзьдзе, чым нападобіў рух кампосьцера ці дзіракола.

-«Макс Ота фон Ш.»... – уголас прачытала сакратарка на першай старонцы, як на культурную працаўніцу дык неяк надта павольна. – Гэта псэўданім?

Абураны обэрштурмфюрэр, прадстаўнік ужо другой генэрацыі нацыстаў і трэцяй графаманаў, захацеў на гэтым месцы прачытаць ёй кароткую генэалягічную лекцыю, але стрымаўся і толькі адмоўна хітануў галавой, зноў ледзь стрымаўшыся, каб не закрычаць ад болю: пасьля кантузіі яму раілі не рабіць рэзкіх рухаў, але ён пра гэта чамусьці ўвесь час забываўся.

-Шкада, бо вельмі добра гучыць для псэўданіму... Такога не прыдумаеш! А вось як сапраўднае імя – так сабе, банальшчына... Я чамусьці такога ніколі раней ня чула... А вы да нас з фронту? – задала яшчэ адно лішняе пытаньне сакратарка, з усё большай цікаўнасьцю ўзіраючыся ў обэрштурмфюрэрава аблічча. Той зноў кіўнуў галавой і на пару сантымэтраў прыўзьняў абматаную бінтам лявіцу на чорнай падвязцы, што зьвісала зь ягонай шыі замест цяжкога жалезнага крыжа. Здавалася, такая маўклівая сьціпласьць героя, як і адсутнасьць згаданага крыжа, сакратарку не натхніла, а расчаравала:

-Дык значыць, зноў акопная праўда... – уздыхнула яна знаўскім тонам, амаль шкадуючы наведніка. – Баюся, што ў вас яе ня прымуць... Нам цяпер патрэбна нешта больш аптымістычнае... Нават ідэалістычнае... – Тут яна зноў перайшла на какетліва-сяброўскі спагадны тон: – А вы для пачатку ў «Дэр Ангрыф» аднесьці не спрабавалі?

-«Дэр Ангрыф» чытаюць толькі разбэшчаныя эстэты, – адрэзаў обэрштурмфюрэр, у якога акурат пачала сьвярбець параненая левая рука і паміргваць правае вока.

Сакратарка зьняважана паціснула плячыма: вось яна, людзкая няўдзячнасьць, дый на ейную арыйскую зьнешнасьць обэрштурмфюрэр ня тое што не запаў, а зусім не адрэагаваў – мо яны ў СС і праўда спрэс “швуле”? З дапытлівасьцю школьнай настаўніцы яна пачала ўзірацца ў рукапіс, каб нейкім чынам адпомсьціць за ўсё вышэйзгаданае аўтару. Адпаведная зачэпка знайшлася тут жа на першай старонцы:

-«Пе-ра-клад»?! – голасна вымавіла нацыстачка па складах. – Ну вы даяце, партайгеносэ! А яшчэ эсэсавец! Хіба вы ня ведаеце, што пераклады ў нас друкуюцца ў «Дас Шварцэ Корпс»? І чаму не пазначылі, адкуль аўтар – з валёнскай дывізіі? Ці можа зь “Сіняй”?

Макс Ота фон Ш. адчуў, як з-пад бінта на ягоным ілбе адна за адной праступаюць кроплі халоднага поту, бы зоркі ў небе мітычнай Гіпэрбарэі.

-Гэта не пераклад, гэта такі стылістычны прыём, – выдыхнуў ён празь сілу, ужо няздольны вытрымліваць інтэлектуальнай абмежаванасьці гэтай фройляйн. – Гэта нібыта пераклад. Твор арыгінальны. Пад пераклад ён толькі замаскаваны...

Фройляйн ужо і сапраўды зусім нічога не разумела. Што значыць замаскаваны? Гэта што – нейкі дэгенэратыўны постмадэрнізм? У самым сэрцы нацыянал-сацыялістычнага друку? Ейны блакітны погляд пахаладзеў. Баявыя раненьні обэрштурмфюрэра цяпер ужо здаваліся ёй не прыкметай гераічнай юначай дурасьці, а праявай тонкага дэзэртырскага разьліку, прасьцей кажучы – самастрэлу. Ейная рука амаль аўтаматычна пацягнулася да тэлефону. На жаль, на тым канцы лініі было занята: галоўрэд, відаць, зноў калякаў з Ваўчыным логавам.

-А вы наагул школу пісьменьніка пры Гітлер-Югендзе праходзілі? – знайшлася сакратарка, пільна ўзіраючыся ў не зусім каб арыйскія рысы нецярплівага нахабніка. – Беларасісцкі факультэт пры міністэрстве прапаганды заканчвалі? Калі так, то ў якім годзе? Нешта я вас, прызнаюся, не прыгадваю...

-Зяхай! – зноў пачула яна, але гэтым разам не ад обэрштурмфюрэра, а ад крыху старэйшага за яго афіцэра Вэркмахту, што невядома адкуль зьявіўся за ягонай сьпінай. Сакратарка ажно падскочыла.
-Зяхай! Гер галоўрэд у сябе, размаўляе па тэлефоне!
-Ды вы сядзіце, – ласкава папрасіў яе афіцэр. – Што ў вас тут за праблема?
-Тут партайгеносэ з фронту... – нечакана сумелася працёртая й нібыта звыклая да ўсяго рэдакцыйная сэкс-бомба, – прынёс нефарматны рукапіс...
-Не хвалюйцеся, ён са мной, – сказаў афіцэр і падміргнуў фон Ш. правым вокам – левага ў яго не было. – Хадземце, геносэ.

Фон Ш. здаровай рукою падабраў са стала свае аркушы, на момант зноў агаліўшы «Жанчыну і Райх», і пераможным вайсковым крокам рушыў за афіцэрам, чый твар быў яму аднекуль знаёмы.

2.

Яшчэ на парозе кабінэту Макс Ота фон Ш. хацеў прашаптаць афіцэру словы таварыскай падзякі, але той, адгадаўшы ягоны намер, з апярэджаньнем прыклаў да вуснаў палец у чорнай пальчатцы і паказаў вокам углыб памяшканьня. Тое аказалася нашмат прасторнейшым, чым уяўляў сабе фон Ш., і было больш падобнае да залі вялікай піўной, чым да кабінэту. Галоўрэд у ім сядзеў далёка, і далёка не адзін: абапал ягонага стала ў двух шэрагах стаялі крэслы, на якіх расьселася агулам чалавек сто, і ў іх фон Ш. адразу ж пазнаў самую квецень нацыянальнага й сацыялістычнага пісьменства. Во дык патрапіў! У яго зьявілася адчуваньне, што ягоны літаратурны дэбют удаўся. Перадусім, вядома, дзякуючы спагаднаму калегу-калеку: ня мог жа ён, фон Ш., сур'ёзна спадзявацца, што штабная пацучыха-сакратарка, якая нюхала замест пораху трафэйную францускую парфуму, паставіцца да яго з паразуменьнем!

Галоўрэдам «Фолькішэ Бэобахтэра» быў сам Марцін Борман – аўтар некалькіх невершаваных кніг нявызначанага жанру і многіх характарыстык на сваіх аднапартыйцаў. Фон Ш. пазнаў яго адразу паводле блуклівага вадзяністага погляду, якім Борман абвалокваў прысутных, яднаючы іх у адзіную вязкую масу. Гэтаксама і нягучны голас старшыні, здавалася, меў на прысутных узьдзеяньне папросту гіпнатычнае – ведама ж, жывы клясык! Угледзеўшы ля дзьвярэй пару спазьненцаў, ён вачыма загадаў ім сесьці, і фон Ш. з аднавокім афіцэрам занялі апошнія вольныя крэслы на бліжэйшым да дзьвярэй канцы правага шэрагу.

-Рэдакцыйная нарада? – шэптам пацікавіўся наш навічок у свайго старэйшага калегі.
-Паседжаньне сакратарыяту НСРНП, – кінуў яму афіцэр. – Іншага памяшканьня для сходу не знайшлі. 

-На парадку дня ў нас тры пункты, – глуха прабубніў старшыня. – Пачнем зь першага: фюрэр дасылае нашаму сходу свае самыя цёплыя вітаньні. Зяхаць ня трэба... Таксама фюрэр пытаецца, ці напісаў ужо хтосьці, як ён кагадзе і прасіў, “Вайну і мір”... эээ, выбачайце, “Песьню пра Нібэлунгаў”...

Твары прысутных, наколькі мог бачыць фон Ш., зрабіліся яшчэ больш каменнымі, чым дагэтуль: толькі некаторыя зь іх сарамліва апусьцілі вочы, а яшчэ некаторыя закацілі іх угару.

-Усё ясна, – працягваў Борман. – Наступным разам пачну расстрэльваць. Пяройдзем тады да другога пункту. (Па залі пранёсься амаль бязгучны супольны выдых палёгкі, хоць кожны з прысутных імкнуўся, як мог, яго затаіць.) Другім пунктам у нас барацьба з ідышызацыяй. Як вы ведаеце, нягледзячы на ўсенародны размах кампаніі “Мова і глеба”, усё болей нашых маладых аўтараў пачынае пісаць на ідышы. Які, нагадаю, ёсьць толькі здэгенэраваным дыялектам нашага матчынага вяліканямецкага хохдойчу. Дайшло да таго, што каторы год запар на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры ад Райху намінуецца нейкая Ганна Франк, чые паклёпніцкія кнігі носяць выразна антынямецкі характар. Вядома, мы ўжо перамовілі з швэдзкімі таварышамі на гэтую тэму. Тым ня менш, на просьбу доктара Гёбэльса сакратарыят ад імя партыі павінен прыняць асобную заяву ў гэтым пытаньні. Тэксту заявы зачытваць ня буду, бо ён яшчэ не падрыхтаваны. Хто за тое, каб яго ўхваліць, прашу галасаваць.

Меркаваньне прысутных на гэты конт было аднагалосным, як і наконт “Нібэлунгаў”. Фон Ш. не чытаў Ганны Франк, але адчуў, як ягоная здаровая рука нібы самахоць пнецца ўгару – гэта ягоны добразычлівы сусед падняў яе адначасова са сваёй (замест другой рукі ў яго быў пратэз).

-Ня сьпеце, – прашаптаў ён на вуха фон Ш., – а то расстраляюць.

-Дзякуй усім за гэтую красамоўную праяву праўдзівай арыйскай салідарнасьці, – няўзрушана падсумаваў Борман, нават не зірнуўшы ў залю: падлік галасоў нікога ў Райху даўно не цікавіў. – Ну і нарэшце да трэцяга пункту. Варта вызначыцца, каму мы сёлета ўручым прэмію “Ваявода года”. У мяне тут пазначаныя дзьве кандыдатуры: Ромэль і Гудэрыян. Абодва адсутныя, выступаюць недзе ў баявых частках – таму можаце выказвацца сьмела...

Тут левае крыло прысутных у адзін голас зараўло “Ромэлю!”, а правае (да якога воляю выпадку належалі і фон Ш. з суседам) – “Гудэрыяну!”: вось жа, зацеміў сабе фон Ш., чальцы сакратарыяту загадзя расьселіся паводле сваіх густаў. Падставы перасаджвацца ў яго не зьявілася: да Ромэля з Гудэрыянам ён ставіўся, як Швайцарыя да ўсясьветнай вайны.

На заклік старшыні пачаліся надзіва зьмястоўныя спрэчкі: “Ну што такога ўжо зрабіў для Райху ваш Гудэрыян! Аблажаўся на ўсходнім фронце! Ды яшчэ й самога Ніцшэ нядаўна аблаяў!” “А ваш Ромэль яшчэ да вайны выдаў падручнік па вайсковай тактыцы на ідышы!” “Гэта было даўно і няпраўда! Затое ён вядомы на захадзе, ягоныя інструкцыі чытаюць па ўсім Атлянтычным вале!” “Шайзэ гэты ваш Ромэль! Здраднік! Гнілы постмадэрн! Цяпер так даўно не ваююць!” “А ваш Гудэрыян прапануе перайменаваць Вэркмахт на Шмэрцвэркмахт! Паражэнец!” – і г.д.

-Паслухайце, а якая розьніца, хто стане “Ваяводам года”? – наіўна пацікавіўся фон Ш. у аднавокага з пратэзам.
-Пераможца будзе прадстаўляць Райх на мірнай канфэрэнцыі ў Жэнэве, – патлумачыў той. – А там ёсьць шанец атрымаць прэмію швайцарскіх кнігавыдаўцоў. У сапраўдных швайцарскіх франках. Райху цяпер як ніколі патрэбная валюта.

-Што ж, бачу, меркаваньні падзяліліся... – уздыхнуў Борман пасьля таго, як важкія аргумэнты ў абодвух бакоў залі скончыліся. – У такім разе прапаную саламо... то бок кампраміс: уручыць прэмію райхсмаршалу Гёрынгу.          
-Ну вось... – незадаволена забухцела заля. – Зноў Гёрынгу... Каторы год запар... Пры тым што наша Люфтвафэ даўно ніякіх перамог не атрымлівала... Няўжо яму і так прэмій мала... У яго ж і без таго ўвесь пуп у мэдалях... Лепш ужо тады Гессу, ён таксама лётчык... Хоць у палоне надта не палятаеш...

-Хто сказаў “Гессу”? – ажно ня верылася, што Борман здолеў пачуць у тлуме галасоў гэтае прозьвішча. Фон Ш., у сваю чаргу, нягледзячы на кантузію, выразна пачуў, як рука старшыні пацягнулася да рэвальвэру. – Хай устане і здасьць зброю! – у запанавалай цішыні, аднак, ніхто не варухнуўся. – А заадно й партбілет! Скажыце яшчэ “Кляўсу Ману”! Ці адразу ўжо “Марлен Дытрых”! Мы здраднікам Бацькаўшчыны прэмій не даем! Кожны сапраўдны лётчык павінен ведаць, дзе ягоны родны аэрадром! І вяртацца на яго, як пчолка ў сваё гняздо! А ня так, як гэты ваш Гесс... Такім чынам, паўтараю: хто за тое, каб прысвоіць ганаровае званьне “Ваявода года” райхсмаршалу Гёрынгу, прашу галасаваць!

Урэшце, і гэтая пастанова была падтрыманая адзінадушна.

3. 

-Ну, як вам паседжаньне? – пацікавіўся ў фон Ш. ягоны новы знаёмец, як толькі яны апынуліся адны ў сьціпла асьветленай вуліцы: небясьпека хаўрусьніцкіх налётаў з кожным днём нарастала, нягледзячы на атрыманую Гёрынгам прэмію.

-Няблага, – схлусіў фон Ш. – Вось толькі шкадую, што з партайгеносэ старшынём так і не ўдалося пагаварыць... Не пасьпеў яму рукапіс пера...

-Выбачайце, я не прадставіўся – граф фон Штаўфэнбэрг, – перарваў яго афіцэр, падаючы нэафіту левую руку ў пальчатцы.

-Фон Штаўфэнбэрг! – ускрыкнуў маладзён, ледзь не забыўшыся паціснуць пальчатку, два пальцы якой былі пустыя. – Я думаю, адкуль мне ваш твар знаёмы! Для мяне такі гонар...

-А вашае імя?

-Макс Ота фон Ш.! – па-вайсковаму адсалютаваў Штаўфэнбэргу обэрштурмфюрэр. – Для вас – проста Макс...

-Бачыце, мы з вамі цёзкі, – усьміхнуўся Штаўфэнбэрг. – Вы “фон Ш.”, і я “фон Ш.”...

Яны нясьпешна рушылі па прыціхлай начной Унтэр-дэр-Ліндэ, не баючыся быць спыненымі патрулём, як два франтавікі і патрыёты. Зрэшты, патрулі самі ў гэты час недзе хаваліся ад дывэрсантаў і баевікоў антыфашысцкага супраціву.    

-Дык скажыце шчыра: чаго вы, уласна, у гэтым жыцьці дамагаецеся, малады чалавек? – пацікавіўся Штаўфэнбэрг.

-Ведаеце, я б хацеў стаць кінасцэнарыстам! – натхнёна прызнаўся фон Ш. – Каб фільм паводле маёй кнігі зьняў ня хто-небудзь, а сама Лені Рыфэншталь! Я на ёй вырас! Але каб яна мяне заўважыла, трэба ж друкавацца. Таму для пачатку я б хацеў гэты свой рукапіс выдаць – кніжкай, у бібліятэчцы “Бэобахтэра”...

Штаўфэнбэрг, які пачаў усьміхацца ўжо пасьля словаў “Лені Рыфэншталь”, тут зусім разрагатаўся.     

-Не крыўдуйце, але, бачу, вы сапраўды пачатковец, – сказаў ён урэшце, змахнуўшы пальчаткай сьлязу са здаровага вока. – Кніжкай! Выдаць! Вы спачатку ў самім “Бэобахтэры” надрукуйцеся... Тут нават заслужаныя нацысты, што яшчэ піўны путч памятаюць, гадамі ў чарзе стаяць, парогі абіваюць – а вы захацелі проста так, зь першага разу... Борман бы з вамі і размаўляць ня стаў.

-Ну, я чуў, што маладняку паўсюль у нас дарога, – паціснуў плячом фон Ш., крыху сумеўшыся. – Цяпер у Гітлер-Югендзе такая зьмена падрастае, што ого-го...

-Ну, вы ж ня ў Гітлер-Югендзе, – зацеміў Штаўфэнбэрг. – Да таго ж, як я разумею, вы нават не чалец партыі, хоць і эсэсавец...

-Кандыдат, – прызнаўся фон Ш. – Сам не разумею, як такое магчыма...

-Вось бачыце. Шараговы баец Вэркмахту. А такіх у нас – што тых графаманаў, асабліва сярод камісіяваных. Не пасьпеюць у шпіталь трапіць – кожнаму адразу карціць сваю акопную праўду да чытача данесьці... Шкада, што вы не пайшлі ў Люфтвафэ да Гёрынга – ён бы вам кніжачку забясьпечыў... Ці яшчэ лепей – да Дзёніца ў Крыгсмарынэ... Там у нас вечны недахоп таленавітай моладзі...

-Ат, не люблю я тэатру ваенна-марскіх дзеяньняў, – прызнаўся фон Ш. – Нават на моры ніколі ня быў. Баюся, на падводным чоўне я б доўга ня вытрымаў – кляўстрафобія ў мяне, ведаеце... Толькі прашу вас, нікому не кажыце... З той жа прычыны і лётчыкам ня стаў, хаця й імкнуўся – не ўзялі паводле стану здароўя. Так і напісалі: “Ня здольны да дальніх пералётаў і бамбардаваньня замежных аэрадромаў”... Давялося ісьці ў Вэркмахт дабраахвотнікам. Бо што за жыцьцё ў нас цяпер чалавеку без баявой славы...

-Дурасьць гэтая баявая слава, – астудзіў імпэт суразмоўцы Штаўфэнбэрг. – Вы лепш радуйцеся, што ў вас двое вачэй і абедзьве рукі, хоць адна і параненая. Вось з маімі трыма пальцамі шмат на друкарцы не нацюкаеш – даваяваўся... А такія творчыя пляны былі...

Фон Ш. сумеўся яшчэ болей: ён не чакаў ад вядомага героя такога пэсімізму.

-Сытуацыя ў нашым руху, я лічу, чым далей тым горшая, – працягваў Штаўфэнбэрг. – Вайну мы паціху прайграем – калі ўжо не прайгралі. Кіраваньне ваеннымі апэрацыямі – цалкам бяздарнае. Пры такім раскладзе ніякія геніяльныя творы ня здольныя ўжо абудзіць баявога духу... Ад роспачы людзі кідаюцца ў эзатэрыку – як прыкладам Розэнбэрг... Зрэшты, ужо прачытаўшы ягоны “Міт ХХ стагодзьдзя” можна было прадказаць, што ён гэтак скончыць... Чулі пра ягоны праект “Зэльбстшпрахэ”? Ну, вось вам яскравы прыклад марнаваньня інтэлектуальных высілкаў. А пры гэтым ён карыстаецца папулярнасьцю... Іншыя дык зусім пачынаюць вяртацца да “Футарку старога дзеда”... Як бачыце, з аднаго боку расьце радыкалізм, з другога – пэсімізм, зноў уздымаюць галаву левыя прыхільнікі братоў Штрасэраў... Наагул, інтэлектуальнае жыцьцё Райху зводзіцца да камэрных сходак партыйнага актыву, зьвязаных з прэзэнтацыяй якой-небудзь чарговай прапагандысцкай брашуры, пра якую забываюцца яшчэ раней, чым у ёй высыхае тыпаграфская фарба. І самае горшае, што між рознымі групоўкамі пануе трывалая варажнеча. Раней уся дзейнасьць па выкрыцьці замежных шпіёнаў, здраднікаў і графаманаў арганізавана вялася Гестапа пад кіраўніцтвам Мюлера. А цяпер ці ня кожны выдавецкі цэнтар, пра розныя віды войска ня кажучы, мае ўласную контравыдаведку. Тут вам і Абвэр, і СД, і служба Кальтэнсбрунэра... Бардак суцэльны. І кожны ваюе з кожным. Як у якой чыкагскай мафіі...  

“А як жа фюрэр?”, у роспачы думаў Макс. “Няўжо ён усяго гэтага ня бачыць, ня ведае? Дзе ягоная мудрасьць, клопат пра дабро нацыі? Вось бы трапіць да яго на прыём у Обэрзальцбэрг і шчыра выказацца пра ўсё набалелае... Ну так, на фронце пагаворваюць, што ён дыктатар і масавы забойца – але з другога боку, хіба ён не такі ж немец, як мы ўсе? Гамсуна ж ён прыняў, “Нібэлунгаў” чытаў... Чым я горшы... Ня ўсё ж благое ў гісторыі Нямеччыны зь ім зьвязана... Ці не павінна нацыя ў такія складаныя геапалітычныя часы зьяднацца вакол свайго правадыра?” Але гэтую ідэю ён чамусьці палічыў за лепшае пакінуць пры сабе, спытаўшыся толькі:

-А што б вы мне тады параілі рабіць у такой сытуацыі?

Штаўфэнбэрг зацягнуўся цыгарэтай, выдыхнуў, памаўчаў і ўрэшце прамовіў:

-Мэдыі, братка. Сродкі масавай прапаганды. Бязь іх у нас пісьменьнікамі ня робяцца.

-Гэта я і сам ведаю, таму й прыйшоў у рэдакцыю...

-Кіньце, друк – гэта ўчорашні дзень, – грэбліва адкінуў трафэйную цыгарэціну Штаўфэнбэрг. – Нават калі б вам выдалі кніжку, пра яе пасьля прэзэнтацыі адразу б забыліся. Ды яшчэ б самому фундаваць за яе давялося, а ў вас такіх грошай, думаю, няма. Я маю на ўвазе Новыя мэдыі, пра якія даўно вядуцца размовы ў кулюарах...

Макс тут жа згадаў нядаўнюю Гёбэльсаву прамову, дзе той пагражаў усяму сьвету чарговай нямецкай вынаходкай – нейкім электронным радыё з рысункамі, якое з дапамогаю тэлеграфнага дроту злучыць усе занятыя Вэркмахтам тэрыторыі й пранікне нават у тыл антынямецкай кааліцыі. Нібы прачытаўшы ягоныя думкі, Штаўфэнбэрг урэшце зьлітаваўся:

-Так і быць, напішу вам рэкамэндацыю да Гёбэльса, пакіну вось на гэтым адрасе ў вахторкі. Паспрабуйце ўладкавацца да яго ў міністэрства. Вяртацца на фронт вам усё адно ніякай рацыі няма, пасьля такіх раненьняў. А там – заведзяцё карысныя сувязі, і неўзабаве вас заўважаць, калі ня будзеце спаць у фуражку. Ну, то посьпехаў, – паляпаў ён Макса па плячы. – Рады быў пазнаёміцца. І, дарэчы, калі раптам у Гестапа спытаюцца – гэтай размовы між намі не было. Пратэкцыянізму апошнім часам у партыі ня церпяць – прынамсі, афіцыйна. А спатрэбіцца сустрэцца – шукаць мяне ня варта, калі што – я сам вас знайду.  

4.

Доктар Гёбэльс з вакна свайго міністэрскага кабінэту напружана ўзіраўся ў неба над Бэрлінам. Ягоны настрой спаборнічаў зь небам у пахмурнасьці, а погляд – у каламутнасьці. Прычынаю гэтага было ня толькі ўчорашняе сьвяткаваньне народзінаў ягонай каханкі Ліды Бааравай, але і агульная палітычная, эканамічная, ваенная й культурная сытуацыя Райху. Каторы год ён чакаў праўдзівых, а не прыдуманых ім самім зьвестак з франтоў пра якую-небудзь значную перамогу, ці прынамсі пра сьмерць Гітлера, наступнікам якога быў ня толькі афіцыйна прызначаны на сходзе нацыстаў сьвету, а ў глыбіні душы і спадзяваўся аднойчы стаць – марна. Баявыя лісткі пад ягоным кіраўніцтвам нязьменна пісалі пра гераічны супраціў на ўсіх кірунках, пра самаахвярнасьць шараговых патрыётаў, пра павелічэньне колькасьці байцоў Гітлер-Югенду, пра фармаваньне новых дывізіяў СС, пра толькі ім адным, нацыстам, вядомую зброю, што паверне хаду гісторыі да лепшага – але было такое адчуваньне, што ім ужо ніхто ня верыць, як і ён сам. У выніку Гёбэльс усё часьцей падумваў пра эміграцыю ў Паўднёвую Амэрыку, дзе на старасьць гадоў марыў заняцца ня фюрэрствам, а фэрмэрствам, як у дзяцінстве. З гэтай мэтай ён ужо нават патаемна падаў у бразільскую амбасаду дакумэнты на візу, але адказу пакуль не атрымаў.

Адзіным, у чым ён знаходзіў у апошні час суцяшэньне, была нават ня Ліда, а ягоная ўласная творчасьць. То ж бо сапраўднай ягонай марай было застацца ў гісторыі ня як геній прапаганды і памагаты ваеннага злачынцы, а як вялікі пісьменьнік, інжынэр чалавечых душаў, калі казаць словамі гэтага камуняцкага генія Сталіна. Во сказаў – як па мордзе даў! Гёбэльс ажно зайздросьціў, што ў ягоным уласным даробку не было падобных ёмістых афарызмаў, і нават той крылаты пра рэвальвэр і культуру ў сапраўднасьці належаў не яму, хоць ён і зарэгістраваў яго на сябе ў швайцарскім патэнтным бюро. Нягледзячы на ладны шэраг выдадзеных ім мастацкіх і публіцыстычных кніг розных жанраў, ад антыгэбрайскіх памфлетаў да мэмуараў, калегі па пяры ўспрымалі яго ня як інтэлектуала, якім ён у першую чаргу лічыў сам сябе (нездарма ж ён быў абараніў дыплём па гэтым камуняцкім Дастаеўскім!), а толькі як высокапастаўленага службоўца, якога час ад часу ільга было раскруціць на грашовую падтрымку, камандзіровачны аўсвайс, запрашэньне запісацца на Рундфунке або згуляць галоўную ролю ў кіно... Вось і сёньня з раніцы яму не давалі спакою сваімі званкамі прыхільнікі – толькі не ягоныя, а зь лягераў Гудэрыяна і Ромэля, патрабуючы ад яго мэдыйнай падтрымкі некаторага з двух фаварытаў на прэмію “Ваявода года”... Быццам бы ён іх і так мала прасоўваў, рэгулярна даючы ў друк і ў эфір як камандзірскія ўспаміны Ромэля, так франтавыя дзёньнікі Гудэрыяна, прычым прыблізна ў роўных дозах, каб яго не западозрылі ў неаб’ектыўнасьці ў дачыненьні да некаторай з груповак... Наагул, каб была ягоная, Гёбэльсава, воля, ён з раніцы да вечара круціў бы па ўсіх каналах выключна сябе самога, плынь уласнай сьвядомасьці ў жывой трансьляцыі – але ж яму нельга, ён на адказнай пасадзе, Крупп пасьля спытае, на што грошы выкінуў... У выніку, ягонай кандыдатуры на сёлетнюю прэмію нават не разглядалася – маўляў, яго нельга лічыць у строгім сэнсе слова ваяводам, пры тым што ён ужо колькі гадоў запар фактычна сам вядзе адну вялікую й надзвычай важную вайну – інфармацыйную... Але самае горшае, што прэмію сёлета зноў пастанавілі даць гэтаму швэдзкаму выскачку Гёрынгу за ягоныя нашумелыя, ня без спрыяньня міністэрства прапаганды, вядома ж, “Прамовы на вучэньнях Люфтвафэ”... Можна падумаць, Гёрынгу і так мала ўзнагародаў, міністэрстваў і старшыняваньня ў Райхстагу... Натуральна, пра тое, што ляўрэат прэміі ўжо вызначаны, шараговыя ёлупы ведаць ня могуць, вось і дураць зраньня мазгі сваймі тэлефоннымі званкамі... І навошта ж абвяшчалі гэтае народнае галасаваньне...

Доктар Гёбэльс скрушна ўздыхнуў і зноў сеў за працоўны стол рэдагаваць свой сьпіс жыцьцёва важных для Райху працаўнікоў нямецкай культуры. Аднак не пасьпеў ён насьлініць алавік, каб выкрэсьліць пару-тройку прозьвішчаў загіблых на ўсходнім фронце геніяў, як тэлефон зноў пачаў заходзіцца звонам. Гэтым разам, на шчасьце, у слухаўцы азвалася сакратарка:

-Спадар доктар, да вас тут пацыент... то бок просьбіт. З рэкамэндацыйным лістом ад Штаўфэнбэрга. Можаце яго прыняць?

-Я, – млява вякнуў райхсміністар, хаваючы сакрэтны сьпіс у шуфляду з рэвальвэрам.

Увайшоў яшчэ малады, у руку й галаву паранены чалавек у званьні обэрштурмфюрэра СС, які прадставіўся як Макс Ота фон Ш. Гёбэльс гэтае імя ўжо недзе чуў, але ня мог прыгадаць, дзе. Ён коратка прабегся вачыма па Штаўфэнбэргавай цыдулцы, пасьля чаго папрасіў адэпта на працу ў ягоным міністэрстве расказаць пра сябе – то бок, на жаль, не пра яго, Гёбэльса, а пра самога адэпта. Той крыху замяўся, пачаў нешта мармытаць – але Гёбэльс усё адно ня слухаў, а хутчэй сканіраваў яго позіркам, не міргаючы, як сапраўдны гестапаўскі сьледчы: не, маладзёнаў выгляд, нягледзячы на франтавое калецтва, яму не падабаўся, было ў ім штосьці неарыйскае... І акцэнт ягоны быў якісьці ня той, да якога зь дзяцінства прызвычаіўся Гёбэльс, а нейкі іншы, дзіўны, ці ня з прыгукам ідышу... Шпіён? Толькі чый? На каго працуе? На Сталіна? Ну, гэта яшчэ паўбяды...  А вось што калі на Канарыса? Ці Кальтэнбрунэра? Мюлера? Бормана?.. Ат, усіх ворагаў і не пералічыш... Зрэшты, цяпер такі час, што кожны на некага працуе... Што ж, дам яму шанец, хай пакажа сябе – тут ён прынамсі будзе пад пільным доглядам стукачоў, дый ад ягонага доступу да нашай дэзынфармацыі вялікай шкоды ня будзе – наадварот...

-Добра, добра, – уголас сказаў Гёбэльс. – Прызнаюся, мяне ня проста ўразіць, але раз просіць сам Штаўфэнбэрг... Адным словам, для пачатку будзеце рэпарцёрам культурнай рубрыкі “Шцюрмэра”. Неўзабаве павінны абвясьціць пераможцу прэміі “Ваявода года”. У гэтай сувязі выданьню патрэбнае інтэрвію з райхсмаршалам Гёрынгам. Пасьлязаўтра, у дзень абвяшчэньня вынікаў прэміі, ён выступае ў Празе з нагоды сьвяткаваньня тысячагодзьдзя чэска-нямецкай культурнай еднасьці – паедзеце туды, зробіце рэпартаж, фатаграфіі, задасьцё колькі пытаньняў на ваш густ...           

-Спадару райхсміністар! – нечакана перабіў Гёбэльса – самога Гёбэльса! – гэты кавалак акопнага гарматнага мяса, гэты паскудны, сьмярдзючы вашыны корм! – Калі вы ўжо закранулі густ, то такая праца, па шчырасьці, не для мяне. Я б хутчэй пайшоў у публіцысты – дакладна ведаю, што паводле натуры я зусім не рэпарцёр...

-Гэта я вызначаю, хто тут рэпарцёр, а хто не, геносэ! – цяўкнуў на яго Гёбэльс. – Можаце ісьці!

Як толькі дзьверы за зьніякавелым обэрштурмфюрэрам зачыніліся, Гёбэльс кінуўся занатоўваць сваю перадапошнюю рэпліку – магчыма, акурат зь яе ў будучыні мог бы стаць афарызм? – пасьля чаго перачытаў яе некалькі разоў, уголас і пра сябе, паспрабаваў памяняць месцамі словы, але нешта яна, зараза, усё адно не хацела гучаць, як трэба, штосьці было ня тое, чагосьці ёй бракавала... Урэшце, ён скамячыў паперчыну, шпурнуў яе ў сьметніцу й вярнуўся да службовых абавязкаў.

5.

Папулярная праская піўная ў самым цэнтры Старога Места была ў той вечар яшчэ больш набітая, чым звычайна. Няма дзіва, бо паслухаць райхсмаршала Гёрынга сабралося ці ня ўсё нямецкае насельніцтва Залатога гораду – і гэта калі не лічыць заежджых гасьцей з Бэрліна і Мюнхэна. На шчасьце, месца хапіла ўсім, бо заўсёднікі з шэрагу здрадных чэхаў нямецкую акцыю традыцыйна праігнаравалі – такой бяды, у любым разе іх папрасілі б вызваліць памяшканьне для прадстаўнікоў абранай нацыі.

Неяк так зьбіраўся Макс Ота фон Ш. пачаць свой рэпартаж пра выступ Гёрынга і ягонай сьвіты. То бок, калі б была ягоная воля, ён пачаў бы яго зусім іначай, але ў “Шцюрмэры”, як і ў “Бэобахтэры”, існаваў свой стылістычны канон, што фармаваўся вякамі, ці не з часоў Гутэнбэрга, парушыць які азначала б дапусьціць падобнае дзяржаўнае злачынства, як даслаць матэрыял іншым правапісам або надрукаваць яго негатычным шрыфтам, а за такое Гестапа па галоўцы не пагладзіць. Згаданы канон Макс у думках акрэсьліваў для сябе як “магічны рэалізм”: паводле яго формулы, адбытыя падзеі трэба было ў мазгах падсумаваць, падзяліць на агульны назоўнік нацыянал-сацыялістычнай ідэалёгіі, памножыць на каэфіцыент аўтаравай фантазіі і ўзьвесьці ў ступень патрыятычна-велягорыстай рыторыкі – вынік вы бачылі. У сапраўднасьці, упрыгожаная з такой урачыстай нагоды нацысцкай сымболікай піўная мясьцілася зусім ня ў цэнтры, а на задворках сталіцы пратэктарату, і была далёка ня поўнай, пагатоў не набітай, дый за памяшканьне давялося сквапным чэскім гаспадарам заплаціць. Публіка была пераважна не зь мясцовай немчуры, а прыежджая, хутчэй нават наўмысна прывезеная: першыя шэрагі займалі некалькі дзяўчат-дабраахвотніц з праекту “Лебэнсборн”, каб райхсмаршалу было прыемна падчас і пасьля выступу; рэшту складалі выбітныя партыйцы, вэтэраны авіяцыі, Гёрынгавы калегі па сакрэтным таварыстве аматараў морфія з сваімі асабістымі сядзелкамі, ды яшчэ некалькі чэхаў-калябарантаў, пераапранутых судэцкімі немцамі. Фон Ш. адчуваў сябе ў гэтай кампаніі няёмка: па-першае, ён быў тут адзіны з Вэркмахту, а не зь Люфтвафэ, па-другое – адзіны рэпарцёр, ну і па-трэцяе – адзіны ў цывільным, як таго й вымагала ягоная новая праца, а не ў вышываным усімі сымбалямі і рэгаліямі Райху мундзіры.   

Гёрынг у той вечар, як заўжды пры сьвяточных нагодах, быў увесь у белым, чым ужо на першы погляд адрозьніваўся ад агульнай чорна-шэра-карычневай масы. Відаць было, што ён у гуморы, бо акурат даведаўся пра ўручэньне яму “Ваяводы”: нязмушана жартаваў, паляпваў дзяўчат па задніцах, а хлапцоў па галовах сваім маршальскім жазлом, фатаграфаваўся з прыхільнікамі, раздаваў ім аўтографы, а з пачаткам імпрэзы дык зусім разьняволіўся і пачаў іскрыць. Ягоная ўводная прамова (зь нізкі, адзначанай прэміяй) была настолькі дасьціпнай і баявой, быццам ён толькі што вылез з-за штурвала свайго ўлюбёнага кукурузьніка – хаця насамрэч сядзеў за ім апошні раз тады, калі кукурузьнікі былі яшчэ ў модзе. Посьпех быў, як заўжды, ашаламляльны. Усьлед за Гёрынгам па чарзе выступілі нядаўна падбітыя, але ж цудам ацалелыя маладыя асы Люфтвафэ, якія ўсе як адзін нападабнялі інтанацыю, жэсты, міміку і нават швэдзкі акцэнт свайго любага авіяміністра. Адзін з асаў быў ужо настолькі п’яны, што бегаў па залі, выпрастаўшы рукі ў бакі, і імітаваў самалёт.

-Ну, як вам культурная імпрэза? – раздалося над вухам фон Ш. ужо бадай традыцыйнае пытаньне, прамоўленае тым самым знаёмым голасам.      

-Штаўфэнбэрг! – не да канца паверыўшы вушам, узьняў вочы ад зямлі фон Ш., толькі каб зноў іх апусьціць, бо яму зрабілася сорамна за сябе. – Якім чынам вы тут апынуліся?

-Я ж казаў, што вас знайду, – усьміхнуўся Штаўфэнбэрг паловаю твару. – Чуў, вас уладкавалі ў “Шцюрмэр”.

-Ну так, – без імпэту пацьвердзіў фон Ш. – Прыпісалі да культурнай рубрыкі. Дзякуй вам шчыры, але...

-Але што?

-Але я адтуль сыходжу.

-А рэпартаж?

-Ат, – махнуў рукою обэрштурмфюрэр. – Ня будзе рэпартажу. Не маё гэта. Хай хто іншы робіць з Гёрынгам інтэрвію... Заўтра вяртаюся ў Бэрлін і звальняюся.

-Ну і куды вы пойдзеце?

-Папрашуся на кінастудыю, – ляпнуў фон Ш. першае, што прыйшло яму ў галаву. – Кім заўгодна – хоць асістэнтам, хоць вахторам... Буду прынамсі бліжэй да сваёй мэты. Зь пісанінаю завязаў.

-Гэта вы дарэмна, – пакруціў галавою Штаўфэнбэрг. – У друку вы маглі б быць вельмі карысны Райху. А так вы для яго, па сутнасьці, яшчэ нічога не зрабілі...

-А што Райх зрабіў для мяне? – абурыўся фон Ш. – Калі не лічыць раненьня ў галаву?

-Ну, ён жа, спадзяюся, усё яшчэ для вас дарагі – прынамсі, даражэйшы за фюрэра...

Фон Ш. ведаў, што, гаворачы “фюрэр”, Штаўфэнбэрг мае на ўвазе партыю.

-Гэта так, – прызнаўся гора-рэпарцёр, – хаця і ў мяне часам бывае думка перасяліцца ў якую нэўтральную краіну, кшталту Швайцарыі ці Швэцыі...

-Ад Райху не ўцячэш, – строга заўважыў Штаўфэнбэрг. – Ён паўсюль, дзе гучыць жывое нямецкае слова. На жаль. Таму, братка, іншага выйсьця ў вас няма, як яшчэ крышку папрацаваць на Фатэрлянд... Вось, трымайце, – і ён працягнуў фон Ш. невялікі запячатаны канвэрт.

-Што тут? – амаль абыякава спытаўся фон Ш., мары якога раставалі ў яго на вачах.

-Два дакумэнты. Першы – вашае інтэрвію з Гёрынгам... – фон Ш. зноў ажывіўся, але выгляду, як чалавек нардычнага тыпу, не падаў, толькі вочы палезьлі ў яго на лоб у нямым зьдзіўленьні. – Ні пра што не пытайцеся, так трэба. І другі – нашмат больш важны. Не абы што, а мастацкі твор. Ананімны. Завецца “Замах”. Вы адправіцеся ў Бэрлін, аддасьцё тэкст інтэрвію ў рэдакцыю “Шцюрмэра”. Неўзабаве пойдзеце на падвышэньне – на Рундфунке. Там вашая задача зрабіць так, каб гэты твор прагучаў у эфіры ў ліпені гэтага году. Больш ад вас нічога не патрабуецца – астатняе даведаецеся самі... Але помніце, што калі пра твор заўчасна даведаецца Гестапа ці контравыдаведка – вам не паздаровіцца. Ну, посьпехаў. Машына да вакзалу чакае.

Тут за рогам і сапраўды завёўся й па-змоўніцку заракатаў фольксваген “Жук”.

-А вы хіба не ў Бэрлін? – пасьпеў яшчэ спытаць фон Ш. у Штаўфэнбэрга.

-Не, я пайду з Гёрынгам павітаюся, – падміргнуў яму той, як і ў вечар іхнага знаёмства, па-вайсковаму разьвярнуўся і закульгаў у накірунку піўной, насьвістваючы “Палёт Валькірыяў”.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

— Хто, Гегемонавіч? — пацікавіўся змрочны Мазгаўнюк.
— А хто ж яшчэ можа быць? Кум твой прыпісчаны, называецца кумандант горада! Трубу ў іх прарвала!
— Ізноў усё гаўном заплыве, — уздыхнуў Мазгаўнюк.
— Ды не — гэтым разам з вадою, птамаць... Ва ўсім горадзе вады ня будзе да панядзелку. Ні гарачай, ні халоднай. Балазе хоць сьнегу нападала.
— На тэрарыстаў сьпішам, — прапанаваў Мазгаўнюк.

Пераклад:
Макс Шчур

Адзіным абарончым сродкам ад страшыдла ёсьць піва ці мінэралка. Аднак Бонды забаронена піць мінэралку, каб не нашкодзіць свайму здароўю, як Пятак, што памёр, бо забыў апахмяліцца пасьля таго, як па ягоным ложку пачалі бегаць кнэдлікі, таму ў яго закалола ў пячонцы, ці мо настала сардэчная недастатковасьць, і праз тры дні ён спруціўся.

Пераклад:
Макс Шчур

Ідэя аповеду такая, што мужчына сядзіць на зялёнай канапе каля вакна, зь якога адкрываецца выгляд на парк, чытае раман, у якім жанчына ўпотайкі сустракаецца з каханкам, згаджаецца зь неабходнасьцю забіць свайго мужа, каб атрымаць свабоду, падымаецца па сходнях у пакой, дзе муж, седзячы на зялёнай канапе каля вакна, чытае раман…

Пераклад:
Макс Шчур

Я не хацеў, каб мяне будзіў нейкі чувак з горнам. Не хацеў спаць у казарме разам з кодлай здаровых апантаных сэксам і футболам адкормленых дасьціпных задрочаных мілых запалоханых расчырванелых бздлівых мамчыных сьціплых баскетбалістых амэрыканскіх хлопчыкаў, зь якімі мне давялося б паводзіцца па-сяброўску, бухаць на пабыўцы, ляжаць на сьпіне побач і выслухваць тузіны нясьмешных, плоскіх, пахабных анэкдотаў.