05.12.2017

Эмілі выдалі, Максіма пахрысьцяць

На пачатку сьнежня рэдакцыя «ЛітРАЖу» атрымала дзьве весткі зь дзьвюх розных друкарняў: адну добрую, другую яшчэ лепшую. Першая: Нацыянальная бібліятэка Чэхіі надрукавала ў сваім выдавецтве першае выбранае вершаў Максіма Багдановіча на чэскай мове пад назвай «Přetržený náhrdelník» («Парваныя пацеркі»). Другая: менскі выдавец Зьміцер Колас выпусьціў у сэрыі «Паэты плянэты» кніжку выбранага амэрыканскай паэткі Эмілі Дыкінсан.

Да абодвух выданьняў спрычыніліся аўтары «ЛітРАЖу», прычым большая частка твораў Дыкінсан упершыню пабачыла сьвет на нашым сайце! Такім чынам, мы можам сабой, як заўжды, ганарыцца.

Багдановіча па-чэску перастварылі Макс Шчур і Ян Фролік, Дыкінсан па-беларуску – Шчур, Хадановіч і Барадулін. Паводле непацьверджаных зьвестак, абодва выданьні прымеркаваныя да 40-годзьдзя біялягічнай дзейнасьці Шчура, але ён сам гэта катэгарычна абвяргае, бо нібыта «ня верыць у круглыя даты». Ага, так мы і паверылі.

Апроч згаданага перакладніка, Багдановіча з Дыкінсан яднае ня толькі выкшталцонасьць іхнай паэзіі, але й тое, што ў абаіх былі пэўныя праблемы ў стасунках з супрацьлеглым полам. Тым ня менш, любоўная лірыка абаіх належыць да найлепшага, што ўзьнікла ў гэтым жанры. Чаму так улаштаваны гэты сьвет, мы без паняцьця.

Паводле чэскіх літаратурных традыцый, кніжку, як і дзіця, належыць пахрысьціць. Такім чынам, хрост чэскага выданьня Багдановіча адбудзецца напярэдадні ягоных 126-х народзінаў, 8 сьнежня а 19:30 у новаадкрытай праскай чаёўні «MIST». У той жа дзень буддысты ўсяго сьвету адзначаюць Дзень Дхармы. Пагадзіцеся, што лепшай даты для хросту прыдумаць немагчыма.

Ці адбудзецца прэзэнтацыя кніжкі Дыкінсан у Менску, пакуль невядома.

На фота: Максім і Эмілі.