“Гедройц” у аўтара “ЛітРАЖу”!

Падпольныя букмэйкеры паціраюць рукі, збанкрутаваныя гэмблеры й іхныя дарадчыкі ўціраюць соплі. На тое, што сёлета прэмію Гедройца за беларускую прозу атрымае нейкі псэўдараман нікому не вядомага эмігранта родам зь Берасьця, не паставіў ніхто, і дарэмна. А вось рэдакцыя нашага часопісу была перакананая, што некаму з нашых чорных лашадак пашчасьціць: пасьля абвяшчэньня шорт-ліста нашыя шансы былі 2 да 6. http://www.litrazh.org/news/shesc-na-shesc

На жаль, Тані Скарынкінай скарыць сэрцы журы зь першага разу не ўдалося, у адрозьненьне ад Шчура, які ўдзельнічаў у “Гедройцы” ўжо другі раз. Кніга апавяданьняў “Ліст, знойдзены на папялішчы” дайшла ў 2012 г. толькі да лонг-ліста, раману “Завяршыць гештальт” праз чатыры гады пашанцавала болей.

Містыкі бачаць сакрэт посьпеху раману ў тым, што ў яго назьве ўтрыманыя дзьве літары “ш” (а не адна), зрэшшшты, як і ў прозьвішшшчы Шшшшчур. Кажуць, гэты гук мае магічнае ўзьдзеяньне на падсьвядомасьць нашшшшых крытыкаў. Усё магчыма. Прынамсі, больш праўдападобных тлумачэньняў мы яшчэ ня чулі.

Другую прэмію атрымаў А. Бахарэвіч зь “Белай мухай, забойцай мужчын” (ніводнай “ш”), а трэцюю – А. Адамовіч з сацрэалістычна-псыхадэлічнай аповесьцю “Таўсьціла і лешч” (адна “ш”), напісанай рыбацкім слэнгам за 10 дзён. Калі б містыкі мелі рацыю, то мусіла б быць наадварот. Шкадзец.

Нягледзячы на нечаканасьць вынікаў, клясычны бульбасрач, дзеля якога і ствараюцца літаратурныя прэміі, ці то ўжо аціх, ці то яшчэ не пачаўся. Мы бачым у гэтым умяшаньне лёсу пад выглядам Швэдзкай каралеўскай акадэміі, якая ўжо на наступны дзень абвясьціла пра ўганараваньне літаратурным Нобэлем Боба Дылана, што стала нашмат лепшай нагодай для згаданага бульбасрачу, бо Дылана ў Беларусі ведаюць усе. Праз гэта М. Шчур перадае асабіста Бобу свае гарачыя віншаваньні, а швэдам – самыя шчырыя падзякі. 

Сам раман-прэміянт і іншыя кнігі М. Шчура можна па-ранейшаму набыць на сайце “Электроннай кнігарні” http://kniharnia.by/authors/maks-shchur/    

На здымку: прымаць віншаваньні пад агонь зайздросных позіркаў замест аўтара выйшлі выдавец электроннай вэрсіі раману Андрэй Янушкевіч і тэхнічны кансультант Litrazh.org Кірыл Данько.