01.05.2017

Гедройц уваскрос? Сапраўды ўваскрос!

На злосьць прадказаньням-пажаданьням кінікаў-цынікаў, прэмія за найлепшую беларускую празаічную кнігу года працягне сваё існаваньне і сёлета. Дзякуй вам, спонсары! Сьпяшайцеся дасылаць свае леташнія шэдэўры, празаікі! Зайздросьцьце чорнай зайздрасьцю, драматургі, паэты і песеньнікі!

Ужо названае журы прэміі: у яго гэтым разам увайшлі тры “вічы” (Альгерд Бахарэвіч, Павал Касьцюкевіч, Ціхан Чарнякевіч,) дзьве “вы” (Раіса Баравікова і Алена Брава) і адзін “сюк” – польскі беларус Міхась Андрасюк.

Сярод гарачых кніг-фаварытак у сеціве ўжо згадваюцца “Радзіва Прудок” Андруся Горвата, “1813” Уладзіміра Садоўскага, “Ноч цмока” Валера Гапеева, “Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата” Людмілы Рублеўскай і іншыя.

У гэтай сувязі варта нагадаць шаноўнай публіцы, што прэмія Гедройца – гэта ня прыз чытацкіх сымпатый, а прыз сымпатый і антыпатый шасьці цалкам канкрэтных экспэртаў у галіне літаратуры. Прасьцей кажучы, дарагія чытачы, вырашаць будзеце ня вы, а журы – за ўсіх вас (нас)! Таму ўсе прэтэнзіі да яго (іх)!