22.10.2017

Гедройцу знайшлі пару: Арсеньневу

Радасная навіна: адной беларускай літаратурнай прэміяй стала болей! Цяпер будуць уганароўваць ня проста кнігу году, а паэтычную кнігу году – то бок кнігу паэзіі, а ня тое, што вы падумалі. Другая радасная навіна: у журы прэміі трапіў рэдактар нашага часопісу паэт Уладзімір Глазаў

Апрача яго, у журы ўвайшлі наступныя таварышы: Ірына Багдановіч, Лявон Баршчэўскі, Вальжына Морт, Ціхан Чарнякевіч.

І трэцяя радасная навіна: на першую Арсеньневу намінуюцца кнігі Насты Кудасавай “Маё невымаўля” (Кніга году 2016) і Кім Чжуна Хо “Патрыятызм для чайнікаў” (ВМП КНДР). Поўны сьпіс намінаваных глядзіце тут: https://www.facebook.com/pg/paezija/photos/?tab=album&album_id=919581598...

Як вядома, прэмій ніколі не бывае зашмат. Гэтак, апрача празаічнага Гедройца і паэтычнай Арсеньневай нядаўна зьявілася яшчэ прэмія імя Шэрмана за кнігу перакладаў. Можна прагназаваць, што неўзабаве зьявяцца: прэмія імя Капусьціньскага за кнігу ў вобласьці літаратуры фактаў; прэмія імя Драздовіча за кнігу ў вобласьці дакладных навук; прэмія імя Абдзіраловіча за кнігу эсэ; прэмія імя Лукаша Бэндэ за кнігу крытыкі й іншыя «кнігацэнтрычныя» прэміі. На сёньняшні момант беларускі ПЭН-цэнтар ужо мае прэміі: Цёткі (дзіцячая кніга), Аляхновіча (твор, напісаны ў зьняволеньні), Адамовіча (журналістыка), Багушэвіча (гістарычная проза), Багдановіча (“Дэбют”) і Кнігу году.

Пра заснаваньне прэміі Арсеньневай было абвешчана на сайце ПЭНу 7.09., заяўкі прымаліся ажно да 1.10. – такім чынам, хто цягам трох тыдняў не пасьпеў яе падаць, той сам вінаваты. У гэтай сувязі пытаньне да арганізатараў: чым быў прадыктаваны такі нязвыклы, незвычайны, а мо нават і надзвычайны сьпех? Пагатоў у выпадку прэміі, якая толькі-толькі зьявілася?

Паводле нашай вэрсіі, гэта было зробленага дзеля таго, каб беларускія пііты не пасьпелі за месяц-другі панапісваць вершаў і навыдаваць іх задняй датай.

Невялікай, на жаль, была і мэдыйная «раскрутка» прэміі, што аўтаматычна забясьпечыла звужаны выбар намінаваных. Але, як той казаў, можа так і трэба. Каму – пытаньне рытарычнае.

UPD!!! Вось яна, моц галоснасьці й друкаванага слова! :) 24.10. аргкамітэт прэміі абвясьціў, што прыём заявак працягнуты да канца кастрычніка! Такім чынам, час на Арсеньневу – да самага Гедройца, вынікі якога абвесьцяць 31.10. на ўрачыстай цырымоніі.

На фота: Гедройц і Арсеньнева