15.10.2016

Хто такі Кім Чжун Хо?

У выдавецтве “Логвінаў” пабачыла сьвет кніга паўночнакарэйскага паэта Кім Чжуна Хо “Патрыятызм для чайнікаў”, перакладзеная Сяргеем Прылуцкім. З гонарам адзначаем, што прэм’ера твораў “паўночнакарэйскага Рэмбо” для беларускай публікі адбылася на вэб-старонках “ЛітРАЖу”. http://www.litrazh.org/name/kim-chzhun-ho

З гэтай нагоды многія пытаюцца, хто такі Кім Чжун (ці Кім Джун?) Хо і чаму яго ніхто ня бачыў. Камэнтуе амэрыканскі праваабаронца беларускага паходжаньня Джон Бораў: “Я бачыў Кім Чжуна ў Карэі на дэмаркацыйнай лініі, што вядзе паблізу 38-й паралелі. Ён пакінуў у мяне ўражаньне чалавека, якому ў гэтым жыцьці ўсё паралельна. Ягонага аблічча  я не запамятаў, бо ён выглядаў як усе карэйцы. Мы доўга гутарылі на мове жэстаў і ўвесь час хадзілі празь лінію то ў Паўночную (адліць), то ў Паўднёвую Карэю (за бухлом). Зьместу гутаркі я ня памятаю, бо ніхера зь яе не зразумеў. У канцы нашай сустрэчы мы абняліся, як два вэтэраны на дзень Пабеды, і Кім Чжун незаўважна засунуў мне ў прарэх скрутак сваіх вершаў, які я знайшоў толькі наступнай раніцай калі ўстаў пасцаць. На скрутку была кірыліцай прыпісаная просьба перадаць яго асабіста С. Прылуцкаму”.  

Ходзяць чуткі, што ў сувязі з публікацыяй у Беларусі Кім Чжун выявіў жаданьне зьезьдзіць у сінявокую краіну-хаўрусьніцу, бо ніколі нікога сінявокага яшчэ ня бачыў. Калі крывавы рэжым дазволіць яму неўзабаве выехаць, тады ня выключана, што ён зьявіцца прынамсі ў Берасьці (31-га кастрычніка) й Менску (4-га лістапада). Таксама робяцца высілкі па запрашэньні Кім Чжуна ў Прагу, але ўехаць зь ягонай папяровай цыдулкай у Эўразьвяз настолькі ж няпроста, як ягонаму калегу Шчуру ў Паўночную Карэю.