29.11.2015

Стагодзьдзе Кавыля

1 сьнежня спаўняецца сто гадоў клясыку беларускай паэзіі Міхасю Кавылю (Язэпу Лешчанку). Віншуем шаноўнага юбіляра! – і ня меней шчыра віншуем саму беларускую паэзію з тым, што ў ёй быў, ёсьць і назаўжды будзе такі талент.  

Міхась Кавыль нарадзіўся 1-га сьнежня 1915 г. у вёсцы Покаршаў на Случчыне. Пісаць вершы пачаў з 14-ці гадоў. У 1930 г. скончыў сямігодку, паступіў у Менскі пэдтэхнікум імя У. Ігнатоўскага, дзе пазнаёміўся з выбітнымі літаратарамі – Калюгам, Лужаніным, Дудзіцкім, Астрэйкам, Агняцьвет, Сядурам. У 1932 г. – першы допыт, у 1933-м – высылка ў лягер на Далёкі Ўсход.

Пасьля адсідкі жыў у Варонежы, у 1941 г. мабілізаваны ў войска, у 1942-м – трапіў у палон пад Харкавам. У 1943-м з дапамогай беларускіх дзеячаў трапіў зь лягеру для ваеннапалонных у Менск, адтуль у 1944-м выехаў у Баварыю, працаваў на авіязаводзе. Пасьля канфлікту зь нямецкімі ўладамі пераведзены ў Турынгію, дзе вызвалены амэрыканцамі. Да 1948-га працуе на шахце ў Бэльгіі, у 1948-50 гг. – у лягеры для перамешчаных асобаў у нямецкім Бакнангу.

У 1950-м пераехаў у ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі). Працаваў прыбіральнікам, ткачом, рабочым на “Фордзе” і ў “Old Product Wire and Cable Company”, з 1980 г. на пэнсіі. Шмат друкаваўся ў эмігранцкіх выданьнях, аўтар кніг паэзіі “Ростань” (Рэгенсбург, 1947), “Пад зорамі белымі” (Нью-Ёрк, 1954), “Першая рана” (Манчэстэр, 1960), “Цяжкія думы” (Саўт-Рывэр, 1961), “Міжагнёўе” (Нью-Ёрк, 1990).

Ня толькі само жыцьцё, але і ўся творчасьць Міхася Кавыля ёсьць адлюстраваньнем ідэйна-гістарычных пэрыпэтыяў беларускага ХХ-га стагодзьдзя. Найлепшае зь лірыкі Кавыля несумненна належыць да залатой скарбонкі беларускай паэзіі.  

Найбольш поўнае выбранае твораў Міхася Кавыля тут:

http://knihi.com/Michas_Kavyl/Mizhniouie.html#1