З «Макулатуры» – «Мінкульт»(уры)

Попыт на беларускую прозу няўхільна расьце! Прынамсі, так думаюць заснавальнікі новага часопіса беларускай прозы «Мінкульт», якія плянуюць друкаваць яго ў выдавецтве Логвінаў, а за выручаныя грошы выдаваць наступныя нумары. Усё як з «Нашай нівай» стагодзьдзе таму! – ці ж не прагрэс?

У сувязі з навіной мы папрасілі сказаць для «ЛітРАЖу» пару ласкавых словаў заснавальніка, фундатара й галоўрэда часопіса, майстра на ўсе рукі Сяргея Scissorhands Календу

«Падставай для стварэньня новага часопіса стала закрыцьцё часопіса беларускае прозы і мастацтва «Макулатура», які патрабаваў новага. «Мінкульт» працягвае добрую традыцыю «Макулатуры» – на старонках будуць зьяўляцца толькі празаічныя тэксты беларускіх пісьменьнікаў на наркамаўцы, тарашкевіцы і расейскай мове, а таксама пераклады. «Мінкульт» – гэта часопіс свабодны, непадцэнзурны, гэта сапраўднае міністэрства культуры і мінская культура ў адным фармаце. Дадзены часопіс будзе друкавацца на паперы і потым ужо зьяўляцца на сайце kniharnia.by і lohvinau.by. У першы нумар «Мінкульта» ўжо трапілі: Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Югася Каляда, Павал Касцюкевіч, Віктар Марціновіч, Пістончык, Людміла Рублеўская, Ільля Сін, Макс Шчур. Адбор тэкстаў будзе доўжыцца да канца траўня, прозу дасылаць можна на мэйл mimikriabel@gmail.com».

Каманда, што называецца, огого, альбо «на манежы ўсё це жэ»! – яшчэ адзін доказ нечуванага размаху беларускамоўнай творчасьці.

Як бы там ні было, «ЛітРАЖ» лічыць сваім абавязкам падтрымаць канкурэнтаў прынамсі маральна (а па магчымасьці й тэкстуальна) – пагатоў што на лога ў іх Букоўскі з ботлам – таму зычым «Мінкульту» таго самага, што і сабе: усячаскіх посьпехаў, а перадусім новых аўтараў і чытачоў!

«Мінкульт» на фэйсбуку: https://www.facebook.com/minkulture/