Навіны

Прэм’ера песьні ў “Электроннай кнігарні”

Ня так даўно пачаў набываць вядомасьць сайт kniharnia.by , дужа карысны ўсім, хто цікавіцца літаратурай па-беларуску, хоча на ёй крыху ашчадзіць або сам марыць у яе ўплішчыцца. Сайт прапануе чытачам і аўтарам зручна прыстасаваныя да чыталак, мабілаў і перадусім гаманцоў электронныя кнігі, набыць/выдаць якія на паперы было б і дорага, і нялёгка.

Гэтак выданьням беларускіх аўтараў у пэрспэктыве адкрываецца роўная сьцежка непасрэдна да чытача ўв абыход “вялікіх” выдавецтваў і кнігарняў, залежных і незалежных – наўпрост цераз банкаўскіх апэратараў.

Шэсьць на шэсьць

31 жніўня быў абвешчаны “кароткі сьпіс” кніг-кандыдатаў на сёлетнюю прэмію Гедройца. У яго трапілі “Таўсьціла і лешч” А. Адамовіча, “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне” В. Акудовіча, “Белая муха, забойца мужчын” А. Бахарэвіча, “Рух” А. Пашкевіча, “Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі” Т. Скарынкінай і “Завяршыць гештальт” М. Шчура.

http://gedroyc.by

Шасьцёра чальцоў журы будуць цяпер выбіраць пераможцаў з шасьці кніг, сярод якіх – дзьве эсэістычныя, прыпавесьць, аповесьць, раман і “травэлёг”.

Што пачытаць у новым “Дзеяслове”

Кагадзе выйшаў 82-і па ліку нумар часопіса “Дзеяслоў”, які й на гэты раз прапануе чытачам шмат цікавага. Бадай, галоўная публікацыя нумара – у рубрыцы “Спадчына”: Алесь Наўроцкі. Клін жураўліны. Выбраныя вершы. Прадмова і ўкладанне Віктара Жыбуля.     

Апрача таго, у нумары надрукаваныя два апавяданьні (з дасланых чатырох) рэдактара “ЛітРАЖу” М. Шчура: “Бабуля” і “Ўратаваньне”. Два НЕнадрукаваныя часопісам аповеды, “Галасы” і “Інтэрвію зь Ведзьмаком”, ужо знайшлі сабе прыстанак на нашым сайце.

Тройца ў сьпісе Гедройца

Журы прэміі Гедройца абвясьціла “лонг-ліст” сёлетніх намінантаў: з 29-ці іх застаўся чортаў тузін. Нам надзвычай прыемна адзначыць, што ў плэй-оф прэміі патрапілі кнігі ў тым ліку трох аўтараў “ЛітРАЖу”: зборнік кароткай прозы “Яблынёвы маёнтак” Аляксандра І.

Падарожная кніжка па “Люстры” ў продажы

Ірляндзкае выдавецтва “Evertype” зноў надрукавала па-беларуску кнігу Льюіса Кэрала! Гэтым разам вядзецца пра працяг “Алесіных прыгодаў у Цудазем’і” – казку “На тым баку Люстра, і што там напаткала Алесю” ў перакладзе Макса Шчура. Тэкст у 2010-2011 гг. рыхтаваў да публікацыі сьветлай памяці Юрась Бушлякоў.

Набыць кнігу можна ўжо зараз праз “Амазон” – http://www.amazon.com/baku-Liustra-shto-napatkala-Alesiu/dp/1782011498/  Кошт – 15,95 даляраў.

Ад аўтара да чытачоў – адзін “Крок”

Напрыканцы 2015-га года ўва ўкраінскім выдавецтве “Крок” http://krokbooks.com/ пабачыла сьвет яшчэ адна беларуская кніга: гэтым разам гэта раман Макса Шчура “Завяршыць гештальт”. Аўтар марыць, а выдавец прыкладае намаганьні, каб ужо неўзабаве кніга патрапіла да беларускага чытача.

Пасьля невыданьня раману “Там, дзе нас няма” дзесяць гадоў таму Шчур абяцаў, што тлустых кніг болей пісаць ня будзе. Хутка мы спраўдзім, ці не дарма ён парушыў сваё абяцаньне.

Стагодзьдзе Кавыля

1 сьнежня спаўняецца сто гадоў клясыку беларускай паэзіі Міхасю Кавылю (Язэпу Лешчанку). Віншуем шаноўнага юбіляра! – і ня меней шчыра віншуем саму беларускую паэзію з тым, што ў ёй быў, ёсьць і назаўжды будзе такі талент.  

Сьвята лягічнай супярэчнасьці

Так выйшла, што на закрыцьцё сёлетняга літаратурнага фэстывалю ProtimluvFest, які штогод ладзіць астраўскі часопіс “Protimluv” (у перакладзе – “аксюмаран”, “лягічная супярэчнасьць”), “ЛітРАЖ” дэлегаваў ажно двух аўтараў, М. Шчура і М. Пэха. Але цьвікамі праграмы (сюрпрайз!) былі не яны, а масьцітыя паэты Адам Загаеўскі (Польшча) і Пэтр Крал (Чэхія). Абодва пражылі шмат гадоў у Парыжы, дзе – нягледзячы на адрозную манэру пісьма – пасябравалі. Нездарма, відаць, тэма фэсту гучала сёлета як “Досьвед эміграцыі”.

Exegi Monumentum

Упершыню ў гісторыі Нобэлеўскую прэмію (ня толькі па літаратуры, а наагул) атрымаў чалавек зь беларускім пашпартам – ураджэнка Івана-Франкіўска Сьвятлана Алексіевіч. Шчыра віншуем саму аўтарку, усіх чытачоў ейных кніг і ўладальнікаў беларускіх пашпартоў! Знай нашых!

Цяпер пісьменьніца афіцыйна зьмяніла А. Лукашэнку на пачэснай пасадзе самага вядомага ў сьвеце беларуса. Пакуль што сп. Лукашэнка гэты ўдар са стараны клясыка ніяк не пракамэнтаваў. Ад яго цяпер залежыць, ці ня стане гэтая прэмія для Беларусі першай і апошняй.

Запрашаем на гойданкі ў Гайд-Парку

Выйшаў друкам чарговы – дзявяты па ліку – альманах літаратараў дыяспары “Беларус”, які Янка Запруднік у прадмове назваў “Гайд-Паркам для беларусаў замежжа”. Гэтым разам нумар багаты на пераклады, якія даслалі Віталь Воранаў (“Апошняя стужка” Бэкета), Ірына Варабей, Якуб Лапатка (“Дон Кіхот” Сэрвантэса), Віялета Кавалёва й Алег Мінкін.

Сярод россыпаў арыгінальных вершаў і ўспамінаў альманах прадстаўляе новую прозу Сяржука Сокалава-Воюша (апавяданьне “Грак”) і Макса Шчура (у тым ліку аповед “Ружовае піва”, апублікаваны і на “ЛітРАЖы”).

Subscribe to Навіны