Акрылавае пачуццё

паэзія, вершы, беларуская мова

* * *
Хочацца дотыкаў. Вуснаў пальпацыі. Цела.
Распушыцца ў моры блакітнавокім
небам. Інструмент, на якім грае вецер,
крыху фальшывіць — нота -ля- западае.
Блямкае флігель па пераноссі даху
нейкі ірваны і сумны матыў скандынаўскі.
Чайка пружыніць хвалю, гумовай цацкай
роўнядзь марскую разгойдваючы павольна.
Гэтай бязважкасці хопіць на жменьку словаў,
кінутых услед маладому твайму каханку.
Сонца за небасхілам барвовым вокам
сочыць і п’е праз праменьчык крывавую Рыту.
Цела жыве асобна: ходзіць у крамы,
бібліятэку наведвае, запаўнач недзе
соўгаецца па рэстаранах і барах.
Цела “падсела” на целы і не выпадае
з гэтага рытму. Яго ўвесь час ванітуе 
выпукла-увагнутасцяў несупадзеннем…
Вусны скусаныя ў цёплую бескасцёвасць —
волі набыты прыкус.

 


* * *
Слых шапялявяць словы. У вышыванцы вілюжнай верша сплятаюцца рыфы горада на вадзе… 
дзе кожныя паўгадзіны звоніць званіца. Кожныя паўгадзіны маюць свой колер гукаў, грануляваных часам. Горадам на вадзе
тэмпературыш. Стужкі і каляровыя фенькі на загарэлых запясцях — бісерны серпантын…

 


* * *
І калі ты памрэш — гэта будзе ў жанры non-fiction.
У куце, за абразам, нямы зварухнецца павук.
Нехта нават заплача й закажа святочную цішу
у бюро рытуальных і аднаіменных паслуг.

Ты ў гэтае дэмісезонне хварэла бясконца.
Жоўкла-жованы вечар, гарчычнікі вершаў, адчай.
За акном дэпрэсіўная восень з пражылкамі сонца.
Бергамотны і кававы твой аднаклетачны рай.
                                                                     
І каханне, і вернасць, і здрада… У жанры non-fiction
час губляе прытомнасць і нюхае нашатыр…
Дачытаеш сцэнар жыцця, варыянт рукапісны
і загугліш сябе — атрымаеш дзве тысячы Ір.

 


* * *
Дажывем да восені, а там…
размяняем шчасце напалам.
Ты напішаш эпітафію
і праверыш арфаграфію.
Я перапішу старанна
іншаверны іншавершаваны
свой свет.

 


* * *
Адушаўляешся. Часам хочацца сціхнуць, стаіцца і абясточыцца. Быць як усе. Гутаперчавы хлопчык мой, так не бывае. Гэты хвілінны прастой дорага будзе табе каштаваць.
Гумапластычныя тыдні нязначныя. Неба наждачнае, мора наждачнае, сцёртыя ў бель. Гэты боль нагбом. Ты па-дзіцячы цалуеш ілбом шкло — марыш пёркам стаць…
Нават калі б цябе пераплавілі і пад законы Ньютона падправілі, ты б заставаўся сабой, бо перасек знутры мяжу. Час разыходзіцца па шву. Ніткай капронавай крой.
Уся незалежнасць тваёй рэспублікі — купал царквы над бясчулай публікай. Крылам баліць за тваёй безхрыбетнай спіной. Ну жа ж, давай, гутаперчавы мой, хадзем дамой…

 


* * *
Вецер усходне-заходні сёння… Сёння міне. Ты не выносіў мяне ў прынцыпе, асабліва восенню і вясной (памятаеш — гэтыя абвастрэнні псіхікі, усялякія істэрыкі і плачы, начное паленне ў пад’ездзе, каб сын не бачыў).
Цябе паціху становіцца менш, знікаеш паціху, напэўна і праўда — мы створаныя для іншых, іншых па сутнасці і знешне. Сумна, канешне.
Але нас ужо чакаюць, прыспешваюць, шукаюць і клічуць…  Свой шалік карычневы
ты забыў на цвіку ў калідоры. Забяры — раптам воры. Ужо прыходзілі два разы, выносілі хлебныя крошкі. Мяне становіцца больш патрошку. Набываю абрысы, новыя рысы твару і лёсу… патрошку.
Збываю на рынку блышыным пярсцёнкі і брошкі.
 

 

* * *
Гіпатэтычна — ён думае пра літпрацэс… краін Азіі. Нажом разразае тугое напружанне, што паміж намі — хлеб тосціць. Моўчкі жуем — я з аднаго краю стала, ён з другога краю… жыцця.
Гіпатэтычна — літпрацэсу сёння шанцуе больш. Занятасць-флірт-абыякавасць — жыццёвыя забеспячэнні пампуе, пачуцці посціць. Моўчкі чытаем
пра агульнанацыянальны Дзень Належнасці. Дзіўныя загагуліны літар. Літар пяшчоты — сто мілілітраў адзіноты, у грамах — цяжэйшай хандры (гіпатэтычна).
— Sugar? — ён.
—Salt! — я.

 


АКРЫЛАВАЕ ПАЧУЦЦЁ
                        з вікіпедыі

акрыл пры высыханні робіцца больш цёмным
высыхае хутка у гэтым яго перавага над іншымі
акрылавае пачуццё не ўтварае расколін
не патрабуе замацавання
кладзецца роўна
крыху блішчыць
свежае без цяжкасці выдаляецца
засохлае шукае спецрастваральнік

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Тінь переважує тіло
        крадеться назирці,
дихає сторожко й легко –
ні пара з вуст, ні вода,
іди і шукай його в ніжному городі,
десь він тут був,
десь розкидав камінці…
Десь я ловила цей погляд,
ці ямочки на щоці
десь ішла проти вітру
десь вертала назад.

зьняты на смартфон
выбух з грыбом у небе
выцьцём сірэн
і дзікімі крыкамі
праз тыдзень давядзецца сьцерці
бо не хапае памяці
на відэа карпаратыва

Извечный заоконный мрак —
горения залог
под этим небом, низким, как
высокий потолок.

Усё тут гарманічна:
Партнёрства – усходняе, бабло – заходняе,
Цэнтрал стабільна ўладзімірскі,
Сэрца тваё паўднёвае,
А вецер, адпаведна цэнтралу, – северный.