Антывосеньская

паэзія, вершы, беларуская мова

ЛІСТАПАД

Зіма, як белы павук,
Заткала вокны старажытнымі ўзорамі,
Вусны крывёю ды болем,
І сэрцы абыякавым холадам.
Які люты час лістападаўскі
Для закаханых!
Жарсьць ідзе спаць, і прачынаецца
Сьвядомая, разумная муза.
Лістападзе, ты – жнівень паэтаў!

***

Падае чырвонае лісьце
Першы раз, быццам апошні.
Недапітая гарбата астывае
Ў забыцьці.
Ляжыць коўдра мэлянхоліі
Пад нагамі тваімі,
Няўзнак.
Восеньскі вецер нясе золата
І зламаныя крылы грэшных анёлаў,
Назаўжды,
Безь вяртаньня...
Навошта нам ведаць, каторая гадзіна,
Калі спыніліся ўсе гадзіньнікі
Раптоўна,
І пануе выразны пах голых каштанаў
Мімалётна,
І вечнае дрэва жыцьця
Лашчыць хмары маёй ночы?
І лісьце падае, фарбуе паветра
Сваімі малінавымі пацалункамі,
І лёгкае дыханьне губляецца,
Хаваецца пад мёртвай коўдрай
Нашай.

ЧАРНАТА

Мяне ніхто не навучыў, што рабіць,
Калі гнеўныя хмары плямяць неба,
І не відаць ні зоркі, ні плянэты,
А на дварэ прахалодна й самотна;
Калі дрымота поўніць галаву,
Імгла напаўняе сэрца,
І адказы зьмешваюцца з пытаньнямі;
Калі губляецца ціхі, кволы ранак,
І паміж намі нешта адначасова
Здараецца і не здараецца.
Застаецца ўстаць з падлогі,
Сьцерці зь сябе старажытны пыл,
І прайсьці свой шлях да канца,
Хоць павольна, хоць у цемры.


АНТЫВОСЕНЬСКАЯ

Спачатку падмяталі лісьце
З брукаванкі старога горада,
Самотнага.
Далей старанна высушылі
Ўсе лужыны.
Потым падагрэлі зямлю
Неяк зьсярэдзіны,
Невядома, як.
Выдалі загад пра рэпатрыяцыю ластавак
І дэпартацыю першага сьнегу,
Прыбралі хмары
І пафарбавалі ноч у сьветлыя танальнасьці.
Ніколі дагэтуль і думкі не было
Аб тым,
Наколькі мяне сонца
Часам
Раздражняе.

КАВЯРНЯ “ЧАС”. МЭНЮ

-Пацалунак — пяць сэкунд
-Абдымак — дзесяць сэкунд
-Сяброўства — адзін месяц (30,5 содняў)
-Каханьне — адзін год (365 содняў)
-Памяць — два гады (730 содняў)
-''Назаўжды'' (паводле галівудскага рэцэпту) — чатыры гады (1461 содні)
-Павага — адно чалавечае жыцьцё (76 гадоў)
-Душа — у залежнасьці ад сэзону, просьба спытацца на касе.
-Разуменьне — скончылася. Атрымаем на працягу наступнага тыдня.

НЕВУЦТВА

Каб я ведала, што вясна
Працягнецца толькі хвіліну,
Каб я ведала, што рака
Замерзьне ўзімку з табой,
Каб я ведала, што душа
Ня вытрывае больш пакутаў,
Каб я ведала, што пчала
З пчалою — яшчэ ня рой...
Я б стала ценем
Тваіх ног,
Каб ісьці разам з табою,
Ценем
Тваіх думак,
Каб марыць разам з табою,
Ценем
Твайго ценю,
Каб дыхаць толькі табою,
І не замінаць ніколі
Табе, табе, табе...

ЗАБАРОНЕНА

1. Грамадзянам забараняецца насіць кветкі,
Настойліва раіцца насіць замест іх зброю.
2. Сьценам забараняецца сьпяваць.
Настойліва раіцца слухаць.
3. Грамадзянам забараняецца захоўваць у сябе кнігі,
Настойліва раіцца рэгулярна чысьціць паліцы.
4. Матулям забараняецца сьпяваць калыханкі,
Настойліва раіцца захоўваць поўнае маўчаньне.
5. Грамадзянам забараняецца ўсьміхацца
На больш як 1,5 см у абодва бакі.
6. Зоркам забараняецца сьвяціць
З адлегласьці меншай за 157 сьветлавых гадоў ад закаханых паэтаў.
7. Паэтам забараняецца кахаць,
Настойліва раіцца застрэліцца
Пасьля падачы адпаведнай заявы ў цэнтральную камісію.
8. Грамадзянам забараняецца пісаць вершы,
Пры парушэньні гэтай забароны настойліва раіцца зьвярнуцца
Адразу да сёмага (7) пункту.

Дзякуй за ўвагу.

ГАРОДНЯ

У той край зноў вярнуся, дзе Нёман плыве,
Выпадкова на вуліцы ўбачу цябе.
Ты мне ў вочы паглядзіш, нібы першы раз,
Мы забудзем прастору, забудзем пра час,
Выхаваньне, каханьне, сьвядомасьць, быцьцё:
Да цябе я вярнуся, і са мной — забыцьцё.
Ты мяне пацалуеш на беразе раю.
Я цябе пакаштую, яблык твой пакусаю.
Ты захопісься мной, як Адам захапіўся,
І мы згрэшым з табой, дзе Хрыстос прызямліўся.

PRACA NA WYSOKOŚCI

Шпацыр у Варшаве.
Убачыла знак:
''Uwaga: praca na wysokości''.
Значыць, ідзе праца на вышыні...
А я ўявіла адразу,
Як усе багі розных эпох
Дамаўляюцца, спрачаюцца,
Стараюцца выправіць усе памылкі
Стварэньня нашага сьвету.
Хутка дабегла дадому,
Каб яны мяне не заўважылі,
І ня выдалілі зь зямлі.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
ЛітРАЖ

Як вистоїш, коли всі проти тебе— 
Упали духом і тебе кленуть, 
І як всупереч усім ти віриш в себе, 
А з їх невіри також візьмеш суть; 
Якщо чекати зможеш ти невтомно, 
Оббріханий — мовчати і пройти 
Під поглядом ненависті, притому 
Не грати цноти ані доброти...

У сраку «з Гінзбэргамі разам»
слаў Маялес.
Казаў, ня лезу ў дупу масам,
пры гэтым — лез.

Адно цяпер сказаць магу я,
што супраць мас.
Пісаць для іх — якога хуя?
А Гінзбэрг — клас.

Пераклад:
Макс Шчур

Абапершыся на балюстраду,
сьпінаю да мяне стаіць
стары ў жоўтым капелюшы,
ужо мёртвы.

Пераклад:
Макс Шчур

Вэртыкальныя повязі ў вершы — фіктыўныя.
У сапраўднасьці кожны радок — частка
доўгага гарызантальнага тэксту,
які на момант вынырвае, праходзячы скрозь старонку,
падобна да таго, як падземная рака выцякае на паверхню і зноў зьнікае ў пяску.