Голас сурмы над сьцішаным восеньскім лесам

сучасная беларуская эсэістыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

Рэфлексіі на палёх эсэ Ігара Бабкова «Восеньскі лексыкон птушак і рыб»

Свой дом

Замежная кнігарня напружвае прапановай невядомага. Ты намагаесься неяк зарыентавацца на мясцовасьці, адшукаць свае каардынаты. Чытаеш імёны на вокладках, і разгубленасьць накрывае цябе як ранішні туман, калі першым вылазіш з намёту і не пазнаеш учорашні краявід.

Але вось пайшла паліца з клясыкай, і табе робіцца лягчэй.

Лягчэй ва ўчорашнім дні, у асэнсаваным і гіерархізаваным.

Але нечакана заўважаеш, што і ў «Акадэмкнізе» ты ня вельмі арыентуесься.

І справа нават ня ў новых маладых аўтарах. Зьмяняецца агульны дыскурс, мэйнстрым культурніцкіх прапановаў і запатрабаваньняў, кантэкст тваёй прысутнасьці.

Ганарары і тэмпляны

У 90-х у «Нашай Ніве» ў адным са сваіх артыкулаў я напісаў, што мусім рыхтавацца да працы без ганарараў і якіх-кольвечы іншых узнагароджаньняў (нават маральных). Адгукнуўся Сакрат Яновіч і назваў мяне «камунякам», маўляў, любая праца мусіць аплачвацца, гэта толькі камунякі прымушалі працаваць бясплатна.

Ганарары хутка скончыліся. Хто іх павінен выплачваць, ужо не зразумела.

Але наўрад ці ёсьць нейкія эксплюататары, якія прымушаюць сёньняшніх беларускіх пісьменьнікаў працаваць задарма.

Асяродзьдзе і навакольле

Калі ўсё пачало развальвацца і абрынацца ў невараць як Атлянтыда, у Наваполацку ліквідавалі ўчастак віцебскага філіялу Мастацкага камбінату, і паўтара дзясятка мясцовых мастакоў засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. Без майстэрняў, без замоваў, бяз працы, бяз сродкаў існаваньня. Адзін тутэйшы філёзаф-мастак пракамэнтаваў падзеі наступным чынам: гэты горад цяпер можа пракарміць максымум двух мастакоў.

Недзе ў гэты ж час Полаччыну пакінула большасьць прафэсійных пісьменьнікаў.

Хто павінен быў утрымліваць мастакоў і пісьменьнікаў на Полаччыне — невядома.

Але палічкі «Творы нашых землякоў» у кнігарнях Полаччыны захаваліся.

Паэты прызыву 90-х

Зьдзіўляе, як аспрэчвае і не прымае сёньняшні літаратурны кантэкст паэтаў 90-х. Тых, якія мятлікамі паляцелі на бліскі тэктанічных зрухаў і вульканічнага падсьвятленьня. І нават калі выходзяць іх кнігі (Гумянюк, Пяткевіч, Мазько) — у адказ абыякавая цішыня.

Відаць, гадоў праз 60-70, калі пашанцуе, іх будуць адкрываць, як сёньня паэтаў 20-х ды 30-х гадоў.

Барацьба з графаманствам нагадвае барацьбу з самагонаварэньнем

Уся літкрытыка ў нас заточаная на барацьбу з графаманствам.

Для ілюстрацыі возьмем выяўленчае мастацтва. Напрыклад, нейкая бабуля раптам захацела маляваць. Дзеці і ўнукі забясьпечылі яе ўсім патрэбным. Яна захапілася, малюе і малюе. Дзеці зрабілі для яе выставу ў раённым ДК. Але ніхто тую бабулю ня будзе называць графаманкай. У выяўленчым мастацтве ёсьць для яе ніша і тэрмін «інсытнае мастацтва», якое дасьледуюць сур’ёзныя, аўтарытэтныя мастацтвазнаўцы. Але калі б гэтая бабуля пачала пісаць вершы, то аўтаматычна стала б «махровай графаманкай». І калі б дзеці і ўнукі выдалі яе кнігу, дык сур’ёзныя, аўтарытэтныя крытыкі або проста праігнаравалі б яе, або саркастычна пасьмяяліся б (нягледзячы на якасьць тых вершаў).

Гэты літаратурна-крытычны інструмэнт, — змаганьне з графаманамі, — быў прыдуманы, відавочна, для ўнутрывідавай барацьбы.

Ясна, што, напрыклад, Алену Кіш і Міхаіла Савіцкага мастацтвазнаўцу нельга разглядаць з адным і тым жа інструмэнтарам. Ад Алены Кіш мастацтвазнаўца ня будзе патрабаваць нейкіх акадэмічных рэчаў. Але будзе бачыць і аналізаваць штосьці іншае. Вось гэтае іншае — і ёсьць квінтэсэнцыя мастацтва.

У выніку гэтай «заточкі» мы жывём зь дзесяцьцю клясыкамі, а ўсё астатняе пайшло на сьметніцу.

Мясцовае самакіраваньне

Асноўнае рэвалюцыйнае памкненьне, якое праглядалася ў дзейнасьці Таварыства вольных літаратараў, — гэта стварэньне жыцьцяздольнай гаспадарчай літаратурнай адзінкі, са сваім часопісам, выдавецтвам і нават літаратурнай прэміяй.

То бок тэвээлаўцы спрабавалі знайсьці адказ на пытаньне: хто павінен плаціць ганарары? І нават знайшлі свой адказ. Павінны самі зарабляць.

Што будзе зь беларускай літаратурай, калі, ня дай бог, СБП згубіць якое-кольвечы фінансаваньне? Бо іншых мадэляў існаваньня мы пакуль ня ведаем.

Свой дом (2)

У 80-х было дастаткова пару разоў надрукавацца ў літаратурнай пэрыёдыцы, каб цябе ведаў увесь беларускі літаратурны сьвет.

Сёньня, часам, недастаткова выдаць і некалькіх кніг.

Хаця можна і з адной кнігай апынуцца на вяршыні беларускага Парнасу.

Залежыць тое ня толькі ад якасьці кнігі, але і ад эфэктыўнага яе вітаньня-сустрэчы.

Наша будучыня

Будучыня — гэта калі памятаюць і калі ты патрэбны.

Патрэбны дзеля чаго?

Пытаньне пакуль застаецца без адказу...

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Сваёй ляканічнасьцю хокку нагадвае афарызм. Хаця ляканічна сфармуляваную ў афарызьме думку можна разьвесьці на цэлы абзац, усё-ткі клясычная — я б сказаў «каліграфічная» ці «мнэманічная» — яе форма менавіта такая, а ня іншая. Гэта як фармулёўка якога-небудзь матэматычнага ці фізычнага закону: яе можна бясконца ўдакладняць, але сутнасьці (якая так ці йначай мусіць быць зразумелай кожнаму школьніку) гэта ўжо ня зьменіць.

Прыгожае ня ёсьць (ці, лепш сказаць, ня можа быць) найвышэйшай меркай, мэтай і каштоўнасьцю мастацтва. У выбары паміж ім, прыгожым, і «праўдай жыцьця», мастацтва мае саступаць месца апошняй. Калі тое ня робіцца, творца ператвараецца ў звычайнага канфарміста, што ў выніку вядзе да дэградацыі самога мастацтва.

Нагадаю, што сам аўтар вызначыў свае баляды як народжаныя на «бязьмежжы жанраў». «Бязьмежжа» — слова двухсэнсоўнае: з аднаго боку, межаў няма, а з другога — яны ёсьць, але аддаленыя адна ад адной ці не зусім добра прамаркіраваныя.

А «ціхамірнасьць», дарэчы, — абсалютна дакладны пераклад грэцкага слова «mysticos» (таямнічы), якое, у сваю чаргу, паходзіць ад «mystos» і азначае «глыбокая ціша», «моўча». І калі хто перажываў у сабе такую цішу, ведае і яе глыбіню, і яе таямнічасьць.