Гранталовы

сучасная беларуская паэзія, вершы, сатыра, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Травелог-палімпсест у васьмі выбрыках

Ад рэдакцыі

Тэкст гэтай паэмы рэдакцыя «ЛітРАЖа» атрымала ў 2017 г. з электроннага адрасу viedmin@mail.ru, у «пустым» мэйле бяз подпісу і камэнтара. Ужо паводле назвы было ясна, што вядзецца пра пародыю на беларускі пераклад паэмы Льюіса Кэрала «Снаркаловы», зроблены ў свой час нашым рэдактарам М. Шчуром і апублікаваны ў часопісе «Дзеяслоў», нум. 66, 2013 г. (Магчыма, гэтым і тлумачыцца, чаму аўтар даслаў тэкст менавіта ў «ЛітРАЖ».)

Шчур адпісаў аўтару мэйла (і напэўна ж пародыі) з падзякай за ўвагу і просьбай на выпадак публікацыі паведаміць сваё імя-прозьвішча і пару радкоў для біяграфіі, а таксама даслаць фотку (прынамсі ў масцы) і г. д. — аднак адказу ўжо не прыйшло.

У выніку мы ня ведалі, што рабіць з тэкстам, які самі ня дужа разумелі: разгадаць усіх рэальных прататыпаў пэрсанажаў нікому з нас не ўдалося. Урэшце, разумеючы, што публікацыя ананімнага тэксту будзе расцэненая некаторымі нашымі сябрамі як т. зв. «накід» з боку «ЛітРАЖа», мы параіліся і пастанавілі яго не публікаваць: няхай аўтар паспытае шчасьця ў іншых беларускіх выданьнях ці выдасьць пародыю кніжкай за свой кошт, праз краўдфандынг і г. д. — магчымасьцяў сёньня шмат. Аднак тэкст з таго часу болей нідзе ў байнэце «не ўсплываў».

Між тым у найноўшым белліце зьявіўся шэраг падобных «накідаў», прычым у самых розных жанрах, ад рэцэнзіі да раману. І вось у сувязі з найноўшымі «жарсьцямі вакол ПЭНа» мы, як вы разумееце, не маглі не згадаць пра паэму, асобныя месцы якой нам здаюцца ўдалымі. Бадай, асноўным стымулем для нас стала зьяўленьне празаічнай «Песьні пра Цімура» Андрэя Адамовіча — мы згадалі, што і ў нас у загашніку ёсьць аўтар, які мог бы калі не аспрэчыць, то прынамсі пазайздросьціць ягоным ляўрам літхраніста і сатырыка.

Пытаньнем заставалася, як твор падпісаць. Зважаючы на яго «ўнутрылітаратурны» характар і намёк на «ведзьмака-ведзьміна» ў мэйле, мы сьпярша зьбіраліся (крышку правакуючы, як робяць дзеля большага розгаласу) прыпісаць тэкст славутаму беларускаму сатырыку Францішку Ведзьмаку-Лысагорскаму, пра асобу якога вядуцца спрэчкі да сёньняшняга дня. Аднак кожнаму відавочна, што меркаваныя аўтары (ці аўтар?) арыгінальнага «Ведзьмака» ўжо пакінулі гэты сьвет — таму, каб ня ўносіць блытаніны, мы, у згодзе з электронным адрасам, памянялі ў легендарным псэўданіме Ведзьмака на Ведзьміна. (Зрэшты, ёсьць шанс, што Ведзьмін — сапраўднае прозьвішча аўтара.)

Такім чынам, публічна дзякуем «нашчадку» Ведзьмака спадару Ведзьміну за дасланую паэму і віншуем яго з публікацыяй. Шкада толькі, што мы ня можам, як пісалі ў 1975 г. пасьля публікацыі «Сказу пра Лысую гару», заклікаць аўтара «прыйсьці ў рэдакцыю па ганарар» — памяшканьня рэдакцыі ў нас няма, і ганарараў мы ня плацім (і не атрымліваем).

Выбрык першы
Вылазка

«Там нам выдадуць Грант!» — да заходняй мяжы
палец выцягнуў Паліглот,
і Пісьменнікі (з твару — бухія бамжы)
уздыхнулі, бо ў іх адлягло.

«Там нам выдадуць Грант! Двойчы вымавіць сказ —
падбадзёрыць культуру ўдвая.
Там нам выпішуць Грант! Падаваў колькі раз —
значыць, вас не падманваю я!»

Экспедыцыя ў зборы: тут волі Пясняр,
Палеміст, што па крытыцы спец,
тут Пілосап (ён ведаў, што Праўда — Хлусня)
і Пурыст (ён не мог не паспець);

тут наўдачу маніўся Перформер-герой
атрымаць пад перформанс аванс,
ды за грошы паўстаў Перакладчык гарой
і зацята крычаў: не даваць!

Тут Празаік таіў мізантропскі ашчэр
(ён быў пэўны, што ўсе — мудакі,
і нібы шмат разоў ужо выдаў шэдэўр —
Паліглот адзін ведаў, які.)

Тут яшчэ адзін: «Поўны збор твораў» каб той
прыхапіў — не крануўся б цягнік!
Там чарнуха, парнуха ды іншы адстой —
паспрабуй напішы столькі кніг!

Сорак два кілаграмы (што твор — то імя)
ён паспеў наваяць за жыццё.
Калі кнігу на кнігу паставіць стаймя —
да Парнасу ўжо дасягняцё.

А яму — да звязды! Ён гатовы заўжды
да стварэння яшчэ псеўданіма,
каб пісаць надалей, як пісаў і раней:
захапляльна, празрыста й галіма —

пра лябоў і вайну, пра планету адну,
пра герояў, што выдумаў Толкін —
так карміцца ільга й не чытаць ні фіга,
апрача Вікіпедыі толькі.

Каб сябе пахваліць з «незалежных» крыніц,
Плагіятар меў свой псеўданім.
Хто яго абсіраў — нат не падазраваў,
што ў сапраўднасці лаецца з ім.

«Густ ягоны ня вельмі (казаў Паліглот),
і ў яго замалыя глузды,
ды на бабкі ляціць ён, як аўтапілот,
то па Грант без яго — нікуды».

Ён заўсёды на сходах ківаў галавой,
бо ўначы высыпаўся ледзь-ледзь,
ды калі ўжо ўваходзіў у творчы запой,
то вытрымліваў піць, як мядзведзь.

Ён наняўся Пантастам — ды мабыць, раз так,
(Паліглот ледзь ня даў у табло),
мог сказаць, што пісаць травелогі мастак —
тут пісаць іх не варта было.

Заслугоўвае згадкі й яшчэ экскурсант,
поўны дурань — які, адылі,
меў адну толькі думку, і думкай быў Грант
(дурня тут жа ў ПЭН-клуб прынялі).

Ён, маўляў, Публіцыст — ды па п’яні загнуў,
што Празаік таксама нішто.
Паліглот з пераляку гарэлкай зрыгнуў —
не туды яму, мабыць, зайшло.

А пасля працадзіў, што любы каратыш
прэ ў празаікі сёння, птамаць!
Наагул, раіў ён, дзвюх аднолькавых ніш
у гісторыі лепш не займаць.

Сам Празаік падсёк іхнай гутаркі ніць,
і з’явілася злосць уваччу:
нат, маўляў, дзеля радасці Грант падзяліць
быць у Рыме другім не хачу.

Ён настойваў, каб ён і спадар Публіцыст
у асобных сядзелі купэ.
Правадыр запярэчыў: «І што за карысць?
Тут, шаноўныя, вам не СП!

Кіраваць звышскладана ў любую пару
літпрацэсам з амвону майго,
а таму я адказнасці ўжо не бяру
за Празаіка шчэ аднаго!»

Плагіятар тады: «Хай Празаік скрадзе,
скажам, прыпавесць у Чжуан-Цзы».
Перакладчык: «Хай нешта мне перакладзе
й паслямову напіша ў канцы».

На ільготных умовах сур’ёзны кантракт
прапаноўваў яму літагент:
штуку еўра, калі раптам выгарыць Грант,
і даляраў, калі раптам нет.

Ды Празаік да ўсіх іх пачаў халадзець,
а як чуў Публіцыста здалёк,
то ў той бок намагаўся зусім не глядзець —
толькі часам пляваў у той бок.

Выбрык другі
Паліглотава прамова

Паліглот для каманды быў светач і бог —
во дзе грацыя, спрыт! А пастаць!
Колькі годнасці ў ім! А ў шляхотных вачох —
колькі мудрасці! Не перадаць!

Ён прыдбаў сабе тытул выкладчыка, чым
падмацоўваў свой аўтарытэт —
ён сцвярджаў, што памёрлі з няясных прычын
як герой, гэтак аўтар і тэкст.

«Геній ці плагіятар — кожны з нас літаратар!»,
абвясціў Паліглот, «Кожны — брат!»
Падтрымаў цэлы клуб: «Гэта так, Праўдалюб!
А раз так — нам паложаны Грант!

Іншы б класікаў стос нам падсоўваў пад нос,
а вось наш ліберал Паліглот
абвясціў, што мастак — гэта кожны мудак,
хто друкуецца, і нііпёт.

Класік — ад слова „клас“!» Сярод пішучых мас
Паліглот быў у статусе хана,
бо найлепей прасёк, што залежыць паёк
ад мастацтва казаць «прошапана».

Мудра ён кіраваў — кніжак навыдаваў
у часы яго кожны другі:
хто лухты не вярзе, хай стаіць у чарзе,
хто вярзе — дык праходзь без чаргі.

Нос у дупу, бывала, зарыўся яму —
«Гэта звычка», адмахваўся ён,
«у культурных людзей, каб падмазаць каму,
калі славе імкнеш наўздагон».

Хто ў падобную ерась адмаўляецца верыць —
Паліглот вас такіх пракляне:
«Не дамо ім да Ўсходу ні Захаду ходу,
раз яны ігнаруюць мяне!»

Толькі ён так сказаў — на варшаўскі вакзал
іх цягнік без прыгодаў давёз,
хоць спярша кантынгент злёгку так прыфігеў:
тут, як мы, піша кожны п’янтос!

Паліглот як убачыў, што чэзне іх дух —
прачытаў пару вершаў старых
(так, сваіх, бо чужых не трываў нескладух —
сам прыдумаў не меней ста рыхм).

Пасля гэтага ўсім па вісюльцы раздаў,
строгім вокам працяў навылёт:
зноўку велічна ў іх уваччу выглядаў
і прамовай грымеў Паліглот.

«Вам кажу, землякі, моватворцы, сябры!»
(Землякі давяралі цытатам,
то па чарцы ўзялі за яго разы тры —
Паліглот падліваў ім, паддатым.)

«Мы ў дарозе ня содні, а дзевяць гадзін
(іх у соднях па дваццаць чатыры),
ды пра Грант клапачуся бадай я адзін —
вы ж п’яцё, бы казлы і сатыры!

Не выходзіць калі б — то й далей вы пілі б
шэсць дзясяткаў хвілін за гадзіну!
Калі выскачыць Грант, як з каноплі Піліп —
не ўпалюе яго ні адзіны!

Дык прачысціце слых: паўтараю для ўсіх
я крытэрыі (іх толькі пяць).
Калі не праспіце — па чужой дураце
вы здалееце Грант атрымаць.

Першым чынам, твор мусіць сучаснасцю тхніць —
хай сыры, як слімак, ды жывы!
Ён павінен натхніць перш за ўсё выпускніц —
пра астатніх не думайце вы!

Па-другое, каб быў палітычны пасыл:
намякні, што жывеш у турме,
радыкальнай рыторыкай крышку пасып —
ад кармушкі ніхто не турне.

Трэцім чынам, заўсёды вітаецца сцёб,
хай ваш досціп і роўны нулю.
Калі ў кніжку вы кепікаў не дадасцё —
як рэдактар, я сам дараблю.

Знак чацвёрты: чарнуха, парнуха і гвалт.
Так заўсёды чытаць цікавей.
Гэтак пішуць цяпер і паляк, і прыбалт —
людзі з намі падобных крывей.

Пяты знак — фарматворчасць. Ніякіх навэл —
толькі комікс, фэйсбук, смс.
Твор павінен чытацца запоем, як мэйл,
і не дужа складаны мець змест.

Грантадаўцы не будуць нас крыўдзіць знарок,
але каб не казаць праўды „паў-“:
ёсць і Скептык між іх...» Тут прамоўца замоўк:
Плагіятар, самлеўшы, упаў.

Выбрык трэці
Аповед Плагіятара

Тармасілі яго каньяком, касяком,
білі ноўтбукам па галаве,
нат збіраліся трахнуць у дупу гурком —
мо, адумаецца й аджыве.

Ачуняўшы, сказаў ён: «Аповед карціць
зачытаць мне свой новы для ўсіх».
Паліглот усхадзіўся: «Ты пальнуты? Цыц!
зачытаеш на выступе, псіх!»

Толькі той — бы аглух! Дастае свой грасбух
(што яму калектыўны пратэст!) —
і пачаў гэты Псіх ім зачытваць услых
свой дарогаю створаны тэкст.

«Нарадзіўся за дротам»... Яго Паліглот
абарваў: «І задротам памрэш!
А пакуль тая смерць — трэ заяўку паспець
да дэдлайну падаць насамперш!»

«Што ж, пра дрот апушчу», выцер слёзы ўваччу
Плагіятар, «наступны абзац:
што я ўведаў, калі вы мяне прынялі
ў гранталоваў каманду-айнзац.

Пэўны аўтар, што ўзорам мне ў творчасці быў,
напісаў неяк гэткі пасаж...»
«Што за лажа!», яму Паліглот: «Адсцябі
свой узор — крэатыўнасць пакаж!»

«Напісаў ён,» аднак жа працягваў бядак,
«што пісьменнік павінен тварыць
не за Грант ці там суп, а галоўнае — суб...
суб-версіўна. (Во выдаў, ядрыць!)

Падаваць ні дзяўчаткам ён, ні хлапчукам
не павінен ніякіх надзей.
А калі б ён ад Гранту натхнення чакаў —
хай з акна, ціпа, скочыць барздзей.

(„Так і трэба!“, у дужках настаўнік крычыць,
„Субверсіўнасць — апошняя з мод!
Так і нам трэба выгляд супольна зрабіць,
што для нас Грант — ніякі ня стод!“)

„Бо, нашчадак мой мілы, ратуй цябе бог,
калі трапіцца Скептык які!
Пры нагодзе цябе незычлівец бы мог
засмяяць на даўгія вякі!“

Тыя словы пісьменніка-ўзору майго
мне гнятуць несупынна душу.
Мне здаецца, што ўсё, што пішу я — лайно
ў многіх сэнсах... І ўсё-ткі пішу:

Тыя словы...» «Ага, быў сабака ў папа»,
падкалоць Паліглот не міне.
Плагіятар, аднак, не заўважыў faux pas:
«Тыя словы турбуюць мяне.

Хай бясспрэчна, што Грант — крэатыву гарант,
не суцішыцца ўнутраны троль.
Ты прабач, Паліглот, што твой сын — ідыёт:
за метал яму ўмерці дазволь!

Толькі ж варта нарвацца на Скептыка мне,
як (сумневу няма) у той міг
у мяне ён гнілым памідорам шпурне —
з тым змірыцца не ў сілах маіх!»

Выбрык чацвёрты
Паліванне

Спахмурнеў Паліглот, як умеюць майстры:
«Ты за Грант ваяваць не гатоў!
Як няздольны іскрыць — ну, тады не іскры,
не бянтэж толькі лепшых сыноў!

Мы яшчэ й паддалі б пару кпінаў, калі б
засмяяў цябе Скептык ушчэнт —
ды, таварыш мастак, іх у свеце пісак
самабольшае — нейкі працэнт!

Калі маеш мандраж — ты якісьці не наш,
значыць, сорам дарэшты не знік...»
Плагіятар, аднак, прысягнуў на пляцак:
«Я ж казаў, што я не ваяўнік!

Я, магчыма, прыдурак і нават літнегр
(час ад часу літнегр кожны з нас),
ды рабіць зь мяне нейкага клоўна тут нехр:
як жыўцом выступаць — то я пас!

Я пісаў як Набокаў, пісаў як Гюго,
як Букоўскі, як Быкаў, як Фрыш —
ды каб я падпісаўся пад нешта з таго —
гэта ты, браце мілы, трындзіш».

Паліглот яму: «Вельмі шчымлівы расказ»,
(бровы ўзняў ён за неба вышэй),
«ды цяпер, калі ты ашчаслівіў ім нас,
не тлумі болей нашых вушэй.

Мне паэму дапісваць яшчэ ад канца,
бо патрэбны ж пачатак паэме —
толькі Грант — Грант патрэбна лавіць на жыўца!
Справа гонару — выйграць у слэме!

І душою, і целам на Грант працаваць
пачынайце як мага барздзей!
Нагавіцы пры гэтым дазволена зняць,
каб пабачыў імпэт дабрадзей.

Грант — надзея адзіная, мэта твая,
кожны з нас мусіць жыць толькі ім.
А калі на замову што скажуць зваяць —
за цаною мы не пастаім.

Бо як Гранту не будзе — то поўны кабздзец:
што на прэміі мы раздамо?
Гэткім чынам, рыхтуйцеся ў слэме звяздзець:
хто не хоча — хай валіць дамоў».

Перакладчык тады паднапружыў глузды
і закорпаўся ў гурбе папер,
Плагіятар рыўком з пляшкі высмактаў ром,
толькі крышку праліў на каўнер.

Тут Пясняр і Пурыст хутка склалі шорт-ліст
і яшчэ да яго шопінг-ліст,
а Празаік у блог толькі выпліснуць змог,
што такі і такі — поўны гліст.

Палеміст гэты гнеў зразумець не здалеў,
напісаўшы з нагоды такой,
што Празаік чамусь неўзлюбіў Беларусь
і застацца б хацеў за мяжой.

А Пілосап пачаў піласопстваваць, дзе
ў свеце лепей здымаюць кіно,
а Перформер на голаў валізу надзеў
і шкарпэтку на месца адно.

Публіцыст чыркануў новы верш у планшэт
(рыфмаваны, астатнім на здзіў)
ды спытаў: «Спадзяюся, дармовы фуршэт?»
Паліглот: «Ты глядзі, каб звяздзіў!»

«Слухай, Грант атрымаем — то будзь сябруком,
дай крыху мне на ўласны часопіс!»
Паліглот адказаў, закусіўшы гурком:
«На часопісы Гранту не хопіць».

Аж затанчыў Празаік: «Ну што, Пасквілянт?
Атрымаў проста ў твар гарбуза?»
Нат Пілосап, аматар хвастом павіхляць,
быў у дадзеным выпадку «за».

«Ты па пёрах нязлоўленай птушкі не плач!»
загарлаў Паліглот, як сяржант.
«Калі трапіцца ў публіцы раптам Чытач,
будзе дулюшкі вам, а не Грант!»

Выбрык пяты
Празаікава навука

І душою, і целам на Грант працаваць,
ужываючы слэм, джэм і трэш,
пачалі яны — кнігі штогод выдаваць
трэба ж некаму, у рэшце рэшт!

Самастойны хлапец Публіцыст-Пасквілянт
у адну паімчаў установу,
дзе, як ён падлічыў, яму выдадуць Грант
за ягоныя стыль, густ і мову.

І Празаік чамусьці папёрся туды,
бы не мелася іншых структур —
«На канец (гэтак ён спадзяваўся) худы,
мо, на Готланд пашлюць у культ-тур».

Во дзе Грант задурыў ім абодвум ілбы
і яго атрымання прэстыж!
Кожны выгляд рабіў, не заўважыў нібы,
што і іншы кіруе туды ж.

Ды выходны быў дзень, на ўстанове замок,
супрацоўнікі — на фестывалі...
Пасквілянт і Празаік памкнулі ў шынок,
дзе за талент бухло налівалі.

За вісюлькі хаця й налілі ім піцця,
смех пачуўся ў іх раптам за спінай:
у Празаіка кроў адліла ад мазгоў
і да штукі памкнула прычыннай.

Час дзяцінства ў яго замігцеў уваччу,
давялося й дыханне стаіць,
і праз столькі гадоў ён выразна адчуў,
бы ля кляснае дошкі стаіць.

«Так смяецца Чытач!» — ні з таго ні з сяго
Пасквілянт акрыяў ад няўдач:
«Паліглот бы дадаў (выпіць трэ за яго) —
так смяецца апошні Чытач!

З нас рагоча Чытач, паўтару яшчэ раз,
ты ж яшчэ нам па куфлі замоў.
Гэта кпіць з нас Чытач, з нашых творчых параз
і тупых гранталоўскіх размоў».

Скрупулёзна падлічваў Празаік бабло,
што за трункі ў шынку зэканоміў,
ды цяпер неяк не да падлікаў было —
ён адчуў, што жлаба ён сынонім.

У віры шматпакутных душэўных намог
падбіваў ён выдаткі свае,
ды цяпер аніяк штось прыпомніць не мог,
колькі кніжак за год выдае.

«Грант пад гэтулькі кніг не здабудзеш у іх»,
ён прамовіў, пачухаўшы плеш.
«У былыя гады, як я быў малады,
менш пісаў — ды выходзіла лепш».

«Калі верыш і можаш — не бойся, дадуць!»,
Пасквілянт яму стаў падпяздоўваць.
«Буржуіны даюць і пад горшую муць,
а ў цябе ўжо імя і вядомасць».

Тут Празаік дастаў з торбы новы айфон
і пачаў там шукаць калькулятар —
«Добра, што ні кажы, жыць падобным лайфом!»,
ледзь не пырснуў ён эякулятам.

Пасквілянт ужываў не айфон, а планшэт,
у якім напісаў быў свой верш:
«Я табе распішу зараз цэлы бюджэт,
каб ты ведаў, за што ты жывеш.

Калі кніга каштуе касар, улічы,
то прасіць трэба больш удвая.
Не чакаць жа, што купяць яе чытачы —
з гэтай сумы палова твая.

Плюс выдаткі дадай на раскрутку, турне,
на пуцёўку ў пісьменніцкі дом,
а калі пераклад нехта дзе друкане —
будзеш проста хадзіць каралём!

Што жывеш з ганарараў, пры тым удавай,
беспрацоўны араты пяра.
Гэтак я вось нядаўна наведаў Дубай,
не патраціўшы там ні хяра.

У мяне на лавэ — талент у галаве,
ты не пі — будзеш мець такі самы.
А цяпер, раз у нас ёсць да раніцы час,
пагаворым і пра Чытача мы!»

(Так яны гаманілі, змачыўшы лычы,
толькі своечасова не скемілі,
што забыліся аўтару ў плюс залічыць
міжнародна-народныя прэміі.)

«Па натуры сучасны чытач — казуал,
ён амаль не чытае нічога,
толькі стужкі фрэндоў, а як з працай завал —
то на дзень нават гэтага многа.

Што ён ведае — некалькі твораў, імён,
помніць кожнага — марны спадзеў.
Вельмі любіць яшчэ прэзентацыі ён,
што да літаратурных падзей.

Хто чытае, дык толькі каб нешта паймець:
журналіст, навуковец ці крытык.
Іхны густ ім дыктуе пусты гаманец:
так яно і на Захадзе рыхтык.

Так што смела Амерыку ім адкрывай
і любую парашу херач,
сам сябе выкрадай: мо, яшчэ годзік-два й
захавае прыхільнасць чытач!»

Так да раніцы б мог разважаць Пасквілянт,
ды за лепшае змоўкнуць абраў,
бо халяўны закончыўся ўжо правіянт —
у гатэль, значыць, дыбаць пара.

Наш Празаік ледзь здолеў устаць з-за стала —
вось жа, аб чалавечай прыродзе
ён даведаўся болей за літар бухла,
чым ад літар за дзесяцігоддзі.

Па вяртанні назад Паліглот ім сказаў,
як натрапіў на іх у гатэлі:
«Вось вам прыклад жывы перавагі травы!
Дзе вы гэтак набрацца паспелі?»

Адказалі яму дружбакі: «У гняздзе,
тут бліжэйшых прытонаў няма.
Як у вас падрыхтоўка да слэму ідзе?
Можаш раіцца з намі двума!

Мы супольна бярэмся пісаць дэтэктыў
як браты, так бы мовіць, Ганкуры.
Ты ж зашмат не куры — бо павер, гэтак ты ў
псіхлякарні памрэш, у натуры!»

Выбрык шосты
Сон Палеміста

І душою, і целам на Грант працаваць,
ужываючы слэм, джэм і трэш,
быў загад — за мастацтва папсню выдаваць
трэба ж некаму, у рэшце рэшт!

Хваляваўся найбольш Палеміст-крытыкан,
што Празаікаў блог абняславіў.
Ён прылёг, задрамаў, і наяве маўляў
высніў сон, поўны дзіўных абставін.

Ён у складзе журы, дзе белліту зубры,
(а зуброў у белліце ня тройца —
от каб столькі ў бары!): хто ў нас, ліха бяры,
будзе сёлета варты Гедройца?

Вось Празаік, напрыклад — даўно заслужыў
дзесяць тысяч, не нейкую Вісьбы —
дастаткова націснуць на пару спружын...
Ды за гэта маглі прад’явіць бы!

Быў заблытаным іхніх сімпатый расклад:
фаварыта свайго мелі ўсе,
ды калі фаварыту дастанецца Грант —
нехта ж іншы не перанясе.

У байнэце, па звычаі, быў разнабой
(проксі-сервер ажно завісаў):
гной раскідвалі ўсе, і ніхто за сабой
не чытаў, што хто іншы пісаў.

Палеміст ад атак бараніўся там так:
«Вы нас лаеце веку спакон!
Пачыталі б каго! Тут ключом да ўсяго
цэхавое парукі закон!

Што да творчых праблем — то мы іх прызнаем:
каньюнктурнасць цвіце й парнаграфія,
выдаўцоў — плакаў кот, процьма іншых турбот —
але ж мы ніякая не мафія!

Так, імёнаў штогод там той самы набор —
але іншых мы дзе вам набралі бы?
Лепш ідзіце панюхаць, чым пахне чабор,
і не псуйце нам нашае алібі.

Ад мяне лёс Гедройца залежыць цяпер»,
з тым узяўся чытаць ён аповесць,
бо Празаіку меў самы шчыры намер
у дзясятцы тысёнц не адмовіць.

Хоць душою і думкаю ён не крывіў,
мала ўхвальнай была фармулёўка:
ён у творы знайшоў столькі розных правін
супраць густу, што стала няёмка.

Ну і як тут цяпер агалошваць вердыкт?
Не чыталі астатнія твора!
«Слова майстру лаканаўскай білібярды —
Палемісту!», сказалі сувора.

Той Лакана хаця й не чытаў, адылі
абвясціў лаканічна і важна:
«СЛАБАВАТА!» — абурана ўсе загулі,
некаторыя плюнулі ажна.

Старшыня анямеў: як сказаць ён так мог
пра аповесць аднога з калег?
Што зрабіў яму гэты нявінны тамок?
Ён, прабачце, аднекуль не шпег?

«Пакараць пажыццёвым выгнаннем з журы
і спагнаць дзесяць тыш у фонд ПЭНа!»
Гэтак зноўку мэйнстрым падтрымалі майстры
і пабеглі бухаць пад Шапэна.

Палеміст быў гатовы ад роспачы выць:
зноў паддаўся на хітрыкі ліху!
Ён Празаіка ж толькі хацеў ацаніць,
так бы мовіць, па Гамбургскім ліку!

Гараваў Палеміст аж да самай апоўначы:
хай за праўду змагаўся, як леў,
да канца права думкі крытычнай баронячы —
толькі абараніць не здалеў.

Вось што сніў Палеміст, ды пачуў раптам свіст —
гэта слэм завяршаўся, напэўна —
і ачомаўся ўраз: «Перамога не ў нас!
Дзесяць тысяч з усіх у фонд ПЭНа!»

Выбрык сёмы
Лёс Перакладчыка

І душою, і целам на Грант працаваць,
ужываючы слэм, джэм і трэш,
не стамляўся ніхто — акуляры ўціраць
трэба ж некаму, у рэшце рэшт!

Перакладчык апінію рэшты абверг,
быццам ён не ахці гранталоў,
і з заяўкаю некуды першы пабег,
як і перакладаў — стрымгалоў.

А падаўшы заяўку ён выйшаў анлайн
і застыў — хоць ты крыкам крычы,
бо на колішні Грант прыімчаўся Дэдлайн
ад якога няможна ўцячы.

Перакладчык прабачыць прасіў за бедлам,
«Усё зробім», казаў, «пакрысе» —
толькі болей наблізіўся кляты Дэдлайн,
і герой наш за працу засеў.

Хутка сківіцамі працаваў ён сваймі —
балазе, пальцам значна хутчэй:
перакладу замест накатаў собскі тэкст
цягам пары бяссонных начэй.

Псеўданім упрыгожыць любы пераплёт,
пад якім твор хаваецца твой.
«Ой, баюся, ня ўхваляць», сказаў Паліглот,
што прыйшоў, як заўжды, пад травой.

Бы трымаўся не ён постмадэрну здавён,
дзе дазволены гэтакі трук!
Тут ён толькі прароў: «Перакладчык — дамоў,
раз адбіўся ад статку і рук!»

І, да жаху прысутных на зборышчы тым,
Паліглот, пост змяніўшы на стоп,
намагаўся не ў рыфму паведаміць ім,
колькі ў грэцкім гекзаметры стоп.

Потым ліру адклаў і кіфару дастаў —
«Лепей зараз вас песняй пацешу!»
Задам ён варушыў і спяваў ад душы,
ад каноплі зусім звар’яцеўшы.

Тэкст быў нейкі такі: «Вы казлы й лайдакі!
Перакладчык зваліў? Алілуя!
Я на фэсце два дні б’юся, як завадны —
дэзерціраў вярцеў на ...ю я!»

Выбрык восьмы
Вяртанне

І душою, і целам на Грант працаваць,
ужываючы слэм, джэм і трэш,
ім абрыдла — за творцаў сябе выдаваць
прытаміліся, у рэшце рэшт.

Фэст мінаў, і ад згадкі пра ў слэме разгром
жах ужо не праймаў да касцей:
нат Празаік, што жыць так хацеў за бугром,
пра вяртанне падумваў часцей.

«Грантасмокі! Бяздары!», крычаў Паліглот —
як шалёны крычаў, далібог, —
«Мне няма з вамі часу схадзіць у залёт!
Толькі бегаю, як калабок!»

Пасквілянт не паверыў уласным вушам:
«Ды ён цвеліцца з нас, абібок!
Кажа, часу ня мае! Я ж бачыў быў сам,
як ён дзевак хапаў за лабок!»

Быў там час на шынок, на турызм і жанок —
ды знянацку закончыўся фэст,
і нарэшце-такі раздалі ім квіткі
на цягнік, што ішоў цераз Брэст.

Як убачылі роднай зямлі кумачы —
кожны з радасці ледзь не аслеп.
Толькі недзе ў ачку цягніка, блюючы,
Плагіятар крычаў: «Гэта Скеп...»

А пасля — цішыня. У паўсонні нібы
нехта з іх яшчэ вычуць здалеў
водгук «тык» — гэта мог быць і выперд слабы,
і адрыжкі ласкавы павеў.

«Не бяды!», думаў кожны, «напэўна ж, не раз
за мяжой яшчэ пагастралюю!
Лепей ездзіць туды, дзе не ведаюць нас,
дзе мы шчэ не былі! Алілуя!»

Так пад смех, пад гарэлку, пад спеў «Песняроў»,
з цэнным досведам з іншых краін
гранталовы вярталіся шчасна дамоў —
нейкі Скептык да задніцы ім!

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

И, источая горький зной,
Поблекли в обмороке пряном
И голубика пыльных гор,
И ртутный студень океана.

Адразу ж пасля сканчэння маскоўскага ўніверсітэту ён намёртва, як тупая сякера ў сукаватым палене, засеў ува ўладных кабінетах і часам толькі перабіраўся з аднаго ў другі, прычым усё большы, з усё цяжэйшай і даражэйшай мэбляй, а таксама прыгажэйшай і маладзейшай сакратаркай, падрыхтаванай для якіх заўгодна паслуг.

У садзе мірна цвыркуны.
А мы знікаем без вайны.

Была сабе раней крама, стаяла, людзі прыходзілі набываць тавары, пагаманіць, а пасля спусцілі зверху паперы, што прыбыткаў ад гэтай крамы няма, адныя выдаткі: то ацяпленне, то яшчэ якая трасца... І вырашылі яе ліквідаваць. Старшыню проста выклікалі ў раён і там, у белым доме, далі даручэнне. І вось зноў пасля трох гадоў бяскрам’я будзе ў іх цывілізацыя.