Каларадская пушча

сучасная беларуская проза, сатыра, дыстопія, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, трасянка

Частка І. Порт «Чыжоўка»

1.

— Праходзім!

Службовец у лінялым камуфляжы знакам паказаў кірунак на іржавы, у зялёна-сіняватых плямах паўкруглы ангар. На самым версе сядзеў чалавек у карычневай камізэльцы. Чалавек абхапіў адной рукой флагшток, на якім ляніва пагойдваўся сцяг незразумелага колеру, бліжэй да бэзавага з рознымі адценнямі малінавага. Выглядала, што вецер і дажджы зрабілі сваю справу, і сцяг даўно пара мяняць на новы.

Другой рукой чалавек у камізэльцы трымаў шчотку на доўгай дзяржалцы. Нахіліўшыся долу, чалавек шмараваў прывараныя па цэнтры пад дахам вялікія літары «ГОРАД-ГЕРОЙ». Ніжэй вісела шыльда «Пункт пропуску «Порт Чыжоўка».

Пасажыры баржы моўчкі пацягнулі свае торбы, баулы і заплечнікі. Службовец быў падпісаны на спіне словамі «Таможэнные вайска».

— Хто с аружыем — у первае акно. Там здадзіце ў камеру храненія. Астальные ва втарое, трэцяе, пятае, шостае і дзявятае.

Ад трапу да раскрытых варотаў ангару ўздоўж праходу стаялі аўтаматчыкі. Па дзесяць з кожнага боку. З даху ангару з краёў за натоўпам таксама сачылі ўзброеныя людзі. Праход быў шырынёй метраў пяць, даўжынёй — каля дваццаці.

Пасажыры пачалі штурхацца-сунуцца. Зачартыхаліся, зажартавалі і заабураліся адначасова. Паціху сталі ўтвараць лініі чэргаў. Ці не траціна перашыхтоўвалася да першага акенца, якое для ўладальнікаў зброі.

За ангарам удалечыні былі бачныя апошнія паверхі дамоў, на якіх нібы надзелі касматыя шапкі ці то водарасцяў, ці то лісця розных адценняў зялёнага. У шараватым небе раўлі, нібы быкі на бойні, бакланы. Смярдзела гнілымі малюскамі. Пачынаўся новы дзень.

Да трэцяга акна на пачатак чаргі спакойна пасунуўся мужчына на выгляд гадоў трыццаці. Кароткая стрыжка, джынсавая бейсболка, светла-русыя валасы, сярэдні рост, байка-неліняйка, штаны з самапальнымі адыдасаўскімі лампасамі, берцы, заплечнік сярэдніх памераў — літраў на пяцьдзясят. Вастраватыя рысы твару і шэрыя вочы. З-пад байкі на шыі вытыркаўся кавалак татушкі — зоркі-знічкі. Левае брыво пасажыра было пасечанае шнарам. Твар выглядаў загарэлым і абветраным. Гэта быў Дзікун.

Насамрэч новапрыбылага ў Горад-Герой звалі Стась, але на імя яго клікалі толькі кабеты падчас інтыму. Калі скарочана. А яшчэ службоўцы падчас праверкі дакументаў — поўнай формай. Мянушку Дзікун Стась атрымаў у глыбокім маленстве. Дзесьці тут, на берагах ракі Свіслачы. Зрэшты, Дзікун гісторыю слаба памятаў, а дэталі ведаў са словаў дарослых. Трохгадовы Стасік уцёк з дзіцячай пляцоўкі да вады, дзе на яго напаў гіганцкі сінякрылы вадзяны пацук. Драпежнік вагой і памерамі быў з малога, калі не болей.

Крылы дапамагалі пацуку некалькі секундаў трымацца метра на паўтара над зямлёю. Атака, малы ўхіліўся, пералёт, атака, зноў малы адскочыў, але драпежнік даў рады зачапіць кіпцюром брыво хлопчыка. Урэшце Стасік намацаў пад нагамі кавалак арматуры, схапіў і засадзіў пацуку проста ў вока. Фінал бітвы бачыў дарослы мінак, які пабег па адхоне берага на дапамогу дзіцяці. Калі мінак перадаваў Дзікуна бацькам, хлопчык быў вельмі спакойны. Успатнелы, перапэцканы крывёю, засяроджаны і спакойны.

— Адкуда? — чалавек у камуфляжы, які сустрэў баржу, ужо вызіраў з акенца будкі на ўваходзе ў ангар.

— Хутары каля Кругоў за Магілёвам.

— Адзін рукзак тока? Чаго так слаба?

— Я тока на свадзьбу.

— Дакументы.

Дзікун залез пад рэмень на штанах, пакорпаўся і выцягнуў з прышытай знутры кішэні ў чатыры разы складзеную паперу, запакаваную ў некалькі слаёў поліэтылену.

— Ты б яшчэ ў сраку засунуў... Чаго на баржы не разматаў? Первы раз штолі ў Горадзе-Героі? Не прыдупрыдзілі?

— Первы.

— Кансервы. Так... Савет пасяленія Кругі сьвідзецельствует, што... Станіслаў Мікалаевіч Рабянок... Ці Рабёнак? Ці дзіцёнак?

Службовец рагатнуў.

—...Адпячатак пальца. Пакажы палец. Пахожа. Давай прыглашэніе.

Разгарнуў.

— «Прыглашаеца на свадзьбу... тра-ля-ля... Марына Іванаўна Петрушкевіч... дом, уліца, чысло, подпісь». Есьлі ты не быў у Горадзе-Героі, як цібя знают тада?

— Эта маёй мамы падруга, яна выходзіць за нашага — за кругоўскага, ён і перадаў бумагу.

Службовец сплюнуў сабе пад ногі.

— Ішчо адзін на ПМЖ жэніцца. Ты да нас надоўга? Сам усьпееш прыжаніцца?

Гыгыкнуў. Распісаўся ўверсе паперы, паставіў дату. Штосьці перапісаў сабе ў сшытак.

— Дзяржы. Ідзі на дасмотр. Стой! Які-які адрас? Падшыпнікавы праезд? Там ужо ніхто не жыве, заліла яго даўно. Ідзі, знойдзеш Марыну Іванаўну на свадзьбе. У нас іх альбо ў «Турысьце» гуляюць, альбо ў «ДК МАЗ».

Дзікун пасунуўся ўглыб ангару, а «таможэнныя вайска» павярнуўся назад, дзе ў пакойчыку, дакладней, адсеку, агароджаным тонкімі стальнымі лістамі, сядзеў за пластыкавым сталом з абадраным надпісам «Coca Cola» такі самы «таможэнныя вайска». Працаваў з дакументамі.

— Мікалаіч, дзяржы, хай правераць што за Марына Іванаўна Петрушкевіч з былога Падшыпнікавага праезда 3.

2.

— Сука... Мы адпомсцім.

Мужыкі ўхвальна кіўнулі галовамі. Чалавек дваццаць абступілі расказчыка і слухалі.

— Удар у човен знізу — човен моцна хіснуўся. Прыкіньце? З-пад вады высунуліся дзесяць багроў... ну, можа троху меней, і рэзка нахілілі борт амаль да самай вады. Прыкіньце? Ды там адзін толькі борт паўтара метра вышынёй! А яшчэ мачта з ветразем... Ну што вам казаць — вы ж ведаеце, якія ў нас экспедыцыйна-рыбацкія чаўны — здаарооовыя! У хвалях мільганулі чорныя, нібы гіганцкія п’яўкі, целы. Я сам бачыў — трындос якая жудасць! Экіпаж раз — і ляснуўся ў ваду. Увесь, цалкам і адразу. Хлопцы, дзве секунды! Усплёскі, каламеса, кроў. Такія, знаеце, бурбалкі крывяныя пайшлі. Наш човен быў метраў на пятнаццаць ззаду. Мы буйнакаліберны стрэламёт завялі, але ж куды ў каго страляць? Там жа нашы! Падграбаем — сем трупаў. Плюс адзін іхны. Мы нашых у човен, а іхнага прывязалі да кармы ды пацягнулі да берага. Выгружаемся на пляжы каля гавані, а «п’яўкі» той няма! Застаўся адно гідракасцюм. Абсалютна пусты. Што цікава — без кіслародных балонаў. Касцюм з дзіркай у раёне сэрца ад удару нажом. Думаю што адзін з нашых рыбакоў пырнуў. З касцюма палілася вада. І ўсё. Больш нічога: ні крывінкі, ні вантрабінкі. Сукі...

Мужыкі кіўнулі галовамі.

— Хлопцы, Рамонку нашу першай у ваду кіданула, — удакладніў расказчык.

— А Дзікун? — спытаў адзін з мужыкоў.

— А што Дзікун, — адказаў расказчык, — нічога. Такі разгублены на носе стаяў, пакуль там нашых мардавалі.

— Дык зусім ніяк нічога? — перапытаў хтосьці з натоўпу.

— Нічога.

— А вы не разгубленыя былі?! — выгукнуў яшчэ адзін з прысутных.

— А мы што? Мы ж не Дзікун, — расказчык уключыў апраўдальную інтанацыю.

Размова адбывалася непадалёк ад развітальнай цырымоніі з загінулымі рыбакамі і Рамонкай, якая суправаджала першы экіпаж. Людзі сабраліся ў цэнтры Добрага Месца — сталіцы выспы Новая Зямля. Спачатку горад хацелі назваць Новы Змест, маўляў, «новы змест на новай зямлі» — гэта «так паэтычна і сімвалічна!». Але пачаліся спрэчкі пра форму, новая яна ці старая, таму спыніліся на нейтральнай назве Добрае Месца.

Цяпер вось на Полацкай плошчы пад Менскай гарой сабраліся каля трох тысяч чалавек. На гары — копія вежаў Наваградскага замку, пад гарой — копія Вострай Брамы, а па цэнтры плошчы — Камень-Знічка, які ў народзе клічуць проста — Валун. На ім выбітыя імёны ўсіх жыхароў Новай Зямлі — каля пяці тысяч. У цэнтры Валуна выяўлены герб Новай Зямлі: уласна знічка — васьміканцовая зорка — з упісаным у яе цэнтр роўнабаковым шасціканцовым крыжам. А таксама дэвіз «Мы яшчэ вернемся!». Людзі верылі, што калі-небудзь вернуцца ў Менск, з якога сышлі пасля Вялікага Выбуху, па якім пачала прыбываць Вялікая Вада. Цягам трох наступных гадоў сусветны акіян падняўся на 199 метраў. Паводле разлікаў навукоўцаў вада пачне адступаць прыблізна праз дзесяць гадоў ад цяперашняга часу.

А пакуль дабрамесцы і прыбылыя з аддаленых паселішчаў Новай Зямлі развітваліся са сваймі суграмадзянамі. Смерць тут, на Новай Зямлі, — надзвычайнае здарэнне. Тут людзі самі не паміралі, толькі калі гінулі ў бойцы з драпежнымі звярамі ці прышлымі ліхімі людзьмі. Таму на другім баку Валуна было не больш за сто пяцьдзясят імёнаў.

— Дарагія суайчыннікі, суродзічы! Ды што там — сям’я! Мы планавалі сёння тут, каля Валуна, традыцыйна адзначыць чарговыя ўгодкі нашага сыходу з Менску, каб знайсці свой новы дом.

На імправізаванай трыбуне над Каменем-Знічкай прамаўляў цяперашні кіраўнік супольнасцяў Новай Зямлі — Вялікі Ачольнік пан Віктар Абулькевіч.

— Знайсці такі дом, дзе мы б маглі спакойна жыць і гадаваць новыя генерацыі дзеля таго, каб урэшце вярнуцца на нашу радзіму — у Менск — абноўленымі!

«Пракачанымі», — хмыкнуў хтосьці ў натоўпе.

— Мы шмат заплацілі за наш спакой. — Пан Абулькевіч паказаў рукой на адваротны бок Валуна. — Злыдні з розных бакоў спрабавалі захапіць нашу Новую, і ўжо даўно любімую, Зямлю. Мы прыйшлі сюды знясіленымі, але перакананымі ў тым, што пераможам. І мы перамаглі. Мы адбудавалі цывілізацыю. Мы маем электрычнасць, чыстую ваду, жывёлагадоўлю...

Пан Абулькевіч задумаўся на секунду: што яшчэ мелася прагрэсіўнага на Новай Зямлі?

— Мы маем выдатнае войска...

Пан, які стаяў побач з Вялікім Ачольнікам, штосьці прашаптаў на вуха прамоўцу. Абулькевіч згадаў, з якой нагоды стаіць на трыбуне.

— І вось сёння мы развітваемся з квеценню нашага народу, новага народу, лепшага народу. З найлепшымі прадстаўнікамі лепшага народу, які... Якія — нашы героі застануцца з намі ў сэрцах назаўжды!

Развітальная імпрэза канчалася. Сваякі і блізкія сябры загінулых на чаўнах павязуць целы да колішніх гарадоцкіх могілак, якія цалкам сышлі пад ваду — як і ўсё мястэчка Гарадок Віцебскай вобласці. Да нябожчыкаў прывяжуць камяні з імёнамі і датамі жыцця і пусцяць на дно. На ваду пакладуць вянкі з кветак, з васковымі свечкамі на іх. Так прынята.

Пасля праверкі дакументаў Дзікун чакаў у чарзе дагляду рэчаў і круціў у галаве фрагменты падзеяў месяцавай даўніны. Тыя, хто арганізаваў напад, мусілі быць дзесьці тут — у Горадзе-Героі. Іншых варыянтаў не было. «Яны нас знайшлі! А мы знойдзем іх!» — заявіў пан Фларыян Корд, якога паўжартам называлі імем па бацьку — Альгердыч. Паўжартам, бо ў супольнасцях Новай Зямлі імя па бацьку не практыкавалася, ветлівы зварот быў «пан», «пане», «пані», «панове». Корд — не псеўданім, а сапраўднае прозвішча — ад тыпу кароткай шаблі ў сярэднявечнай Усходняй Еўропе. Альгердыч, старэйшы сябар і настаўнік Дзікуна, здавалася, нарадзіўся не адну сотню гадоў таму, столькі ён усяго ведаў пра жыццё. А пан Фларыян, як і большасць тых, хто ў дарослым узросце дабраўся з Менску да Новай Зямлі, не выглядаў на свае гады. Вось Дзікун з сваймі аднагодкамі рос і змяняўся з аблічча. А старэйшыя нібы закансерваваліся ва ўзросце, у якім заснавалі Добрае Месца. Загадка прыроды.

Хоць яшчэ большай таямніцай прыроды сталіся непрадказальныя кліматычныя катаклізмы. Гаворка найперш пра новы водны свет. Адлегласць тры кіламетры па вадзе човен мог ісці паўгадзіны, а мог — тры дні ці нават тры месяцы. А мог і нікуды не дайсці. Тут, напрыклад, такое надвор’е, а за пяць кіламетраў — зусім іншае. Тут пячэ, там цячэ: раптам навальніца, і раптам яе няма. Спакойная вада, і — знянацку смерч, здатны засмактаць у сябе цэлую вёску на плывучым востраве. Тут лютуе шторм, а за дзвесце метраў вада застаецца ціхаю. Прагназаваць не было як.

Людзі шукалі больш-менш спакойныя мясціны для падарожжаў па вадзе. Спакойныя — гэта значыць, там радзей утваралася прыродная небяспека. Такія водныя трасы зваліся фарватарамі. Трывалых у часе, амаль нязменных фарватараў было зусім мала. Вакол выспаў Новай Зямлі меўся толькі адзін чысты кірунак — на былы Віцебск. Як выглядала жыццё ў астатніх напрамках, спраўдзіць не было магчымасці. А вось прыбярэжныя воды былі заўжды спакойнымі. Побач з зямлёй прыродных катаклізмаў чамусьці не здаралася.

Затое на вадзе! Апроч кліматычнай небяспекі ўзніклі новыя пагрозы ад флоры і фаўны. Напрыклад, шаблязубыя зайцы-плывунцы. Яны вандравалі, скачучы між бярвёнаў, астраўкоў са смецця і друзу, кінутых чаўноў, вершалінаў дрэваў і дахаў дамоў, якія тырчаць з вады. Пры неабходнасці зайцы маглі праплысці па вадзе да кіламетра. Яны падбіраліся да ахвяры бязгучна, зграяй ад пяці да пятнаццаці асобінаў, накідваліся і не пакідалі ад здабычы нічога, нават самых цвёрдых касцей.

На зайцоў-плывунцоў палявалі падводныя звяругі. Найперш гіганцкія марскія выдры, свінавасьміногі, а таксама вялікія зубастыя крэветкі. Пакуль заяц у вадзе, ён безабаронны. Каб туша зайца кілаграмаў на трыццаць-сорак знікла за пару хвілінаў, хапала сарака-пяцідзесяці зубастых крэветак.

Вялікія зубастыя крэветкі часцяком хадзілі велічэзнымі — на тысячы асобінаў — касякамі. Рыбакі Усходнепалескага мора здабывалі крэветак тралам у прамысловых маштабах. Трал быў зроблены з вельмі моцнай сталёвай сеткі. Галоўнае — адразу на палубе апарыць здабычу кіпнем.

Чыстая вада — для вялікіх караблёў. Чыстая вада дае магчымасць хутка перасоўвацца, бо там найбольш фарватараў. Дзе былі касякі зубастых крэветак — не было дробнай рыбы. Затое былі вялікія істоты, якія палявалі на крэветак: свінавасьміногі, вугры-цмокі, скаты-бегемоты (у народзе іх празвалі «гіпаэсэсаўцамі»), шчупакі-акулы і ляшчы-быкі... У прыбярэжных водах — марскія бабры, здаравушчыя, як мядзведзі.

...Пасля пахавання Дзікун сядзеў у кавярні «Трэці Статут» на скрыжаванні вуліцы Усяслава Чарадзея і бульвара Вітаўта Вялікага і згараў ад сораму і роспачы. Псіхаваў пад словы:

«Катуй мяне, ратуй мяне,
Катуй мяне, ратуй мяне,
Катуй мяне, ратуй мяне-е-е!..»

Яны з Рамонкай толькі-толькі пачалі гуляць разам. Літаральна напярэдадні ўпершыню ўзяліся за рукі, акурат сёння Дзікун планаваў першы пацалунак, і вось...

Дзікун кідаў нажы і сякеры ў сцяну насупраць. «Няма чым працаваць, — паскардзіўся шэф-кухар уладальніку кавярні, пану Андрэю. — Пятнаццаты раз слухае і інструменту не аддае». Жылісты дзядзька з пшанічнымі вусамі, пан Андрэй моўчкі падышоў да сцяны, складзенай з бярвёнаў, павымаў кухарскі рыштунак, перадаў шэфу, прынёс Дзікуну травяную гарбату і падсеў да стала — маральна падтрымаць вядомага ўсяму Добраму Месцу, ды што там — усёй Новай Зямлі і прылеглым тэрыторыям, чалавека. Дзікун абхапіў рукамі галаву і цяжка выдыхнуў з сябе: «Тры-май-ся за по-руч-ні...»

«Трымайся за поручні!» — любімая фраза Дзікуна. Дзікун ніколі ў рэальным жыцці не бачыў не тое што поручняў, але грамадскага транспарту наагул. Але Дзікуна быў развесяліў расповед Альгердыча пра тое, што некалі ў Менску дзяржаўную арганізацыю «Менсктранс» завалілі тысячамі лістоў і тэлефанаванняў: абураныя менчукі фактычна крычалі: «Вы што — нас за поўных ідыётаў трымаеце?!» А ўсіх клопатаў было, што нейкі дробны клерк склаў такі тэкст, які круціўся ў тралейбусах і аўтобусах: «Шаноўныя пасажыры, падчас руху трымайцеся за поручні, якія спецыяльна для гэтага прадугледжаныя». «Не, блін, мы на поручнях бялізну сваю развесім сушыцца!» — абураліся пасажыры.

Дзікун быў апантаны Менскам. Ад дзяцінства чытаў і глядзеў усё, што было ў Новым Месцы датычнага Менску. Тэксты і фоткі, гісторыю і сучаснасць на момант сыходу старэйшых у пошуках новай зямлі.

Тры-май-ся за по-руч-ні... У жыцці Дзікуна была ўжо аднойчы невыносная роспач. Яе перажыў шмат гадоў таму — неўзабаве пасля інцыдэнту з вадзяным пацуком. Памяць падкідала ўспаміны кароткімі выбліскамі. Будынак аэрапорту, шмат людзей, нервовыя крыкі. Мама трымае Стасіка за руку. Тата цягне за сабой валізу. Дзікун з бацькамі — у канцы чаргі на чартарны рэйс Менск — Сант’яга-дэ-Чылі. Апошні самалёт, які мусіць пакінуць аэрапорт «Менск-2». Вада падступіла да самай узлётнай паласы. Салдаты адціскаюць аўтаматамі тых, хто не паспеў ускочыць у апошні вагон, у сэнсе — самалёт. З дынамікаў ідзе апавяшчэнне пра тое, што з вайсковага аэрадрому ў Мачулішчах, прадмесця Менску, таксама ладзіцца эвакуацыя ўсіх ахвочых. Гэтыя дэталі Дзікун дазнаўся пазней ад старэйшых, калі падрос, а ў памяці круціліся адно карцінкі штурханіны і поціск напружанай рукі мамы. Малы востра адчуваў неверагодную пагрозу, крычаў каб папярэдзіць, але бацькі, відаць, думалі, што ён проста баіцца агульнай панічнай атмасферы. Рука мамы літаральна на імгненне адпусціла Стасіка, і малога хтосьці адразу падхапіў. Гэта быў вайсковец з ачаплення. Ён перакінуў хлопчыка камусьці з натоўпу. Маці залямантавала, салдаты закрылі праход. Ні туды, ні сюды больш ніхто не змог прайсці.

Тады быў толькі адчай, малы не мог патлумачыць дарослым, што адчуў небяспеку. А цяпер Дзікун згараў не толькі ад роспачы, але і ад сораму — бо ён быў бачуном.

Як бачун Дзікун мусіў адчуць пагрозу смерці, якая прыйшла з-пад вады і забрала Рамонку і сяброў-рыбакоў. Бачуны наўперад адчувалі небяспеку з адносна блізкай адлегласці. «Бачуны», казалі людзі. Насамрэч ніякія карцінкі перад бачунамі не паўставалі. Кшталту, праз секунду сабака ўкусіць чалавека, ці праз хвіліну пачнецца атака бандытаў, ці праз пяць хвілінаў у кагосьці ўдарыць маланка.

«Штосьці будзе, — спрабаваў тлумачыць Дзікун, калі ў яго пыталі, як ён адчувае небяспеку. — Першы раз ты не ведаеш канкрэтна, што. Калі небяспечнае здараецца, адразу ў свядомасці фіксуецца нібы хімічная формула. І ты яе запамінаеш назаўсёды. Стрэл са зброі, рык звера, утварэнне віра... Наступны раз пры прадчуванні такой небяспекі формула ўсплывае ў мяне з памяці за некаторы час да падзеі: секунды ці хвіліны. І тады я магу папярэдзіць.

Крыніца пагрозы можа змяніць канфігурацыю. Напрыклад, злачынец дасць пас напарніку, і куля прыляціць з іншага дула, а значыць, па іншай траекторыі, чым ты прадчуў, альбо драпежнік вось-вось кінецца, але трапіць у пастку, таму прадчуванне нападу спрацуе ўхаластую, — Дзікун шукаў вобразы каб патлумачыць што бачуны не ўсёмагутныя. — Калі небяспека для бачуна новая, то застаецца спадзявацца на шацунак, на тое, што ты правільна ўгадаеш удар. Як брамнік падчас пенальці».

Бачуны складалі базы формулаў небяспек, абменьваліся імі. Інфармацыю перадавалі зразумелымі толькі ім гукамі і жэстамі і — галоўнае — малюнкамі-іерогліфамі. Скрасці таямніцу бачуноў было немагчыма. Бо звычайны чалавек не мог успрыняць, а бачун не мог перавесці свае веды ў звыклае для людзей кадаванне.

Вельмі хутка людзі з мінулага, да катастрофы, жыцця высветлілі, што чым бліжэй чалавек быў да Вялікага Выбуху па часе нараджэння, тым лепш ён адчуваў небяспекі. Так сталася, што тым дарослым, які ўбачыў бой малога Стасіка з сінякрылым вадзяным пацуком, быў Альгердыч. Гэта ён досыць хутка здагадаўся пра незвычайную здатнасць хлопчыка. Стасік вырас у найлепшага бачуна. Бо быў адзіным, чыё нараджэнне супала з момантам калі адбыўся Вялікі Выбух. Усе астатнія, хто прыйшлі на свет адразу пасля Вялікага Выбуху, таксама мелі здольнасці бачуноў, але ў крыху меншай ступені.

Дзікун вучыў малодшых сяброў з дарам бачуноў. Напрыклад, як адрозніваць фонавыя небяспекі. Вось проста нядобры па жыцці чалавек, а вось канкрэтны зламысны намер, які ад яго сыходзіць. Ці вось — стандартная прыродная пагроза, а гэта — невядомы прыродны катаклізм.

«Гады трэніровак і інтуіцыя, якая вынікае з жыццёвага досведу і аналітычных практыкаванняў, — падмурак поспеху бачуна», — так тлумачыў сваю работу Дзікун, калі навучаў маладзейшых.

Сярод іншага бачуны суправаджалі рыбакоў, каб абараніць іх ад пагрозаў з боку людзей і прыроды. І вось Дзікун сядзеў у «Трэцім Статуце» і не глядзеў у вочы сябрам — вінаваціў сябе за тое, што прапусціў пагрозу «чорных п’явак». Прапусціў, бо не адчуў. Нічога. Нуль. А гаспадар кавярні пан Андрэй, акуратна падбіраючы словы, тлумачыў, што і Рамонка таксама была бачунняй. Можна было б спісаць сітуацыю на тое, што яна мела дар меншай магутнасці, але калі два бачуны адначасова... Значыць, усе разам сутыкнуліся з чымсьці новым, абсалютна не ўласцівым для ваколіцаў Новай Зямлі. Таму няма каго за што вінаваціць.

3.

Калі б хто-небудзь стварыў глабальны рэйтынг падполляў, Менскае магло б прэтэндаваць на самае экстраардынарнае. Справа ў тым, што Менскае падполле ўтварылася не з пачаткам баявых дзеянняў, а ў прадчуванні вайны. ІІІ-й Сусветнай вайны. Усім было зразумела, што вось-вось мусіць пачацца, але як канкрэтна? Адразу бабахнуць ракетамі ці пяройдуць у наступ малымі групамі ў форме без апазнавальных знакаў? Зрэшты, «ікс» ва ўраўненні быў у цэнтры Менску — на чыім баку ў глабальным канфлікце будуць улады? А найперш, уласна, чыны Міністэрства абароны?

«Калі б не пагроза вайны, я б з некаторымі з іх, — казаў Альгердч Дзікуну пра паплечнікаў пра Падполлі, — я з некаторымі з іх не тое што а ў адным бары за адну стойку не сеў бы, я б пад адным пастом лайк не паставіў бы». — «Гэта вы пра нашых, з Добрага Месца?». — «Не! Я пра тых, што засталіся ў Менску. Хто ведае, дзе яны цяпер».

Калі Дзікун вырас, ён пэўны час нёс памежную варту разам з Альгердычам у пасёлку Брылёва, колішнім прадмесці Віцебска. Гэта такая заморская (насамрэч, запраліўная) тэрыторыя Новай Зямлі. Праліў зваўся Брылёўскім. Дзікун як бачун дапамагаў адбіваць напады бандытаў, якія прыходзілі з боку Велішкавічаў і Лёзна. А таксама Ваўкоў, Брусоў, Шапак і Задняй. Гэта ўжо за колішняй усходняй мяжой. У першыя гады, як пачалося фармаванне супольнасцяў Новай Зямлі, госці са зброяй не спынялі атакі.

А насупраць ад Брылёва, праз іншы праліў, метраў пяцьсот шырынёй, пачыналася Талачынская выспа. Так у Добрым Месцы назвалі кавалак сушы, які застаўся ў межах былых ды існых мястэчак: Круглае, Друцк, Шчэцінка, Талачын, Усвіж-Бук, Абальцы, Латыголь, Юрцава. Вось гэты брылёўска-талачынскі праліў быў адзіным уваходам у акваторыю Новай Зямлі. Талачынскі бераг патрулявалі з вады.

Талачынская выспа была ў некалькі разоў большая за Новую Зямлю, але мала заселеная. У асноўным дробнымі бандыцкімі групоўкамі, якія рабавалі хутаранаў з невялічкіх выспачках, а таксама шукалі здабычу па будынках, якія шмат дзе вытыркаліся над вадой. Ды хоць бы Жодзіна са сваім аграмадным БелАЗам. А дадай туды яшчэ з дзясятак заводаў, а дадай мікрараёны шматпавярховікаў, што шчыльнымі радамі вытыркаюцца над вадой. Было дзе і што здабываць! Калі на заводах найперш каштоўныя металы, то па жылых дамах шукалі прыдатную для ўжывання бытавую тэхніку. І каштоўныя металы, зноў жа. Усё перапраўлялася кантрабандай у Горад-Герой.

Апроч Дзікуна разам з салдатамі ў Брылёве неслі варту іншыя бачуны. Сядуць маладыя хлопцы пасля змены каля вогнішча, а тут і Альгердыч падыдзе. Хтосьці запаліць, хтосьці трынькне на гітары, а пасля хтосьці папросіць: «Пане Фларыяне, а распавядзіце, калі ласка, як вы ў Падполлі змагаліся». «Ну як змагаліся, — пачне Альгердыч, відавочна задаволены ўвагай, — мы рыхтаваліся».

Альгердыч быў сувязным. Так вырашылі, бо Альгердыч працаваў у рэстаўрацыйнай майстэрні мастацкага музею. А гэта значыць, што ён камунікаваў не толькі з навуковымі супрацоўнікамі-мастацтвазнаўцамі, але з вялікім колам прыватных заказчыкаў. Проста ў цэнтры гораду ў сябе на рабоце сустракаўся з кліентамі. А кліенты былі розныя: ад чарнакапальніка да калекцыянера, ад нуварыша-пакупніка да прафесійнага гандляра антыкварыятам.

Усе ўзросты, полы, сацыяльныя становішчы. Усе роўныя перад майстрам-рэстаўратарам, «як у лазні ці аўташколе». Западозрыць Альгердыча ў лаяльнасці ці нелаяльнасці да ўлады было немагчыма. Свае погляды Альгердыч публічна не агучваў, затое патрэбны быў усім.

Праблема была ў тым, што падпольшчыкі не ведалі, якія настроі ва ўладных калідорах. Усе чакалі пачатку ІІІ-й Сусветнай вайны. А калі яна ўсё-ткі пачнецца — хто будзе на чыім баку? Ці трэба будзе выходзіць з Падполля, каб падтрымаць уладу ў змаганні з агрэсарам, ці наадварот — ударыць у тыл здраднікам Радзімы? Частка байцоў меркаванага супраціву спусцілася ў лабірынт менскіх падзямелляў. Метро, калектары, падземныя пераходы між заводамі. І нават праходы між дотамі часоў ІІ-й Сусветнай вайны. У Менску было дзе разгарнуцца пад зямлёю.

Тым часам выведнікі падпольшчыкаў над зямлёй спрабавалі высветліць расклад сілаў у сілавых структурах, а найперш сярод вайсковага генералітэту. Адна з канспіратыўных кватэр мясцілася ў раёне плошчы Перамогі, вокнамі на раку Свіслач. Недалёка на пагорку быў бачны масіўны будынак Міністэрства абароны. Кватэру ў гэтым месцы знялі выпадкова, проста прапанова падалася выгаднай. Але ўдзельнікі Супраціву жартавалі, маўляў, знялі «спецыяльна для натхнення» — каб мець перад вачыма аб’ект інтарэсу. Кватэру замаскіравалі пад блатхату.

Нават калі спецслужбы і ладзілі праслухоўванне, яны ўсё роўна не маглі пачуць тыя важныя размовы, якія вялі міжсобку падпольшчыкі: у гармідары крыкаў, рогату, і няроўных песень, якія часта пачыналіся, але рэдка даводзіліся да канца. Вуглавая кватэра не межавала наўпрост з іншымі. А таўсценныя «сталінскія» сцены ахоўвалі падпольшчыкаў ад канфлікту з суседзямі. Менавіта падобная тактыка маскіроўкі дала найбольшы плён. Групы, якія абіралі для сябе іншыя віды канспірацыі, больш цярпелі ад выкрыцця і пераследу.

Неяк Альгердыч чарговы раз уздымаўся па нестандартна высокіх прыступках туды, на самую верхатуру, дзе сябры па барацьбе ўжо нарэзалі закускі, адкаркавалі бутэлькі і падрыхтаваліся да сурʼёзнай — на ўсю ноч — работы.

У рэдкіх выпадках, калі трэба было працягнуць і рана ранкам, недалёка — каля крамы «Акіян» — круглыя суткі працаваў шапік «Хутка-смачна» (у народзе «Хутка-брыдка») з півам і хот-догамі, якім далі мясцовую менскую назву — хадуны. Альгердыч для сябе жартам называў «хадунамі» публіку, якая таўклася каля шапіка а пятай раніцы.

Зрэшты, было не да жартаў, інфарматары ва ўладных структурах усё часцей давалі звесткі пра падрыхтоўку да вайны.

Альгердыч зайшоў у кватэру і ўбачыў яе — Зулю. Пазней менавіта выведніца Зуля здабудзе найбольш каштоўную інфармацыю, якая паўплывае на хаду дзейнасці ўсяго Супраціву. А пакуль Зуля сядзела ў коле мужчын і трымала бутэльку віскі ў руцэ.

Па класіфікацыі аднаго з Зулевых паплечнікаў па падполлі, «у жанчыны адсутнасць жопы кампенсуецца высока задраным носам». У Зулі і жопа была што трэба, выпуклая і пругкая, і нос быў задраны. Ну як нос — носік.

Рост у Зулі быў ніжэйшым за сярэдні. «Не, не так, — сказаў Альгердыч. — Калі па шчырасці, малюпасенькая ростам, цыцкастая, дупастая, энергічная кабетка, у якой рот не закрываецца ні на імгненне. І якая можа ўліць у сябе неверагодную колькасць алкаголю, усё вакол перавярнуць і разбамбіць, і пры гэтым застацца на нагах. Вось такая была Зуля».

Каштанава-мядзяна-брунецісты колер густых валасоў быў натуральным. Вочы змянялі колер ад татальна — на ўсю зрэнку — цёмна-карычневага, амаль чорнага, да залаціста-карычневага ў зеляніну. Ні ад асвятлення, ні ад прыняцця якіх-небудзь рэчываў змена колеру вачэй не залежала. Сама Зуля выказвала меркаванне, што ў такі спосаб выяўляюцца патаемныя жаданні, якія яна сама не фіксуе. У залежнасці ад настрою Зуля магла выглядаць дзевачкай-прыпевачкай, а магла быць кабетай «я вас усіх з’ем, сукі».

У вечар знаёмства з Альгердычам Зуля накаціла грамаў трыста пяцьдзясят і пачала спяваць песні ўласнага сачынення. Пра любоў, каханне і змаганне. Паціху, паціху, усё галасней, а пасля Зуля ўхапілася за гальштук сувязнога з аддаленай ускраіны горада і пацягнула яго ў калідор, а адтуль у туалет. Зулю спынілі.

Зуля ледзь не перасварыла ўсіх мужчын, прычым ніхто не зразумеў, з-за чаго. Зуля выліла сабе на галаву кухаль піва, змяшала ў сабе ўсе напоі, што былі на стале. Зулю выцягвалі з вакна, у якое яна раўла яшчэ нядаўна мілагучныя песні. Зуля паспрабавала залезці на стол, на шафу і ў штаны ўсім прысутным, а пасля захрапла ў суседнім пакоі, і дзелавая сустрэча працягнулася.

Поўнае імя Зулі было Сузана Анатолеўна Шубзда, але пра гэта ведалі хіба бухгалтары, якія налічалі ганарары. Працавала Зуля на палову стаўкі рэдактарам навінаў незалежнага інтэрнэт-рэсурсу «Белоп», працавала з дому. А раз на тыдзень — аператарам крану на ток-шоў галоўнага каналу дзяржаўнага тэлебачання. Шэсць дзён на тыдзень пасля абеду была вольная. Час запаўняла тым, што вяла ўласны відэаблог «Сама не свая». Пра «нечаканыя знаёмствы з цікавымі людзьмі ў незвычайных месцах».

У адно незвычайнае месца Зуля трапіла на заданне падполля — у вайсковае інфармацыйнае агенцтва «Баец». Спачатку было нечаканае знаёмства, а пасля ўжо заданне. З цікавым чалавекам генерал-маёрам Ціцюкіным Зуля перасеклася ў прыёмнай прыватнага венералагічнага кабінету.

Зуля любіла і ўмела бухнуць так, што мужыкі ў радыусе кіламетра выстройваліся ў чаргу, каб правесці юную мадам дадому. А больш за ўсё ў жыцці відэаблогерка любіла экстрэмальны секс з незнаёмцамі. Пра секс пасля ў дэталях распавядала на ю-тубе, праз што зрабілася дзіка папулярнай у падлеткаў. Але блогерку цікавілі сталыя мужчыны. Сталыя мужчыны відэаблогі не глядзелі, пра вядомасць Зулі ў інтэрнэце не ведалі, таму аддавацца свайму хобі яна магла не асцерагаючыся выкрыцця і пераследу з боку сваіх выпадковых партнёраў.

Бывала, што Зуля раздавала прызыўныя флюіды, як роўтар раздае беспарольны інтэрнэт.

А бывала выпраменьвала кропкавы секс.

З Ціцюкіным атрымалася кропкава. Што не адмяняла промні «вай-фаю», у выніку працы якога палова службоўцаў Міністэрства абароны пачала рэгулярна сустракацца з журналістамі паловы незалежных і дзяржаўных СМІ ў адных і тых самых венеролагаў.

Вось гэтую частку гісторыі і чакалі ад Альгердыча хлопцы каля вогнішча, бо кожны раз расповед поўніўся новымі дэталямі і квеціўся новымі фарбамі. Адзінае што Альгердыч ніколі не раскрываў імя Зулі, казаў «адна выведніца». Прычым гісторыю падаваў так, што выглядала хутчэй на анекдот уласнага сачынення. На вайсковы гумар.

Аднойчы Зуля засядала з Ціцюкіным у рэстаране гатэлю «Менск». Засядалі яны ўжо не першы дзень — кватэра Ціцюкіна была па дыяганалі праз дарогу, дакладней праз праспект Незалежнасці, у доме побач з Галоўным паштамптам. А было перад Новым Годам.

Генерал бухаў, а Зуля час ад часу адскоквала ў казіно, якое было ў суседняй залі. Генерал быў ужо ў тым стане, калі размова з цікавым чалавекам — самім сабою — была самадастатковай і змястоўнай. Ён механічна вымаў з партманета купюру, Зуля механічна яе забірала. Праз кароткі час вярталася, каб забраць наступную.

І вось пасля чарговага паходу ў казіно Зуля завалілася ў рэстаран пад руку з новым цікавым чалавекам, высокім падцягнутым джэнтльменам з кароткай стрыжкай сівых валасоў.

— Бля-а-а-а!.. Роб-берт-а-авіч! — генерал крыху працверазеў. — Братуха!

— Нікіфаравіч, Валодзя, аааа! Здароў!

Высветлілася, што Ціцюкін і Робертавіч — калегі па службе ў Міністэрстве абароны. Якія не бачыліся ўжо цэлых... цэлых пяць дзён!

— Яна троху трындзючая, калі падапʼе, — прадставіў Ціцюкін Зулю.

— А калі не падапʼе? — добразычліва ўдакладніў Робертавіч, які ў казіно не паспеў перакінуцца з Зуляй і трыма словамі.

— Не ведаю.

Сябры-вайскоўцы пачалі прамаўляць тосты за поспех, за тое, што «усё хутка зменіцца», і што «усё будзе наша».

Дамоў Ціцюкіна цягнулі выкліканыя з Міністэрства абароны малодшыя афіцэры. А генерал крычаў што вельмі хутка ўсіх нацягне, і ўсіх паставіць ракам. «І цібя, і цібя, і цібя! — тыкаў генерал афіцыянту, ахоўніку, швейцару, таксістам каля ганку гатэлю, афіцэрам, якія яго цягнулі. «І вас, і вас, і вас!» — гэта ўжо ў бок будынкаў Дому Ураду, Менгарвыканкаму, Міністэрства ўнутраных спраў, КДБ. «І цібя!», — махнуў рукой Ціцюкін у далечыню перад тым як адрубіцца.

«Дык вось, Дзікун, — распавядаў Альгердыч, — мы тады не звярнулі на гэтую гісторыю ўвагі. Думаю, па ўсім Менску перад Новым Годам такіх генералаў і палкоўнікаў было шмат. Але. Справа ў тым, што цяпер Горадам-Героем кіруе Кароль. Яго ўсе клічуць проста Кароль. Мы думаем, што гаворка не пра манарха. Справа ў тым, што поўнае імя палкоўніка, сябра Ціцюкіна — Вітольд Робертавіч Кароль».

4.

— Мы адзін народ.

Прысутныя на нарадзе ачольнікаў майстроўняў застагналі. Падавалася што ўсе чулі гэтую фразу стопяцісоты раз. Дзікун быў у Палацы Майстроўняў упершыню, а тым больш уявіць сабе не мог, што трапіць у залю нарадаў самых-самых. Відаць, справа не жарт, раз Дзікуну дазволілі чуць перамовы на найвышэйшым узроўні.

А ўзровень быў такі. Сем майстроўняў — сем ачольнікаў. Такая была сацыяльная арганізацыя Новай Зямлі. Ачольнікаў абіралі ўнутры майстроўняў. Выбарцамі былі толькі тыя, хто дасягнуў ступені майстра. Усё па-чэснаму. Абралі ачольнікаў, а ачольнікі абралі Вялікага Ачольніка. Вось цяпер кожны з ачольнікаў сядзеў пад выявай герба сваёй майстроўні — у цэнтры знічкі пэўны знак. А яшчэ да размовы былі дапушчаныя папярэднія ачольнікі. Народу было многа, бо ачольнікам можна было быць толькі два гады. А гадоў, як утварыліся майстроўні, было больш чым шмат. Задоўга да Вялікага Выбуху пачалі фармавацца майстроўні. Усё гэта Дзікун ведаў тэарэтычна. А што і як насамрэч — бачыў упершыню.

— Мы адзін народ, — крыху стомлена, але ўпэўнена паўтарыў сівы пан. Гэта быў ачольнік Уладыслаў, майстроўня нумар тры.

— Пане Уладыславе, мы тут сабраліся дзеля іншай нагоды. Мы ведаем ваша меркаванне па тэме адзінства народа, — сказаў Вялікі Ачольнік пан Віктар Абулькевіч.

—Ты!!! — пан Уладыслаў выкінуў у бок пана Віктара руку, нібы кідануў кап’ё. — Ты ці ўсведамляеш адказнасць за Менск? А за Горад-Герой? Так! Гэта мы вінаватыя ў тым што Менск раскалолі на дзве часткі. Так! Мы мусім вярнуцца і аб’яднаць народ!

— Пане Уладыславе...

— Ты! Не закрывай мне рот! — гэта ўжо на адрас іншага ачольніка майстроўні. — Мы адзін народ! Навошта мы дваццаць сем гадоў таму пакінулі Менск? Ты! — пан Уладыслаў паказаў на Альгердыча. — Ты, Фларыян, казаў, што хочаш уратаваць вось гэтых. — Уладыслаў паказаў на Дзікуна. — Малых бачуноў. Яны выраслі, што нас трымае?

Альгердыч кашлянуў:

— Уладзя, а з чаго ты ўзяў што праз дваццаць сем гадоў мы там камусьці патрэбныя? З нашымі ведамі, з нашымі адкрыццямі, напрацоўкамі. Можа, пачакаем дзесяць гадоў, калі пачне сыходзіць вада, і пачнём усё з нуля?

— Мы!!! Мы кінулі наш горад. Наш народ! Мы мусім вярнуцца і дапамагчы!

Вялікі Ачольнік тры разы грукнуў па стале адмысловай булавой — сімвалам улады:

— Правам, якое дадзенае мне вамі, справядліва абранымі ачольнікамі, я абвяшчаю тэму галасавання. А менавіта. Ці дэлегуем мы — рада ачольнікаў — нашага суродзіча Станіслава Рабянка ў выведную экспедыцыю ў Горад-Герой з мэтай выявіць крыніцу пагрозы для Новай Зямлі. А менавіта — высветліць, кім ёсць «чорныя п’яўкі». Вам раздадуць белыя і чорныя каменьчыкі. Белыя — «за», чорныя — «супраць». Пан Фларыян Корд мае права двух галасоў, бо ён ёсць першым ачольнікам першай менскай майстроўні. Я сказаў.

Пан Уладыслаў узняў руку:

— Паводле старажытнага права закону майстроўняў я прашу перапынку.

— Пятнаццаць хвілін перапынку, — абвесціў Вялікі Ачольнік.

Дзікун сядзеў побач з Альгердычам і час ад часу лавіў фразы, якія даляталі ад удзельнікаў сустрэчы.

— Яго нельга адпраўляць, ён не ведае той свет, тых людзей.

— Наадварот, добра што не ведае, бо і яго там ніхто не ведае.

— Ён мае фенаменальныя здольнасці. Апроч таго, што ён бачун, ён валодае энцыклапедычнымі ведамі!

Апошняе было чыстай праўдай. Народжаныя падчас Вялікага Выбуху дзеці не мусілі завучваць інфармацыю. Пачутае ці пабачанае хоць бы раз назаўсёды заставалася ў памяці. Ад настаўнікаў у школе патрабавалася толькі маршрутызаваць паток ведаў. Этыка быцця — вось якую дысцыпліну мусілі выкладаць настаўнікі. Рэч, якую не завучыш, як параграф падручніка. Этыка плюс адзінаборствы ды ўменне страляць з дзвюх рук. За Дзікуна прагаласавалі адзінагалосна. Праўда, быў голас супраць, але яго закрыў Альгердыч сваім другім дадатковым голасам.

Чарга на КПП сунулася марудна. Маючы абсалютную памяць, Дзікуну не трэба было соты раз паўтараць сабе ўказанні ды парады, атрыманыя падчас падрыхтоўкі да выправы. Згодна з легендай, Дзікун быў насельнікам адной з дзясяткаў дробных выспаў за Магілёвам. Там паўсюль хтосьці жыве. Ці не жыве. А ўсіх не ўведаеш. Хтосьці з хутароў і не вылазіць ніколі. З хутара — і з хутара, нават калі плявузгнеш штосьці не па мясцоваму, здзіву ні ў каго не будзе. Нават калі сільна вумнае слова ўжывеш. Мала ці хто на хутарах жыве? Ды хоць былы прафесар універсітэту.

Рэчы ў вандроўку закуплялі ў дзядзькі Фелюся, які жыве ў сваім аграмадным доме на вадзе. Дакладней, дом на плыце, а плыт на вадзе. Плыт з двума маторамі. І паліва заўжды да іх ёсць — газ. Яго набываюць у Горадзе-Героі купцы, якія пасля прадаюць па ўсіх архіпелагах у раёне воднай трасы.

Дзядзька Фелюсь быў заможным чалавекам. Ён быў адзіным, хто вольна перасоўваўся па ўсім фарватары ад Брылёва ажно да былой Оршы. Фелюся ніхто не чапаў, ён быў патрэбны ўсім, і нашым, і вашым, і іхным, і вунь тым таксама. А на выпадак сустрэчы з адмарозкамі ў Фелюся была ахова. А ў аховы і кулямёт, і аўтаматы, і нават снайперская вінтоўка СВЛК-14С, якая прыцэльна б’е ня менш як на 2300 метраў. З вады не падкрадзешся, а на сушу Фелюсь ніколі не выходзіў. «Што я там не бачыў?». Каму трэба, самі прыплывалі. Ці хто быў патрэбны самому Фелюсю.

Даўно, яшчэ як вады не было, дзядзька займаўся народнымі промысламі. Вырабы з гліны вазіў на рынак у свой пасёлак гарадскога тыпу. Так Альгердыч распавядаў. Стаяў такі Фелікс Браніслававіч на рынку, свістулькамі глінянымі пагандлёўваў, конікамі рознымі, птушачкамі. Гадамі стаяў. Ні бандыты, ні міліцыя яго не чапалі — што ўзяць? Раптам бац — а ў Фелюся катэдж свой. Дзядзька пад свіст керамікі дзялы дзелаў. У таго купіў, таму прадаў.

«Не, ніякіх наркотыкаў! — казаў Альгердыч. — Дзядзька Фелюсь быў высакародны чалавек. Ён у чорных капальнікаў артэфакты скупляў, а калекцыянерам прадаваў. У асноўным зброю розных часоў. Прычым так бывала, што калекцыянер — мясцовы пракурор, а капальнік — мясцовы начальнік ДАІ. У кожнага свая страсць! І абодва так і не ведалі, хто чым займаецца, хоць штодня выпівалі разам».

Дзядзька Фелюсь быў чэсны чалавек. Ён артэфакты мясцовых мясцовым не прадаваў. Ды колькі ў раёне тых калекцыянераў было. Тры, хіба. Фелюсь на Менск у асноўным працаваў. У Менску з Альгердычам і пазнаёміўся, калі па наводцы знаёмых звярнуўся да спецыяліста па рэстаўрацыі артэфактаў з металу.

А тут прыйшла вада.

І ў дзядзькі Фэлюся закіпела работа. Спачатку быў гармідар — вайна, банды. Дзядзька разам з Альгердычам пасунуўся сюды на Выспы. Туды-сюды. Мясцовыя — хто ўцёк, хто застаўся, а з гарадоў панабеглі прыбышы. Ну, Фелюсь і давай рабіць людзям паслугі абменнага характару. Соль на перац, каву на гарбату, сала на мыла, «калашнікаў» на патроны. Усё па-чэснаму. Падняўся. Тады і персанальнай аховай абзавёўся.

«Ты галоўнае з валютамі не пераблытай, — навучаў дзядзька Фелюсь Дзікуна. — Залатыя зліткі схавай. Ты іх усе тры штукі аддасі капітану за дарогу да Чыжоўскага порту. Капітан за цябе галавой адказвае, так яму і перадай ад дзядзькі Фелюся.

Я б мог табе даць старыя жалезныя рублі (насамрэч, з медна-нікелевага сплаву, Дзікун ведаў гэта са школы). Толькі ў цябе іх быць не можа, у хутараніна з дзікай тэрыторыі. Хаця... Вазьмі пяць двухрублёвікаў, можа, як бы ад бацькоў засталіся. Але найперш бяры два іклы шаблязубага балотнага зайца. Тут без пытанняў — здабыў. Хопіць з гакам на пражыць пару дзён у Мікалаеўцы-2 і ў дарозе патраціць: там амаль усе будуць везці нейкую ежу на продаж у Горад, прасці Г-спадзе, Герой. Цяпер курс іклаў добры, зайцы год як павыводзіліся, мала іх стала. Хто іх жарэ — шаблязубых?.. Пытанне. У дарозе ты мусіш выглядаць бедным сваяком, які едзе на вяселле. Таму бяры два іклы, не болей».

Увесь час размовы дзядзька Фелюсь сядзеў за вялікім — як ягоны плывучы дом-крэпасць — сталом чырвонага дрэва ручной работы, «не паспеў прадаць», а Дзікун з Альгердычам перад сталом стаялі.

— Вось, — на стол ляснуліся дзве кнігі і тры кампакт-дыскі. — Гэта раманы «Сладкіе слёзы» і «Падарак первай ночы» з серыі «Карманная жэнская сказка» ды музычныя зборнікі «Лучшые песні кафэ», «Лучшый танцпол усех народаў» і «Лучшэ адзін раз услышаць».

Фелюсь задаволена працягваў:

— Наколькі я ведаю з расповедаў... эээ... з расповедаў, усё гэта, Дзікун, ты спакойна пранясеш праз пункт пропуску «Порт «Чыжоўка» у выглядзе вясельнага падарунку. І, наколькі я ведаю з расповедаў, калі на даглядзе рэчаў чымсьці з гэтага зацікавяцца, прэзентуй адну рэч, але не болей.

«...Перэжывём, перэжывём, усё как нада будзет у нас!..»

Дзікун уздрыгануўся. Гук песні ішоў з усіх бакоў. Людзі ў чэргах стаялі як стаялі, службоўцы ў камуфляжы павольна працягвалі работу.

— Наканец пачынілі мацюгальнікі, — сказаў сам сабе даглядчык і паглядзеў Дзікуну проста ў вочы.

Два службоўцы моўчкі паставілі Дзікуна на расцяжку, абшманалі і добразычліва спыталіся: «Што вязем?»

5.

— Гаі.

— Кругі.

— Клёва.

— Малыя Ляды.

— Чарнагорадзь.

— Новыя Зялёнкі.

— Лугавая Слабада.

Пасажыры называлі населеныя пункты, з якіх прыбылі.

Даглядчык рэчаў прапусціў міма ўвагі простыя пажыткі Дзікуна і спыніўся на дысках і кніжках. Заявіў, што сумняецца ў іх змесце і мусіць аддаць на экспертызу. Васілічу. Так і сказаў — «на экспертызу Васілічу».

«Кожная з гэтых рэчаў каштуе не менш за тысячу іхных фанцікаў, — настаўляў дзядзька Фэлюсь перад дарогай. А зняць жытло — да дзесяці фанцікаў за суткі... як іх грошы завуцца, забыўся, мне казалі... забыўся. Кніжкі і дыскі — твая галоўная валюта».

— Дык вазьміце адно што, — досыць голасна прамовіў Дзікун. Гэта была яго памылка. Трэба было ціха падсунуць.

Службовец ажно падавіўся доўгай пляскатай чыпсінай, падобнай ды шырокай лінаркі:

— Узятка?! Пры іспалненіі? Ды я вас задзяржу да выясьненія!

Бачун Дзікун паўгадзіны як адчуваў што насоўваецца катастрофа, але не мог яе ідэнтыфікаваць. У школе ён праходзіў сярод іншага і слова «хабар», прычым на розных мовах, але ў жыцці ніколі не сустракаўся з хабарам. У ягоным багажы формул небяспек такой з’явы не было. Зрэшты, увесь ангар поўніўся незнаёмымі небяспекамі, чалавечымі небяспекамі.

— Камандзір, бліндэр буду — не забуду. Ды прасьці хлопца. Відна ж, што нямесны. Шчанюк худы нейкі з далёкіх хутароў. Я з ім сунуўся разам.

Дзікуна бараніў каранасты мужык гадоў пяцідзесяці на выгляд, цемнаватыя валасы, усмешка ад вуха да вуха як у жабянёнка, наглаватыя вясёлыя карыя вочы. На плячы татуха — тэўтонскі рыцар на кані анфас са шчытом і дзідай наперавес. На баржы разам з Дзікуном мужыка не было.

— Немец, я і цібя задзяржу, — ужо менш агрэсіўна прамовіў службовец. — Ты з дачы са сваёй?

— Пятровіч, ганялі з дружкамі-піражкамі на воднае сафары.

— І як яно?

— Нармальны боршч, усё атрымалася. Хоць там такая макля, што хер угадаеш, на што лавіць. Мы далёка не хадзілі, туды, дзе Рудзенск быў. Да Узлян на баржы, а там хлопцы яхту трымаюць. Дык за год чаго толькі новага не напрыпаўзло ў ваду! Нават тры акіянічныя чарапахі бачылі. А мы марскога вугра завалілі. Ён, бляха, як конь, упяцёх цягнулі. Я, як растаможу, зайду да цябе, угашчу.

У гэтае імгненне пачалася бойка ў суседняй чарзе. Пятровіч буркнуў «ідзіце», і кідануўся на дапамогу сваім калегам. Дзікун заўважыў што з нейкім пасажырам біўся белабрысы Арцём.

Вартавы каля шлагбаўму пры выхадзе з пункту пропуску адным вокам спрабаваў угледзець, што там за валтузня ў прыцемках ангару, другім вокам глядзеў у паперы Дзікуна. Урэшце намаляваў на аркушах нейкія лічбы і папярэдзіў:

— З такім як у вас прыглашэніем вы абязаны жыць ісключыцельна ў гасьцініцы «Турыст». Сьпіце гдзе хаціце, хоць пад лаўкай, но засяліцца і аплаціць пражываніе вы далжны ў «Турысьце».

Паўза.

— Аплата прыбыванія ў Горадзе-Герое пасутачная. У «Турысьце» вам пакажуць расцэнкі, але лучшэ бярыце абанямент.

Службан зашпіліў на левым запясці Дзікуна пластыкавы бранзалет сіняга колеру:

— Гэта знак таго, што вы турыст. Здымаць нільзя.

— А калі раптам зляціць...

— Тады хтосьці абавязкова вам падкажа. Іначэ пазнаёміцеся з усёй строгасьцю справядлівасьці. Праходзім.

Прайшлі.

— Дзякуй вам...

— Дзякуй у карман не наліеш, — усміхнуўся Немец і ляснуў Дзікуна па плячы:

— Ну ты чуць не папаў... Як хер у рукамыйнік. Я гэтага шлёцэка Пятровіча знаю, ён мог шкоды табе нарабіць. Лада, давай, старычок, чахлі паршнямі. Ты тут галоўнае не бэзай... В смысьле ня сцы, асвоішся. Пайду, мае рыбачкі ўжо на хоздвары растамажваюцца.

Пайшоў.

І вось ён перад табой — Горад-Герой, Горад-Маладзец, Горад-Так-Дзяржаць, Горад-Зая@бісь! Дзікун не сам прыдумаў жарт — пачуў ад Альгердыча, калі той даваў інструктаж па геаграфіі і тапаніміцы Горада-Героя.

«Мы не ведаем дакладна, наколькі яно там усё змянілася пасля землятрусу і міжусобнай вайны. Але лініі вуліц мусяць захавацца. Як вуліцы завуцца, па-новаму ці па-старому, ці так і так — мы не ведаем. Але старыя назвы мясцовыя мусяць памятаць, — інструктаваў Альгердыч. — Вось тут Свіслач выцякае з былога Чыжоўскага вадасховішча. Дамбы больш няма, а сама рака сталася суднаходнай. На набярэжнай каля скрыжавання вуліц Ташкенцкай і Машынабудаўнікоў цяпер порт. А сама Свіслач і Цнянскі канал, які ўпадае ў Чыжоўскае вадасховішча, ці мора ўжо, разліліся ва ўсе бакі. На колькі дзясяткаў ці соцень метраў, мы дакладна не ведаем».

Дзікун агледзеўся.

— Інфа, інфа! Інфармацыя, старыя жалезныя рублікі, менскія баксы, іншамарачкі... Хлопец, інфармацыю прадаеш?

Адразу за зонай кантролю пачынаўся стыхійны кірмаш, біржа і аўкцыён у адным флаконе. Дзікуна атачыла зграйка мясцовых жыхароў розных полаў і ўзростаў. Але зразумеўшы, што прыбылы нічым не збіраецца гандляваць, зграйка кінулася да наступных, хто выходзіў з КПП.

Дзікун павольна прынюхваўся да прасторы. Прынюхваўся — гэта на слэнгу бачуноў. Дзікун прыслухоўваўся да сябе і маляваў у галаве карціну небяспек, якія былі наўкола. Жаданне падмануць — практычна ва ўсіх. Фонавая небяспека, без акцэнтаў на чымсьці ці кімсьці канкрэтным. Прадукты, раскладзеныя на латках гандляроў ці проста на старым бетоне. Няўлоўна знаёмая небяспека, якая зафіксаваная ў каталогу памяці Дзікуна. Што прадаюць?

Чыпсы ў поліэтыленавых, сьціраных-перасьціраных, шмальцаваных-перашмальцаваных кульках. Дранікі — гарачыя і «зараз падагрэем». Печаная бульба, вараная бульба. «Падыходзь, шаноўны! У мяне лепшы гатунак!». Мяхі з сырой бульбай. На першай лініі ад выхаду з пункту пропуску порту «Чыжоўка» мясцовыя гандлявалі толькі вырабамі з бульбы ці самім караняплодам.

Ад бульбы сыходзіў сігнал небяспекі. Дзіўны сігнал. Дзікун ведаў формулы атруты. Не, тут нармальны ўежны прадукт. Дзікун ведаў формулы драпежных раслін. Не, гэтыя плады дакладна нікога не зжаруць. Дзікун ведаў формулы небяспекі наркатычных раслін і грыбоў. Не, ад бульбы не было хоць якога сігналу пра шкоду для арганізма чалавека. Тым не менш, бульба была катэгарычна забароненая ў Добрым Месцы.

Усіх першаклашак на пачатку навучальнага году везлі на поўнач выспы Новая Зямля ў вёску Малое Сітна, дзе месцілася закрытае сховішча небяспечных рэчаў і рэчываў. Малым дэманстравалі бульбу. І расліну, і плады. «Убачылі? А цяпер запомніце — ні пры якіх абставінах нават рукамі не чапаць гэтую штуку». «Не каштуй ні ў якім разе!», — як першакласніка заклінаў Альгердыч перад адпраўкай Дзікуна ў падарожжа.

Многія пасажыры баржы хутка, відавочна мэтанакіравана, падыходзілі да развалаў з бульба-прадукцыяй, рабілі абмен ці плацілі грашыма, і вярталіся назад у порт, каб паспець на бліжэйшы рэйс назад. Ніякіх раскладаў воднага руху ў порце не было. Разнамасныя плаўсрэдства стаялі прышвартаванымі і чакалі кліентаў. Баржы, катэры, яхты самых розных канструкцый. «Гэта Менскі суднаходны завод вырабляе з усялякага металічнага ламачча, якое пастаўляе Горад-Герой», — патлумачыў Дзікуну белабрысы Арцём яшчэ падчас заходу ў порт. Але многія неслі свой тавар да перакупшчыкаў, забіралі грошы і рушылі далей у Горад — на забавы.

Дзікун прайшоўся ўздоўж рынку, які сканчаўся агароджай са стужак, размаляваных надпісамі «стой!». Далей быў плот з сталёвых кратаў, а за плотам было бачна, як грузяцца вялікія аўтамабільныя фуры з надпісам на бартах «Miensk-Tranzit».

— Відзіш, сукі якія. Па-англійскі пішуць. Мы, ціпа, для іх інастранцы-інасранцы.

Побач з Дзікуном нейкі дзядзька нібы мармытаў сабе пад нос, але насамрэч відавочна хацеў завязаць размову. «Гэта не па-ангельску, а лацінкай». Дзікун пакінуў думку пры сабе.

Дзядзька дзёр бетон доўгім кіем са скрабком на канцы. Бетон быў увесь у выспачках лішаю сіне-зеленавата колеру. «Блядскі лішай», — сказаў дзядзька нібы паставіў кропку ў дыягназе. На дзядзьку была надзетая карычневая камізэлька.

— Бачыш, на нашых МАЗах ездзяць. З нашага ж гаўна вырабленым газам запраўляюць...

Плот аўтамабільнага заводу МАЗ быў адносна недалёка. Былі бачныя вершаліны труб высокіх завадскіх цэхаў. Трубы — суцэльнае кубло з разнастайнай расліннасці. Махнатыя шматметровыя трубы выглядалі як жывыя істоты. Падавалася, што расліннасць шаволіцца. Відаць, вецер уверсе. Бо тут, ля зямлі, быў поўны штыль.

Дзікун не схаваў эмоцыі здзіўлення ад словаў «з нашага гаўна».

— У смысьле са сьвінячага гаўна, канешне. У нас Сьвінакомплекс о-го-го! Там такія аб’ёмы штодня вырабляюцца!

Дзядзька прызадумаўся.

— А добра, што вецер толькі ў адзін бок дуець — на васток. («Ага, вецер наверсе ёсць»). Ужо трыццаць гадоў як толькі ў адну старану. А як бы сюды з таго Сьвінакомплексу падзьмула?! Ого!.. Што было б! Сьвінакомплекс у пасёлку Гатава. Але ж ты ня знаеш, дзе-та ёсьцека? Ты ж не мясцовы, глядзіш вакруг с удзіўленьнем. Смялявічы?

—....

— Далей?

— З-пад Магілёва.

— Ого. Разнае гаварат пра то, што там далей. Выспы нейкія а не астравы, ці як? Сядзяць, ні з кім ні дружаць, нікаго да сябе ні пускаюць. Праўда? — Дзядзька забыўся на ненавісных уладальнікаў МАЗаў і «наша гаўно» і ўважліва чакаў адказу.

«Ты там асабліва нікому не давярай. Праўду з іх і трыццаць гадоў таму выцягнуць было немагчыма, не думаю, што цяпер сталася лепей», — інструктаваў Альгердыч перад экспедыцыяй. — «Стучалі адзін на аднаго тады, то й цяпер асцерагайся».

— Ух ты, дзядзька, а што такое там грузяць у тыя фуры?! — перавёў тэму Дзікун.

У фуры грузілі дары мора. А яшчэ дары мангравых балатоў. Найперш старых знаёмых, лічы з дзяцінства, шаблязубых зайцоў-плывунцоў. Дакладней, іх гіганцкія вушы — самы каштоўны далікатэс. Сотні вушэй, запакаваных і складзеных штабялямі.

— Сукі, буржуі, — дзядзька далей шмараваў асфальт і бурчэў, не гледзячы за плот. Сплюнуў на толькі што вычышчанае немалымі высілкамі месца і пачаў заціраць па новай.

Тым часам у другую фуру пачалі грузіць гіганцкіх зубастых крэветак. «Усё вакол зубастае, а ты не губляйся», — казаў Альгердыч Дзікуну ў дзяцінстве ў школе.

Дзікун выйшаў за браму і ўгледзеўся ў пляцык перад рынкам. Калі меркаваць па мапе, калісьці тут быў аўтамабільны разварот на сутыку Ташкенцкай, Крупскай, Свіслацкай і Кабушкіна. Першыя тры вуліцы былі пад вадой, пляцык уяўляў з сябе паўвыспу.

— Гʼру, міняеш чаго? — да Дзікуна прычапілася бабуленцыя.

«Ты галоўнае з рук нічога не мяняй. Марына ўсё арганізуе бяспечна», — настаўляў Альгердыч.

— Таксі, таксі, каму ехаць?!

Дзікуна ўразілі як веларыкшы, пра якіх ён чуў у школе на ўроках сусветазнаўства ў звязку з гісторыяй Паўднёвай Азіі, гэтак і тое, што трохколавыя ровары былі абсалютна новыя. Дзікун наагул ніколі ў жыцці не бачыў новай тэхнікі, толькі рамантаваную ці сабраную з розных дэталяў. На пляцыку таксавалі ўладальнікі тузіну двух-трохмесных ровараў, пяці вазоў, запрэжаных коньмі, і аднаго аўтамабіля.

«Volkswagen Passat B5» важна стаяў на самым бачным месцы. «Бензін і дызель тэарэтычна мусяць захоўвацца на выпадак вайны, — казаў Арцём. — Але ўсе ездзяць на газу. Сыравіна са свінакомплексу ў Гатава пастаўляецца за мяжу — у Менск. Там перапрацоўваецца і вяртаецца ў Горад-Герой у выглядзе гатовага прадукту. Па адмысловым пуцеправодзе перапраўляецца. Гаўнатрубой у народзе завецца».

Дзікун прыслухоўваўся-прыглядаўся да панарамы патэнцыйных небяспек. Як і на рынку, тут на пляцыку новых невядомых мадыфікацый небяспек не было. Клімат падаваўся ўстойлівым і лагодным. Фанілі толькі людзі. Устойлівымі стандартнымі пагрозамі дробнага ашуканства.

Вока Дзікуна зачапілася за надпіс «Пункт прыёма інфармацыі» на будаўнічай бытоўцы з закратаваным акенцам пасярэдзіне ўваходных дзвярэй. Побач стаяў крыты грузавік. На баку ледзь чыталіся літары «Аўталаўка». Колы ў грузавіка былі спушчаныя. І моцна іржавыя. Зрэшты, як і ўсе металічныя дэталі наўкола, куды ні зірні.

Побач з «Аўталаўкай» таўкліся мужыкі. Разбіліся на некалькі групак, усіх разам чалавек дзесяць-дванаццаць. Мужыкі трымалі ў руках зрэзаныя зверху пластыкавыя бутэлькі з нейкай вадкасцю ўнутры. Дзікун падышоў бліжэй да пункта прыёму інфармацыі, каб разгледзіць што напісана крэйдай на дошцы, прылепленай побач з акенцам.

«Прынімаем у насіленія. Кнігі, кампакты, касеты, флэшкі, вінчэсьцеры. Ацэнка. Торг». Далей штосьці неразборліва змазанымі дробнымі літарамі.

З боку піўняка ішоў роўны гудзёж. З натоўпу выбіваўся голас аднаго пана. «Забыць слова „пан“!», — нагадаў сабе Дзікун. Здаровы, пад метр дзевяноста, крыху паўнаваты, але мускулісты, мужык быў у байцы, берцах, а яшчэ з завушніцай у левым вуху. На носе меў крыху пагнутыя акуляры ў металічнай аправе. На выгляд толькі крыху старэйшы за Дзікуна.

Мужык разважаў пра музыку:

— Ды самыя лепшыя трэкі падкладалі пад порна 1970-х. Пазней толькі там і можна было знайсці добрую музыку, пакуль інтэрнэт не накрыўся.

— Табе б які дэпартамент сексуальных расследванняў узначальваць, — іранічна адказаў суразмоўца.

— Была ў мяне хіпстарка гадоў дзевятнаццаці. Ёй бацькі за 300 еўра набылі прайгравач для вініла. Для вініла! За 300 еўра! Прычоску насіла а ля 1970-я. А як у ложак мяне зацягнула, высветлілася, што ў яе ў тым месцы паголена. «Што ж ты, — кажу, — дарагая, такая непаслядоўная? Дзе ты бачыла, каб у 1970-я ў нуль галіліся?!». Моладзі не хапае прынцыповасці.

Абодва паківалі галовамі.

— Есьць чо? Давай пасмотрым, я большэ дзенах дам.

Гэта адзін з гурбы ля «Аўталаўкі» намаляваўся перад Дзікуном. На выгляд хліпкі, але вочы ўпэўненыя.

— Слыш, чокалка, адвалі, не перашкаджай прыезджым! — адзёрнуў той, што з завушніцай.

Хліпкі адышоў на пару крокаў і адвярнуўся.

Дзікун працягнуў у акенца кніжку «Сладкіе слёзы»:

— Добры дзень, колькі можа каштаваць?

З акенца выслізнула жаночая рука ў пярсцёнках няпэўнага металу. Рука пакруцілася, старонкі пагарталіся:

— 700 расчотных білетаў.

— Мне казалі, што яна каштуе тысячу...

— 875. Не нравіцца, ідзі ішчы, гдзе лучшэ.

Дзікун не хацеў уваходзіць у незнаёмае месца зусім без грошай, таму пагадзіўся. Праз хвіліну ён трымаў у руках вялікі стос банкнот, на кожнай з якіх было напісана «Латарэйны расчотны білет».

— Слыш, сто працэнтаў шчасліўчыкам будзеш. Дай дробную купюру на развод! — крыкнуў хтосьці з натоўпу каля піўнухі.

Прысутныя відавочна ажывіліся. Цяпер усе глядзелі ў бок Дзікуна.

— Ды адваліце вы ад пацана! — Завушнічны пагрозліва бліскануў акулярамі ў бок суседняй кумпаніі.

Раптам Дзікун адчуў вельмі канкрэтную знаёмую па рэйдах углыб варожай тэрыторыі небяспеку. Будзе ўдар кулаком у скронь, а пасля нажом пад рэбры.

— Сядай! — закрычаў Дзікун.

Завушнічны нахіліўся і адначасова засунуў локцем назад аднаму з натоўпу. Кулак нападніка прайшоў над галавой і трапіў у твар Хпіпкага, які ў гэты момант замахваўся нажом.

«Галоўнае там не лезь нікуды, памятай, што ты па справах», — мільганула ў памяці настаўленне Альгердыча, калі Дзікун зараджаў з нагі Хліпкаму. Нож паляцеў у адзін бок, Хліпкі — у другі. Завушнічны і Дзікун адбіваліся спіна да спіны. Блок, удар, яшчэ ўдар, яшчэ.

Уся міні-банда, як выявілася, складалася з пяці чалавек. Прынамсі, столькі курчылася ад болю на зямлі, калі праз хвіліну-другую ўсё скончылася. Астатнія прысутныя каля піўняка з павагай адступілі на бяспечную для сябе адлегласць.

6.

— Мао. Проста Мао. Націск на першы склад. Рознарабочы, грузчык, курʼер.

— Дзікун. З хутароў за Магілёвам. Прыехаў на вяселле сваячніцы.

Паціснулі рукі.

— Ты мне жыццё выратаваў, Дзікун.

Новыя знаёмцы стаялі на трыбуне, якая была часткай п’едэсталу высачэзнага — сямі метраў, не менш, — помніка, які Дзікун заўважыў яшчэ калі баржа ўваходзіла ў акваторыю Чыжоўскага порта. Помнік стаяў крыху далей ад пляцыка перад рынкам. З п’едэсталу было добра аглядаць навакольныя краявіды.

Дзікун накладаў мапу, якую запомніў, на тое што было ў рэальнасці. «Чыжоўка-арэна» і Заапарк зніклі пад вадой. Заапарк цалкам, спорткомплекс часткова. Кавалак мікрараёну Серабранка, той, што быў ўздоўж каналу, быў напалову затоплены. Пад невысокай вадой таксама былі прытопленыя тры Дзіцячых завулкі і палова вуліцы Юнацкай.

— Эх, вада пад самы стадыён «Трактар» падышла, — сказаў Мао, нібы счытаў думкі Дзікуна. — Але ж ты не мясцовы? Першы раз у Горадзе-Героі? Табе куды? У «Турыст», відаць?

— Так, першы, так, у «Турыст».

«...А где-нибудь в вагоне-ресторане/Тебя ласкает кто-нибудь другой/А я люблю, люблю тебя, Алёнка/И я хочу, чтоб ты была со мной..»

Дзікун ужо другі раз за раніцу ажно ледзь не прысеў ад нечаканасці. Мао заўсміхаўся:

— Не баісь, гэта ў мацюгальніках гуку паддалі.

Побач з Мао ўнутраны сканер небяспекі Дзікуна маўчаў. Ад слова «зусім». Нуль. Ад Мао сыходзіла абсалютная дабрыня. Сіла і ўпэўненасць, спалучаныя з неверагоднай дабрынёю. Вось што ўяўляў сабою Мао. Дзікун падумаў, што каля піўнухі Мао ўваліў кумпаніі злыдняў з той самай неверагоднай дабрынёю.

— Што за помнік? Ленін? — змяніў тэму Дзікун. Яму было крыху непрыемна, што прадэманстраваў сваю разгубленасць.

— Так. Яго з Менску прыцягнулі. Уяўляеш — з гэтым во пастаментам разам! Выменялі за стос рэпрадукцый нейкага мастака ХІХ ст., а таксама за тры альбомы рарытэтных марак. Такіх во помнікаў Горад-Герой намяняў на антыкварыят і прадметы мастацтва — о-го-го! Ты пазней пабачыш: увесь Партызанскі праспект падобнымі ізваяніямі ўтыканы. Менскія за іх выменьвалі і кнігі, і карціны, і сучасныя на той момант дызайнерскія рэчы. Не, ну праўда, нахер тут каму карціна Драздовіча ці Шагала альбо антыкварны фатэль? А так — «упрыгожылі праспект».

Мао зрабіў самакрутку. Замест паперы тытунь загарнуў у сушаны ліст невядомай Дзікуну расліны.

— Серабраначка мая, — Мао махнуў рукой у бок паўзатопленага мікрараёну. — А там быў мост, на якім мы піндзіліся з мікрараёнам Чыжоўка.

— А што ў Серабранцы і Чыжоўцы цяпер?

— У Серабранцы? Буферная зона, падмандатная тэрыторыя. Разумееш такія словы? — Са значнасцю спытаўся Мао.

— Здагадваюся.

— А насамрэч Серабранка аточаная з трох бакоў вадой. Па зямлі толькі з Партызанскага праспекту можна дабрацца міма былога Усходняга аўтавакзала. Але які сэнс? Там у рэальнасці ўлады няма ніякай. Міліцыя толькі па перыметры патрулюе ўдзень. І тое хутчэй ахоўвае Горад-Герой ад серабранскіх. Ды вайсковыя патрулююць на катэрах мяжу, якая ідзе па сярэдзіне фарватара былой ракі Свіслачы. А Чыжоўка стаіць пустая. Кажуць там распладзіліся леапарды, якія ўцяклі з заапарку. Ахоўваюць Чыжоўку ад людзей.

Мао ўздыхнуў.

— Разумееш, Дзікун, землятрус ад Вялікага Выбуху зруйнаваў ці моцна пашкодзіў практычна ўсе мікрараёны шматпавярховікаў. У нас людзі жывуць альбо ў цагляных двух-чатырох павярховых дамах дагістарычнай пабудовы, альбо ў прыватным сектары, які ў Горадзе-Героі проста аграмадны.

Дзікун па гаспадарску агледзеў берагі Свіслачы:

— А з лятучымі вадзянымі пацукамі як тут справы?

— Ты пра гіганцкіх сінякрылых? Выбілі ўсіх даўно. Пажэрлі ў першыя сем-восем гадоў пасля Вялікага Выбуху. Пакуль гаспадарка не наладзілася, цяжка з ежай было.

Памаўчалі, пазгадвалі свае першыя гады пасля таго, як свет змяніўся беспаваротна.

— Калі я пабачыў аўтаматчыкаў пры выхадзе з баржы, я падумаў, што тут у горадзе мусіць быць багата аховы. А калі пачалася бойка, ніхто нават не з’явіўся, — са здзівам прамовіў Дзікун.

— Бачыў гэтых са скрабкамі і шчоткамі ў карычневых камізэльках? Глядзі па берагах: там два, там чатыры, у тым куце шэсць. Тут куды ні плюнь, паўсюль карычневыя камізэлькі. А да помніка толькі па графіку падыходзяць, хоць ён вельмі хутка зарастае лішаём.

Сапраўды, цёмны граніт помніка быў увесь у рознакаляровых грыба-раслінах. Дзікун досыць хутка прызвычаіўся да гэтай асаблівасці краявіду вакол порту — усё ў плямах.

— «Камізэлькі» скрабуць «батву» з будынкаў, працягнуў Мао. — А заадно гэта вочы, вушы і бесправадны тэлефон міліцыі. А паколькі каля помніка людзей не бывае, то і камізэлькі тут не цяруцца побач. Што да боек, міліцыя на іх ніколі не рэагуе. Хіба толькі калі зʼявіцца труп. А для жывых выклік міліцыі платны, калі не датычыць дзяржаўнай маёмасці ці дзяржаўнага службоўца. Выклічаш, заплаціш, яшчэ і вінаватым станеш. Хоць... Міліцыя — тыя ж людзі, толькі від збоку.

— Мао, ты калі-небудзь датрындзішся, — сказаў куст, які тырчэў недалёка пастаменту.

Цяпер ужо і Мао прысеў ад нечаканасці. Куст зрушыў з месца і павольна пашкандыбаў у бок вады. Сам. Пайшоў. З-за куста з’явілася цётка ў вылінялай камізэльцы.

— Ягораўна, здароў! — радасна прывітаўся Мао.

Ягораўна пагразіла пальцам у бок трыбуны і далей скрабла стары разбіты асфальт.

— Мао, а што гэта за... бацвінне, якое «батва»? — Дзікун зрабіў рукой паўкола, паказваючы разам на ўсё вакол.

— «Батва» гэта пабочны эфект гадавання бульбы гатунку «дружба», — Мао сцішыў голас. — У радыусе больш як дзясятка кіламетраў ад хоць аднаго клубня «дружбы», які не выкапаны, расце вось такі паўзучы грыб-водарасць — лішай. Пару спораў заляцелі, і пашлі міжсобку множыцца. Таму ўсё скрабуць кругласуткава паўсюль. Плюс ты ўжо бачыш невялічкія кусты, якія перасоўваюцца з хуткасцю чарапахі-спрынтара. Яны — таксама вынік актыўнасці «дружбы». Іх спыняюць калючым дротам, звычайна ў цэнтр іх мала трапляе. Карацей, не паскрабі горад колькі дзён, прачнешся ў пушчы.

— А чаму іншы гатунак бульбы не выкарыстоўваць?

Мао азірнуўся некалькі разоў, нават прайшоўся па трыбуне і паглядзеў уніз. Ягораўны ўжо не было.

— А вось за адказ на такое пытанне, Дзікун, міліцыя прыбяжыць вельмі хутка.

«Вніманіе, вніманіе! Абʼяўляюцца рэзультаты ежаднеўнага розыгрыша! Паўтараем, рэзультаты ежаднеўнага розыгрыша!»

Мао дзелавіта пашарыўся па кішэнях, але нічога не выняў:

— Дзікун, даставай свае «рашчотныя білецікі», а раптам!

— Дык мяне падманулі, не грошы далі?!

— Грошы. Звычайныя грошы. Толькі нумары на купюрах удзельнічаюць у латарэі. Гэта «Казначэйская латарэя».

— А ў чым выгада скарбніцтву?

— Скарбніцтву выгада ў тым, каб людзі менш чужой валютай карысталіся. Гэта ж нічым не падмацаваная папера. Латарэя — адзіная яе вартасць. Але як працуе!

Уся плошча перад портам стаяла застылай перад мацюгальнікамі.

«Сягоння пабяждае номер МР 5597484», — абыякава і крыху стомлена, нібы «вас многа — я адна», прамовіла жанчына з дынаміку. Плошча захрумсцела сваймі разліковымі паперамі і расчаравана вярнулася да сваіх спраў.

— А ў цябе, Дзікун? Пакажы, пакажы, так... Не-а. Ну нічога, іншым разам.

«...Я буду писем твоих ожидать, читать бессонными ночами/ Свиданье наше вспоминать за pазведёнными мостами...»

— Патрэбны час, каб прызвычаіцца, — працягнуў тэму мацюгальнікаў Мао. — Гэта як чыгунка ці аэрапорт побач з домам. А... ты ж ніколі іх не бачыў. Можа, цягнік і пабачыш. Там, — Мао жэстам паказаў за Серабранку, — ходзяць два бронецягнікі. Не нашы, не Горада-Героя... Надзявай заплечнік, пойдзем у «Турыст».

Дзікун і Мао спусціліся з трыбуны і паціху рушылі ўздоўж вуліцы Кабушкіна ў бок Партызанскага праспекту. Справа цягнуліся платы прамысловай зоны, злева неўзабаве вымалявалася агароджа былой вайсковай часткі.

— Бахнеш? — Мао выняў з кішэні на штанах пляшку 0,2 з-пад гарэлкі «Крышталь».

Дзікун адмовіўся. Ён не піў моцнага алкаголю і нават ніколі ў жыцці яго не каштаваў. Дапамога бачуна магла спатрэбіцца ў любы момант, а алкаголь прытупляў здольнасць адчуваць небяспеку. Бачун мог сабе дазволіць крыху лёгкаалкагольнага напою раз на месяц.

— Я сам раблю, — пахваліўся Мао. — З натурпрадукту — з садавіны ў асноўным. Хлеб у нас дарагі. Яго пастаўляе Менск, які ў сваю чаргу закупляе на Заходніх Тэрыторыях у тамтэйшых абшарнікаў-латыфундыстаў. А ў нас ёсць людзі, якія вырошчваюць звычайныя калісьці расліны: яблыкі, ігрушы, вішні, слівы, чарэшні... Не шмат, але вырошчваюць. Для сябе.

— Мала хто садзіць ягады ды садавіну? — здзівіўся Дзікун.

— А нахвіга напружвацца? Бульба ёсць. Сала ёсць, выкармленае на бульбе.

— А вітаміны?

— Ягады самі прыходзяць!.. Упс! — Мао рэзка нахіліўся і ўхапіў куст чарніцаў, які быў ціха краўся міма. Цяпер карэнчыкі-лапкі адчайна біліся ў паветры. — Бяры ягадку.

Мао пасадзіў куст на зямлю, і той як мог даў драпака ў бок МАЗа. Дзікун заўважыў што на мурах вакол прамзоны зверху быў наматаны калючы дрот, на дроце віселі дзясяткі ссушаных кустоў розных раслін:

— Глядзі, вунь, на прарыў ішлі. Некалькі кінуліся на дрот, а астатнія па іх як па мастках. Ха, там за мурам таксама калючы дрот, толькі на зямлі. Гэта лішаі ветрам носіць, а кусты толькі надта моцны вецер на вялікую адлегласць затарабаніць. А пагодкі ў нас ўстойлівыя, прадказальныя. У сэнсе, трыццаць год тое самае, без зменаў. Вецер у асноўным наверсе. Такія вось карысныя для харчавання кусты звычайна ловяць і кідаюць пасвіцца ў адным агароджаным месцы. Амаль ва ўсіх у Горадзе-Героі свае загончыкі ёсць. Але кусты любяць заводы. Там жа людзей вельмі мала. Ёсць дзе схавацца.

Мао распавёў, што жыхароў, якія спецыяльна культывуюць харчовыя расліны, лічаць у лепшым выпадку дзівакамі, у горшым — нефармаламі, якія замышляюць штосьці супраць грамадства. Навошта культываваць, столькі сіл выдаткоўваюць, калі яно і так паўсюль поўзае? Дый бульба, лічы, задарма.

— А які прыз за латарэю?

— Прыз дня: адгул на дзяржаўнай працы ці нейкае смакоцце са старых запасаў. Звычайна, старыя вайсковыя кансервы. Яны даўным даўно пратэрмінаваныя, але вось жа дзіва — на смак як новыя. І ніхто ні разу не атруціўся. Прыз тыдня — вечар у рэстаране гасцініцы «Турыст». Там адзінае месца, дзе можна адтапырыцца небанальна, скажам так. «Па-менску» ці «па-буржуйску», як у нас кажуць. Прыз месяца — адзін дзень пад сонцам.

Мао скруціў новую цыгарку:

— У вас як там з надворʼем, на вашых хутарах?

— Па-рознаму.

— А ў нас вось так — плюс 20 уначы, плюс 25 удзень і заўжды без сонца. Часам дождж. А ёсць адно месца, дзе сонца чамусьці свеціць заўжды. Нейкая дзірка ў хмарах. Там санаторый унізе для простых, а ўверсе забаўлялава для багатых.

Прыз месяца — дзень на верхняй VIP-пляцоўцы. Гэта на ЦЭЦ-3. Далей за «Турыстам» і Шарыка-Падшыпнікавым заводам. Можа, і пабачыш, калі пашанцуе ў латарэю. А прыз года — бясплатны ўдзел у Свяце Паўкабана, якое афіцыйна завецца Днём Горада-Героя. Яно прымеркаванае да перамогі ў пяцігадзіннай вайне. У рэальнасці ў бойцы з менскімі за Велазавод. У выніку завод застаўся Гораду-Герою, але працуюць на ім за рэдкім выключэннем менскія, якія маюць кантрольны пакет акцый: сабе і нам вырабляюць роварную тэхніку.

Па дарозе пачалі зноў сустракацца карычневыя камізэлькі. Адна цёця заехала шчоткай Дзікуну проста па нагах. Моўчкі. Нібы перад ёю нікога не было.

— Слухай, Мао, а «камізэлькі» толькі міліцыю выклікаюць, ці таксоўку таксама?

— А мы ўжо падыходзім.

Звечарэла. Гасцініца «Турыст» блішчэла наперадзе агнямі як круізны лайнер у цемры ночы. Дзікун бачыў такое на відэа.

Мао развітваўся каля ўваходу ў гасцініцу. Злева ад дзвярэй стаяў швейцар у навюткай, з пазалотай ліўрэі. Справа вісела дошка гонару з сярпом і молатам у верхнім левым куце. Дошка была невялікая — на тры партрэты.

— Золата, срэбра і бронза, — патлумачыў Мао. — Золата цяпер Таня, пакаёўка VIP-паверхаў — для іншаземцаў, лічы — для менскіх. З выспаў тут рэдка хто бывае — дорага для іх. Таня... Яе спачатку павярнулі з аддзелу кадраў. Сказалі «с пласкажопіем не бярэм». А галоўная адміністратарка Ала Пятроўна заступілася, сказала што жопа нармальная, грудзі выдатныя, а галоўнае — каб чалавек быў харошы. І не прагадала... А на мяне Танька пакрыўдзілася. Я яе калісьці вучыў інтэрнэтам карыстацца. Кажу: «Таня, э-мэйл — не прозвішча, яго часта змяняць не трэба». Псіханула. Пасля, праўда, памірыліся, а пасля зноў... Усё, пака, убачыш Таню — перадавай прывітанне ад Мао.

— А мы вас ждзём! — строга і адначасова гулліва заявіла невялікага росту жанчына з фрызурай «начос» і бюстам, падобным да бяскрайняга айсбергу, які адкалоўся ад ледавіка, каб пачаць падарожжа ў неабсяжным акіяне, але быў злоўлены і схаваны пад сукенкай жанчыны з імем на бэджыку «Ала Пятроўна Кірдун». Адміністратарка яшчэ раз зверыла запрашэнне Дзікуна са сваім спісам і пацвердзіла сама сабе:

— Ждзём.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

У якасьці падарунку дарагія ўсярускія браты далі нам вялізны крэдыт у выглядзе двух батальёнаў спэцыяльных вайсковых аддзелаў! Неўзабаве яны белымі анёламі спусьцяцца на засьнежаныя стрэхі нашага гораду... Радуймася, сябры мае! Людзі ў белых халатах канчаткова вылечаць нас ад пачуцьця нацыянальнай фанабэрыі й надуманай адметнасьці! Братняя акупацыя назаўсёды вызваліць нас ад доўгіх стагодзьдзяў ганебнага існаваньня ў якасьці марыянэткавага дзяржаўнага ўтварэньня! Ура-а-а-а!

— Што здарылася? — строга звярнуўся Міхайлавіч да спалоханых работніц, якія стаялі поруч, апусціўшы галовы.

— Не ведаем. Гадзіны тры ўжо бунтуюць. Ніяк супакоіць іх не можам, — заікаючыся ад страху, прамармытала адна з жанчын. — Крыху корму ім зменшылі, вокны некалькі разоў не адчынілі, дык яны адразу бунт паднялі.

Аднойчы мы моцна паспрачаліся пра тое, у каго даўжэйшы пісюн — у Караткевіча ці ў Быкава. Я набраў Уладзя: той назваў нейкую астранамічную лічбу і адразу ж, зразумеўшы, што мы хораша сядзім, сказаў: «Хлопцы, не разбягайцеся, бяру пляшку і лячу да вас».

—І што ж мне цяпер рабіць? Што ж я цяпер партыярху Педафілу перад усім народам падару, ціамат? — Гаспадар прыкінуўся задуменным. — Так ён мне душу з гэтаю кнігай даставаў...

—Сраку яму цяпер пацалуй, свайму Педафілу, — прабуркатаў сабе пад нос незадаволены Мазгаўнюк.

—Сраку, кажаш? — зірнуў на яго другі консул. — Гэта думка. Хаця гэта лепей адкласьці на неафіцыйную частку, я лічу...